Неардынарны Артур Клінаў

Мастака Артура Клінава не без падстаў называюць самым інтэлігентным «партызанам» Беларусі. Я б яшчэ дадаў — і самым крэатыўным. З крэатыўных момантаў складаецца ўсё яго неардынарнае жыццё.



37.jpg

Артур Клінаў, Вільня, 1988 г, фота А. Кузняцова (група Міцькі, С-Пецярбург)

Першы выбар

Першыя крокі па зямлі ў Артура Клінава былі самымі звычайнымі, хаця і тут у некаторых могуць узнікаць пытанні. Нарадзіўся ён у Мінску ў 1965 годзе. Рэальна, гэта адбылося 5 студзеня, а «па пашпарце» — 5 верасня. Чаму Артура зрабілі на сем месяцаў маладзейшым, можна толькі гадаць.

Яго маці, Валянціна Васільеўна, была праграмістам і працавала з электронна-вылічальнымі машынамі (ЭВМ), якія тады толькі-толькі з’явіліся ў Савецкім Саюзе. Гэта была новая і вельмі цікавая прафесія, таму Артур заўсёды з вялікім задавальненнем прыходзіў да яе на працу.

Гледзячы на сучасныя кампутары, вельмі цяжка ўявіць, што некалі падобная тэхніка была памерамі з вялікія шафы. Асабліва ў той шостай часты свету, дзе будавалі камунізм.

Прынцыповай камуністкай была і маці Артура. Але не ў сэнсе вернасці «запаветам Ілліча». У кампартыі заўсёды былі людзі, якія дамінавалі на трыбунах. І тыя, хто рабіў «чарнавую справу». Менавіта да апошніх яна і належала.

А бацька Артура Клінава «загінуў на вайне». Так з крыўдай сыну казала маці, што даволі тыпова для жанчын, ад якіх сыходзяць мужы. Бацьку звалі Аляксандр Аляксеевіч. З сям’і ён сышоў, калі хлопчыку было толькі два гады.

Аляксандр Аляксеевіч Клінаў быў вельмі неардынарным чалавекам, бо «сумяшчаў» у сабе званне майстара спорту па боксу і работу мастаком. Спалучэнне, на сённяшні дзень, вельмі цікавае. Звычайна людзі абіраюць нешта адно: альбо спорт, альбо жывапіс, аднак у той час гэта было нярэдкай з’явай. Напрыклад, яго сябрам быў вядомы скульптар Канстанцін Сарока — майстар спорту па стральбе з луку.

Словам, кола бацькоўскіх сяброў складалася з дзіўнага міксту мастакоў і спартсменаў, і жыў ён (у фінансавым сэнсе), мякка кажучы, няблага. Можна нават сказаць — прыгожа. Ён працаваў мастаком-афарміцелем.

 А замовы ад дзяржпрадпрыемстваў тады былі даволі каштоўнымі. За афармленне «пад ключ», то бок «з поўнай нагляднай агітацыяй» (стэлы, помнікі, дошкі гонару і г.д.) аднаго калгаса плацілі такія грошы, аб якіх многія цяперашнія мастакі могуць толькі марыць.

Са сваім бацькам Артур па-сапраўднаму пазнаёміўся толькі ў сярэдзіне сваёй вучобы ў школе. Маці на той момант ужо расказала праўду, і ён ведаў, што з’яўляецца нашчадкам мастака, таму без якіх-небудзь ваганняў Артур Клінаў марыў стаць мастаком і сам. І справа не толькі ў тым, што пры першай сустрэчы бацька падарыў яму набор вельмі дарагіх (і па кошту, і па якасці) пэндзляў для малявання. Гены, што называецца пальцам не прыціснеш.

 Артур Клінаў вучыўся адразу ў двух школах. Звычайнай СШ №61, што месціцца на вядомым усяму Мінску бульвары Шаўчэнкі, і стала зараз гімназіяй нумар тры. І мастацкай школе №1, якая знаходзіцца на не менш вядомай вуліцы Валадарскага.

 Дзеля справядлівасці, трэба назваць яшчэ і трэцяю навучальную ўстанову. Першыя чатыры гады Артур Клінаў адвучыўся ў школе № 6, і толькі потым яны пераехалі на «Старажоўку». Ад былой «Старажоўкі» ўжо мала чаго засталося. Раён лічыўся «габрэйскім», таму няма нічога дзіўнага, што большасць сяброў Артура былі габрэямі, якія, як вядома, у тыя часы вельмі крытычна ставіліся да камуністычнай ідэалогіі. «Антысаветчыкам» стаў і Артур Клінаў. Як і яго бацька, дарэчы, які ненавідзеў камуністычны лад «усімі фібрамі душы».

Цікава, што за адной школьнай партай Артур сядзеў з вядомым спецыялістам па беларускай філалогіі Змітром Саўкам, якога і зараз з павагай называе «акадэмікам». Прыблізна ў сёмым-восьмым класе школы яны пачалі адкрываць для сябе беларушчыну, што было падобным да набыцця новага свету. Хутка Клінава і Саўку сталі лічыць галоўнымі антысаветчыкамі класа. А потым і галоўнымі нацыяналістамі.

Пасля заканчэння школы Артур Клінаў падаў дакументы ў Беларускую мастацкую акадэмію, якая на той момант была яшчэ інстытутам, але з першага разу не паступіў.

Першы перфоманс

Каб не губляць час, Клінаў год правучыўся на архітэктурным факультэце політэхнічнага інстытута, плануючы потым зноў паступіць у мастацкі. Аднак вучоба «на архітэктурным» так спадабалася Артуру, што наступным летам ён вырашыў нічога ў сваім жыцці не мяняць.

Дарэчы, вучыўся Артур у тым самым «Парусе», які ў савецкія часы быў своеасаблівай візіткай беларускай сталіцы і ўражваў усіх, хто прыехаў у Мінск з боку Масквы. Новы корпус інстытута тады толькі-толькі пачаў працаваць.

Акрамя таго, у інстытуце была ваенная кафедра, што ў будучым пазбаўляла ад тэрміновай вайсковай службы. Артур Клінаў на той момант ужо быў перакананым пацыфістам.

Другім сур’ёзным аргументам «за» архітэктурны факультэт БПІ, было «вольнае паветра», якое там тады панавала. Напэўна, гэта быў адзін з самых дэмакратычных факультэтаў Беларусі таго часу. На архітэктурным факультэце «дух свабоды» быў не параўнальна мацнейшым, чым на іншых, і Артуру гэта таксама вельмі падабалася.

fota_1kl_na_sa_ka_lojka.jpg

Артур Клінаў, Генік Лойка і Зміцер Саўка на Гуканні вясны ў Заслаўі, 1982 год. Кадр з кінастужкі Ігара Марачкіна

Яшчэ раз падкрэсліваю, што Артур Клінаў увесь час вучобы ў ВНУ, марыў стаць мастаком і ніводнага дня не збіраўся працаваць «па спецыяльнасці, таму, калі яго размеркавалі ў Зэльву галоўным архітэктарам раёна, гэта было ўспрынята не больш, чым нейкая недарэчнасць.

Менавіта яна і стала глебай для першага ў жыцці перфомансу. Каб лепш перадаць усе дэталі гэтага эпізоду, прапаную аповед самога Артура.

fota_2kl_na_.jpg

 

— Натуральна, што ў Зэльве ўжо быў свой галоўны архітэктар, таму маё з’яўленне ў гэтым горадзе ўспрынялі, скажам так, без асобай радасці. Гэта было «дарэчы», бо працаваць архітэктарам я і не збіраўся.

Яшчэ ў школе я насіў даволі доўгія валасы, за што не раз меў праблемы. Хто жыў у той час, ведае аб чым гаворка. Ідэалогія хіпі не пасавала да марксізму-ленінізму, таму да майго «хаяра», чапляліся не толькі школьныя настаўнікі і міліцыянты. Часам гэта адбывалася нават на вуліцы. Нападнікамі былі звычайныя прахожыя.

 Калі дадаць яшчэ модныя тады «клёшы» і завушніцу, няцяжка ўявіць, што выгляд у мяне быў цалкам «антысавецкі».

У Зэльве я перасягнуў нават такі варыянт. Спецыяльна замест больш-менш прыстойнага адзення начапіў нейкія лахманы. Намаляваў сабе некалькі часовых татуіровак, на вуха — цыпель, ледзь не крыж на шыю павесіў. Словам — пачвара.

Уявіце, у такім выглядзе я заходжу ў кабінет галоўнага архітэктара Зэльвы і кажу: «Мяне па размеркаванні прызначылі на ваша месца, але працаваць тут не хачу!» У яго сківіца адвісла. Адмацаванне ён «падмахнуў» тут жа.

Тое ж самае было і ў Гародні, у абласной установе. Маўляў, нам такія «кадры» не патрэбныя…

Вольнае паветра

Амаль адразу Артур паехаў у тады яшчэ Ленінград (запакаваў кнігі, пэндзлі і г.д.). Маляваў, жыў у майстэрнях сяброў. Горад яму вельмі спадабаўся — настолькі, што ён нават хацеў туды эмігрыраваць.

Ішоў 1987 год. З усіх гарадоў Савецкага Саюза Піцер быў самым прагрэсіўным. Пачалася перабудова. Нават паветра здавалася вольным.

Сяброў у Артура там было вельмі шмат, аднак увесь час «туляўся» па чужых кутах… Напэўна, калі б у Піцеры ў Клінава было б нешта сваё, ён там бы і застаўся. А так праз паўгады Артур зразумеў, што трэба крыху «адпачыць», і вярнуўся ў Мінск.

Калі «адчыніліся» межы, шмат хто з’ехаў у Нямеччыну, Польшчу, Швецыю, але Клінаў зразумеў, што лёсам яму наканавана толькі Беларусь.

Канец 1980-х гадоў можна назваць фантастычным часам для ўсіх творчых людзей, а для мастакоў асабліва. Перабудова, што называецца, адчыніла ім усе дзверы. Мажлівасці з'явіліся неверагодныя.

Класічны жывапіс ніколі не цікавіў Артура Клінава. Яшчэ ў школе ён цвёрда вырашыў стаць авангардыстам, хаця ўяўленне пра сутнасць гэтага слова меў даволі туманнае.

Менавіта для нонканфармісцкага мастацтва наступіў тады свой «залаты век». Творчае жыццё літаральна бурліла. Падобнае бывае даволі рэдка. Напэўна, раз у сто гадоў.

У мастацкім асяроддзі панавала сапраўдная эйфарыя, якая, на жаль, для некаторых потым скончылася вялікім расчараваннем.

Цікавасць да «рускага авангарду» тады была проста неверагоднай. Прычым ва ўсім свеце. Замежныя калекцыянеры скуплялі ўсё, што рабілі тады мастакі гэтага накірунку. Нагадаю, што ў тыя гады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, які ў замежных светапоглядах атаясамліваўся з Расіяй, таму нейкіх умоўных нацыянальных падзелаў не існавала. Усе былі «рускімі»…

nov_2.jpg

Артур Клінаў у сяброўскай кампаніі Вільня, 1988 год. Фота А. Кузняцова

Словам, у «авангардыстаў» у той час былі і грошы, і магчымасці тварыць.

Бліжэй да сканчэння «авангарднага рэнесансу» ў грамадстве стала з'яўляцца новая хваля жыццёвых арыенціраў — асабісты бізнес. Маладых і актыўных гэта закранула асабліва. У тым ліку і Артура Клінава. Усе адкрывалі нейкія фірмы, кааператывы.

З сябрам, Аляксандрам Русанавым, якога Клінаў «прывёз» у Мінск з Піцера, яны пачалі займацца, што называецца «народнымі промысламі» — гжэль, палех, хахлама, матрошкі і г.д. Нічым падобным у Беларусі ніхто тады не гандляваў, таму ў першых была ўнікальная магчымасць працаваць, як кажуць, «з чыстага аркуша». Першым тады ўвогуле неверагодна шанцавала.

З нязменным поспехам яны адкрылі свае гандлёвыя кропкі амаль ва ўсіх топавых гатэлях Мінска («Планета», «Юбілейны», «Беларусь») і да моманту з’яўлення вялікай колькасці канкурэнтаў вельмі добра сябе адчувалі.

Эксклюзівам створанай Клінавым і яго сябрам фірмы сталі 1,5-метровыя ядвабныя хусткі з ручным роспісам.

Калі спачатку заняткі бізнэсам і мастацтвам можна было сумяшчаць, то потым узнікла патрэба выбару. У 1995 годзе Артур Клінаў выбраў мастацтва.

2(11).jpg

Адкрыццё выставы на калектарнай, 1987 г. Мінск, фота Андрэя Плясанава

Пераход да партызанкі

 І ніколі пра гэта вяртанне ў культуру не пашкадаваў. Калі ён «агледзеўся», то зразумеў, што гадоў пяць адсутнічаў у культуры. Усе вакол змянілася. У тым ліку і ў мастацтве. Займацца (як раней) авангардным жывапісам ён не мог. Трэба было рушыцца наперад. Артур Клінаў абраў для сябе новы накірунак — канцэптуальныя праекты, бо зразумеў, што «нерв жыцця» ўжо там. Безумоўна, заняткі жывапісам працягваліся, але яны адыходзілі на другі план.

Першым праектам, які быў на мяжы паміж жывапісам і канцэптуальным мастацтвам, стала знаная навагодняя паштоўка з прэзідэнтам. Няма сумневу, што яе запомнілі многія, бо нічога падобнага раней не было.

Далей былі чыста канцэптуальныя праекты — інсталяцыі, выкарыстоўванне розных аб’ектаў поп-арту, нечаканых матэрыялаў накшталт саломы, стварэнне перфомансаў і т.п.

Потым для ўсёй беларускай культуры наступілі даволі змрочныя часы, калі тэрыторыя свабоды імкліва звужалася, і Клінаву прышлося ад канцэптуальнага мастацтва рушыць у бок журналістыкі.

Для новай улады культура, якая прымушае чалавека думаць, рухацца, шукаць, была непатрэбна. У культурным асяроддзі ўзнікла амаль пустэльня. Эмігрыравала цэлая генерацыя мастакоў. Усё наватарскае рабілася маргінальным падпольным, можна нават сказаць, партызанскім. Так у 2001 годзе і ўзнік альманах сучаснага мастацтва «pARTisan».

У першым жа нумары было прадэкларавана, што ён стане трыбунай незалежнай партызанскай культуры. Дадзены арыенцір вытрымліваецца па наш час, што дае шанец — у будучым гэта мастацтва абавязкова заменіць тую савецкую культуру, якую сёння рэанімавалі.

 Новы арыенцір з'явіўся і ў жыцці самога Артура Клінава. Ён стаў пісаць не толькі карціны, але і тэксты, што, па вялікім рахунку, цалкам лагічна. Канцэптуальны мастак больш працуе з ідэямі, чым з нейкім матэрыяламі, а яны нязменна прыводзяць да разумення таго, што самай аптымальнай формай іх ажыццяўлення з’яўляецца вербальная, то бок славеснае.

fota_4_books_partyzan2.jpg

«Партызан, — лічыць Артур Клінаў, — гэта не толькі гераічная постаць з пісталетам у руцэ. Гэта таксама дыягназ, паталагічны стан свядомасці з глыбіннымі страхамі ў адказ на гістарычныя траўмы».

«РARTisan» «прымусіў» часткова змяніць мальберт на аркуш паперы.

Як прызнаецца сам Артур Клінаў, спачатку было вельмі цяжка, але разуменне таго, што рабіць гэта няма каму, настойліва «стымулявала» новы від творчасці. Больш за тое, даволі хутка прыйшло разуменне таго, што на гэтым нельга спыняцца.

Трэці нумар альманаха быў цалкам прысвечаны Мінску. Для яго Артур і напісаў эсэ з назвай «Горад СОНца».

gorad_sonca_2.jpg

Альбом «Горад СОНца. Візуальная паэма ў трох частках»

 А яшчэ раней пачаў збіраць фота матэрыялы, якія ілюструюць унікальнасць беларускай сталіцы, бо планаваў зрабіць (для памятнага прэзента) альбом. "Лубочна-савецкія» здымкі не перадавалі сапраўдны гарадскі каларыт, таму Клінаў вырашыў усё зрабіць сам, і літаральна гадзінамі хадзіў па Мінску з фотаапаратам.

Спалучэнне эсэ для «pARTisan» і гэтых фота прывялі да з'яўлення ў 2005 годзе альбома «Горад СОНца. Візуальная паэма ў трох частках». Яго заўважылі, потым тэкст некалькі разоў перадрукавалі розныя выданні, а неўзабаве самога аўтара запрасілі ў Берлін на літаратурны сімпозіум, прысвечаны Усходняй Еўропе, выступіць з адпаведнай лекцыяй. Менавіта там і ўзнікла ідэя зрабіць кнігу пра Мінск, якая будзе цікавай нямецкім чытачам. Прапанову агучыла рэдактар «Suhrkamp Verlag», аднаго з топавых выдавецтваў Старога Свету.

gorad_sonca.jpg

Альбом «Горад СОНца. Візуальная паэма ў трох частках»

Некалькі месяцаў Артур Клінаў напружана працаваў «на немцаў». У рэшце ў Нямеччыне выйшла «Sonnenstadt der Träume», а потым выдавецтва «Логінаў» надрукавала яе беларускамоўны варыянт «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца», які затым выйшаў у Польшчы, Швецыі, Венгрыі, Расіі. І атрымаў вельмі станоўчую літаратурную крытыку.

fota_3_kl_na_prezentue_raman.jpg

Артур Клінаў прэзентуе раман

Потым з’явіўся яшчэ адзін альбом з назвай «Дванаццаць».

 А ў 2011 годзе літаратурны дэбют Артура Клінава быў працягнуты вядомым «Шалом. Ваенны раман». Не буду пераказваць змест вядомай кнігі. Нагадаю толькі, што яна цікава расказвае пра духоўны бунт мастака і метафарычны шалом, якім ён абараніў сябе ад навакольнага свету і перш за ўсё ад шоў-бізнэсу. Кніга была сярод верагодных прэтэндэнтаў на адну з літаратурных прэмій Беларусі — прэмію імя Ежы Гедройца.

Магія кіно

Варта адзначыць і яшчэ адзін даволі паспяховы дэбют. Назва яму — кіно. У 2008 годзе сябра Артура Андрэй Кудзіненка прапанаваў яму стаць мастаком-пастаноўшчыкам фільма «Масакра», які планаваўся ў якасці першага беларускага хорара. Клінаў пагадзіўся і вельмі хутка літаральна «захварэў» магіяй кіно.

nov_1.jpg

Прэзентацыя альбома "Беларускі авангард", 2012 г, галярэя "Ў", фота Аляксандра Ждановіча, (Таранціна)

 На жаль, у біяграфічным нарысе няма магчымасці прыгадваць усе акалічнасці тых здымкаў, аднак галоўнае не толькі ў іх. Фільм адбыўся.

Адразу пасля заканчэння працы над «Масакрай», «Беларусьфільм» прапанаваў Кудзіненку працягнуць працу над новай версіяй экранізацыі знакамітай кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях». Калісьці Віктар Тураў ужо ажыццявіў нешта падобнае.

fota_5_pataemnaja_vjachera.jpg

Артур Клінаў «Таемная вячэра», фрагмент

 

Міcтыку Яна Баршчэўскага Артур Клінаў, як аўтар сцэнарыя, вырашыў творча аб’яднаць з гістарычнымі фактамі акалічнасцяў забойства расійскага імператара Аляксандра II, якое ажыццявіў тэрарыст Ігнат Грынявіцкі. Фільм паспяхова прайшоў экспертную Раду пры Міністэрстве культуры, і нават быў гатовы «для запуску», але потым яго раптам замарозілі.

Палітычную падаплёку гэтага рашэння бачылі ўсё — падчас «інтэграцыі» немагчыма нагадваць пра тое, што рускага цара некалькі забіў беларускі шляхціц. Калі спачатку яшчэ былі нейкія надзеі на «размарозку», то пасля падзей 19 снежня 2010 года стала цалкам зразумела, што пры сённяшняй уладзе ажыццяўленню праекта не быць.

Але вернемся зноў да літаратуры.Тыя хто прачытаў новы раман Артура Клінава «Шклатара», скажуць, што менавіта сцэнар «Шляхціца Завальні» і лёг у аснову адной з сюжэтных ліній твора. Другой лініяй сталі падзеі, якія блізкія кожнаму нас (19 снежня 2010 года) і вельмі гарманічна перапляліся з чарговым каханнем галоўнага героя, у якім многія пазнаюць самога аўтара.

Як і трэба было чакаць, рэакцыяй на яго была вельмі неадназначнай. Адны ўбачылі ў кнізе сапраўдны бестселер. Другія даволі моцна пакрыўдзіліся. Чаго тут болей — пакажа час. Бясспрэчна толькі тое, што адносіны да любой творчасці не могуць быць адназначнымі па вызначэнні. Інакш яна перастае быць творчасцю.

artur_kl_na_u_kn_garn_.jpg

Артур Клінаў у кнігарні "ЛогвінаЎ"

Можа быць, менавіта па гэтай прычыне Артур Клінаў у нейкім сэнсе і падзяляе сучасную Беларусь на два праекты — палітычны і культурны. І прынцыпова лічыць апошні больш галоўным і значным, бо, калі ён не адбудзецца, няма шансаў на нейкія палітычныя зрухі. Змена ўлады не зменіць грамадства.

Планы Артура Клінава на бліжэйшую будучыню лепш за ўсё раскажа сам Артур:

— Праектаў вельмі шмат. Перш за ўсё яны звязаны з актывацыяй працы над нашым альманахам. Калі раней выходзілі нумар-два ў год, то зараз іх будзе чатыры. Да таго ж зараз мы пачалі новы праект — «Калекцыя «pARTisan». Для Беларусі ён унікальны, гэта серыя, якая складаецца з усяго самага выбітнога, яскравага, цікавага, што адбывалася ў беларускім культурным жыцця мінулага дзесяцігоддзя. Па нашай версіі, канешне.

 Атрымаецца своеасаблівая энцыклапедыя сучаснага беларускага мастацтва ў 32 альбомах. Кожны мае сваю літару. 10 мы ўжо выдалі. Некаторыя з іх проста ўнікальныя. Напрыклад, «Беларуская мастацтва 80-х». Ніхто гэтую тэму тады не даследаваў.

Словам, работы — не на адзін год.