Апошняе вяртанне Міхала Федароўскага ў Варшаву

Беларускаму і польскаму археолагу, краязнаўцу і калекцыянеру Міхалу Федароўскаму (1853–1923) належыць адно з самых пачэсных месцаў сярод працаўнікоў на ніве беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі. 



m_chal_fiedarousk_.jpg

Міхал Федароўскі

 Міхал Федароўскі — з тых даследчыкаў, якія паклалі тытанічную працу над выяўленнем мастацкіх здабыткаў беларускага народа і тым самым прычыніліся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларускага народа перад усім светам.

Так пра Міхала Федароўскага сказаў даследчык яго творчасці, кандыдат філалагічных навук Янка Саламевіч. Шматтомная праца «Люд беларускі» Міхала Федароўскага — гэта сапраўдная скарбніца духоўнай творчасці народа, у якой сабраны і апублікаваны тысячы песень і казак, вераванняў і забабонаў, прыказак і загадак, паданняў, легенд, анекдотаў, прыпевак, што стварала творчая фантазія нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Таму нездарма вялікі беларускі паэт Уладзімір Дубоўка назваў Федароўскага збіральнікам жэмчугу.

Жыццё і дзейнасць збіральніка жэмчугу былі непарыўна звязаныя з Варшавай і з беларусамі, якія там жылі напачатку ХХ стагоддзя. Варшава з’яўляецца радзімай Міхала Федароўскага, дзе ён нарадзіўся 1 верасня 1853 года. Бацька яго Адольф па нацыянальнасці быў кашубам, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, пасля якога эмігрыраваў у Францыю і хутка пакінуў сям’ю. А ў 1870 годзе падчас франка-прускай вайны загінуў у бітве пад Арлеанам.

Маці Элеанора выхоўвала сына адна, праўда, дапамагалі і яе бацькі. Калі Міхаіл падрос, скончыў чацвёрты клас мужчынскай прагімназіі з рускай мовай навучання ў Варшаве. Тады юнак і зацікавіўся фальклорам, у прыватнасці прыказкамі і фразеалагізмамі, запісваў іх ад варшавян. У 1873–1874 гадах быў вольным слухачом Пятроўска-Разумоўскай акадэміі пад Масквой.

У 1877 годзе Міхал Федароўскі выехаў у Заходнюю Беларусь. На працягу 17 гадоў ад Беласточчыны да Случчыны ён паглыблена даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру беларускага народа, збіраў этнаграфічныя матэрыялы, экспанаты, кнігі, гістарычныя дакументы, творы жывапісу і графікі, раскопваў курганы, старажытныя паселішчы, могільнікі, накопліваў матэрыял да археалагічнай карты дагістарычнай Беларусі і г.д.

Сабраў больш за 5 000 беларускіх песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, запісаў больш за 10 тысяч прыказак, больш за 500 загадак, сотні чарадзейных, сацыянальна-бытавых, сатырычных і іншых казак, легенд, паданняў, анекдотаў, жартаў, гумарэсак, народных павер’яў, забабонаў, прымхаў, парадаў па народнай медыцыне і г.д. Шмат этнаграфічных запісаў, археалагічных экспанатаў дасылаў Зігмунту Глогеру ў яго маёнтак Яжэва на Беласточчыне, дарыў навуковым установам.

У 1904 годзе Міхал Федароўскі назаўсёды вяртаецца ў Варшаву. 10 траўня 1904 года «Gazeta Polska» (№129) паведамляла, што ў Варшаву пераехаў вядомы этнограф і археолаг, аўтар вялікай працы пад назвай «Люд беларускі» Міхал Федароўскі.

partret_fedaro_skaga_m_hala_cheslava_mako_skaga_1905_g_nacijanal_ni_mastack_muzej_rb.jpg

Чэслаў Макоўскі Партрэт МіхалаФедароўскага, 1905 г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

 

Збіральнік прывёз з сабой багатыя калекцыі археалагічных экспанатаў, сабраных на Беларусі, некалькі тысяч навуковых кніг пераважна з XVIII–XIX стагоддзяў, больш за 5 000 гравюр, велізарнейшую колькасць гістарычных дакументаў і прыватных пісем XVII і XVIII стагоддзяў з архіваў Пацаў, Пацеяў, Храптовічаў, Сапегаў, сабраных ім на застрэшшах і ў куфрах шляхецкіх двароў, фальваркаў і засценкаў.

Дарэчы, першы том «Люду беларускага» атрымаў высокую ацэнку расійскіх, польскіх, украінскіх, чэшскіх вучоных. Дзесяць гадоў Кракаўская Акадэмія шукала сродкі, каб выдаць рукапісы наступных тамоў. Другі том выйшаў у 1902 годзе. У ім надрукавана 410 казак, паданні пра мясцовасці. Трэці том выйшаў у 1903 годзе. У яго ўвайшлі гістарычныя і мясцовыя паданні, гумарыстычныя апавяданні і гісторыі з паўсядзённага жыцця. Ёсць тут казкі і показкі. Федароўскі дадаў сюды і матэрыялы са Слуцкага і Наваградскага паветаў.

Пераехаўшы ў Варшаву, Міхал Федароўскі пачаў апрацоўваць сабраныя на Беларусі прыказкі. Потым заняўся класіфікацыяй, апрацоўкай і падрыхтоўкай да друку вялікага збору беларускіх народных песень. Але ўсё гэта яму зрабіць было няпроста, таму ў Варшаве ён шукаў памочнікаў.

Першай памочніцай Міхала Федароўскага ў апрацоўцы беларускага фальклору ў Варшаве была Лідзія Падул. Дзяўчына з Лідскага павета вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі. Па ўспамінах Янкі Саламевіча, даследчыка творчасці Федароўскага, Лідзія Падул нават запісала 7 песень для Федароўскага ў Лідскім павеце. Дзяўчына шмат дапамагала фалькларысту, нават пэўны час жыла ў яго на кватэры. Але больш звестак пра Лідзію Падул адшукаць не ўдалося. Магчыма, пасля заканчэння кансерваторыі яна пакінула Варшаву.

Вельмі часта ў Міхала Федароўскага бываў Рамуальд Зямкевіч — беларускі бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык і калекцыянер, які жыў у Варшаве. Ён пазнаёміўся з Федароўскім у 1905 годзе. Рамуальда Зямкевіча найперш цікавілі антыкварныя калекцыі Федароўскага. Вядома, ён шмат дапамагаў у апісанні і класіфікацыі сабранага ім матэрыялу, нешта купляў у Федароўскага, нешта абменьваў і нават мог скрасці. Гэта была яго хвароба, як згадваў Сяргей Хмара. У 1931–1935 гадах Рамуальд Зямкевіч вёў карэктуру чацвёртага тома працы «Люд беларускі».

Часта ў доме Міхала Федароўскага заседжваўся беларускі паэт са Слоніма Гальяш Леўчык, які тады жыў у Варшаве. Яму як нікому іншаму найбольш давяраў пан Федароўскі. Гальяш Леўчык шмат дапамагаў яму, дапамагаў шчыра і аддана. Многа кніг са сваёй сабранай бібліятэкі Міхал Федароўскі проста падараваў Гальяшу Леўчыку. І калі хто з беларусаў бываў тады ў Гальяша ў маленькай кватэрцы ў Варшаве на вуліцы Леапальдына, 35, дык бачыў сярод шматлікіх кніг і тры тамы «Люду беларускага» з аўтографамі Федароўскага, падараваныя Гальяшу Леўчыку.

Жывучы стала ў Варшаве, Міхал Федароўскі па-ранейшаму не забываў Беларусь. Ён працягваў і ў Варшаве збіраць беларускія матэрыялы, прасіў знаёмых дасылаць яму ўсё беларускае. Напрыклад, у 1908 годзе ў лісце да Цэцыліі Снягоцкай са Львова Федароўскі просіць дасылаць яму кніжачкі, якія тычацца Русі Літоўскай.

З Варшавы Міхал Федароўскі вядзе вялікую перапіску з супрацоўнікамі «Нашай нівы», «Bіelarusa», прыватнымі асобамі. І пастаянна працуе над «Людам беларускім». Але жыць у Варшаве з матэрыяльнага боку Міхалу Федароўскаму было вельмі цяжка. Таму, каб знайсці сродкі для існавання, ён прадаваў свае калекцыі варшаўскім бібліяфілам, гандлярам старажытнасці, тым, хто цікавіўся антыкварам, быў пасрэднікам у некаторых гандлёвых здзелках. Многія рэчы ён прадаваў вельмі танна, а таксама ахвяраваў музеям, архівам і бібліятэкам Польшчы.

У пачатку 1920-х гадах ён стаў хварэць. А 10 чэрвеня 1923 года Міхала Федароўскага не стала. Яго пахавалі на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве. На надмагільнай пліце сябры Варшаўскага навуковага таварыства напісалі: «Міхал Федароўскі, этнограф, аўтар «Люду беларускага». 1853–1923».

0772067.jpg

Для даведкі:

Чацвёрты том «Люду беларускага» выйшаў з друку ў 1935 годзе, ужо пасля смерці Федароўскага. З 28 000 картак-запісаў Федароўскага Чэслаў Пяткевіч — этнограф, даследчык рэчыцкага Палесся — абраў 13 231 нумар. Выданне стала непераўзыдзеным зборнікам беларускіх прыказак і прымавак, фразеалагізмаў. Змешчаныя ў ім тосты і віншаванні, каламбуры і кленічы, загадкі і мянушкі, просьбы і жарцікі, прозвішчы і імёны сялян з розных паветаў (Слонімскі, Ваўкавыскі, Лідскі, Гродзенскі, Сакольскі і інш.) — матэрыялы, якія да Федароўскага амаль не публікаваліся.

Песні са збораў Федароўскага ўвайшлі ў пяты, шосты і восьмы тамы «Люду беларускага», якія выйшлі ў 1958, 1960 і 1981 гадах (сёмы том з’яўляецца дадаткам да пятага і шостага. У ім змешчаны даследаванні пра самога Федароўскага і яго зборы). Туды трапілі 5 036 песень і прыпевак з ацалелага архіва этнографа.