Янка Філістовіч: «Аддаць сваё жыццё, каб жыла Бацькаўшчына, найбольшае шчасце»

Янка Філістовіч нарадзіўся 14 студзеня 1926 года ў Паняцічах на Маладзечыншчыне. Паходзіў з праваслаўнай сялянскай шматдзетнай сям'і.

filistovicz.jpg

Пасля прыходу камуністаў на Заходнюю Беларусь ягонага бацьку — Андрэя Філістовіча арыштавалі як заможнага селяніна. Сям'я рыхтавалася да высылкі, аднак з-за наступу немцаў тата цудам змог выратавацца і вярнуцца да дому.

Царква ў Паняцічах

Царква ў Паняцічах

 Пры змене чарговых акупантаў Янка працягваў хадзіць у школу, а потым уладкаваўся прыёмшчыкам малака і пісарам, каб яго не забралі на працы ў Нямеччыну. Аднак восенню 1943 года Янку мабілізавалі ў 13-ты нямецкі Беларускі батальён, які месціўся ў Вілейцы. Тут юнак займаўся вайсковай падрыхтоўкай да вясны наступнага году. Па савецкім наступленні уся сям'я Філістовічаў эмігравала на Захад. Янка таксама адступіў з іншымі жаўнерамі сваёй часткі і апынуўся ад пачатку ў Італіі, а затым у Чэхіі. Тут ён намагаўся перайсці на бок мясцовых партызанаў, за што быў арыштаваны немцамі і з лютага па травень 1945 года знаходзіўся ў зняволенні.

 

26bc10aa8ffc195c187e0.jpg

Па сканчэнні Другой сусветнай вайны Янка Філістовіч апынуўся ў польскім лагеры пад Нюрнбергам. Тут ён нават паступіў у духоўную семінарыю. Нягледзячы на тое, што сам Янка быў праваслаўны, ён выступаў за духоўнае адзінства дзеля агульнай працы на карысць Бацькаўшчыны.

"Кожнаму сапраўднаму нацыянальна сьвядомаму беларусу веравызнаньне не павінна ўваходзіць у праблему ў такой справе, як будучыня ўсёй нашай краіны. Таму хто б ён не быў, праваслаўны, каталік ці паганец, калі ён беларус — мусіць ім застацца" (з паказанняў Янкі Філістовіча на судзе).

Аднак Янку Філістовічу не было наканавана стаць святаром. Неўзабаве яму прыйшлося зноў эміграваць, і ў гэты раз ён апынуўся ў Францыі. Тут маладзён быў залічаны на гістарычны факультэт знакамітай Сарбоны.

9406011e28751a6678e8b.jpg

Будучы адданым патрыётам і нацыяналістам, Янка Філістовіч хутка сабраў каля сябе іншых маладых беларускіх эмігрантаў. Пад яго кіраўніцтвам яны сталі выпускаць часопіс "Моладзь".

 "Наша ідэялагічная мэта — гэта бараніць чыстыя, гарачыя, уласьцівыя беларускай моладзі пачуцьці каханьня Бацькаўшчыны. Мы ставілі мэтай захаваць у сэрцах нашай моладзі каштоўныя, не сапсаваныя чужацкімі ўплывамі элемэнты, дапамагаючы ёй адшукаць у сабе сілы, загартавацца і пасьвяціць сябе роднаму краю. Мы стараліся раскіданай па сьвеце беларускай моладзі быць шчырымі братамі, падтрымоўваючы дух і паказваючы, што, страціўшы Бацькаўшчыну, але захаваўшы веру ў будучыню, трэба сьмела глядзець уперад, ведаючы, што праўда пераможа". (З паказанняў Янкі Філістовіча на судзе пра часопіс "Моладзь")

 

Вокладкі двух нумароў часопіса "Моладзь"

Вокладкі двух нумароў часопіса "Моладзь"

 У 1949 годзе Янка Філістовіч з паплечнікамі стварылі "Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі". На ўстаноўчым з’ездзе ў Парыжы прысутнічалі прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык і старшыня "Сусветнага Аб’яднання Беларускай Эміграцыі" Леў Рыдлеўскі. Янка Філістовіч быў абраны кіраўніком БНАМ.

"Мы, беларуская моладзь у Францыі, дэкляруем аддаць усе свае сілы, а калі зайдзе патрэба, і жыцьцё, каб жыла Беларусь, і каб прызнаны ўсімі паняволенымі і вольнымі народамі наш Бел-чырвона-белы штандар з БНР на чале горда шыбаў у высі, бо гэты штандар, абліты крывёю мільёнаў лепшых сыноў і дачок нашага народа, даражэйшы нам за ўсё на сьвеце; ён нам уручаны ў спадчыну". (з часопісу "Моладзь" пра БНАМ).

 

Квіток сябра БНАМ

Квіток сябра БНАМ

Вясной 1951 года Янка Філістовіч быў прыняты ў склад Рады БНР. Прэзідэнт Мікола Абрамчык прызначыў яго ўпаўнамочаным прадстаўніком ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дакумент Рады БНР выдадзены Янку Філістовічу

Дакумент Рады БНР выдадзены Янку Філістовічу

У гэты ж час Янка Філістовіч пераязджае ў бельгійскі Лювен, дзе залічваецца на 4-ты курс гістарычнага факультэта. Тут ён збліжаецца з Барысам Рагулем — радным БНР і будучым яе намеснікам старшыні. На той момант ён займаўся перакідкай у Беларусь партызанаў для змагання з чырвонымі акупантамі. Янка Філістовіч прымае рашэнне дэсантавацца на Радзіму і праходзіць трохмесячную падрыхтоўку на базе каля Мюнхена.

Барыс Рагуля

Барыс Рагуля

 Ужо ў 1990-х гадах Барыс Рагуля успамінаў пра адну з іх апошніх сустрэч:

"Я памятаю, яго спаткаў, доўга гутарылі. Я яму кажу: «Янка, гэта роўна самагубству». Тады ён мяне спытаў: «А Кастуся Каліноўскага чын быў роўны самагубству? Каб не было Каліноўскага, не было б 25 Сакавіка. Без ахвяраў народ ня можа здабыць свабоду і незалежнасьць». Гэтыя словы так глыбока засталіся ў маёй памяці, што калі я пісаў аб ім, мне адразу прыйшла думка: гэта ёсьць малады Кастусь Каліноўскі, які верыць у тое, што зямля, прасочаная крывёй, дасьць плод свабоды і вольнасьці. Хто ведае, каб не Каліноўскі, каб ня слуцкія паўстанцы, каб ня Янка Філістовіч, нават гэтая тэарэтычная Рэспубліка Беларусь, якая сёньня лічыцца незалежнай, ці яна была б...".


Сам Янка на судзе ўзгадваў такія загады ад Барыса Рагулі:

"Рагуля хацеў, каб я зьездзіў у Вільню, каб пераканацца, колькі цяпер жыве беларусаў у нашай колішняй сталіцы, а таксама пашыраў звесткі пра БНР. Ён перадаў мне лістоўкі «Жыве Беларусь», тэксты гімну, звароту да беларускага народа і газэты і сказаў, што ідэальна было б, калі б да яго прыезду я не зрабіў ніводнага стрэлу".

9 верасня 1951 года Янка Філістовіч быў скінуты з амерыканскага самалёту каля роднай вёскі Паняцічы. Ад пачатку хаваўся ў сваякоў. Ездзіў па розных мясцінах. Адпраўляў за мяжу тайныя пасланні.

"Я сустракаўся і гаварыў з людзьмі і заўсёды расказваў, хто я, адкуль, зь якімі паўнамоцтвамі. Многім паказваў пасведчаньне сябра Рады БНР. Двойчы ездзіў у Вільню, Горадню. Усе, з кім я гаварыў, пасьля таго, як даведваліся пра мэты майго прыезду, ахвотна дапамагалі, давалі прытулак, здабывалі неабходную інфармацыю". (З паказанняў Янкі Філістовіча на судзе).

a11fbc601b0f88dc5ade3.jpg

У 1952 годзе, праз сваяка, Янка Філістовіч выйшаў на партызанскую групу, якая дзейнічала ў тым краі ад 1949 году. Пераняўшы камандаванне, ён увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку. Група атрымала назву "Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы". Янка Філістовіч склаў прысягу і прывёў да яе ўсіх чальцоў групы.

"Я, грамадзянін Беларускай Народнай Рэспублікі, уступаючы ў шэрагі беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, перад Богам, Бацькаўшчынай і Беларускім Народам урачыста прысягаю быць верным сьветлай ідэі пастановы 25 сакавіка 1918 года і БНР і аддаць усе свае сілы для іх ажыцьцяўленьня. Прысягаю безагаворачна выконваць усе загады Прэзідэнта Рады і ўрада БНР і сваіх камандзіраў, скіраваныя на карысьць нацыянальна-вызвольнай справы. Абяцаю сьвята берагчы дзяржаўную, ваенную тайну, захоўваць непатаптаную чысьціню бел-чырвона-белага сьцяга БНР. За парушэньне маёй урачыстай прысягі абавязуюся прыняць самую суровую кару". (Прысяга сябраў БНВУС).

Для пашырэння ідэалагічнай працы ў красавіку 1952 года група зрабіла напад на друкарню ў вёсцы Вязань. Забраўшы неабходную апаратуру, Янка Філістовіч стаў выпускаць газету "Жыве Беларусь", а таксама ўлёткі.


Групе было строга забаронена рабіць напады для фінансавай нажывы. Карысталіся толькі тымі грашыма, якія Янку далі перад дэсантаваннем. Але калі яны скончыліся ўсё ж прыйшлося абрабаваць дзвух дзяржслужачых фінагентаў. Цікавыя сведчанні следчага па справе Рыгора Трапшы, якія яскрава кажуць аб ідэйнай накіраванасці і дзейнасці Янкі Філістовіча:

"Марадзёрства Філістовіч забараніў катэгарычна – бясплатна нічога ня браць. Пакуль у яго былі грошы, сто тысяч, увесь час плаціў: за мяса, за бульбу. А калі скончыліся – высачыў фінагентаў, і то, калі забіраў грошы, пытаўся, дзе іх асабістыя, а дзе казённыя, і ўзяў толькі дзяржаўныя. Адзін з банды рамень забраў у калгасніка. Філістовіч пабачыў ужо на стаянцы, і пад пагрозай, што расстраляе, прымусіў аднесьці назад і аддаць. Ён быў інтэлігентны, сьціплы, добры хлопец. Але фанатык. Фанатызм у дачыненьні да сваёй мовы, культуры, літаратуры. У дачыненьні да насельніцтва не зрабіў нічога такога, наадварот шкадаваў".

5 верасня 1952 года, амаль праз год пасля дэсантавання, група Янкі Філістовіча была высачана каля вёскі Самалі. Органы МГБ СССР правялі спецаперацыю па яе ліквідацыі. Былі забіты два чальцы групы, аднак Янку Філістовічу атрымалася ўцячы. З Маладзечыншчыны ён перабраўся на Гродзеншчыну і збіраўся перапраўляцца ў Польшчу. 9 верасня ён зайшоў пераночыць у хату да жыхара вёскі Ярмолічы. Аднак той аказаўся тайным агентам спецсужбаў і па загадзе падсыпаў яму моцнага снатворнага ў вячэру. Пры вобшуку ў яго і хованцы знайшлі пісталет, малітоўнік, іконы, фотакарткі з зычаннямі ад дзеячаў Міколы Абрамчыка і Францішка Кушаля, паштоўкі са сцягам і гербам БНР, розныя газеты і кнігі.

Кадр з Янкам Філістовічам з савецкага прапагандысцкага фільма (1983 г.)

Кадр з Янкам Філістовічам з савецкага прапагандысцкага фільма (1983 г.)

Суд над Янкам Філістовічам пачаўся 17 кастрычніка 1953 года. Справа заняла 23 тамы. З сведчанняў следчага Рыгора Трапшы:

"Я павінен сказаць, што ён вельмі цікавы чалавек, валявы хлопец, і, нягледзячы на яго становішча перада мной, ён быў мне сімпатычны як чалавек. Першыя тры-чатыры дні запар я быў у дурацкім стане: выклікаў яго на допыт, гадзінамі глядзелі адзін на аднаго, і ён не адмыкаў нават губы, не казаў нічога, сядзеў — і ўсё. Задавай яму якія заўгодна пытанні — і нічога. Нават звесткі пра сябе не хацеў паведаміць. І толькі на трэці ці чацвёрты дзень ён адкрыў рот са словамі: «Што глядзіце, страляйце, страляйце!»".

 Таксама цікавы яго іншыя ўспаміны аб допытах Янкі Філістовіча:

"Адзін эпізод быў трагікамічны. Яму прад’явілі расшыфраваныя лісты, якія ён пасылаў. У адным з іх быў такі тэкст: «U Horadni v š vojska (b sam)». Мы доўга расшыфроўвалі, што ж гэта такое, што гэта за горад такі «В.Ш.» Не маглі знайсці такі горад. Потым я шмат разоў яго дапытваў і кожны раз вяртаўся да ліста, а ён рабіў выгляд, што не разумее, аб чым яго пытаюць. Нарэшце ён мне сказаў: «Вы каўказец (прым. Рыгор Трапша быў з Абхазіі), вам гэта даравальна, але што, у вас тут няма беларусаў, якія б гэта расшыфравалі?». Ён напісаў, калі быў у Горадні, што «ў горадзе вельмі шмат войскаў, бачыў сам». Ох, колькі ў нас шуму было з-за гэтага! І ўсур’ёз усыпалі таму-сяму з нашых. А Філістовіч паздзекаваўся, кожны раз смяяўся з нас.

Партрэт Янкі Філістовіча, напісаны Алесем Пушкіным

Партрэт Янкі Філістовіча, напісаны Алесем Пушкіным

Па сканчэнні судовага працэсу Янка Філістовіч быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да смяротнага пакарання. Апошні дакумент, падпісаны ім уласнаручна, датуецца 11 лістапада 1953 года, мяркуецца, што пасьля гэтага ён быў расстраляны. Таксама былі рэпрэсаваныя ўсе знаёмыя і сваякі Янкі Філістовіча, якія дапамагалі яму.

 З апошняга слова Янкі Філістовіча на судзе:

"Я бязьмерна рады, што сваім жыцьцём змагу ўцэментаваць некалькі загартаваных цаглін у вялікі дом Беларускай сям’і. І як сын гэтай сям’і, я не толькі жадаю аддаць сваё жыцьцё за яе таму, што забавязаны, а таму што гэта зьяўляецца маім ідэялам, імкненьнем і мэтай жыцьця. Аддаць сваё жыцьцё, каб жыла Бацькаўшчына, ёсьць найбольшае чалавечае, і тым больш маё, шчасьце... Жыве Беларусь!".

Паводле telegra.ph