Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла запланаваную сустрэчу з беларускімі дэпутатамі
Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла запланаваную сустрэчу з дэпутатамі беларускай Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных.
Беларускі дэпутат выказаў здзіўленне гэтым крокам еўрапейскіх палітыкаў.
«Сустрэча была заяўленая, мы да яе рыхтаваліся. Гатовыя былі абмяркоўваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі любыя пытанні, якія ўяўляюць для іх інтарэс. Мы лічым, што дыялог і кантакты з’яўляюцца ўніверсальным сродкам вырашэння любых канфліктаў і непаразуменняў. На жаль, нашая працягнутая рука апынулася пустой па віне нашых еўрапейскіх партнёраў. Спадзяюся, што некалі цвярозы сэнс пераможа і мы зможам весці нармальны дыялог з Еўрапейскім парламентам. Тым больш цяпер мы бачым актывізацыю кантактаў практычна на ўсіх трэках нашых адносінаў з Еўрапейскім Саюзам», — заявіў Савіных у каментары Еўрарадыё.
Па яго словах, канкрэтныя тэмы для абмеркавання загадзя не называліся. Але хутчэй за ўсё маглі б абмяркоўвацца такія тэмы, як смяротнае пакаранне, свабода СМІ, дэмакратызацыя Беларусі.
У дэлегацыю Еўрапарламента, якая прыехала ў Беларусь, уваходзяць намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).
Як паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, дэлегацыя Еўрапарламента азнаёміцца з падыходам Беларусі да захавання гістарычных помнікаў. Акрамя таго, дэлегацыя мае намер паглядзець, як рэалізуюцца сумесныя з ЕС праекты на пагранпераходах ў Гродзенскай вобласці.
Гэта першы візіт дэлегацыі Еўрапарламента ў новым складзе, яго мэта — азнаёміць новаабраных парламентарыяў з сітуацыяй у Беларусі і асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва паміж краінай і Еўразвязам.
Візіт будзе доўжыцца да 28 лютага.
«У нас чакаюцца сустрэчы ў Міністэрстве эканомікі, Мінэнерга, Міністэрстве замежных спраў, Дзяржпагранкамітэце, Міністэрстве юстыцыі», — распавёў Вальдэмар Тамашэўскі. Таксама запланаваны мерапрыемствы з кіраўнікамі аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці, студэнтамі.