Дэвід Сарноў: Беларускі медыйшчык у ЗША

Ці глядзелі вы тэлесерыял «Каломба»? А ці ведаеце, што яго зняла амерыканская кампанія NBC? А што заснавальнік NBC — беларус з Пухавіцкага раёна?

sarnoff_23.jpg

Марконі і «Тытанік»

Дэвід Сарноў — бізнесовец і адзін з заснавальнікаў сістэмы радыё- і тэлевяшчання ЗША — нарадзіўся ў вёсцы Узляны (Мінская вобласць). У пачатку ХХ стагоддзя ён з бацькамі эміграваў у ЗША, дзе першы час падпрацоўваў прадаўцом газет, рассыльным тэлеграфнай кампаніі, а пазней трапіў на працу ў кампанію «Marconi Wireless Telegraph Company of America», якую стварыў вынаходнік радыё і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Гульельма Марконі (з якім, дарэчы, ён пазней завёў блізкае знаёмства).
Менавіта падчас працы ў кампаніі Марконі здымак Сарнова ўпершыню з’явіўся амаль ва ўсіх СМІ ЗША. Гэта адбылося ў сувязі з крушэннем «Тытаніка». У ноч сутыкнення «Тытаніка» з айсбергам Сарноў як сувязіст першым выпадкова атрымаў сігнал пра гэтае здарэнне і цягам наступных трох дзён інфармаваў увесь свет пра трагічнае развіццё падзей. Пазнейшы закон Кангрэса ЗША пра неабходнасць абсталяваць судны радыёапаратурай і рост колькасці радыёкарыстальнікаў сярод грамадзян краіны падштурхнулі імклівае развіццё сферы, у якой працаваў Дэвід Сарноў.

Дэвід Сарноў за працай

Дэвід Сарноў за працай


NBC

У 1919 годзе General Electric — кампанія, якую заснаваў Томас Эдысан — выкупае акцыі American Marconi і стварае Radio Corporation of America (RCA). У RCA Сарноў пачынае з пасады камерцыйнага кіраўніка, становіцца генеральным менеджарам, а ўрэшце і прэзідэнтам кампаніі. Пазней пад ягоным кіраўніцтвам ствараецца і National Broadcasting Company (NBC), у якой ён заняў пасаду старшыні праўлення.
Акрамя таго, што Сарноў зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё радыё і тэлебачання ў ЗША (і лічыцца фактычна бацькам амерыканскай тэлевізійнай сістэмы), варта адзначыць, што ён таксама абгрунтаваў неабходнасць стварэння радыё «Голас Амерыкі», з мэтай вядзення ідэалагічнай барацьбы супраць таталітарных рэжымаў.

Сям'я Сарновых

Сям'я Сарновых

Дзесяць прэзідэнтаў ЗША

У даволі маладым узросце Дэвід Сарноў здолеў дасягнуць вялікага ўзроўню кампетэнтнасці і аўтарытэтнасці, дзякуючы чаму яшчэ ў 30 гадоў ён стаў дарадцам прэзідэнта ЗША Вудра Вільсана. Беларус з Узлянаў займаў гэтую пасаду і за наступнымі дзевяццю прэзідэнтамі, у тым ліку Гербертам Гуверам, Франклінам Рузвельтам, Гары Трумэнам і Дуайтам Эзенхаўэрам. У 1941 годзе, пасля нападу Японіі на Пёрл-Харбар, Сарноў паведаміў прэзідэнту Рузвельту пра гатоўнасць супрацоўнікаў і абсталявання да вайны. Падчас Другой сусветнай ён атрымаў званне брыгаднага генерала войскаў сувязі і трапіў у Еўропу, дзе арганізоўваў сістэму радыёкамунікацыі, займаўся радыёзабеспячэннем высадкі амерыканскіх войскаў, радыёпрапаганды на акупаваных тэрыторыях, а таксама забяспечыў сувязь Белага дома з кіраўнікамі саюзнікаў.
Цікава таксама адзначыць, што значна пазней — у другой палове ХХ стагоддзя — менавіта Сарноў прапанаваў ідэю правядзення перамоваў дзяржаўных лідараў праз перадачу сігналу на спадарожнік.

df63f464ad9cb5cdef070395be02de1e.jpg

Ракфелер

Дэвід Сарноў атрымаў амерыканскі ордэн Легіёна пашаны, медаль «За заслугі», стаў чальцом Нацыянальнага інстытута сацыяльных навук Брытанскага каралеўскага таварыства, ганаровым доктарам Калумбійскага і Нью-ёркскага ўніверсітэтаў. Па выхадзе на пенсію ягоным пераемнікам стаў старэйшы сын Роберт Сарноў, які ў 1965 годзе заняў пасаду прэзідэнта кампаніі RCA (а дагэтуль знаходзіўся на пасадзе віцэ-прэзідэнта NBC).
На пахаванні Дэвіда Сарнова, які памёр ва ўзросце 80-ці гадоў, прысутнічаў губернатар штата Нью-Ёрк Нэльсан Ракфелер, які сказаў пра Сарнова: «Ягоны геній заключаўся ў здольнасці глядзець на тое ж, на што глядзяць іншыя, але бачыць больш».
Кірыл Стаселька, budzma.by