Алена Танкачова
Шчыра кажучы, назіраючы за актыўнасцю Алены Танкачовай пасля падзей 19 снежня 2010 года, я меркаваў, што яна належыць да якой-небудзь канкрэтнай палітычнай плыні. І ў гэтым яшчэ больш
упэўніўся пасля праведзенага міліцыяй і КДБ ператрусу ў яе кватэры. Аказалася — памыліўся. Праваабаронцаў сёння «прэсуюць» для таго, каб было лягчэй
«прэсаваць» іншых…
Новы колер
Шчыра кажучы, назіраючы за актыўнасцю Алены Танкачовай пасля падзей 19 снежня 2010 года, я меркаваў, што яна належыць да якой-небудзь канкрэтнай палітычнай плыні. І ў гэтым яшчэ больш
упэўніўся пасля праведзенага міліцыяй і КДБ ператрусу ў яе кватэры. Аказалася — памыліўся. Праваабаронцаў сёння «прэсуюць» для таго, каб было лягчэй
«прэсаваць» іншых…
Новы колер
Пачаць хочацца менавіта з фарбаў нябёсаў, якія з самага нараджэння (10 лютага 1970 года) для Алены Танкачовай сталі чымсьці большым, чым «шосты акіян». Той акіян быў роднай стыхіяй
яе бацькі, які служыў у марской авіяцыі.
Барыс Васільевіч Танкачоў калісьці лічыўся адным з лепшых экспертаў па вайскова-авіяцыйных катастрофах і выйшаў на пенсію з пасады галоўнага інжынера авіяцыі Балтыйскага флоту.
Зразумела, што хоць і нарадзілася Алена Танкачова ў Калузе, геаграфію былога Савецкага Саюза яна пачала вывучаць з дапамогай не падручнікаў, а звычайных для ваенных пераездаў. Напрыклад, за час руху
да атэстата аб сярэдняй адукацыі, ёй давялося змяніць аж сем школаў.
Апошняй з іх стала сярэдняя школа №3 беларускага горада Быхава. Многія ведалі, што падчас першай сусветнай вайны там была стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага, але далёка не ўсе ведалі, што менавіта
там у савецкія часы месцілася дывізія марской авіяцыі Балтыйскага флоту. Праз паўгадзіны самалёты ўжо маглі выконваць «баявыя задачы» над морам. Іншая справа — наколькі ўсё
гэта было мэтазгодна.
Можа, з тых крыніц і паходзяць спробы сучасных уладаў зрабіць нашу краіну «марской». Падставы ў іх, сапраўды, ёсць. Не хапае толькі здаровага сэнсу. Інакш бы «на
версе» зразумелі, што нельга калькаваць усе хібы савецкіх часоў на нашу суверэнную рэчаіснасць. Вялікае Княства Літоўскае таксама некалі мела выхад да Чорнага мора, але ні ў каго сёння не
ўзнікае нейкіх «чарнаморскіх» амбіцый.
Менавіта ў Быхаў і прыехаў пасля вучобы ў ад’юнктуры акадэміі імя Жукоўскага, якую скончыў з залатым медалём, бацька Алены Танкачовай. Яму прапаноўвалі застацца на кафедры і выкладаць, але
Барыс Васільевіч заўсёды быў прыхільнікам не тэорыі, а практыкі. Пагадзіцеся, далёка не кожны чалавек, выбіраючы паміж сталіцай СССР і беларускай правінцыяй, можа аддаць перавагу апошняй.
Маці Алены, Галіна Уладзіміраўна Танкачова, была класічнай жонкай савецкага афіцэра, то бок «працавала» хатняй гаспадыняй. Дарэчы, у тыя часы яны яшчэ не глядзелі бясконцых
тэлевізійных серыялаў. І зусім не таму, што тых яшчэ не існавала ўвогуле. Прычына іншая — не хапала вольнага часу.
Новыя нечаканасці
У Быхаве прайшлі два апошнія школьныя гады Алены Танкачовай. Канешне, розніца паміж маскоўскім узроўнем і «быхаўскім» адчувалася, але ў яе сям’і на гэта ніколі не звярталі
ўвагі, таму комплексу «столичной штучки» ў дзяўчынкі не было. Як вядома, адна справа, як да гэтага ставішся ты, і зусім другая — іншыя.
У 1985 годзе ў Беларусі яшчэ насілі традыцыйную карычневую школьную форму, а ў Маскве ўжо можна было апранацца на свой густ. У Алены быў прыгожы сіні касцюм, аднак ужо праз два тыдні ёй
«падказалі», што трэба апранацца «як усе».
Вяртацца ў мінулае ёй не хацелася, і тут на дапамогу прыйшла маці, якая сама з карычневай тканіны пашыла для дачкі прыгожую сукенку. З аднаго боку, яна адпавядала тагачаснаму дрэс-коду, з другога
— была «не з крамы». Словам, выйсце знайшлі, што красамоўна тлумачыць, чаму жонак вайскоўцаў тады называлі надзейным «тылам».
У наступным годзе выбухнула Чарнобыльская атамнай станцыя. Калі ўлічваць, што ў дывізіі было цэлае падраздзяленне «хімікаў», а на самалётах стаялі ракеты з ядзернымі боегалоўкамі,
то вайскоўцы добра разумелі, што адбылося, аднак… ніхто з іх не з’ехаў. Больш за тое, у святочных майскіх мерапрыемствах тады прыняў удзел увесь гарнізон (з сем’ямі і
дзецьмі).
Чаму? Адказ на гэтае пытанне ад свайго бацькі Алена Танкачова пачула значна пазней. Не хаваючы горычы, ён патлумачыў — жорсткі загад. Начальства баялася, каб сярод мясцовых жыхароў не
пачалася паніка.
Апошнім месцам яго службы быў Калінінград, дзе месціўся штаб Балтыйскага флоту СССР. Пасада была генеральскай, але, каб атрымаць «лампасы», трэба было зноў ехаць у Маскву. Рабіць
гэтага бацька Алены не хацеў, бо лічыў службовую кар’еру не самым галоўным у жыцці.
У сям’і Танкачовых былі даволі розныя ўяўленні наконт таго, якую прафесію трэба абраць Алене. «Кампрамісам» стала журналістыка, бо ў дзяўчынкі ўжо былі публікацыі ў
мясцовай раёнцы. Рэкамендацыю для паступлення ёй далі без праблем.
На факультэт журналістыкі БДУ Алену Танкачову бацькі і прывезлі. Але, як толькі яны з’ехалі, Алена самастойна забрала дакументы з журфаку і аддала іх на другі факультэт —
гістарычны. Ён падабаўся болей. Далей усё адбылося, як у жудасным сне. На першым жа ўступным экзамене (абсалютна нечакана для сябе) Алена Танкачова атрымала «два»…
Новы накірунак
Тое, што яна тады перажывала, нават цяжка ўявіць. Пакаяцца перад бацькамі было амаль немагчымым, бо рашэнне прымалася самастойна, і цалкам насуперак іх прыярытэтам. Напрыклад, Барыс Васільевіч
выступаў катэгарычна супраць «гістарычнага» выбару, бо добра ведаў, што вырабляла з гісторыяй савецкая ідэалогія.
Алена Танкачова пачала шукаць варыянты працягу вучобы і спынілася на юрыдычным аддзяленні тэхнікума савецкага гандлю. Так лёс накіраваў яе да тых арыенціраў, якія потым стануць самымі галоўнымі ў
жыцці.
Вучоба ў тэхнікуме азначала, што праз два гады можна было стаць, скажам так, «юрыстам сярэдняга звяна». Напрыклад, працаваць у канцылярыі нейкага суда альбо юрыстконсультам на
прадпрыемстве. Зразумела, што паступіць туды (маючы школьны «срэбны» медаль) было нескладана. І толькі пасля гэтага Алена Танкачова пра ўсё расказала сваім бацькам.
Тэхнікум яна скончыла з «чырвоным» дыпломам і адразу пайшла на юрыдычны факультэт БДУ. Цікава, што разам з ёй адзін час вучылася будучы намеснік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля
Пяткевіч. А адзін з іспытаў на першым курсе прымаў Рыгор Васілевіч. Той самы, што сёння ўзначальвае Генеральную пракуратуру і вельмі своеасабліва абараняе прыярытэты законнасці.
Дарэчы, сярод яе ўніверсітэцкіх выкладчыкаў былі прафесар Іосіф Аляксандравіч Юхо, які адзіны на юрфаку выкладаў на беларускай мове, а таксама Ала Анатольеўна Сакалова, якая зараз вучыць студэнтаў
Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Менавіта ім у першую чаргу Алена Танкачова і ўдзячная за разуменне філасофіі юрыспрудэнцыі.
У нейкім сэнсе ёй пашанцавала. Алена Танкачова вучылася тады, калі на юрфаку запанаваў дух свабоды, а сама навука пазбавілася савецкіх ідэалагічных аковаў. Адным з яе любімых прадметаў было
канстытуцыйнае права. Пасля сканчэння БДУ яна нават зрабіла спробу пайсці ў аспірантуру на адпаведную кафедру, але… Адбыўся рэферэндум лістапада 1996 года, і галоўны закон краіны быў
зменены больш чым радыкальна. Стала зразумела, што ў юрыспрудэнцыю зноў вяртаецца ідэалогія.
Новы шлях
Даволі сімвалічна, але менавіта дзякуючы гэтай спробе Алена Танкачова і стала цікавіцца той справай, якой займаецца зараз. Маецца на ўвазе трэці сектар, бо тэмай яе ненапісанай дысертацыі якраз і
былі грамадскія арганізацыі.
Яе асабістым дэбютам стала стварэнне ў 1996 годзе Незалежнага таварыства прававых даследаванняў, якое ў 2004 годзе было прымусова ліквідавана беларускім міністэрствам юстыцыі. Можа, супадзенне, аднак
сам працэс ліквідацыя адбыўся пасля таго, як гэтая структура паўдзельнічала ў больш чым 50-ці судовых спрэчках, адносна закрытых Мінюстам грамадскіх арганізацый. Думаю, многія памятаюць масаваю
зачыстку трэцяга сектара, што адбылася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.
Паплечнікам Танкачовай далі зразумець, што ў патэнцыйных спробах зарэгістраваць новую грамадскую арганізацыю ніякіх шансаў няма, таму было прынята рашэнне перайсці да фармату работы фонду. Так
з’явіўся Інавацыйны фонд прававых тэхналогіяў.
Да былых вузкапрафесійных мэтаў (работа ў судах) дадаліся новыя накірункі дзейнасці — прававой дапамогі, судова-прававой рэформы, доступу да інфармацыі, праваабарончай дзейнасці. Такім
чынам, эфект атрымаўся супрацьлеглым таму, чаго нехта чакаў ад ліквідацыі іх структуры.
У дзейнасці Алены Танкачовай з калегамі з’явіліся і дадатковыя кампаненты. Маецца на ўвазе актыўная выдавецкая праграма, скіраваная на распаўсюджванне стандартаў у галіне правоў чалавека.
Нягледзячы на ўсе складанасці, выдадзеная імі літаратура сёння знаходзіцца ў кожнай бібліятэцы кожнага юрфаку Беларусі. Дадаць да гэтага можна і двухтыднёвы трэнінг для студэнтаў юрыдычных
факультэтаў па правах чалавека, які шмат гадоў праходзіў у Германіі.
Зразумела, што гэта не магло падабацца нашай дзяржаве, і ў 2006 годзе іх таксама закрылі. Не ведаю, хто канкрэтна «наверсе» памылкова лічыць, што, каб спыніць работу людзей,
дастаткова ліквідаваць структуру, якая афіцыйна іх аб’ядноўвае. Каб было так проста, то любое іншадумства ў нашай краіне было б ужо выкарчавана яшчэ гадоў пяць таму. І не было б каму
рэгістравацца ў Чэхіі альбо Украіне.
Дарэчы, менавіта ўкраінскія сябры прапанавалі Алене Танкачовай зарэгістравацца ў іх краіне. Так узнік Фонд развіцця правых тэхналогіяў, якому ўрэшце ўдалося атрымаць рэгістрацыйнае пасведчанне і ў
Беларусі. Сёння іх назва — Учреждение «Центр правовых трансформаций».
Тое што, адбылося пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, яшчэ доўга будзе знаходзіцца ў фокусе ўвагі не толькі юрыстаў, але і псіхіятраў, таму зараз не будзем прыцягваць да гэтага вашу ўвагу. Адзначым
толькі, што хваля рэпрэсій па вызначэнню не магла абысці і Алену Танкачову.
29 снежня 2010 года яе запрасілі на допыт у КДБ, а потым быў ужо традыцыйны ператрус. Забралі нават тое, што ніякім чынам не мела адносін да падзей 19 снежня. Мабыць, звычка
«хапаць» усё без разбору для некаторых стала жыццёвым інстынктам.
Прыналежнасць да трэцяга сектару пры неабходнасці дае магчымасць пераканаўча абысці жорсткую партыйную дысцыпліну. Напрыклад, падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў Алена Танкачова тройчы атрымлівала
прапановы аб рабоце ад выбарчых штабаў трох розных кандыдатаў. Тройчы адмовілася, матывуючы гэта тым, што незалежнай яна ўсім будзе больш карыснай. А вось тыя, хто мае партыйныя білеты, так зрабіць
не змаглі. Не адзін раз мне даводзілася чуць амаль рэфрэн: «Партыя сказала — трэба».
Зразумела, Алене Танкачовай такога не скажаш. Больш за тое, яна нават гатовая выступіць супраць цяперашніх апазіцыянераў, калі яны, дамогшыся ўлады, будуць таксама парушаць правы чалавека. Асабіста
мне падобны падыход вельмі падабаецца, бо так яно і павінна быць па вызначэнню.