«Дзеду, за хмары!» Барыса Кіта, якому сёння споўнілася б 110 гадоў, успамінаюць сын і ўнук
6 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта, самага старога беларуса свету на дзень ягонай сьмерці. Каб сустрэць такі паважны юбілей, Кіту не хапіла літаральна двух гадоў і двух месяцаў жыцця — піша Свабода.
Барыс Уладзімbравіч Кіт (06.04.1910–01.02.2018) быў беларускім настаўнікам і асветнікам у міжваеннай Польшчы, а таксама падчас савецкай і нямецкай акупацыяў Заходняй Беларусі, рэалізаваў сябе як амtрыканскі навуковец і прафtсар, зрабіў свой унёсак у касмічную праграму ЗША, стаў актыўным сябрам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ён быў шчырым патрыётам Беларусі і Злучаных Штатаў, марыў пра дэмакратычную і эканамічна расквітнелую Бацькаўшчыну.
Барыс Кіт: я заўжды называў сябе беларусам
Пра тое, якім бацькам і дзядулем быў Барыс Кіт, на яго 110-гадовы юбілей Свабодзе расказалі ягоны малодшы сын Віктар Кіт, хірург-стаматолаг з Балтымару (ЗША), і ўнук ягонай апошняй жонкі Тамары Аляксандар Вайнгандль (Alexander Weinhandl), кампутарны аналітык з нямецкага Вісбадэну (Нямеччына).
Пабудаваў дом
У звароце да сваіх беларускіх сяброў, якія ў 2010 годзе ў Мінску збіраліся на вечарыну ў гонар ягонага 100-годдзя, Барыс Кіт напісаў, што самая шчаслівая ў асабістым і грамадскім сэнсе частка ягонага жыцця прайшла ў ЗША. Сюды ён пераехаў у 1948 годзе з жонкай Нінай і старэйшым сынам Уладзімірам (1941–2009), тут у 1950 годзе нарадзіўся ягоны другі сын Віктар, тут ён атрымаў працу і прызнанне, пабудаваў свой дом.
Як распавёў Свабодзе Віктар Кіт, свой дом у іхнай сям’і з'явіўся ў 1959 годзе, яго купілі за 27 тысяч долараў — тады гэта былі вялікія грошы, будынак быў новы, мураваны, двухпавярховы, са светлымі вокнамі. Дом быў у прадмесці Вашынгтону Кенсінгтан (Kensington) у графстве Мантгомеры (Montgomery county).
«І вось што было цудоўна: гэта была тупіковая вуліца, наш дом быў апошнім, далей дарогі не было. Так што гэта было цудоўнае месца гадаваць дзяцей. Гуляць нам было лёгка, не трэба было турбавацца пра рух транспарту, пра тое, што ездзілі сюды-туды на машынах. Гэта было вельмі, вельмі добрае месца для сталення, я думаю. Я, памятаю, неяк спытаў у маіх бацькоў: „Чаму вы пераехалі ў гэты раён?“ І яны адказалі, што ў гэты час школы ў сістэме дзяржаўных школаў былі найлепшымі тут, у раёне. Так што — найперш адукацыя. Такім чынам, яны хацелі пераканацца, што ў нас будзе добрая адукацыя, таму яны і пераехалі ў гэты раён Мантгомеры», — згадвае сваё дзяцінства 70-гадовы Віктар Кіт.
Пасля 1972 году, калі Барыс Кіт з'ехаў выкладаць матэматыку амерыканскім вайскоўцам у Нямеччыну, у гэтым доме заставалася ягоная жонка Ніна Корсак-Кіт (1920–2015). Пасля яе смерці дом адрамантавалі і прадалі.
Дбаў пра адукацыю дзяцей
Барыс Кіт з жонкай Нінай вялікую ўвагу надавалі адукацыі дзяцей, выбіралі найлепшыя школы і ўніверсітэты, аплочвалі іх навуку, а гэта ў Амерыцы каштуе нятанна. Згадвае Віктар Кіт:
«Гэта абсалютная праўда. Я сапраўды памятаю, што адукацыя была вельмі важнай у нашай сям’і. Вы ведаеце, які быў галоўны прынцып — адукацыя, адукацыя, адукацыя! Для бацькоў было надзвычай важна, каб мы атрымалі вышэйшую адукацыю».
Старэйшы сын Кітоў Уладзімір закончыў Джорджтаўнскі ўніверсытэт, малодшы Віктар — універсытэт імя Джорджа Вашынгтона і Мэрылендскі ўніверсытэт.
«Яны аплацілі маё навучанне. Гэта была адносна дорага, бо ў мяне не было стыпендыі. Да таго ж я жыў дома, так што мне не даводзілася турбавацца пра інтэрнат і выдаткі на жыццё. Адукацыя была настолькі важнай, што бацькі заўсёды плацілі за маё навучанне», — апавядае Віктар.
Гэткае стаўленне да адукацыі Віктар перанёс і ў сваю ўласную сямʼю.
Віктар Кіт сведчыць, што размоўнай мовай у сямʼі Кітоў была беларуская. Барыс і Ніна любілі сваіх сыноў і ганарыліся імі.
Спрыяў захапленням дзяцей
Віктар Кіт згадвае, што ягоны бацька не толькі дбаў пра вучобу, але і падтрымліваў хобі і захапленні сыноў. Уладзімір Кіт апантана займаўся тэнісам і ў студэнцкія часы быў чэмпіёнам універсытэту. Віктар успамінае, што бацька з радасцю наведваў спартовыя матчы з удзелам сыноў, ахвотна вадзіў іх у кіно.
Сам Віктар у дзяцінстве таксама меў вельмі моцнае захапленне — хадзіў на рыбу.
«Я вельмі любіў вудзіць рыбу, і бацька адвозіў мяне на мясцовыя рэкі. Насамрэч ён сам не вудзіў, але проста назіраў за мной і сядзеў там. Я ж бачыў, як ён нешта думае і глядзіць, як я рыбу лаўлю», — згадвае Віктар. Адзін з самых светлых дзіцячых успамінаў Віктара звязаны з ягоным захапленнем рыбацтвам.
«Каля Нью-Ёрку было месца адпачынку, якое называлася „Бэлэр-Менск“. Шмат беларусаў прыяжджалі туды, бавілі разам час. І мае бацькі там бывалі, размаўлялі і весяліліся, гулялі ў карты, можа быць, выпівалі... І неяк аднаго разу на зваротнай дарозе з Нью-Ёрку ў Вашынгтон, калі ўжо было даволі позна, раптоўна мы спыніліся каля вялікага возера і бацька сказаў: „А чаму б табе, Віктар, не пайсці парыбачыць?“ Так атрымалася, што ў мяне былі ўсе прыстасаванні з сабой і я знайшоў некалькі чарвякоў. І потым я пайшоў на прыстань, залез на драўляны пірс, закінуў вуду і злавіў рыбу літаральна праз пару хвілін, і бацькі сказалі: „О, добрая праца“. Я адпусціў рыбу, мы пайшлі назад да машыны і паехалі дадому. І гэта тое, што я сапраўды добра памятаю з дзяцінства — тады я быў захоплены гэтым рыбацтвам і яны зрабілі дзеля мяне гэты прыпынак. Мне было тады 11 або 12 гадоў», — так згадваў Віктар Кіт той выпадак амаль праз 60 гадоў.
Купіў сыну машыну
Віктар Кіт апавёў, што першай машынай у іх сям’і быў «фальксваген» «Жук», папулярны ў 1960-я нямецкі аўтамабіль, сціплы, але надзейны. Бацьку штодня на працу трэба было ездзіць каля гадзіны часу, таму без машыны было б цяжка, да таго ж Барысу Уладзіміравічу падабалася ездзіць на машыне, гэтаму ён навучыў і сыноў, даваў ім сядаць за стырно таго «Жука».
«Ён сапраўды меў задавальненне ад кіравання машынай. І я згадваю іншую гісторыю. Мы неяк ехалі на найбліжэйшы пляж у Оўшан-Сіці. А „фальксваген“ меў такі рассоўны дах, што можна было адкінуць яго і ехаць, як у кабрыялетах, бяз верху. Гэтак ён і зрабіў. Пры гэтым увесь час свяціла сонца, а бацька ўжо лысеў тады. І пакуль мы прыехалі ў Оўшан-Сіці, у яго быў жудасны сонечны апёк на цемені, бо мы ехалі каля трох гадзін бяз даху... Потым ён аддаў гэтую машыну мне».
Віктар Кіт некалькі гадоў паездзіў на старой бацькавай машыне, а пазней бацькі купілі яму, на той час ужо студэнту, новы аўтамабіль, такі самы «фальксваген» «Жук».
Любіў апавядаць малым гісторыі
У 1972 годзе Барыс Кіт пераехаў у Нямеччыну адзін — з жонкай Нінай у яго здарыўся разлад, сыны ўжо былі дарослыя. Ён уладкаваўся выкладчыкам матэматыкі ў нямецкую філію Мэрылендскага ўніверсытэту, дзе вучыліся амерыканскія вайскоўцы. Аддзелены акіянам ад сваёй сям’і, Барыс Кіт не браў актыўнага ўдзелу ў выхаванні унукаў і праўнукаў, бачыўся з імі рэдка, сведчыць Віктар Кіт.
У Нямеччыне Барыс Кіт знайшоў сабе новую жонку Тамару Казевіч (1937–2018), з якой заручыўся, але фармальнага шлюбу не ўзяў. З Тамарыным унукам Аляксандрам Барыс Кіт атрымаў досвед клапатлівага і шанаванага дзеда.
Унук Тамары Аляксандар Вайнгандль з малых гадоў запомніў Барыса Кіта як свайго добрага дзядулю.
«Кожны раз, калі я думаю пра яго, заўсёды ўспамінаю такія яго галоўныя якасці, як добразычлівасць і эрудыцыя.
Мой дзед — навуковец, прафесар — быў найадукаванейшым чалавекам. Менавіта адукацыйны працэс быў для яго галоўным на працягу ўсяго жыцця і, больш за тое, рабіў яго шчаслівым.
Яшчэ малым я любіў слухаць ягоныя гісторыі. Будучы ад уласнай прыроды чалавекам вясёлым і вельмі жывым, ён мог падаць нават самую сумную тэму, тую ж матэматыку, у маляўнічых фарбах. У выніку я здолеў адкрыць для сябе шмат такіх рэчаў, якімі раней ніколі не цікавіўся», — згадвае Аляксандар.
Гуляў з унукам у футбол
Аляксандар Вайнгандль добра памятае выходныя дні, якія ён праводзіў з дзедам Барысам у парку ў раёне Борнгайм Франкфурту-на-Майне, непадалёк ад кватэры бабулі Тамары.
«Летам мы ладзілі тут розныя прагулянкі або проста адпачывалі на лузе, грэючыся пад сонейкам. З прыемнасцю ўзгадваю нашу гульню ў футбол. Напэўна, мала хто ведае, што Барыс быў не толькі інтэлектуалам, але і моцным спартовым заўзятарам, неблагім аматарам-футбалістам. Яму вельмі падабалася вучыць мяне гэтай гульні, бо ў дзяцінстве я і сам захапляўся ёю. Мне падабалася, як далёка і высока мой дзед мог падбіваць мячы, а я заўсёды падбадзёрваў яго сваім улюбёным заклікам па-нямецку: "Opi, über die Wolken!» («Дзеду, за хмары!»)
Гэтыя мячы часта губляліся ў хмызьняках, так што іх не заўсёды ўдавалася знайсці. Пазней Аляксандар зразумеў, што гэты ягоны заклік «Дзеду, за хмары!» быў выдатнай аналогіяй для дзедавай карʼеры навукоўца, які ўнёс уклад у распрацоўку ракетнага паліва для касмічных палётаў.
Любіў сямейныя святы
Тамара Казевіч і Барыс Кіт любілі вандраваць па Нямеччыне і свеце, цёпла сустралі гасцей з Беларусі. Аляксандар згадвае, што з дзядулем Барысам былі звязаныя і незабыўныя сямейныя святы.
«На сямейных спатканнях Барыс Кіт філасофстваваў з маім бацькам аб матэматыцы і гісторыі за кілішкам гарэлкі. Гэта рабілася таемна ад бабулі. Бутэльку бацька і дзед хавалі ў шафе, выпівалі, калі бабуля на кароткі час знікала на кухні, каб прынесці чарговую страву», — згадвае Аляксандар і робіць выснову:
«Я магу з упэўненасцю сказаць, што Барыс быў шчаслівым чалавекам, ён рэдка сумаваў і з ім заўсёды можна было ад душы павесяліцца. Напрыклад, ён любіў лавіць цукеркі, якія кідалі з машын падчас карнавалаў. Каб гэта не зайшло далёка, бабуля нават ушчувала яго, маўляў, ён „павінен пакінуць нешта і для іншых дзяцей“.
Разам Барыс і Тамара правялі 48 гадоў. Час толькі ўмацоўваў іх каханне. Хоць яны так і не пабраліся шлюбам. Яны толькі былі заручоныя. Дарэчы, асабіста я так і не зразумеў, чаму яны не выйшлі за рамкі гэтага свайго статусу. Магчыма, сакрэт іх кахання тлумачыўся тым, што яны не жылі разам пад адным дахам. У кожнага была свая асабістая прастора і кожны, як кажуць, меў магчымасці для адступлення. Тым не менш Барыс кожны дзень наведваў Тамару і кожны вечар тэлефанаваў ёй, каб пажадаць каханай добрай ночы і даведацца пра самаадчуванне.
Нават у старэчым узросце, калі ён быў у доме для старых, ён хваляваўся, каб бабуля вярталася ад яго дадому яшчэ пры дзённым святле і не хадзіла па вуліцы ў цемры».
Аляксандар Вайнгандль прызнаўся ў інтэрв'ю Свабодзе, што шчыра захапляўся адносінамі дзядулі і бабулі: «Я быў бы шчаслівы, калі б аднойчы і сам, азірнуўшыся назад, мог узгадаць падобны блізкасцю і напоўненасцю пачуццяў час з маёй каханай сяброўкай».
Унук Аляксандар са сваёй маці Ірынай арганізоўваў у 2018 годзе пахаванне і дзядулі, і бабулі. Барыс Кіт памёр 1 лютага 2018 года, ягоная спадарожніца жыцця Тамара Казевіч — 22 чэрвеня таго ж года. Яны пахаваныя побач на праваслаўных могілках Вісбадэну.