Мінадукацыі: Кожны беларус мае права вучыцца на любой з дзвюх дзяржаўных моваў

Кожны беларус мае права вучыцца на любой з дзвюх дзяржаўных моваў, заявіла 12 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная.



lojka_new.jpg

"У нас дзве дзяржаўныя мовы, кожны выбірае сваю і мае права на ёй вучыцца", — сказала яна.


Паводле слоў прадстаўніка Мінадукацыі, бацькі, якія жадаюць, каб іх дзіця вучылася на беларускай мове, павінны ў сваёй заяве аб прыёме дзіцяці ў першы клас адзначыць жаданую мову навучання.


"Любы бацька піша заяву: "Я прашу прыняць у першы клас такой вось школы на такой вось мове", якая будзе разглядацца, — адзначыла яна. — Безумоўна, калі вашая заява будзе адзінай, то пад аднаго чалавека клас адкрываць не будуць. Магчыма, у суседняй школе ўжо фарміруецца такі клас, і вам прапануюць пайсці туды". 


Пшанічная падкрэсліла, што ў краіне адкрываюцца беларускія класы, у дзіцячых садках ёсць беларускамоўныя групы, у Мінску "дастаткова беларускамоўных гімназій". 


"Было б жаданне ў нашых бацькоў гэта рабіць, таму што кадры ў нас падрыхтаваныя на высокім узроўні", — сказала чыноўніца.


У сваю чаргу намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, адказваючы на пытанне аб выніках нядаўняй сустрэчы з міністрам адукацыі скульптара Генадзя Лойкі, які дабіваецца для сваёй дачкі навучання ў мастацкім ліцэі на беларускай мове, адзначыў: "Спадару Лойку было прапанавана, наколькі мне вядома, наступнае: унесці канкрэтныя прапановы па змяненні заканадаўства, калі яны ёсць". Ірына Турчына, БелаПАН