Яўген Петрашэвіч: «Музыка — маё жыццё»
З гродзенскім кампазітарам, педагогам, паэтам, мастаком, кіраўніком фальклорнага ўзорнага ансамбля «Гарадзенскія дударыкі», выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь Яўгенам Петрашэвічам я пазнаёміўся ў 2009 годзе, калі збіраў матэрыялы пра беларускага кампазітара, дырыжора, хормайстра і педагога Антона Валынчыка (1896–1985).
Яўген Петрашэвіч некалі шчыра сябраваў з Антонам Валынчыкам. Таму распавёў мне шмат цікавага пра яго, падараваў ноты песень кампазітара, дзве ягоных скрыпкі.
Мяне заўсёды здзіўляла і здзіўляе да сённяшніх дзён апантанасць спадара Петрашэвіча жыццём, рухавасць, актыўнасць, цікавасць да жыцця, захапленне музыкай, мастацтвам, літаратурай. А яшчэ Яўген Кастанцінавіч — шчыры беларус, найцікавейшы чалавек, якога я сёння ведаю ў Гродна, бо за свае пражытыя 83 гады ён шмат чаго бачыў, чуў, пабываў у многіх краінах свету.
У свой час Яўген Петрашэвіч быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР і БССР, Вярхоўнага Савета БССР, граматай Першага Усебеларускага фестывалю самадзейнай творчасці працоўных (1975), быў дыпламантам шостага Міжнароднага фестывалю народнай музыкі, уладальнікам дыплома абласнога конкурсу кампазітараў-аматараў Гродзеншчыны — за цыкл песень-балад на гістарычную тэму на вершы Яна Чачота (Гродзенскі клуб кампазітараў-аматараў). Ён з’яўляецца аўтарам скульптур для літаратурна-краязнаўчага музея ў Гудзевічах, аўтар надмагільных абеліскаў бацькам і роднай сястры, аўтар вакальна-харэаграфічных кампазіцый, музыкі да спектакляў, песень, рамансаў, гімнаў і г.д. Усяго зробленага Яўгенам Канстанцінавічам на ніве беларускай літаратуры і мастацтва немагчыма пералічыць. Даўно б час яму надаць званне заслужанага дзеяча Рэспублікі Беларусь і ганаровага грамадзяніна горада Гродна.
— Вы аднойчы сказалі: «Маё крэда — ствараць, але не вытвараць».
— Ствараць — гэта самае высокае, што дадзена чалавеку, таму да творчасці павінны ставіцца з вялікай адказнасцю. Бо перад самім сабой і перад усімі мы ў адказе, таму «што напісана на паперы, не высечаш і сякерай». А прафесар Д. Камінскі некалі казаў: «Галоўнае да справы прыставіць драбіну» і яшчэ: «Аўтара б’юць не за тое, што напісаў, а за тое, што паказваў». Кампазітар Юры Семяняка любіў паўтараць: «Паставіць подпіс пад творам — апошняя справа». Такім чынам, з гадамі і вопытам творчы чалавек прыходзіць да скутку, набывае характэрны почырк, накірунак, і ў лепшым выпадку свой твар і самабытнасць. А наконт таго, што сёння вытвараюць, магу сказаць, што чалавек у сутнасці лянівая істота, а кампутарныя тэхналогіі — падобныя да хадуляў, на якіх хутчэй не пабяжыш.
— Вы родам з вёскі Падбараны Мастоўскага раёна…
— Мая вёска некалі называлася Падбарамі. Лясы высеклі, і пры Польшчы назвалі Podbozany. А пры саветах — «Подборяны». Беларусы цяпер называюць Падбараны. Такім чынам, назва вёскі выклікае перакошаную грымасу найменняў, але смеху не выклікае, а калі выклікае смех, то праз слёзы. Вёска Падбараны, якая раскінулася на левым беразе Нёмна ўніз на два кіламетры ад мястэчка Лунна, была некалі ажыўленая. Там за польскім часам хадзілі параходы, яны называліся «Баторы», «Ягайла», а ў 1939 годзе, калі прыйшлі Саветы, іх перайменавалі ў «Пушкіна», «Сталіна». Плытагоны нас вучылі рабіць свісцёлкі, свістулькі з бярозавай кары, а турысты, што ад Стоўбцаў плылі, затрымліваліся, каб паслухаць іх свіст. А мы, дзеці, бегалі паслухаць у байдарачнікаў патэфон. З дзяцінства памятаю і ўкраінца Сямёна Крывашэя. Майстра быў на розныя штукі, рабіў цудоўныя куфэркі. Дзякуючы яму я меў магчымасць асвоіць украінскія песні як свае. Вось дзе была мая кансерваторыя!
— А што вы ведаеце пра свой род?
— Мая маці Вольга Васільеўна з роду Рамашкаў. Дзед Васіль Рамашка жыў у Амерыцы, быў цырульнікам, а потым меў уласную цырульню. Маці разам з бабуляй Фядорай таксама там былі ў Амерыцы, але вярнулася з-за неспрыяльнага клімату. Бацька Канстанцін Канстанцінавіч Петрашэвіч у Харкаве атрымаў адукацыю і спецыяльнасць кваліфікаванага паштовага служачага. Служыў начальнікам пошты ў Лунне на Мастоўшчыне. У 1939 годзе, з прыходам савецкай улады, яго перавялі на работу ў Гродна, на пасаду галоўнага бухгалтара абласной пошты. Бацька прымаў удзел у конкурсе каліграфічнага напісання і атрымаў другую прэмію, таму што вельмі добра і прыгожа пісаў. Пры польскай уладзе працаваў са сваім старэйшым братам-цесляром па традыцыях роду.
Бацька меў таксама матэматычныя здольнасці, быў строгім чалавекам і не падзяляў захапленне сына музыкай, гэта быў дзіўны чалавек, з дзіўным лёсам, калісьці іграў на гармоніку, вывучыў па нотах «Ойча наш».
Бацькі мае былі рэпрэсіраваныя, як агітатар і шпіёнка, за перапіску з матуліным бацькам Васілём і цёткамі Наталкай і Алесяй, якія жылі ў Амерыцы. Бацьку на 15 гадоў, а маці на 25 гадоў адправілі ў высылку. У іх дом пасялілі жыць кэгэбістаў.
Бацька ў Ангарску, а маці ў Архангельску ў Расіі адбылі ў ссылцы па 5 гадоў. Аднойчы Канстанцін Канстанцінавіч убачыў сон, у якім былі лічбы, якія ён потым запісаў на накрыўцы чамадана. Гэтыя лічбы і з’явіліся датай вызвалення бацькоў. Пасля вяртання на Радзіму мама і тата былі рэабілітаваныя. Бацька памёр у 1979 годзе, а маці — у 1976-м.
…У дзяцінстве ў мяне была мянушка «лупаты» за маю асаблівую прыхільнасць да губнога гармоніку. Жалезныя дэталі гэтага інструмента нагадвалі мне фольгу з-пад шакаладу. Калі я іграў, я адчуваў асалоду ад гукаў. У дзіцячым узросце я любіў ствараць аркестры з мясцовай дзятвы, дзе іграў на губным гармоніку. Пазней навучыўся іграць на баяне. Музычнай была наша сям’я. Дзядзька Грыша іграў на гармоніку, прадзед Піліп Мілашэвіч — на скрыпцы, а мая маці Вольга і сёстры Люда і Зіна — спявалі. Людзі прыходзілі іх паслухаць, дзівіліся і плакалі. Гэта асяроддзе народнай музыкі, напэўна, аказала на мяне значны ўплыў.
— Вы згадалі свайго прадзеда Піліпа Мілашэвіча…
— Мой прадзед Піліп Мілашэвіч, які іграў на скрыпцы, жыў у Кніжаводцах са сваёй Аўдоццяй-бабуляй. Іграў на вяселлях, вечарынках. Калі вяртаўся з вяселля, тры дні граўшы, яго запынілі хлопцы і змусілі іграць, свістаць і нагой тупаць для сваёй уцехі. «Грай або грошы аддай!» — казалі. Ён іграў і «перайграў» руку, а потым не змог іграць. І аднойчы, калі я ехаў на вяселле ў аўтобусе, іграў на баяне ўсю дарогу. А калі вярталіся з вяселля, п’яная кампанія стала да мяне прыставаць: іграй тое, як мы ехалі на вяселле. Калі ім расказаў здарэнне з прадзедам, то нават п’яныя адчапіліся. Я памятаю прадзеда. Ён прыходзіў да нас у вёску Падбараны ў срэбнай кашулі з сінім-сінім гузічкам, як і яго вочы, садзіў мяне на калені, гладзіў ласкава па галоўцы…
— У Гродна выйшлі два вашых зборніка вершаў «Пасынкі» і «Віншаванкі». А скуль такая любоў да літаратуры?
— Бацька мой Кастусь, бывала, вечарам пры лямпе чытаў нам Біблію, або кніжку пра Ірму. І калі трапляўся выраз на рускай мове: «уж настал вечером…», я аж падскокваў і крычаў: «Тата, там уж». А бацька супакойваў і казаў, што гэта слова «ўжо». Слова «ўжо» я разумеў, а слова «уж» мяне палохала.
Неяк бацька склаў эпітафію на сястру Лёлю, якая пахавана ў вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне:
На тваёй магілцы, Лёля,
Кветачак я пасаджу.
Вясна сагрэе іх уволю,
А я слязою акраплю… (і г.д.)
Або аднойчы тата выдаў такія радкі:
А, Божа ж мой, Божа мой,
Да чаго даждаўся…
А я чуў гэтыя словы, пахадзіў і дабавіў:
Баба сані прадала,
Што з печы спускаўся!
Стрыечны брат Кастусь мяне таксама вучыў рыфмоўцы:
Як прыедуць паны па падаткі,
Пазбіраюць каровы, цяляткі…
А вяскоўцы часта спявалі, я запамінаў:
Ні трэба нічога баяцца,
Трымайцеся ўсе грамадой.
Як толькі вайна распачнецца,
Мы кінемся дружна ў бой…
Пасля ўсіх гэтых паэтычных «урокаў», я сам спрабаваў і працягваю спрабаваць пісаць вершы, строфы. Неяк пад уражаннем футбольнага дваровага матчу напісаў экспромт:
За што б’яце так футбол
Неразумна, дзеці.
Як забілі першы гол,
Аж сталі пацеці…
Аднойчы прафесар Аляксандр Баршчэўскі з Варшавы выказаў мне сваю падзяку за вершы. Я яму даў тэкст песні «Пра каліну», схематычны варыянт, а ён склаў добрую песню і перадаў кампазітару Ігару Лучанку. Песня гучала нават па радыё. А калі Аляксандр быў у Гродне, я паказаў варыянт гімна Беларусі, які рыхтаваў на конкурс, ён мне трохі дапамог нават знайсці трапныя радкі. Але тады ўсе конкурсныя гімны ў Беларусі не прайшлі, бо паэт Карызна перапрацаваў савецкі гімн, які мы чуем сёння.
Нядаўна па запрашэнні наведаў на Беласточчыне дом Сцяпана Копа. Цікавы і таленавіты ён чалавек. У застоллі мы спявалі беластоцкія і гарадзенскія песні, якімі мы потым абмяняліся. Я Сцяпану падараваў песні сваёй роднай вёскі Падбараны, а ён — некалькі сваіх песень, у тым ліку і «Пакахала беларуса».
Я заўсёды шчыра сябраваў і сябрую з паэтамі. На іх вершы напісаў сотні песень. Пісаў песні на словы Уладзіміра Шурпы, Янкі Насуты, Дануты Бічэль, Ларысы Геніюш, Станіслава Судніка, Міхася Мельніка, Уладзіміра Васько, Пятра Макарэвіча, Апанаса Цыхуна, Міхася Губернатарава, Юркі Голуба, і на твае, Сяргей, вершы.
З цягам часу стаў і сам пісаць тэксты не толькі песень, але і сур’ёзныя вершы. Напісаў «Баладу пра Грунвальд», «Сказ пра Каложу», выдаў кнігі вершаў «Пасынкі» (Гродна, 2012) і «Віншаванкі» (Гродна, 2013). Калегі і сябры мае кажуць, што запозна я пачаў пісаць вершы. А я ў адказ кажу, што зярняты, якія зарадзіліся ў маленстве, прараслі своечасова і, як спелы яблык, упалі на галаву Ньютона…
А яшчэ я з дзяцінства люблю афарызмы. І цяпер у сталым узросце яны не супярэчаць маёй натуры. Бывае ноччу штосьці будзіць, каб запісаць думку ці мелодыю, а калі запішу, то нібы чую: а цяпер можаш спаць.
У студэнцкія гады мяне называлі дзіваком, бо быў я, як не ўсе. А з цягам часу, калі пабывалі мае сябры за мяжой, то казалі, што там усе такія дзівакі. Яшчэ мяне клікалі народным філосафам, а я казаў ім: «філасОф», не, кажуць, «філОсаф».Такім чынам, аналітычнаму мысленню, я лічу, спрыяла ўсё ж музыка і закваска ў маленстве, якая нават вылілася і ў сатырычныя вясёлыя творы, як, напрыклад, «Байкі-непазяхайкі».
— Вы яшчэ, спадар Яўген, добры мастак, разьбяр…
— У маленстве мы, падлеткі, рабілі цацкі самі. І гэта спрыяла самавыказванню сваёй фантазіі ў канкрэтных формах. А бацька займаўся цяслярствам і сталяркай. Калі ён пілаваў якую-небудзь дошчачку ці што рабіў, мы ўважліва сачылі, вучыліся. Ён любіў майстраваць параходы, самалёцікі, свісцёлкі. У дарослым узросце, калі бываў у дзіцячых летніках, я майстраваў дзецям з кары розныя фігуркі, скрыначкі з бяросты. Дзеці імі любяць гуляць, але цацкі павінны рабіць усё ж дарослыя. Так я стаў і мастаком. Зрабіў неяк Матку Боскую, якую Алесь Белакоз узяў для свайго Гудзевіцкага музея. Для Гудзевіч я яшчэ высек памятны знак на камяні: Гудзевічы, 1738. З граніту сам зрабіў помнік бацькам. А ў Даніі з драўлянага пню высек вікінга.
— А адкуль, спадар Яўген, усё жыццё чэрпаеце сілы для творчасці?
— У маладыя гады аднойчы ў Беластоку набыў кніжку М. Міхальскай «Joga dla wszystkich». І потым часта займаўся стойкай на галаве і іншымі практыкаваннямі. Засвоіў глыбокае дыханне дыяфрагмай (ніжнім дыханнем). І цяпер, калі ў мяне пытаюцца: ці займаешся ёгай, адказваю: ёга цяпер займаецца мной. Вось гэта мая сіла.
— І ўсё ж музыка ў вас застаецца на першым месцы?
— Лічу, што людзі падзяляюцца на музыкальных і не музыкальных. Музыка — рэч універсальная. Музыка — маё жыццё. Музыцы я не здрадзіў ніколі, і яна мне таксама. Запісваю заўсёды не тое, што з галавы выйшла, а тое, што ў галаву ўвайшло.