Расстрэльныя эмоцыі напярэдадні чарговага смяротнага прысуду

Паводле сацыялагічных даследаванняў, большасць беларусаў па-ранейшаму выступаюць за смяротнае пакаранне. Толькі ў адзін перыяд часу больш было праціўнікаў смяротнага пакарання — пасля суду па выбуху ў мінскім метро, калі значная частка грамадства сумнявалася ў справядлівасці выраку.

rasstrel_2.jpg

У пачатку гэтага года да ўладаў Беларусі ўжо некалькі разоў звярталіся міжнародныя арганізацыі з заклікам адмяніць смяротнае пакаранне ці ўвесці на яго мараторый. А тым часам у судах прагучалі новыя выракі на расстрэлы, а хутка «смяротнікаў» сярод беларускіх злачынцаў стане яшчэ болей. Пры гэтым Міністэрства замежных справаў і Палата прадстаўнікоў нібыта вядуць з Захадам дыялог па гэтай праблеме. Хаця Аляксандр Лукашэнка сваю пазіцыю датычна смяротнага пакарання не мяняе і працягвае завізоўваць такія прыгаворы.

А ў рэшце рэшт усё падвынікоўваецца ківаннем на грамадскую думку і рэферэндумнае рашэнне 25 гадоў таму. Але гэта ўсё адгаворка. І вось чаму.

Цяпер ідзе суд па крымінальнай справе паводле забойства дзеля грошай двух старых і замаху на жыццё яшчэ адной бабулі ў вёсках Сухоўчыцы Капыльскага раёна і Ульянаўка Слуцкага раёна. Абвінавачаныя — трое дзецюкоў. Аднаго з іх, Віктара Скрундзіка, які непасрэдна забіў мужчын сталага веку — 79-гадовага і 94-гадовага, пракурор папрасіў прысудзіць да расстрэлу. Улічваючы жорсткасць учыненых злачынстваў (старых задушылі і потым спалілі ва ўласных хатах, прычым паводле экспертызаў на момант пажараў яны былі яшчэ жывымі), верагоднасць таго, што блізкім часам Скрундзік пачуе смяротны вырак амаль стоадсоткавая.

Ён можа стаць пятым беларусам, на якога апрануць адмысловую турэмную робу з абрэвіятурай ИМН у коле на спіне. Яна выглядае як цэль. Гэтыя тры літары расшыфроўваюцца як выключная мера пакарання (па-руску – «исключительная мера наказания). Цяпер выканання смяротнага прысуду чакаюць Віктар Паўлаў, які забіў на Віцебщчыне дзвюх пажылых жанчын, Віктар Сергель, які стаў забойцам 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы – дачкі сваёй сужыцелькі, а таксама браты Станіслаў ды Ілля Косцевы, якіх прысудзілі ў судзе Чэрыкаўскага раёна за забойства суседкі-настаўніцы. Прыгавор у дачыненні да іх быў вынесены менш за два месяцы таму – 10 студзеня. А апошні раз смяротны прысуд у Беларусі быў выкананы меней за тры месяцы назад: расстралялі Аляксандра Асіповіча з Бабруйску – ён забіў дзвюх дзяўчын.

Стрэс-інструкцыі

Па справе братоў Косцевых разгорнута выказаўся кіраўнік краіны ў снежаньскім інтэрв’ю расійскай радыёстанцыі «Эхо Москвы». Прычым зрабіў гэта Аляксандр Лукашэнка, адзначым, яшчэ да вынясення выраку. Пасля ягоных заяваў, акрамя як смяротным, прысуд наўрад ці мог быць. Нагадаем, браты падчас застолля згадалі пра сваю суседку, якая паскардзілася сацыяльным службам на тое, што іх старэйшая сястра не выконвае належным чынам свае мацярынскія абавязкі. Хлопцы раззлаваліся і пайшлі разбірацца – разборкі аказаліся крывавымі.

«У нас на кантролі прэзідэнта ёсць па-грамадску значныя справы. Мне дакладаў старшыня Вярхоўнага суду аб разглядзе гэтых справаў. Вось адна з іх: два падонкі, інакш іх не назавеш – ужо і разбоі былі, і каралі іх, – забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. А настаўніца абараніла іх і запатрабавала выключыць з сям'і. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Яны забівалі яе ўсю ноч. Яна маліла, прасіла, і ў рэшце рэшт яны яе да раніцы дабілі. Ну як?», — сказаў Лукашэнка.

Наўпрост на пытанне, ці з’яўляецца ён прыхільнікам смяротнага пакарання, кіраўнік краіны не адказаў. Але выснову з яго адказу зрабіць можна: «Калі падпісваеш смяротны прысуд, гэта катастрофа. Гэта страх, гэта жудаснае перажыванне, ты ж разумееш: подпіс паставіш — і чалавека забʼюць. Але калі мне прыносяць праект указа, я патрабую матэрыялы крымінальнай справы і фатаграфіі. І калі я бачу расчлянёную чыюсьці дачку, згвалтаваную, і ў ванне кавалкі — рукі, ногі, галава асобна ад тулава, у мяне іншае меркаванне. І сёння я на баку тых бацькоў, у якіх такім чынам адабралі дачку».

Верагодна, словы Лукашэнкі паўплывалі і на грамадскую думку. Датычна сястры Косцевых і яе дзяцей разгарнулася цкаванне — сям’і давялося нават з’ехаць у іншы горад. Ганна Косцева віны братоў не аспрэчвае, спрабавала выбачацца перад сястрой забітай, але тая прабачэнні катэгарычна адрынула. Цяпер сястра асуджаных спрабуе змагацца са смяротным прысудам.

Таксама яна абураная тым, што прыгавор яшчэ не ўступіў у законную моц (яго яшчэ можна абскарджваць), а на братоў апранулі сілай згаданую робу смяротнікаў. Гэтая вопратка — асобная тэма ў сем’ях асуджаных на смяротнае пакаранне і расстраляных. Здараецца, гэтую казённую робу дасылаюць пасля выканання найвышэйшай меры пакарання як асабістыя рэчы смяротнікаў іх родным, распавядае каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда: «Гэта дадатковы стрэс для сваякоў. Яны апошнія гады, апошнія месяцы бачылі мужоў, сыноў, бацькаў у гэтай вопратцы, а тут атрымліваецца так, што яны бачаць гэтую вопратку пустую. Адна маці параўнала робу з абалонкай, якая засталася ад сына».

Тамара Сялюн з Вілейкі — сярод тых, хто атрымаў пасылку з такой робай і ботамі — расстралянага сына Паўла: «Я калі пабачыла змесціва пасылкі, дык жахнулася. Мяне затрэсла ўсю. Я распаліла вогнішча на агародзе і знішчыла гэтую робу».

Андрэй Палуда кажа, што гэта наступства савецкай пенітэнцыярнай спадчыны. Як і інструкцыі, звязаныя з абмежаваннямі ў асабістых рэчах, перадачах, спатканнях. Целы расстраляных па прысудзе суду не выдаюць сваякам, як і не паведамляюцца месцы пахаванняў. У выніку сваякі не вераць, што іх родных няма больш жывымі, бо яны не бачылі целаў і не змаглі пахаваць іх паводле сямейных традыцыяў. Некаторыя спрабуюць шукаць месцы пахаванняў, але гэтыя спецыяльныя ўчасткі засакрэчаныя.

Сын Тамары Сялюн скардзіўся на судзе, што падпісаў прызнанні пад катаваннямі. Адпаведная скарга была накіравана ў Камітэт ААН па правах чалавека. Але смяротны прысуд датычна Паўла Селюна ўлады Беларусі выканалі, не дачакаўшыся вынікаў яе разгляду. Камітэт ААН па правах чалавека просіць Беларусь праз МЗС не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, пакуль не паступіць заключэнне з ААН, але ўлады нашай краіны гэтыя звароты ігнаруюць.

Рэферэндум як адчэпка

Якія перспектывы адмены смяротнага пакарання ў Беларусі ці ўвядзення мараторыя на яго? Ці сведчыць пра нейкія зрухі тое, што ў Нацыянальным сходзе адмысловая Працоўная група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання стала называцца Працоўнай групай па вывучэнні пытання па адмене смяротнага пакарання? Хутчэй за ўсё, гэта проста шыльда, якой улады паказваюць гатовасць да перамоваў з еўрапейскімі структурамі. Дый узначаліў Працоўную групу дэпутат і кіраўнік аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька, які раней выказваўся ў падтрымку смяротнага пакарання. І цяпер ён спасылаецца на вынікі рэферэндуму 1996 года, паводле афіцыйных вынікаў якога большасць беларусаў выступілі за практыку смяротнага пакарання.

Аляксандр жа Лукашэнка ў інтэрв’ю «Эхо Москвы» выказаўся таксама выразна: «Мараторыя не будзе. Таму што не маю права, на рэферэндуме прынялі гэтае рашэнне. Таму толькі рэферэндум можа адмяніць. Але смяротнае пакаранне як папярэджанне некаторым падонкам дапамагае трымаць стабільнасць і разабрацца з бандытызмам».

Але: рэферэндум, калі нават уважаць яго за законны, быў ужо даўно і меў рэкамендацыйны характар. Апрача таго, на думку праваабаронцаў, пытанне па такой праблеме, якая ляжыць у эмацыйнай плашчыні, не варта вырашаць праз рэферэндумы. Паводле сацыялагічных даследаванняў, большасць беларусаў па-ранейшаму выступаюць за смяротнае пакаранне. Толькі ў адзін перыяд часу была большасць праціўнікаў смяротнага пакарання — пасля суду па выбуху ў мінскім метро, калі значная частка грамадства сумнявалася ў справядлівасці выраку.

І самае галоўнае! У сакавіку 2004 года Канстытуцыйны суд абнародаваў заключэнне, у якім гаварылася: «У сучасных умовах пытанне аб адмене гэтага вiду пакарання або як першым кроку — аб аб’яўленнi мараторыя на яго прымяненне можа быць вырашана кіраўнiком дзяржавы i парламентам». Прычым адзначалася, што «заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае».