Дзмітрый Падбярэзскі: Невялічкі помнік я сабе ўжо паставіў
На жаль, мы мала расказваем пра калегаў па журналісцкім цэху, што, на мой погляд, вельмі не правільна. Сярод нас шмат тых, каму ёсць, што прыгадаць. Успамінамі і ўражаннямі дзеліцца Дзмітрый Падбярэзскі.
![biezymiannyj.png biezymiannyj.png](/img/v1/news/full/biezymiannyj.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шлях у жыццё
Я мінчук у трэцім пакаленні. Нарадзіўся ў радзільні на вуліцы Валадарскага 20 жніўня 1952 года. Жыў з бацькамі ў доме ля будынка пажарнай каманды. Калі мой дзед па лініі маці пачаў займаць розныя высокія пасады (дый бабуля ў абкаме партыі працавала), усёй сям’ёй пераехалі ў вялікую 4-пакаёвую кватэру на рагу праспекта і Урыцкага.
Бацьку я памятаю даволі дрэнна. Ведаю, што Альберт Дзмітрыевіч потым ажаніўся другі раз, у той сям’і таксама нарадзіўся хлопчык Сяргей Новікаў, цяпер — вядомы тэлеаператар. Так што мы з ім — абодва Альбертавічы.
Неяк так сталася, што бацькаву сястру цётку Рэню я нават не распытваў пра лёс Альберта. Ведаю толькі, што здарылася з ім нейкая цмяная дрэнная гісторыя. Нібыта яго сябрукі падставілі, і атрымаў бацька тэрмін за крадзеж. Недзе яшчэ ляжаць ягоныя лісты мне з уральскай зоны.
Калі ён выйшаў на волю, мы бачыліся з ім хіба пару разоў. А ў 1975 годзе, калі я працаваў у вясковай школе, даведаўся, што бацькі ўжо няма. Зноў жа — цмяная гісторыя: памёр нібыта не сваёй смерцю, здаецца, тыя ж сябрукі дапамаглі...
Тым не менш на ўласны дзень нараджэння ў думках чокаюся і з бацькам: з днём народзінаў! Не часта, але бываю на ягонай магіле.
Маці пасля іх разводу выйшла замуж другі раз. Айчымам маім стаў Уладзімір Жыжэнка, у свой час вядомы, аўтарытэтны рэдактар, чые лепшыя часы прыйшліся на часопіс «Нёман». З ім жылося добра, хоць і любіў ён ужываць гарэліцу, што было звычайнай практыкай у рэдакцыйных калектывах часопісаў.
Ён даў мне шмат з таго, што потым спатрэбілася ў жыцці: маю на ўвазе працу са словам — як беларускім, так і рускім. І вудзіць рыбу навучыў...
![debjut.jpg debjut.jpg](/img/v1/userfiles/images/debjut.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ад шлюбу мамы з Жыжэнкам нарадзілася мая сястра Алена (цяпер — Літвіновіч). Скончыла біяфак, працуе ў выдавецтве рэдактарам. Яе дачка Насця — мастачка, як і яе муж Лёша, які, акрамя таго, што распісвае храмы, яшчэ і музыка. Ад бацькоў застаўся «маёнтак» у Лепельскім раёне, дзе люблю бываць штогод.
Маці доўга хварэла, я гады з чатыры штораніцы ехаў да яе, каб накарміць. Глядзеў на яе, як яна ляжала ў ложку, і не мог паверыць, што ў свой час яна выдатна плавала, займалася стральбой (у яе нават быў імянны пісталет!). У свой час яна насіла мяне на руках, а тут — я яе нашу, нямоглую.
Двойчы на год абавязкова наведваю сваіх «дзядоў». Не магу не сказаць колькі слоў пра іх. Дзед Дзмітрый Васільевіч Варыёнчык (з боку бацькі) ваяваў, быў падпалкоўнікам у адстаўцы. Бывала, калі я прыязджаў да яго, ён браў уласны кавалерыйскі карабін-мялкашку з аптычным прыцэлам, і мы ішлі ў Лошыцкі парк. Менавіта гэты дзед навучыў мяне, як абыходзіцца са зброяй, і потым з ёй праблем ужо не было. На вайсковых зборах ці ў якім ціры — атрымлівалася добра.
Дзед па лініі маці, Пётр Сцяпанавіч Падбярэзскі, у свой час кіраваў кінахронікай, быў старшынёй радыёкамітэту, нават месяцы з тры — намеснікам міністра культуры, курыраваў кінематограф.
Ды ў нейкай вёсцы здарылася трагедыя: падчас кінасеансу згарэў з людзьмі вясковы клуб, і дзед мой, зразумела, аказаўся крайнім, з-за чаго і зляцеў з пасады. Тым не менш адзін час у дзеда быў персанальны аўтамабіль маркі «Шкода», а летам мы адпачывалі на міністэрскіх дачах у Гарадзішчах.
Дзеда там ведалі ўсе, бо ніхто, акрамя яго, не мог выплысці на цэнтр возера, легчы на спіну, раскінуўшы ногі і рукі, і так заснуць на гадзіну-паўтары. Пры гэтым гучна храпучы. Хвароба ў яго такая была: у прэзідыумах ён хвілін праз 15 гэтак жа засынаў з тым самым знакамітым храпам.
А бабуля Фядора Іванаўна працавала ў партыйных органах і асабіста была знаёмая з Машэравым. Паэт Антон Бялевіч неяк стаяў перад ёй на каленях і гразіўся напісаць пра яе паэму.
Жыццё ў кватэры на праспекце мне запомнілася вельмі добра. У нашым пад’ездзе жылі: гросмайстар Баляслаўскі, акторы-купалаўцы Рахленка і Ржэцкая, дыктар радыё Анціпаў. У суседніх — Андрэй Тур, Андрэй Саннікаў. Першыя чатыры класы я вучыўся ў 42-й школе, дзе аднойчы атрымаў нездавальняючую ацэнку па паводзінах, калі на ўроку спеваў праспяваў «Союз нерушимый свалился с машины».
Двор, канешне, быў яшчэ той! Хоць хуліганілі мы, так бы мовіць, інтэлігентна. Ну, знайшлі недзе шыну ад задняга кола трактара, разагналі яго ўніз па Урыцкага, а там якраз трамвай заварочваў на Інтэрнацыянальную. І тая шына добра так упляжыла ў вагон.
Яшчэ на тым павароце часта клалі гільзачкі ад патронаў з запалкамі, і яны гэтак гучна стралялі пад коламі вагонаў.
Быў у двары за высокім плотам нейкі загадкавы аб’ект. Як мы скемілі, нешта накшталт радыёстанцыі, але не звычайнай, а вайсковай. Там у кантэйнерах для смецця заўсёды ляжалі рознага калібру радыёлямпы, якія адслужылі сваё. Некаторыя былі вельмі вялікія, а таму цаніліся найбольш. Мы забіраліся ў гэтыя кантэйнеры, набіралі лямп, каб потым апусціць іх у вадасцёкавыя трубы на даху нашага дома. Лямпы, калі даляталі амаль да зямлі, з грукатам лопаліся на згібе трубы, гэтаму мы, падлеткі, дзіка радаваліся.
Яшчэ добра запомніў пажар у будынку рускага тэатра. Пасля пажару ў двары найдаражэйшым абменным матэрыялам былі крышталікі ад жырандолі, якая падчас пажару абвалілася долу. Сябравалі мы і з кінамеханікамі «Цэнтральнага», дзе часта глядзелі фільмы з апаратнай. Наведвалі таксама і збудаваны немцамі падчас вайны драўляны кінатэатр «Першы», які стаяў у двары цяперашняга гатэля «Мінск».
Шлях у слова
У вялікім вуглавым пакоі ў нашай кватэры стаяў кабінетны раяль. Мяне маці спрабавала навучыць музыцы, дзеля чаго нанялі хатнюю настаўніцу, але аніякай ахвоты займацца на раялі ў мяне не было, пра што цяпер вельмі шкадую. Як прыходзіла настаўніца, я хаваўся пад ложак, адкуль мяне выкалуплівалі ўсёй сям’ёй. Тым не менш цягам года такіх «заняткаў» я такі вывучыўся дзвюма рукамі выконваць «Петушок, погромче пой...»
Куды больш мяне прыцягвала радыёла з зялёным вочкам, якая стаяла ў пакоі дзядзькі. Калі ён сыходзіў на працу, я забіраўся ў пакой, уключаў радыёлу і з захапленнем слухаў розныя незразумелыя
галасы, а таксама музыку. Гэтая кватэра, радыёла прысутнічаюць у маім апавяданні «Дзень добры, Бабуля Яга!»
![padbjarezski_3.jpg padbjarezski_3.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
10-ы школьны клас
У школьныя гады ў сувязі з разменамі кватэр я памяняў тры школы.
Акрамя 42-й з пятага па восьмы класы вучыўся СШ №73. Жылі на вуліцы Чарнышэўскага ў доме, збудаваным для пісьменнікаў, працаўнікоў выдавецтваў. З тых часоў ведаю і Адама Глобуса, і Толю Кашапарава, і Дзіму Філімонава.
У дзявятым і дзясятым была ўжо СШ №23. Там мне вельмі пашанцавала на выкладчыкаў беларускай і рускай літаратур.
Па сканчэнні школы з двух 10-х класаў ажно шэсць чалавек паступілі на філалогію, у тым ліку і я. Ужо ў школе пачаў шмат слухаць музыку, прычым самую розную, дзякуючы маці з’явіліся першыя «фірмовыя» вінілы — груп «Omega Red Star», «Czerwone gitary».
Там жа нешта пачалі пісаць, калектыўна і сольна, а паколькі з дакладнымі навукамі ў мяне былі праблемы, выбар беларускага аддзялення філфака БДУ вырашыўся сам сабой.
Студэнцтва, як, бадай, і ва ўсіх, было вірлівым і захапляльным. З 114 чалавек беларускага аддзялення хлопцаў было недзе 14 чалавек, а гарадскіх — і таго меней. Так склалася, што амаль
адразу пасябраваў з вядомым цяпер фалькларыстам Валодзем Васілевічам, цяперашнім рэдактарам Георгіем Кісялёвым, даўно ўжо масквічом Сяргеем Палітыкам, які прамяняў кансерваторыю на філфак і дзякуючы
якому я быў сведкам бунту мінскай моладзі каля кінатэатра «Новости дня».
![padbjarezski.jpg padbjarezski.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Першы курс філфака БДУ. 1969 год
На другі ці трэці дзень вучобы на філфаку, які тады месціўся на Чырвонаармейскай, мне пашанцавала трапіць на канцэрт Марылі Радовіч, якая выступала проста ў нашай актавай зале. А яшчэ мы выпускалі насценную газету «Слово филолога», вучылі латынь, а таксама нейкія зусім не патрэбныя навукі, кшталту навуковага камунізму, ладзілі «Славянскія вечары», гулялі ў КВЗ.
Запомнілася, як разам з групай падтрымкі ад Чырвонаармейскай па цэнтры вуліцы Кірава ішлі ў галоўны корпус на фінальную гульню. Ішлі з крыкамі, барабанамі, нейкімі дудкамі, плакатамі.
На філфаку я пачаў актыўна гуляць у баскетбол, чаго не кідаю і цяпер. Актыўна наведваў Клуб турыстаў і альпіністаў, у горы неяк не вельмі цягнула, хоць і там пабываў, а вось у турпаходы хадзіў рэгулярна, пешыя і лыжныя, ездзіў на турзлёты. Тры гады выязджаў у будаўнічыя атрады, пераважна з фізікамі, з многімі і цяпер сябрую. З-за таго, што быў у будаўнічым атрадзе, прапусціў мінскія канцэрты аркестра Дзюка Элінгтана.
![padbjarezski_52.jpg padbjarezski_52.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_52.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Баскетбол — гуляюць зборныя філфака БДУ — студэнты і выкладчыкі. Дзмітрый Падбярэзскі гуляў за абедзве каманды. Прыблізна — пачатак васьмідзесятых гадоў
Вучыўся ад пачатку добра, ужо на першым курсе пачаў атрымліваць стыпендыю. Выкладчыкі былі розныя. З Барысам Норманам і Уладзімірам Карпавым і ў баскетбол гулялі, і КВЗ ладзілі, з многімі іншымі трымаліся на дыстанцыі. Латынь да 80-гадовага Пільмана хадзіў здаваць 7 разоў, і яшчэ лёгка выблытаўся.
Нам таксама выкладалі Адам Супрун і Мікалай Паўленка. Алесь Адамовіч чытаў рускую класічную літаратуру. Здаецца, за ім ніхто не мог канспектаваць. А як тое зрабіць, калі ён напамяць цытаваў дзённікі Дастаеўскага?!
Я, дарэчы, тады сябраваў з ягонай дачкой Наталляй, бываў у іх дома, што мне не дапамагло, калі Наташын бацька адправіў мяне з экзамену перачытаць легенду пра Вялікага інквізітара. Зрэшты, з другога разу свае чатыры балы я атрымаў...
Два разы мяне адпраўлялі з экзаменаў.
Другі раз — з беларускай мовы. Выкладчык (як пазней сказаў) проста не хацеў мне псаваць залікоўку. Прызнацца, падчас навучання беларускай мовай амаль не карыстаўся, дый па сканчэнні ўніверсітэта два гады выкладаў у вясковых школах рускую мову і літаратуру.
Памятаю, як у Волме (цяперашні Сокал) зладзіў літаратурную вечарыну, на якую здолеў прывезці Алега Лойку і Рыгора Барадуліна. Для ўсёй вёскі гэта была сапраўдная падзея: паўнюткая зала вучняў і іх бацькоў!
Шлях у прафесію
Дыплом аб сканчэнні ўніверсітэта — гэта, бадай, адзіны ў мяне дакумент на бацькава прозвішча. Ад 1974 года я ўзяў прозвішча маці — Падбярэзскі.
Адбыўшы на вёсцы два гады (пра што, дарэчы, аніяк не шкадую), паступіў на працу адміністратарам на кінахроніку «Беларусьфільма», дзе чакаў вызвалення рэдактарскай пасады. Ды не дачакаўся і пайшоў працаваць у літаратурна-драматычную рэдакцыю БТ, куды прымаў мяне асабіста Генадзь Бураўкін.
![radovicz_padbiarez.jpg radovicz_padbiarez.jpg](/img/v1/userfiles/images/radovicz_padbiarez.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзмітрый Падбярэзскі на гітары акампануе Марылі Радовіч падчас запісу перадачы на тэлебачанні
Працаваў у эфіры шмат, у тым ліку і ў жывым, але пераважна на моладзевую («Тэледыскатэка») і музычную («Сустрэнемся пасля 11-ці») рэдакцыі. У літдраме ж быў у асноўным рэдактарам на тэлеспектаклях. У 1982 годзе атрымалася зняць тэлеспектакль па паэме Янкі Купалы «На Куццю», якая да гэтага года была забароненая. Арыгінал зборніка Купалы «Шляхам жыцця» — галоўная кніга ў маім кнігазборы.
![padbjarezski_12.jpg padbjarezski_12.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_12.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тэлебачанне. Размова з Давідам Тухманавым. Прыблізна — пачатак васьмідзесятых гадоў
А ў канцы 1982 года мяне пачалі актыўна сватаць у рэдакцыю часопіса «Мастацтва Беларусі», якую збіраў Міхась Раманюк. Я доўга ўпарціўся, бо пакідаць тэлебачанне (тэлебачанне!) не бачыў сэнсу, аднак Алесь Гаўрон мяне даціснуў, сказаўшы нешта накшталт: тэлебачанне — вар’яцкі дом, а штомесячнік — гэта ж санаторый. І так я апынуўся ў часопісе, дзе адпрацаваў амаль 20 гадоў рэдактарам аддзела музыкі і намеснікам (пры Аляксеі Дудараве) галоўнага рэдактара.
Маю пасаду скарацілі ў 2002 годзе. Загад быў падпісаны акурат у дзень майго 50-годдзя. А я ўжо быў спадзяваўся атрымаць значок «Выдатнік друку», асадку з пазалочаным пяром і крыштальную вазу. Але...
Праўду кажучы, рэдакцыю разагналі пад шыльдай аптымізацыі рэдакцыйнага штату: надта ўжо шмат фронды трапляла на старонкі часопіса, надта смела «Мастацтва» пакусвала гаспадара — Мінкульт. Таму сабаку альбо на ланцуг, альбо вон са двара.
Варта сказаць, што ў журналістыку я трапіў збольшага выпадкова. Хаця ў студэнцкія гады, займаючыся плаваннем, напісаў ва ўніверсітэцкую газету колькі нататак пра спаборніцтвы, пісаў і для філфакаўскай насценнай газеты.
Пісаў вершы на рускай мове, а калі паспрабаваў па-беларуску, колькі з іх праз айчыма перадаў на прагляд Уладзіміру Караткевічу. З ягонага водгуку зразумеў, што паэзія — не мая справа, але спадар Уладзімір, скарыстаўшы два радкі з майго верша, напісаў свой, і гэты аўтограф для мяне цяпер вельмі дарагі.
Аднойчы разам з сябрам проста на вуліцы пазнаёміўся з Яўгенам Будзінасам, які разам з Сяргеем Ваганавым набіраў курс аддзялення журналістыкі на факультэце грамадскіх прафесій БПІ. Там я правучыўся два гады і ўжо актыўна пачаў пісаць для «Знамени юности», потым і для іншых выданняў — «Рабочая смена» («Парус»), «ЛіМ», «Беларусь» і іншых.
Як ужо згадваў, трапіў у рэдакцыю часопіса «Мастацтва», дзе прафесіі магутна вучыў нас Алесь Траяноўскі. Пазней ён пісаў для «Белорусской деловой газеты», газеты «Имя», рэдагаваў тыднёвік «Бездельник» — усё ўжо і складана згадаць.
Пераканаўся, што своечасова сказанае, да месца і добра аргументаванае слова здольнае хоць крыху, ды змяніць жыццё да лепшага.
![padbjarezski_35.jpg padbjarezski_35.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_35.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шэсце ў раёне вакзала. Разам з харцістамі Бябеніным, Бандарэнка, Халезіным
Шлях у музыку
Паколькі яшчэ са школьных гадоў я цікавіўся музыкай, асноўнай тэмай маёй журналісцкай практыкі яна і стала. Памятаю, як з-за маёй цалкам бязвіннай, выключна інфарматыўнай нататкі пра гурт «ABBA» меў вялікія праблемы галоўны рэдактар «Знамени юности».
Калі пачаў пісаць для «Рабочей смены», ужо чытаў польскую музычную прэсу. Вывучаў, у якой стылістыцы ў Польшчы пішуцца музычныя матэрыялы, шмат чаго пераняў і ўвасобіў у беларускай прэсе.
Прыкладам, для той жа «Рабочей смены» прыдумаў рубрыку адказаў на лісты чытачоў пад назвай «С мира по нотке». Там жа, хіба ўпершыню ў СССР, артыкул пра групу «Queen» суправадзіў дыскаграфіяй калектыву.
![padbjarezski_17.jpg padbjarezski_17.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_17.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вечарына — прэзентацыя песень Алеся Камоцкага на вершы Рыгора Барадуліна «Зорка спагады» ў Доме літаратараў. 2000 год
У «Мастацтве» ўпершыню ў беларускай прэсе пачаў рэцэнзаваць новыя кружэлкі беларускіх выканаўцаў. Мне проста было цікава падаваць матэрыялы так, як да мяне гэтага ніхто не рабіў, з той толькі мэтай, каб чытачы атрымлівалі найбольш інфармацыі. Прыкладна тое ж здарылася і тады, калі я супрацоўнічаў з беларускай службай «Радыё Свабода».
Мая першая аўтарская праграма называлася «Мелодыя дня». Гэта значыць, кожны дзень ранішні эфір радыё закрывала праграма, да якой я пісаў падводку недзе на 40 секунд, пасля чаго гучала песня ў выкананні нейкага айчыннага саліста альбо групы.
Памятаю, як Аляксандр Лукашук пасля паўгода існавання праграмы запытаўся, ці здолею я пратрымацца да канца года. Я запэўніў: пратрымаюся і магу яшчэ выйсці на другі год. Канешне, даводзілася пабегаць у пошуках фанаграм, але ж у мяне па-беларуску і Кабзон спяваў пра Нёман!
Сёлета гэтую праграму паўторна запусцілі ў эфір. Прыемна. Значыць, няблага было прыдумана і зроблена.
Сваю энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі я задумаў недзе ў 2000 годзе. Звярнуў увагу на тое, што ў афіцыйныя энцыклапедычныя выданні трапляюць толькі тыя выканаўцы, якія маюць нейкія званні. Але ж па-за бортам застаюцца дзясяткі музыкаў, чый унёсак у беларускую музыку калі не большы, дык аніяк не меншы за «заслужаных». Тым не менш, ідуць гады, і пра многіх з іх проста забываюцца. Адзначыць тое, што яшчэ магчыма, і было мэтай маёй працы, на якую я аддаў амаль 8 гадоў, зафіксаваўшы для гісторыі многіх, звестак пра каго цяпер адшукаць амаль ужо не магчыма. Адным словам, лічу, што невялічкі помнік яшчэ пры жыцці я сабе ўжо паставіў.
Калі агульна характарызаваць цяперашні стан беларускай папулярнай музыкі, дык мушу сказаць: у нас хапае вельмі таленавітых, спраўных выканаўцаў, але толькі не ў галіне таго, што называюць «эстрадай». Тут — поўны заняпад. Здаецца, і хапае добра падрыхтаваных спевакоў, але практычна аніхто з іх не мае патэнцыялу выйсці па-за межы краіны. Прычыны тлумачыць не буду.
![padbjarezski_33.jpg padbjarezski_33.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_33.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аддзел культуры газеты «Імя». Дзмітрый Падбярэзскі з Сяргеем Шапранам. 1996 год
У той жа час у галіне ўмоўна кажучы «неафіцыйнай» музыкі адбываецца шмат цікавага і сучаснага, аднак, не маючы магчымасці жыць выключна з уласнай творчасці, гэтыя выканаўцы і калектывы свой патэнцыял, за рэдкім выключэннем, рэалізаваць не ў стане.
І ўсё ўрэшце прыходзіць да таго, што музыка для гэтых выканаўцаў робіцца хобі, а таму ні пра якую прафесійную дзейнасць казаць ужо не даводзіцца. Толькі як пра мастацкую самадзейнасць.
Мінулай восенню здарылася нечаканае. Мне патэлефанавала Люда Грамыка, з якой мы былі ў першым наборы часопіса «Мастацтва», і прапанавала вярнуцца ў рэдакцыю на пасаду намесніка галоўнага. Я прыдушыў у сабе ўспамін, як мяне адтуль турнулі, і пагадзіўся. Аднак неўзабаве з Людай кантракт не працягнулі, 12-ы нумар за 2014 год я па сутнасці выпускаў як галоўны, але ад гэтай пасады адмовіўся.
Не ведаю, колькі там пратрымаюся, бо праца ў дзяржаўнай прэсе пасля 12 гадоў вольнай даецца ў знакі, але шчыра імкнуся да таго, каб зрабіць «Мастацтва», наколькі тое магчыма ў цяперашніх умовах, больш-менш сучасным выданнем.
Што да гісторыі «Мастацтва», дык згадваю, калі нам упершыню дазволілі надрукаваць артыкул аб прыездзе ў Мінск Забэйды-Суміцкага. Мы змясцілі ў макет нумара ягонае фота з беларускімі пісьменнікамі, а калі часопіс выйшаў з друку, убачылі: на фота чалавек восем, а ног — дзевяць пар. Адна галава яўна адсутнічала. І зроблена тое было ў друкарні, дакладна.
![birst2014.jpg birst2014.jpg](/img/v1/userfiles/images/birst2014.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Літва. Фестываль. Горад Бірштанас. 2014 год
Пра асабістае
Маё знаёмства з будучай жонкай Таццянай адбылося ў Мінску (яна вучылася на журфаку), хоць яна тады разам з бацькамі жыла ў Запарожжы. Дзявочае яе прозвішча Шаварская, з былой польскай шляхты, яе бабуля жыла на Валыні зусім недалёка ад мяжы з Польшчай. Пазнаёміліся мы ў кавярні «Рамонак», калі яна ўжо скончыла журфак і ад’ехала потым у Запарожжа ў рэдакцыю мясцовай камсамольскай газеты. Яна мне адразу спадабалася: прыгожая (само сабой!), упэўненая ў выказваннях. Перапісваліся, пасля чаго, здаецца, па тэлефоне зрабіў ёй прапанову. Атрымаў адлуп, але не адступіў. І потым нібыта прыйшлі да згоды, як раптам, калі ўсё было вырашана, яна зноў адказала «не». І я раззлаваўся: што такое?! І тут жа кінуўся ў Запарожжа. Квіткоў на самалёт не было, паляцеў да Днепрапятроўску, адтуль «Ракетай» да Запарожжа — і такі ліквідаваў няпэўнасць.
![padbjarezski_13.jpg padbjarezski_13.jpg](/img/v1/userfiles/images/padbjarezski_13.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзень вяселля — 25 ліпеня 1980 года
Вяселле нашае, дарэчы, адбывалася ў Доме літаратара, тамадой быў Алесь Камароўскі, які проста бліскуча адпрацаваў! Музыку рабілі хлопцы з дыскатэкі кавярні «Сузор’е», фатаграфаваў мой зводны брат Сяргей Новікаў.
У выніку жывем разам дагэтуль, часам няпроста, бо мая спагадлівасць часам канфліктуе з той самай запарожскай упэўненасцю ў тым, што «я ведаю, як тое павінна быць». У выніку два хлопцы-падбярозавікі: Пётра і Даніла, названыя ў гонар нашых дзядоў, а ўжо і ўнук Іван Падбярэзскі маецца. Род працягваецца!
![experty2011.jpg experty2011.jpg](/img/v1/userfiles/images/experty2011.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2011 год. Цырымонія ўручэння прызоў сайту experty.by
Хлопцы, якія, як і я, не надта сябравалі з дакладнымі навукамі, паступалі на італьянскую мову філфака БДУ. Памятаю, як падчас апошняга экзамену ў двары БДУ сустрэў Андрэя Тура. Той пацікавіўся, што я тут раблю. Патлумачыў. Андрэй, які быў у складзе заліковай камісіі, запэўніў: паступяць. Як жа: 40 дзяўчат і ўсяго тры хлопцы-прэтэндэнты. Але потым аказалася: адзін з маіх хлопцаў не дабраў 0,5 бала, і калі камісія на чале з Аляксандрам Казуліным разглядала тую сітуацыю, Казулін запытаўся: «Падбярэзскія? Гэта іх бацька ў «Имени» друкуецца?», на што, са слоў Тура, той пацвердзіў: так. І аказалася, што пры паступленні ў ВНУ дзейнічае тое ж правіла, што і ў войску: блізняты павінны быць разам. Так і паступілі мае хлопцы ў БДУ.
Дзеці цяпер — абодва — працуюць на тэлебачанні, і так атрымліваецца, што дынастыя Падбярэзскіх на БТ — самая значная. То бок, калі мой дзед кіраваў Дзяржкамітэтам радыё, мой айчым там працаваў рэдактарам, я працаваў на БТ, мая жонка (музычная, спартовая рэдакцыі), а цяпер дзеці, то хто яшчэ больш? Засмуціла тое, што ў музеі Белтэлерадыёкампаніі да нядаўняга часу не было фота майго дзеда, але, здаецца, гэтую памылку выправілі.
Фота з уласнага архіву Дзмітрыя Падбярэзскага