«Like a Gossamer»: як павуцінка, якая знітоўвае музыку, паэзію і жывапіс

Прыкра, што на айчыннай рок-сцэне сустракаюцца такія выканаўцы, якіх да беларушчыны штурхае кан’юнктура і меркантылізм.



like_a_gossamer_band_photo_1.jpg

Маўляў, пару песенек выканаем на мове, трапім на «Басовішча», прэмію ад арганізатараў атрымаем. А там і на Маскву! Вось так на музычнай сцэне з’яўляюцца «творцы», якія ганарыцца статусам «замежных выканаўцаў» на роднай зямлі.

На шчасце, такіх прыкладаў няшмат. Затое дастаткова тых музыкантаў, якія ідуць цяжкім, але больш пачэсным шляхам. Адзін з такіх калектываў — студыйны гурт «Like a Gossamer», які не так даўно адзначыўся альбомам «Клятва вернасці». Сёння адзін з заснавальнікаў каманды Дзяніс Голін адказвае на пытанні нашага карэспандэнта.

— Распавядзіце, калі ласка, пра шлях да беларускасці, які прайшлі музыканты гурта«Like a Gossamer» як прадстаўнікі андэграўнду?

— Яшчэ ў школе мы з хлопцамі заснавалі беларускамоўны метал-гурт, цяпер вядомы прыхільнікам андэрграўнднай сцэны пад назвай «Weeping Twilight». І ўжо тады — у прыклад «Песнярам» — пачалі класці на сваю музыку славутую купалаўскую паэму «Курган». Менавіта кампазіцыі на словы Купалы гучалі на першым нашым канцэрце ў легендарным «А-клубе»…

Лагічным было працягнуць тую працу і ў «Like a Gossamer», але ўжо ствараючы ўласны эпас, увасоблены ў мастацкім праекце, дзе на глебе нацыянальнай спадчыны з’ядналіся аўтарская паэзія, музыка ды жывапіс.

Многія перыядычныя выданні, у тым ліку і газета«Новы час» (novychas.by) звярнулі ўвагу на ваш альбом — арт-рок-сюіту «Клятва вернасці». А як нарадзілася ідэя гэтага канцэптуальнага твора, як ішла праца над ім?

— Пэўна, усе мы ў гурце захапляемся творамі Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» ды Яна Баршчэўскага «Шлахціц Завальня», што натхнілі нас на стварэнне свайго збору легендаў ды паданняў. Андрэя Беларэцкага, як і галоўнага героя «Беларусі ў фантастычных апавяданнях», можна лічыць прататыпамі нашага вандроўніка-этнографа з «Клятвы вернасці».

Паэтка Алена Жукава — аўтарка канцэпцыі — назбірала гэтыя легенды па навуковых ды літаратурных крыніцах. Паводле тых гісторыяў яна напісала цудоўныя вершы. Мастачка Катарына Філіст з Берліна адмыслова для праекта стварыла серыю манатыпіяў, дзе адбіліся героі ды падзеі, пра якіх апавядае альбом.

Саўнд-дызайнер ды музыка гурта «Favourite Mirror» Арцём Бусел склаў soundscape-кампазіцыі — без іх падарожжа лірычнага героя «Клятвы вернасці» наўрад ці атрымалася б такім насычаным. Хрыбтом альбома стаў матэрыял нашага фронтмэна ды гітарыста Алеся Акульчыка (ён таксама грае на гітары ў фолк-рок-гурце «Рокаш»). Мне выпала дапрацаваць і аранжаваць гэтыя кампазіцыі.

Запісваўся альбом павольна, з вялікімі перапынкамі, але ўрэшце мы хуценька ўсё дарабілі ды выдалі. Дарэчы, неспрактыкаванаму слухачу можа падацца, што дыск гучыць «несучасна». Але такі прадакшн «а-ля сярэдзіна 90-х» — гэта таксама канцэптуальны крок, бо нам такім чынам хацелася аддаць даніну павагі гуртам, якія паўплывалі на ўсіх нас: «My Dying Bride», «Anathema», «The 3rd and the Mortal»... Дый матэрыял для альбома быў напісаны больш за 10 гадоў таму — такім чынам, падобная гукавая эстэтыка яму пасуе.

— Пасля выхаду альбома«Клятва вернасці» за «Like a Gossamer» замацавалася азначэнне сур’ёзнага гурта, які імкнецца да складаных музычных форм, да сімвалічнага ўвасаблення літаратурных тэкстаў, узняцця глабальных тэм. Ці будзе захаванае гэтае статус-кво, альбо музыканты «Like a Gossamer» плануюць звяртацца да больш простых музычных форм?

— Можна не сумнявацца. Калі нават нам захочацца выпусціць альбом з творамі простай песеннай формы, дык гэта ўсё адно будзе нешта канцэптуальнае, накшталт шубертаўскага «Зімовага шляху». Рэч зусім не ў форме, але ў тым, якая думка ўкладаецца ў твор, на якім ідэйным падмурку ён будуецца.

kljatva_vernasci_gurt_like_a_gossamer.jpg

— Так ці інакш, а гурт«Like a Gossamer» аддае перавагу metal-накірунку ў творчасці. Але гэтая плынь імкліва змяняецца ў стылістычным плане. Ці плануюць удзельнікі гурта прытрымлівацца аднойчы абранай стылісткі, альбо слухачы змогуць у далейшым пачуць абноўлены metal-саунд «Like a Gossamer»?

— Адзінае, што, здаецца мне, змянілася ў metal-плыні, — гэта тэхналогіі і гучанне рэлізаў, а таксама бізнес-падыход (цяжкія гурты імкнуцца «прадавацца» гэтаксама актыўна, як і папулярныя выканаўцы). І хоць эксперыментаў тут заўсёды хапала, праз тую ж камерцыялізацыю цяпер цэтлік «прагрэсіўнасці» часцяком лепяць на адкрыта папсовыя каманды, якія працуюць паводле правераных шоў-індустрыяй шаблонаў. З іншага боку, шмат хто вяртаецца «да каранёў», да metal-саўнду 70–90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Калі ж казаць пра наш гурт, дык тут я б працытаваў згаданую вышэй Алену Жукаву, якая казала, што «Like a Gossamer» — гэта metal, зайграны па канонах класічнай музыкі. І сапраўды, мы ўзялі багатыя выразныя сродкі класікі (асабліва інструментальнай сімфанічнай музыкі) ды паспрабавалі перанесці іх на metal-глебу. Зрэшты, не абышлося і без элементаў джазу ды народнай музыкі, сучасных кампазітарскіх тэхнік.

Думаю, у такім кірунку пойдзем і далей, каб новыя творы былі такімі ж празрыстымі і атмасфернымі, як тая восеньская павуцінка («Like a Gossamer» — з англійскай мовы «як павуцінка»), на ніцях якой, калі верыць класіку, прывозяць восень павучкі.

— Сваім канцэптам«Клятва вернасці» гурт вельмі высока ўзняў творчую планку. З гэтага факта могуць быць розныя наступствы. Напрыклад, ці не паўстала неабходнасць змены назвы на больш беларусізаваную? Ці задумваліся музыканты пра «жывыя» канцэрты з праграмай «Клятва вернасці»?

— Англамоўная назва, мяркую, не замінае «Like a Gossamer» быць ушчэнт беларускім ды трансляваць нацыянальны меседж, як і, да прыкладу, флагману тутэйшага metal-напрамку гурту «Gods Tower», які да ўсяго яшчэ і спявае па-англійску, але чыя прыналежнасць да Беларусі відавочная.

Што да выканання праграмы «жыўцом», дык, сапраўды, няблага было б нагадаць слухачу тыя кампазіцыі з альбома, якія яны маглі чуць на канцэртах «Like a Gossamer» у мінулым, а таксама, прэзентаваць тыя творы, якія са сцэны не гучалі. Акурат цяпер да нашага нешматлікага апошнім часам калектыву далучыліся новыя выканаўцы — бас-гітарыст, бубнач і клавішнік, а я граю партыі гітары, якія запісваў для альбома. Разам на рэпетыцыях мы рыхтуем канцэртную праграму. Так што, спадзяемся, праз пару месяцаў усе ахвотныя змогуць пачуць «Клятву вернасці» на якім-небудзь канцэрце «жыўцом».

— Упэўнены, што новы дыск стаў добрым стымулам для далейшых творчых пошукаў. Над якімі праектамі працуе сёння гурт«Like a Gossamer», і ці хутка мы пачуем вынікі гэтай працы?

— Пакуль што мы сканцэнтраваліся на «пабочных» праектах: Алесь займаўся міні-альбомам гурта «Рокаш», я рыхтаваў канцэртныя аранжыроўкі матэрыялу «Клятвы вернасці», вучыўся граць на рэнесанснай лютні ды зрабіў у «госамераўскім стылі» апрацоўку яшчэ аднаго беларускага народнага каляднага спеву, які далучыцца да нашай версіі песень «Чаму ў цябе, Воўча…» і «Го-го-го Каза» і, магчыма, увойдзе ў новы рэліз «Like a Gossamer».

Яшчэ ў планах — выпусціць юбілейнае відэапрысвячэнне Міхалу Клеафасу Агінскаму — ролік да кампазіцыі «Непачуты паланэз», які ўбачыць можна будзе ўжо ў бягучым годзе.

Фота з архіву гурта