Мастак апантаны, самаахвярны

Сёння дзень памяці літаратара, драматурга і тэатральнага дзеяча Уладзіслава Галубка. 28 верасня 85 гадоў таму ён быў расстраляны НКУС. Калі надыдзе час пісаць спакойную, аб’ектыўную гісторыю беларускага тэатра, важна не прапусціць на яе старонках, створанага самабытным тэатрам Галубка, нечага існага — галубкоўскай апантанасці і ахвярнасці.



hallubok.jpg

Уладзіслаў Галубок. Фотаздымак друкуецца ўпершыню. Яго перадала Арсеню Лісу Людвіка Антонаўна Войцікава

«Прыждзём і мы святлейшых дней, як скончым строіць дом», — пісаў Уладзіслаў Галубок у 1912 годзе ў вершы «Будучыня».

У невялікім творы ён патрапіў даць яскравы сімвалічны вобраз беларускага Адраджэння, паэтычна ўзнавіць працу суайчыннікаў па адбудове гмаху беларускай культуры, уласнага Дома ўсіх беларусаў.

Здолеў стварыць такі вобраз, бо і сам, пакліканы часам народнага абуджэння, быў руплівейшым на рыштаваннях Дома-Будучыні. Вершамі, надрукаванымі ў «Нашай Ніве», У. Галубок, сын мінскага рабочага-дэпоўца, пачынаў сваю літаратурную творчасць. А ўжо ў 1913 годзе музыказнавец-фалькларыст і выдавец у Пецярбургу Антон Грыневіч выпускае ў свет асобным зборнікам апавяданні У. Галубка, пазначаныя добрым веданнем народнага жыцця, псіхалогіі, беларускага слова.

Аднак не проза, хоць навеліст Галубок быў у ёй дасканалы (яшчэ не ўсё з яго спадчыны сабрана і належна ацэнена), вызначыла яго творчы шлях, мастакоўскае аблічча. У Галубку жыў прыроджаны акцёр і драматург. Як звярнуцца да беларуса са сцэны, каб будзіць яго дух, цягу да лепшага жыцця, прыклад даў Ігнат Буйніцкі. І Уладзіслаў Галубок ужо ў 1913 годзе далучаецца да «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі». Але царскія служакі сцерагуць кожны неказённы грамадскі крок.

Падбіваная чарнасоценцамі адміністрацыя забараніла дзейнасць «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі», а яго кіраўніка Фларыяна Ждановіча пастанавіла прыцягнуць да судовай адказнасці. Будаваць Дом, пра які марыў Галубок, не давалі.

2_halubok_2.jpg

Гэты фотапартрэт Уладзіслаў Галубок надпісаў на памяць Аркадзю Смолічу. Фотаздымак перадала Арсеню Лісу жонка Аркадзя Смоліча

Ажыць «Таварыства» здолела толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Уладзіслаў Галубок прыняў удзел у ім як акцёр, рэжысёр і драматург. А 15 жніўня 1920 года спектаклем «Суд» у рабочым клубе Мінска пачаў сваё жыццё тэатр пад загадам Галубка. Пазней яго назавуць Беларускі вандроўны, Трэці БДТ, проста тэатр Галубка. І яшчэ крыху па-бытавому, але не без інтымнага пачуцця — тэатрам Галубка з галубянятамі.

Вандроўнаму тэатру самім лёсам, здавалася, была наканавана высокая місія несці беларускае мастацкае слова ў самыя глухія куткі нашай Бацькаўшчыны. На сялянскіх фурманках, не раз проста несучы на сабе сціплы тэатральны рэквізіт, дабіраліся галубкоўцы туды, куды ніколі не заглядаў тэатр. Выступалі, дзе толькі можна было змайстраваць падмосткі.

Сам кіраўнік трупы маляваў дэкарацыі, памагаў грыміравацца. Часта прамаўляў перад спектаклем — расказваў пра маладую Беларускую рэспубліку, пра тэатр, літаратуру, пра слаўныя дзеі продкаў. Зачароўваў арганічным беларускім словам і складам. Ігралі спектакль. Найчасцей паводле п’ес, напісаных стваральнікам і кіраўніком тэатра: «Апошняе спатканне», «Плытагоны», «Ганка», «Бязвінная кроў», «Суд», «Пісаравы імяніны»...


Уладзіслаў Галубок сваім душэўным агнём запальваў усіх — акцёраў і публіку, — і ў глухім мястэчку або ў акруговым цэнтры было сапраўднае свята.

«Тэатр прыехаў, Галубок прыехаў, беларускі тэатр», — перадавалася па шырокай ваколіцы. І галубкоўцы бачылі шчырую людскую ўдзячнасць, жывы водгалас на сваё мастацтва. І забываліся, мабыць, недаспаныя ночы, бездараж беларускіх шляхоў. За працай тэатра Галубка зычліва і зацікаўлена сачыла ўся культурная грамадскасць рэспублікі, асабліва творчая інтэлігенцыя. І ўрад маладой Савецкай Беларусі, які ў 20-я гады пачуваў сябе сапраўдным урадам, а не правінцыяльнай адміністрацыяй, умеў цаніць сваіх людзей. Уладзіславу Галубку — першаму сярод тэатральных дзеячаў — надаў ганаровае званне народнага артыста рэспублікі.

Са здымку, дарэчы, узятага з архіву акадэміка Г.І. Гарэцкага, паўстае Уладзіслаў Галубок у свой зорны час: урачысты, поўны годнасці і гордасці за сваё і наша мастацтва. Пэўна, такім і застаўся ён у памяці свайго пакалення і з’явіцца ва ўяўленні будучых суайчыннікаў, гэты высокаталенавіты, самаахвярны і прыгожы Чалавек.

2_autograf_na_fota_2.jpg

Але поспехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, росквіт духоўнасці ў Савецкай Беларусі былі бліскавічна кароткімі. Рэнесанс абярнуўся небывалай трагедыяй, калі было знішчана ўсё, пад корань.

К канцу 1920 гадоў дзяржаўны лад у вялізнай краіне, якая была падала надзею на годнае жыццё для мільёнаў людзей, адным чалавекам (сама сістэма такое дазваляла) паступова і ўраз быў ператвораны ў закончаны таталітарызм — рэжым з поўным ігнараваннем чалавечай асобы. Жыццё, духоўнае, рэгламентавалася, уніфікавалася, нівеліравалася паводле адной жорсткай схемы.

Тэатр Галубка, як і кожны культурна-мастацкі асяродак, трапіў пад татальны кантроль адміністрацыйна-каманднай сістэмы і, нарэшце, зусім быў разгромлены. Яго кіраўнік, што па-апостальску служыў ісціне, мастацтву, беларускай ідэі, аб’яўлены ворагам народа. Уладзіслаў Галубок знік у апраметнай тэрору, што дасягнуў свайго апагею ў 1937–1938 гадах.

Трагічна адышоў з жыцця, як і чараўнік украінскай тэатральнай сцэны Лесь Курбас, рэфарматар рускага тэатра Усевалад Меерхольд, грузінскага — Сандро Ахмятэлі... Загінуў, як тысячы паэтаў, вучоных, мастакоў, дзеячаў культуры і асветы, як мільёны простых савецкіх людзей.

Трагедыя гэта, як і ўвесь вопыт псеўдасацыялізму, патрабуюць усебаковага грамадскага асэнсавання. Перад усім дзеля выбару будучыні.


Сёння ўжо штосьці рэстаўравана з гісторыі тэатра Галубка, вернуты народу сцэнічныя творы пісьменніка і рэжысёра, выйшла кніга ўспамінаў. Але калі надыдзе час пісаць спакойную, аб’ектыўную гісторыю беларускага тэатра, важна не прапусціць на яе старонках, створанага самабытным тэатрам Галубка, нечага існага — галубкоўскай апантанасці і ахвярнасці.