Незвычайны звычайны лекар

Выдатны лекар, альпініст і проста шчыры чалавек Эдуард Ліпень сёлета адсвяткаваў сваё 80-годдзе.

lipe_2_logo.jpg


Ад студэнта да…

У студэнцкія гады наш герой быў свойскім, камунікабельным і ветлівым хлопцам, «земляком», здольным на ўсялякія жарты і прыколы. Але ці мала ў гэтыя гады даводзіцца сустракаць усялякіх жартаўнікоў і арыгіналаў? Тым не менш Эдзя запомніўся якраз гэтым. Ягонае захапленне пад канец вучобы альпінізмам усе прынялі за чарговае дзівацтва — і толькі.

Калі мы сустрэліся зноў, гады праз чатыры, Эдзя ўжо быў паважаным Эдуардам Бярнардавічам — ардынатарам Дзіцячага хірургічнага цэнтра і не менш вядомым альпіністам не толькі ў Беларусі. Дзякуючы ягонаму спрыянню і падтрымцы і я зрабіўся заваёўнікам вяршынь. Аднак, калі пасля набыцця значка «Альпініст СССР» мае намаганні ў гэтым напрамку былі вычарпаныя, у Эдуарда яны толькі ўзмацніліся. Кожны год ён узнімаўся на новыя вышэйшыя вяршыні і ўсё больш складанымі маршрутамі.


Як вынайсці лекі?

У 1982 годзе ў Кіргізіі група беларускіх альпіністаў спрабавала ўзяць самую высокую вяршыню Цянь-Шаня — пік Перамогі вышынёй 7439 метраў. Яны прайшлі і больш-менш паспяхова дасягнулі вяршыні. Потым пачаўся спуск. А калі пакарыцелі піка спусціліся прыкладна на 200 метраў (да 7200 метраў), раптоўна ўзнялася завіруха, тэмпература паветра ўпала да 40 градусаў марозу, амаль бесперапынна дзьмуў вецер хуткасцю да 50 метраў на секунду. Давялося тэрмінова ставіць палаткі, каб перачакаць непагадзь. Прайшлі суткі, другія, трэція... А завіруха працягвалася з ранейшым імпэтам. У заблакаваных альпіністаў ужо заканчваліся прадукты. І, што самае горшае, у аднаго за другім з пакарыцеляў вяршыні пачалі з’яўляцца і ўзмацняцца прыкметы абмаражэнняў.

Лекар групы Эдуард Ліпень (а без лекараў не абыходзіцца ні адна група альпіністаў), безумоўна, ведаў, што ва ўсіх падручніках раяць расціраць абмарожаныя часткі цела. Але са свайго досведу і з досведу калег ён ужо высветліў, што так пацярпеламу прыносіцца не столькі карысці, колькі шкоды: ужо пашкоджаныя марозам тканкі дадаткова драпаюцца расціраннямі. Ліпень вырашыў засцерагчы ўжо абмарожаныя месцы ад вонкавых уздзеянняў і адначасова ўсімі магчымымі спосабамі і сродкамі падтрымліваць цяпло ва ўсім целе пацярпелых. У яго аптэчцы былі таблеткі трэнтала, якія прызначаюцца хворым з парушаным кровазваротам у аддаленых частках цела для яго ўзнаўлення. Абмаражэнні — гэта такія ж парушэнні. Лекар скарыстаў гэтую відавочную магчымасць трэнталу, каб дадаткова палепшыць стан пацярпелых, хаця да гэтага часу трэнтал абмарожаным яшчэ не прызначаўся. Тое была вымушаная, рызыкоўная, але апраўданая мера.

Завіруха бесперапынна цягнулася больш за тыдзень. Увесь гэты час альпіністы хаваліся ў палатках і намагаліся прадухіліць пагрозу абмаражэння. Потым ім давялося некалькі дзён спускацца з гары ў даліну.

Без абмаражэнняў у большасці пакарыцеляў піка не абышлося. У тым ліку — і ў самога лекара. Аднак у тых жорсткіх абставінах, каб не дзеянні Ліпеня, наступствы былі б значна горшыя. Да такога ж меркавання прышлі спачатку кіргізскія лекары, а потым ленінградскія і мінская спецыялісты, якім пакарыцелям піку Перамогі давялося даваць справаздачу.

Пазней у медыцынскім часопісе з’явіўся сціплы артыкул, у якім аналізаваліся ўмовы і вынікі таго ўзыходжання. Новы спосаб аказання дапамогі абмарожаным атрымаў  аўтарытэтную падтрымку і паступова зацвердзіўся сярод лекараў, а трэнтал займеў дадатковыя паказанні: «... і пры абмаражэннях».


«Снежны барс»

Праз тры гады ў актавую залу Мінскага медыцынскага інстытута, дзе збіраліся на традыцыйную сустрэчу выпускнікі 1960 года, Эдуард Ліпень увайшоў прыкметна кульгаючы. Але на лацкане ягонага пінжака віднеўся прыгожы срэбраны значак заваёўніка ўсіх вяршынь (сямітысячнікаў) СССР, які да таго ж сведчыў, што яго ўладальнік носіць ганаровае альпінісцкае званне «снежны барс».

Зрэшты, у альпінісцкім жыцці лекару Ліпеню даводзілася сутыкацца і не з такімі выпадкамі. У 1968 годзе, на Каўказе, у час узыходжання на гару на галаву аднаму з альпіністаў зваліўся камень. Хлопец адразу страціў прытомнасць і паміраў. Толькі апоўначы Ліпеню ўдалося абследаваць пацярпелага і выявіць выразныя прыкметы масіўнага сціскання паўшар’я галоўнага мозгу. Пацярпеламу заставалася жыць гадзіну-дзве, а можа і хвіліны. Тут жа Ліпень зрабіў яму трэпанацыю чэрапа. Сцізорыкам і альпінісцкімі крукамі ён прабіў дзірку ў галаве альпініста. Праз тую дзірку вылілася амаль два кубкі крыві і... хлопец апрытомнеў.

Гэты ўчынак лекара ўжо тады вызначаў і высвятляў сутнасць і крэда самога Эдуарда Бярнардавіча: усюды і заўсёды ў самых цяжкіх і неверагодных умовах шукаць і знаходзіць выйсце з самых безнадзейных абставін.


lipe_logo.jpg



І настаўнік

Пасля абавязковай трохгадовай «адпрацоўкі» ў Віцебскай вобласці Ліпень вярнуўся ў Мінск. Паступіў і закончыў клінічную ардынатуру па анестэзіялогіі. Пачаў працаваць анестэзіёлагам у групе штучнага кровазвароту ў Цэнтры дзіцячай хірургіі і пры магчымасці хадзіў у горы.

З 1974 года, калі ён стаў супрацоўнікам Мінскага медынстытута (пазней універсітэта) на кафедры анестэзіялогіі (спачатку працаваў выкладчыкам, потым — асістэнтам, і нарэшце — дацэнтам), у жыцці Ліпеня выпрацаваўся пэўны стэрэатып: увесь перыяд навучання (восень, зіму і вясну) ён праводзіў заняткі са студэнтамі і слухачамі, чытаў лекцыі і па-ранейшаму актыўна ўдзельнічаў у складаных кардыёхірургічных аперацыях, а летам на пару месяцаў выпраўляўся ў горы.

З таго часу Эдуард Бярнардавіч не раз пабываў не толькі на Каўказе, але і на Камчатцы, у Альпах, на Паміры і ў Тыбеце. Там, у гарах, ён трэніраваўся, удасканальваў сваю тэхніку ўзыходжанняў і заваёўваў новыя вяршыні, у тым ліку васьмітысячнікі, нават двойчы — Эверэст, самую высокую ва ўсім свеце гару. Адначасова лячыў «сваіх» альпіністаў розных нацыянальнасцяў, і «тутэйшых» — хворых жыхароў мясцін, дзе ў той час знаходзіўся. Там, на ўзвышшах Тыбета, у 1992 годзе выканаў норму майстра міжнароднага класа па альпінізму.

Безумоўна, сам Эдуард Бярнардавіч ганарыцца сваімі поспехамі і дасягненнямі ў медыцыне і альпінізме. Але, трэба думаць, шчыра называе сваю працу лекара-анестэзіёлага звычайнай. У сваіх учынках і дзеяннях на вяршынях свету, у бальнічных палатах і аперацыйных не бачыць нічога гераічнага. Альпінізм успрымае як захапленне, якое не толькі робіць больш разнастайным і цікавым асабістае жыццё, але і, у дадатак, спрыяе ягонай галоўнай дзейнасці лекара.

Паказальна, што звычайна ў гарах ён сустракаў і святкаваў свой чарговы дзень нараджэння. Нават 70-годдзе Эдуард Бярнардавіч адзначыў узыходжаннем на Эльбрус разам з сынам. І так з года ў год да апошняга часу.

А сваё 80-годдзе ў ліпені дацэнт медыцынскага ўніверсітэта, майстар спорту міжнароднага класа і заслужаны трэнер Беларусі па альпінізме Эдуард Ліпень сустрэў і адсвяткаваў у цёплым асяроддзі шматлікіх родных і сваякоў, якія вельмі ім ганарацца.