«Той доўг шмат хто не сплаціў»
Аднаму з найбольш вядомых беларускіх эмігрантаў, грамадскаму дзеячу, аўтару кнігі «Беларусы ў ЗША», доктару Вітаўту Кіпелю 30 мая спаўняецца 90 гадоў. Напярэдадні я вырашыла распытаць юбіляра пра яго студэнцкія гады, і наогул пра беларускае студэнцтва ў Бельгіі 1950-х.
Праз Лювенскі ўніверсітэт прайшлі дзясяткі эміграцыйных дзеячаў, якія пазней жылі ў розных краінах. У тым ліку і Вітаўт Кіпель ды яго жонка Зора. Пачаткі самастойнага жыцця, навука, грамадская дзейнасць, каханне — усё, чым поўнілася студэнцкае жыццё, стала прадметам нашай гутаркі.
— Я ўпершыню даведалася пра тое, што ў Бельгіі былі беларускія студэнты з кнігі Барыса Рагулі «Беларускае студэнцтва на чужыне». Але сёння з досведу вывучэння эміграцыі бачна, што тая праца была даволі фрагментарная: розныя людзі, асобныя нарысы-згадкі. Што б вы дадалі да тых успамінаў са студэнцкіх часоў?
— Вы правільна сказалі, што яна фрагментарная. Ахапіць беларускае студэнцтва трэба шырэй. Было каля 50 універсітэтаў у Нямеччыне, Бельгіі, Францыі, дзе былі беларускія студэнты. Прыкладам, ведаю пра двух студэнтаў у Страсбургу, а яны нідзе не ўспомненыя. І гэта першае з таго, што варта дадаць — пашырыць геаграфію. Другое — калі ідзе гутарка менавіта пра Лювен, то я б дадаў тое, што грамада студэнцкая падбіралася выпадкова. За маіх часоў было ў тым універсітэце каля 60 беларускіх студэнтаў, але ў нацыянальным рэчышчы з іх засталося хіба два дзясяткі. І гэта непрыемна, бо на іх траціліся грошы, энергія, а гэтыя людзі ўрэшце пайшлі ад беларусаў зусім, атрымалі сваё і сышлі. Тое самае было і ў міжваеннай Празе. Той знакаміты «доўг», пра які казаў калісьці Ластоўскі, шмат хто не хацеў сплачваць.
У кнізе пра беларускае студэнцтва мала згадвалася інтэрнацыянальнае жыццё моладзі. Беларускія студэнты хадзілі на шмат якія вечарынкі, літаратурныя вечары, ушанаванні таго ці іншага дзеяча. Прыкладам, я пару разоў быў у мадзьяраў, яны ўшаноўвалі свайго паэта Шандара Пецёфі…
Наогул лічу, што беларускае студэнцтва за межамі Беларусі — гэта тэма, якая павінна быць некалі грунтоўна вывучаная. Пачынаючы ад Вялікага Княства Літоўскага студэнты вучыліся ў замежжы, пазней нават у Амерыку сталі прыязджаць на стыпендыі. Але гэта пакуль мала даследавана. Думаю, наступнае пакаленне гэтым зоймецца.
«Беларускі студэнцкі дом меў свой рэгулямін»
— Давайце вернемся ў паваенны Лювен. Што ўяўляла сабою штодзённае жыццё беларускага студэнта? Дзе студэнты жылі? Чым займаліся?
— Жыццё беларускага студэнта было і вельмі індывідуальнае, і грамадскае. Што значыць індывідуальнае? Вось было, скажам, пяцьдзясят студэнтаў больш-менш на 15 факультэтах. На кожным факультэце свае вымогі. І першае, чым студэнт кіраваўся, — задаволіць універсітэцкія патрабаванні. Прыкладам, былі факультэты кшталту фізічнага выхавання, дзе быў Цімох Вострыкаў. У іх усе заняткі пачыналіся а 6-й гадзіне раніцы. То ён выходзіў з Беларускага дому каля 5-й гадзіны. Аўтамабіляў жа ў нас не было, а некаторыя інстытуты былі за горадам. Так што ўсё было індывідуальна.
Беларускі студэнцкі дом меў свой распарадак, свой рэгулямін: сняданак у такі час, абед у такой гадзіне, вячэра ў такой гадзіне. Але студэнт жыў сваім жыццём. З аднаго інстытуту зайсці ў Беларускі студэнцкі дом паесці і потым ісці ў іншы было часам немагчыма. То студэнт еў недзе ў горадзе паводле сваіх уласных планаў. Гэта адно што да індывідуальнасці студэнцкага жыцця.
Грамадская частка была іншая. Існаваў студэнцкі хор, якім кіраваў кампазітар Мікола Равенскі. У гэтым хоры былі літаральна ўсе, хто меў голас. Кожны мусіў спяваць. Гэта быў абавязак. І спадар Рагуля, і іншыя людзі з кіраўніцтва студэнцкім жыццём, казалі новым студэнтам, што ёсць хор, і ты абавязаны спяваць. І кожны студэнт ведаў, што пяць дзён на тыдзень адбываюцца спеўкі: у панядзелак — басы, у аўторак — барытоны, у сераду — тэнары, ці наадварот, у пятніцу — агульная спеўка. І свой расклад кожны студэнт дапасоўваў да гэтага, бо ўдзел у хоры быў нагэтулькі вымагальны, што калі б вы прапускалі спеўкі, то гэта пайшло б да ўправы Студэнцкага згуртавання, а там скажуць, што не дадуць стыпендыю. Рэальна такіх выпадкаў не было, існавала цвёрдая дысцыпліна. Хор — гэта было важна.
Другі грамадскі момант быў — праца з беларускімі эмігрантамі ў Саюзе беларусаў Бельгіі. Гэта была іншая арганізацыя. Я ў ёй чатыры гады быў заступнікам старшыні (хацелі зрабіць старшынёй, але я не мог дзеля занятасці ва ўніверсітэце, таму пакідалі айца Аўгена Смаршчка). Калі мы планавалі нейкія мерапрыемствы Саюза, рабілі гэта заўсёды наперад, бо студэнт мусіў прачытаць даклад ці нешта іншае зрабіць, то меўся падрыхтавацца. І гэта выконвалася. Такім чынам, у студэнта была свабода поўная ў дачыненні да ўніверсітэта, але грамадскія вымогі былі абавязковыя: на першым месцы хор, на другім — праца ў Саюзе беларусаў Бельгіі.
Прычым трэба ўлічваць, што хор быў не толькі свецкі, але і царкоўны. Я не быў такі царкоўнік, але амаль кожны тыдзень адбываліся праваслаўныя службы, дзе павінен быў спяваць хор, так што студэнты мусілі браць удзел і ў царкоўным жыцці.
«Студэнты алкаголь не пілі, ён быў дарагі»
— Студэнты не толькі вучыліся ці спявалі ў хоры. Як яны бавілі вольны час?
— Перш за ўсё, хадзілі ў кіно. Было сем кінатэатраў, кожны тыдзень мяняўся фільм. Фільмы былі на 80 адсоткаў амерыканскія. Але былі і італьянскія, і французскія. Па-другое, быў тэатр, мы з Зорай ездзілі ў Брусэль на новыя пастаноўкі вядомых артыстаў ці на вядомыя п’есы. Безумоўна, таксама студэнты хадзілі ў бары. У бары хадзілі не гэтулькі, каб выпіць, хоць, безумоўна, выпівалі і піва, і добра выпівалі. Студэнты алкаголь не пілі, ён быў дарагі. Кубак піва каштаваў 5 франкаў, літар гарэлкі — 32 франкі, студэнт на месяц атрымоўваў 200. То ён гарэлку ніколі не купляў, нават у складчыну. Студэнты пілі піва, і розных аказіяў хапала.
Але ў барах тады былі яшчэ більярды і розныя аўтаматычныя гульні, і гэта захапляла студэнтаў, яны па дзве-тры гадзіны гуляліся. Таксама ў пачатку 1950-х у барах з’явіліся тэлевізары, дзе транслявалі футбольныя матчы. Ну то ўжо амаль усе студэнты на гэта хадзілі.
Ну вось — кіно, тэатр, бар. А я яшчэ ў бібліятэку заходзіў, там былі стэнды, дзе навінкі літаратуры, то раз на тыдзень зойдзеш паглядзіш, што там новага — кніга ці часопіс. Але гэта не ўсе такія былі. Ну і, безумоўна, былі такога інтэрнацыянальнага парадку мерапрыемствы. Быў інтэрнацыянальны студэнцкі дом, дзе кожны вечар нейкія даклады рабіліся. Не толькі ў беларускім доме, але і ва ўкраінскім, і ў рускім, то студэнты хадзілі на такія зборкі. І таксама шмат хто падпрацоўваў. У тым ліку і я. Трэба было выкраіць пару гадзін ці пару дзён, каб недзе пад’ехаць падзарабіць, бо грошай было мала.
— А дзе і як падпрацоўвалі?
— Зараблялі па-рознаму. Былі фабрыкі, якія наймалі людзей на розную падзёншчыну. Былі сады… Уздоўж рэчкі Мёс было многа яблычных садоў, іх трэба было падразаць, матыкаваць. На фарму часам ездзіў. Багата сельскагаспадарчых працаў было. Некаторыя студэнты ў шахтах працавалі. Пару студэнтаў былі кантралёрамі ў нейкіх музычных тэатрах. Наогул, шукалі розныя працы, дзе можна было пагадзінна зарабіць. І працы былі не толькі ў Лювене. Лювен — малы гарадок. Больш працы было ў Брусэлі — гэта 25–30 хвілін трэба было ехаць аўтобусам ці трамваем. Таксама праца была ў Льежы, але гэта ўжо даўжэй, калі на дзень-два выязджаеш. Так што на заробкі найчасцей ехалі па-за Лювен.
«З бельгійкамі больш жаніліся, чым з немкамі»
— Ці хадзілі студэнты на танцы?
— Так, танцы былі. У Лювене была адна такая грамадская заля, яна звалася «Лідо», існавала мо ўжо 200 гадоў, усё ў ёй было з дрэва. У суботу і нядзелю там былі танцы, цэлы Лювен прыходзіў. І нашыя таксама туды ішлі. Былі танцоры, такія, як Васіль Шчэцька ці Міхась Жылік, амаль прафесійныя, вельмі рыхтаваліся на гэтыя танцы, надзявалі касцюмы і гальштукі. Гэта была чыста бельгійская з’ява. Бо пасляваенныя гады і музыкі было мала. Але ў той танцавальны клуб і нашыя студэнты хадзілі. Няшмат, мо з дзясятак такіх «танцораў» было. Шчэцька нават за танцы аднойчы ўзяў нейкі прыз.
— А што тады таньчылі? Якія танцы?
— Танга, факстрот, вальс. Тады яшчэ нейкае такое паўднёваамерыканскае пачыналася. Факстрот тады быў новы і захопліваў, а скора бугі-вугі прыйдзе. У гэты бок ішло. Тады ўжо вальс і танга неяк менш былі, хіба два разы на вечар зайграюць. Больш было амерыканскага. Для нас гэта было новае.
— Вы са спадарыняй Зорай часта хадзілі на танцы?
— Ні разу (смяецца).
— Чаму?
— Зора любіла танцаваць і вельмі любіла полькі. А я наогул надта не танцаваў. А ў тым клубе польку хіба раз за вечар зайграюць. То Зора казала, што не можа ісці на гэтае «крыўлянне», гэтак яна называла новыя танцы. Так што на танцы мы не хадзілі. Адзін раз я хіба зайшоў туды ў клуб, мяне Міхась Жылік уцягнуў, яму адна дзяўчына падабалася, то прасіў мяне паглядзець на яе. Я і зайшоў, а больш пра клуб ведаў ад іншых.
Але, з другога боку, што я вам скажу, танцы давалі магчымасць хлопцам знаёміцца з дзяўчатамі. Прыкладам, у Нью-Ёрку ёсць такі Анатоль Занковіч і ў яго жонка Тыльда. Дык, мне здаецца, яны пазнаёміліся якраз на гэтых танцах, ажаніліся і жывуць добра ўжо 60 гадоў. І Васіль Шчэцька хіба… У яго першая жонка таксама была бельгійка, вельмі салідная такая, прыемная жанчына… Зразумела, не толькі праз танцы, але шмат хто: Арэшка, Жучка, Шчэцька, Занковіч, Галоўка, Лазанаў, Лазоўскі… — пару дзясяткаў нашых студэнтаў ажаніліся з бельгійкамі. Некаторыя выехалі, некаторыя засталіся тамака.
Беларускім хлопцам не было надта лёгка, бо свае дзяўчаты былі, але трэба ездзіць, шукаць, а студэнтак-беларусак мала. Так што гэта быў натуральны працэс збліжэння. І ў бок бельгійскі больш пайшло, чым, прыкладам, у бок нямецкі. З бельгійкамі больш жаніліся, чым з немкамі. Бельгійкі больш былі настроеныя па-нашанскаму. Я думаю, выпадкова не сталася, што і Вострыкаў не жаніўся. Была такая Рыта Лянгенбрыз, вельмі закаханая ў яго. Але Вострыкаў махнуў рукою і на навуку, і на Рыту, і паляцеў у Беларусь. Але там было каханне вялікае. Рыта — дачка доктара і потым сама дактарат зрабіла. Яна вельмі плакала, як Цімох раптам знік. Яна з Зорай вельмі сябравала і аднаго дня кажа: «Міхаіл прапаў» (ён па дакументах быў Міхась). Мы з Зорай ведалі пра намер Вострыкава, але не маглі ёй сказаць. А тая плача: «Прапаў, трэба ў паліцыю ісці». А мы кажам: «Не, не ідзі ў паліцыю».
«Кожны ведаў, што савецкая ўлада — гэта не проста так»
— То вы ведалі і пра Вострыкава, і пра Філістовіча?
— Пра Вострыкава я ведаў дакладна, бо блізка з ім сябраваў. Вострыкаў, калі вырашыў ехаць, ён сказаў мне, Юрку Сенькоўскаму. Мы былі ў манастыры тады, гэта было лета 1951 года, здаецца. Ён сказаў, што кідае навуку, што ён у кантакце з некаторымі коламі, і што можа паедзе на Беларусь. Тая гутарка была намёкамі, не наўпрост, бо, безумоўна, у яго была нейкая прысяга складзеная. Потым ён на нейкі час знік, тады вярнуўся, зноў прапаў і вярнуўся. Перад адсылкай, за пару тыдняў, ён правёў з намі разам з Зорай навагоднюю ноч 1952 года. І тады нам сказаў, што хутка адлятае.
З Філістовічам я быў досыць далёка. Ніякіх такіх гутарак блізкіх з ім не было. Філістовіч сам сабе трохі напалеонаўскія замашкі меў. А Вострыкаў быў мой і Янкі Запрудніка блізкі сябра.
— Вы не адгаворвалі яго ляцець?
— Не. Ведаеце, настрой быў такі, што чалавек прымаў рашэнні сам. Кожны ведаў, што савецкая ўлада — гэта не проста так. Некаторыя думалі, маўляў, навошта мне там класці галаву, а іншыя мелі такі пункцік помсты. Вось Кальніцкі, другі такі Міхась, у яго была помста. Ён ірваўся ў Беларусь. Іх раскулачылі, у яго такое цяжкое дзяцінства было, ён быў у паліцыі і пасля вайны проста шукаў магчымасці вярнуцца. Ён быў старшыня Саюзу беларусаў Бельгіі ў Льежы. Казаў, што шкадуе, што не застаўся. Антысавецкае пачуццё ім кіравала. І ніхто нікога не адгаворваў. З Вострыкавым гэта абсалютна ідэйнае было. Але ні прымусу, ні адгаворак не было. Былі там і іншыя кандыдаты, ішлі гутаркі, што хутка пачнецца новая вайна, нейкія колы раздзьмувалі гэта. Але, з другога боку, мы бачылі, што эканоміка развівалася на рэйках нармальнага сужыцця і на вайну не выглядала. Так што ўсе тыя дэсанты, яно хоць і не зусім донкіхоцтва, але можна было прадказваць, што тое змаганне будзе марнае. У мяне былі пару знаёмых студэнтаў расейскіх, якія таксама паехалі на радзіму і якіх пастралялі пазней…
«Звычайна запрашалі на Каляды ці на Вялікдзень у сям’ю»
— Калі вярнуцца да Лювену і студэнцкіх пар, якія ўтвараліся ў той час: і беларускія, і інтэрнацыянальныя. Як студэнты знаёміліся, заляцаліся?
— Знаёмствы адбываліся розныя. Прыкладам, Янка Жучка, ён інжынер быў і пачаў падпрацоўваць у адным інжынерным часопісе, нейкія тэхнічныя рэчы правяраць. А яна была настаўніцай і тое самае прыходзіла рабіць. Так і пазнаёміліся. Беларускія пары пераважна прыехалі ў Лювен ужо аформленыя. Мы з Зорай ехалі і ведалі, што адбудзем чатыры гады, а потым ажэнімся. З другога боку, прыкладам, айцец Смаршчок прыехаў у Бельгію яшчэ не жанаты, ажаніўся з беларускай будучы ўжо ў Лювене (святару трэба ж ажаніцца). Але як яны пазнаёміліся, я не ведаю.
У Бельгіі было шмат беларускіх работнікаў. У Саюзе беларусаў Бельгіі зарэгістраваных можа сотні чатыры-пяць. А калі памножыце на сем’і, ды яшчэ тыя, што былі незарэгістраваныя, то, думаю, тысячы паўтары-дзве было беларусаў-шахцёраў у гэтай краіне. Усе з сем’ямі, ва ўсіх дочкі былі. І некаторыя хлопцы з імі сыходзіліся. Вось Тодар Цімафейчык закахаўся, але потым нейкую другую ўзяў. Хлопцы ездзілі да тых шахцёраў-беларусаў, бо звычайна запрашалі на Каляды ці на Вялікдзень у сям’ю. У чужой краіне студэнту ў святочныя дні маральна цяжка, бо горад пусты. Два дні таму было 10 тысяч студэнтаў, усе бары былі поўныя, а тут і бары зачыненыя, і сталоўкі зачыненыя — усе раз’ехаліся да бацькоў. А ты ходзіш сам. Калі з дзяўчынай, як мы з Зорай, то паедзем туды ці сюды. А як сам адзін… І таму работнікі вельмі часта запрашалі студэнтаў да сябе — прыязджайце на Каляды ці на Вялікдзень, ці на хрэсьбіны, ці яшчэ на што. Гэтак кантакты наладжваліся, і некаторыя жаніліся ў такі спосаб.
***
Студэнцкія гады шмат даюць чалавеку: сяброў, часта — каханне, прафесійныя веды, досвед самастойнага жыцця. У сваіх успамінах Вітаўт Кіпель кажа: «Атрыманьне вышэйшай асьветы чужынцам без грамадзянства — падзея неардынарная. Таму я застаюся пажыцьцёва ўдзячны Каталіцкаму Ўнівэрсытэту ў Лювэне за — хай сабе гэты выраз і банальны — «пуцёўку ў жыцьцё».
Гэтаксама мы — беларусы з бэльгійскім дасьведчаньнем — удзячныя гэтай краіне за гасьціннасьць і дапамогу ў патрэбны час. Калі гаварыць вузей, я атрымаў таксама выдатнае дасьведчаньне з працы з шырокім беларускім грамадзтвам — студэнтамі і работнікамі Саюзу Беларусаў Бэльгіі».
Беларускі Лювен можна параўнаць з міжваеннай беларускай Прагай, якая дала «пуцёўку ў жыццё» дзясяткам выбітных беларусаў. Спадзяюся, багатая і разнастайная, часам авантурная, часам трагічная ці, наадварот, камічная, гісторыя беларускага студэнцтва ў Еўропе, стане некалі прадметам увагі не толькі навукоўцаў-эміграцыязнаўцаў, але і пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, кінарэжысёраў.
Фота з архіву Вітаўта Кіпеля