Сам лёс наканаваў быць пісьменнікам
17 ліпеня старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) адзначае 60 год. Шчыра віншуем з круглай датай, зычым творчага плёну і моцнага здароўя! Гэты аповед Барыса Пятровіча з тады яшчэ будучай кнігі Аляксандра Тамковіча «Мазаіка жыцця» быў упершыню апублікаваны менавіта ў «Новым Часе».
Дзіўна, але я памятаю, як нарадзіўся. Памятаю свае першыя хвіліны на гэтай зямлі. Кажуць, што гэта немагчыма. Што памяць чалавечая пачынае працаваць з двух-трох гадоў, а таму першыя ўспаміны могуць быць толькі з таго часу, не раней. Але ж я памятаю.
Перапытваў потым у мамы, як гэта было, і ўспаміны нашыя супадалі. Як і крыху пазнейшыя, пра якія яна і сама забыла. Скажам, пра тое, як мяне хрысцілі — мне было тады паўтары гады. І я памятаю завейную зіму, сані з параю коней, на якіх мы ехалі да бліжэйшай чыгуначнай станцыі, і паравоз, увесь схаваны ў белым-белым дыме. Часы былі хрушчоўскія, і бліжэйшая царква знаходзілася ў Васілевічах — гэта кіламетраў сорак ад нас. Памятаю бацьку свайго і бацьку хроснага. Дарэчы, бацька мой быў камуністам, чым вельмі ганарыўся, але пры гэтым пахрысціў не адзін дзясятак вясковых дзетак. І згадваю, як, калі я быў недзе ў дзявятым класе, у раённай газеце з’явілася нататка пад назвай «Камуністы хрысцяць дзяцей», галоўным героем якой быў мой бацька, а падпісаная яна была… васілевіцкім папом. Бацька моцна перажываў, баяўся, што выключаць з партыі, але ўсё абышлося вымовай.
Дык вось, нарадзіўся я сонечным ранкам 17 ліпеня 1959 года ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Так запісана ў метрыках. Бо насамрэч я нарадзіўся ў суседняй вёсцы Партызанская, дзе была бальніца. Бальніцу з Вялікага Бору перанеслі туды пасля вайны, бо нашую вёску напачатку лета 1943 года немцы спалілі. Цалкам, не засталося ніводнага дома. Вёска была па-паляшуцку вялікая, доўгая, выцягнутая на выспе паміж двума балотамі кіламетраў на пяць. Немцы зайшлі з боку Хойнікаў і паспелі акружыць толькі палову вёскі. Жыхары другой паловы ўцяклі ў лес.
Сталася так, што бацька мой жыў у акружанай частцы, і яго разам з сям’ёй вывезлі ў Германію, а сям’я маці, пад аўтаматнымі чэргамі, па высокім ужо жыце ўцякла ў лес. І маці і бацька часта ўспаміналі вайну. Бацька пра жыццё ў Германіі згадваў добра: там ён упершыню ўбачыў белы хлеб і цукеркі. Баўэр, у якога жыла і працавала іх сям’я, трапіўся чалавечны, усяляк дапамагаў ім і не крыўдзіў. Пазней Віктар Корзун і Кася Камоцкая знялі пра гэта фільм, але ён «не пайшоў», бо пра немцаў (а ўсе яны… фашысты) нельга згадваць па добраму. Згадкі ж мамы пра жыццё ў лясным шалашы да вызвалення былі жудасныя. Голад, холад, кару грызлі, казала яна. Не лягчэй было і потым, калі на пачатку зімы вярнуліся ў вёску на папялішча. А яшчэ вызваліцелі адразу ж забралі ў войска яе бацьку, якога напрыканцы лета 1941 года маці (мая бабуля) выкупіла ў немцаў з палону ажно ў Бабруйску, куды хадзіла пешкам. І засталася маці маёй мамы з пяццю дзецьмі на папялішчы, на голым снезе. Нацярпеліся гора. Асабліва ўспаміны пра вайну абвастрыліся, калі немцы пачалі даваць кампенсацыю тым, хто працаваў у Германіі (а такіх у нас была, я казаў, палова вёскі). Мама з крыўдай гаварыла: «Мы гаравалі тут у голадзе і холадзе, і нам твае камуністы нічога не плацяць, а вы там жылі ў цяпле і елі прысмакі, і вам цяпер яшчэ грошы даюць».
Зразумела, бацькі мае родам з гэтае вёскі, дзяды і прадзеды адсюль таксама, праўда, ведаю іх да пятага калена толькі па імёнах.
Варта колькі словаў сказаць пра маю вёску, цяпер чарнобыльскую, але, дзякуй Богу, зачэпленую краем і неадселеную. Заснавалі яе, паводле няпэўных звестак, напрыканцы шаснаццатага ці пачатку сямнаццатага стагоддзя казакі, якія сышлі сюды з Запарожскае сечы (думаю, некалі адсюль туды яны і пайшлі, таму і вярнуліся дамоў). Таму ў вёсцы было пяць-сем асноўных прозвішчаў, і ўсе з канчаткамі на ўкраінскі манер. Але мова была цалкам беларуская з некаторымі паляшуцкімі адметнасцямі. Прычым непадобная нават на блізкую — праз балота — мележаўскую. У іх оканне — бацько, матко, — у нас аканне — бацька. Пра маю дарэвалюцыйную вёску пісаў Чэслаў Пяткевіч: у ягонай кнізе «Рэчыцкае Палессе» ці не палова звестак запісана ў маёй вёсцы, дзе ён жыў. Цікавы народ вялікаборцы, творчы. Адзін толькі прыклад: з нашае вёскі выйшла некалькі беларускіх пісьменнікаў: Барыс Сачанка, Алесь Шлег, Змітро Бяспалы. Шмат журналістаў, навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ. Іншай такой вёскі ў Беларусі я не ведаю, дый не кожны горад можа пахваліцца такімі землякамі. Барыс Сачанка — брат майго бацькі, Змітро Бяспалы — брат мамы. Шлег — таксама недалёкая радня.
Паколькі так на мне сышлося, то нібыта сам лёс наканаваў быць пісьменнікам. Але ў дзяцінстве я, як большасць маіх аднагодкаў, на якіх прыпалі першыя палёты ў космас, марыў стаць касманаўтам. Адназначна. Потым пра гэтую мару давялося забыць, бо ў адзінаццаць гадоў я патрапіў у бальніцу і на доўгія тры гады быў выбіты нават з заняткаў у школе. У Хойніках мяне б і залячылі, калі б дзядзька Барыс не перавёз у Мінск да земляка прафесара Саўчанкі, тады міністра аховы здароўя, дзякуючы якому я патроху і выкараскаўся са сваёй хваробы, як казалі тады, — перарос.
Дзіўлюся цяпер: Барыс Іванавіч быў дужа заняты, працаваў тады ў «Полымі», потым сакратаром Саюза пісьменнікаў, але ледзь не кожны дзень прыязджаў да мяне ў бальніцу. Усе ведаюць, якім ён быў кніжнікам і якая ў яго была бібліятэка. Я страшна любіў чытаць — а чым было тады заняцца ў бальніцы: тэлевізара не было, тым болей — інтэрнэту, хіба карты ды шахматы. Барыс Іванавіч за тыя тры гады перавёз мне на прачытанне значную частку сваёй бібліятэкі. Спачатку дзіцячую літаратуру — пра ўсіх тых Васькоў Трубачовых ды Віцек Малеевых, Чынгачгукаў ды Ацэолаў, а потым і класіку рускую ды замежную. Я кажу цяпер, што курс маладога байца прайшоў тады. А таму, калі паступіў на журфак БДУ, некаторыя мае аднакурснікі здзіўляліся: вясковы хлопец, а такі начытаны. Болей за тое, да таго часу я адышоў ад класічнай літаратуры і захапіўся авангардам пачатку мінулага стагоддзя: акмеісты, футурысты, дадаісты. Яшчэ адзін штрых: у бальніцы я ляжаў у дарослым аддзяленні, траплялі ў тое аддзяленне не самыя простыя людзі, больш начальства ды інтэлігенцыя, часы былі такія, што яшчэ памяталася хрушчоўская адліга, і частыя былі размовы пра сталінізм ды рэпрэсіі, па руках гулялі кнігі пра гэта, якія я не прамінаў чытаць нат пры святле вулічнага ліхтара, бо ў адзінаццаць вечара святло выключалі. І тады я прывучыўся слухаць замежнае радыё — розных «паклёпнікаў»: «Голас Амерыкі», «Бі-бі-сі». Таму, калі вярнуўся дамоў, першай справай папрасіў бацькоў набыць мне радыёпрыёмнік.
* * *
Пачаў спрабаваць нешта пісаць яшчэ ў школе. Але доўга нікому не паказваў напісанае. Бо пісаў я не так, як усе і, мякка кажучы, трошкі не пра тое. Ну не сацрэалізм то быў. Калі адважыўся нарэшце недзе на другім курсе журфаку паказаць колькі аповедаў Барысу Іванавічу, ён прачытаў і сказаў: «Табе рана яшчэ так пісаць…» Я і зразумеў яго, і не зразумеў. Адзін з тых аповедаў («Развітанне») друкаваўся потым у маёй першай кнізе. Пра бабульку, якая збірала міласціну. Ну хіба ж можна было тады (1980 год) пісаць пра савецкіх жабракоў? Да таго ж яна ў мяне была каханкай паліцая і адсядзела за гэта ў лагерох. Карацей, дэбют у літаратуры давялося адкласці на гады.
Школу я скончыў на тры гады пазней за сваіх аднагодкаў, але, паступіўшы на журфак, многіх хлопцаў-аднакурснікаў, якія адслужылі ў войску, нагнаў — Сяргея Дубаўца, Ігара Герменчука, Сяргея Астраўца. Увогуле, і тут мне пашанцавала — курс наш быў дужа багаты на таленты. Дружны і… надзвычай беларускі. Дакладней, беларускамоўна арыентаваны. Хлопцаў я ўжо назваў, а з дзяўчат Таню Сапач (цудоўная паэтка, якая нядаўна трагічна загінула) і Віялету Яфіменка нават на трэцім курсе (1982 год) прымусілі перавесціся на завочнае аддзяленне за вечарыну, прысвечаную Максіму Багдановічу, на якой яны прачыталі верш «Пагоня».
Цяпер падаецца гэта дзіўным і немажлівым, але яно было. Беларусам сябе адчуваў заўсёды. І пісаў па-беларуску. Але на журфаку бліжэй сышоўся з хлопцамі, якія пісалі па-руску. Цяпер яны ўсе расейскамоўныя пісьменнікі — Радзік Лапушын, Валодзя Сотнікаў, Валодзя Сяменчык — і жывуць за межамі Беларусі. Стаў і сам спрабаваць пісаць па-руску, прыдумаў сабе ідэю-фікс: ажыўляць рускую мову беларускімі слоўцамі гэтак, як Шукшын сваімі алтайскімі, каб глядзеліся яны ў чужой мове не барбарызмамі, а арганічна, прыгожа. Не атрымалася. Не ўлазілі мае героі і мае апісанні іх думак, нашай прыроды ў рамкі рускай мовы, вытыркаліся, не былі жывымі і жыццёвымі — сапраўднымі, хоць ты крычы. І ўрэшце я вярнуўся да беларускай мовы. Але тое ўжо было ў Гомелі, дзе па размеркаванні мы сталі працаваць разам з Сяргеем Дубаўцом у абласной газеце.
Са студэнцтва найбольш памятныя тры будатрадаўскія леты. Першае — на Пскоўшчыне, непадалёку ад пушкінскіх мясцінаў, другое і трэцяе — у Карэліі. Кожны будатрад неймаверна насычаны падзеямі, асабліва апошні, калі я быў камандзірам: усё-ткі адказваць не толькі за сябе, але яшчэ і за тых хлопцаў і дзяўчат, якія табе паверылі, — выпрабаванне не з простых. Ну і, вядома, журналісцкая практыка на Сахаліне. Як празаік я пра сябе, грунтуючыся на фактах са сваёй біяграфіі, амаль не пісаў (з таго ж бальнічнага дзяцінства хіба адзін кароценькі аповед, а з будатрадаўскага — ні слова), бо некалі ўзяў сабе за прынцып «выдумваць праўду», зыходзячы з жыцця, а не браць яе голую і занатоўваць. Вось толькі хіба аповесць «Пуціна» найбольш аўтабіяграфічная — там я распавядаю пра сваю паездку ў камандзіроўку на Курылы, на востраў Шыкатан. А ўвогуле ўспамінаў ад той практыкі хапіла б не на адзін раман, асабліва пра нашае вяртанне дамоў на цягніку праз увесь СССР ад Уладзівастоку да Мінску. Але тыя часы адышлі ў гісторыю і, мне падаецца, сталі неактуальнымі — засталіся хіба як факты мінулага, пра якое альбо добра, альбо ніяк. Але добрага якраз было мала.
Дэбютаваў позна. У 29 гадоў. Першая кніжка выйшла ўвогуле ў 33. Журналісцкая праца не адпускала. Сельгасаддзел «Гомельскай праўды» выядаў мазгі. Апроч таго і сам я не дужа спяшаўся з публікацыямі, хоць такія мажлівасці былі. І хто яго ведае, калі б Сяргей Дубавец, пераехаўшы з Гомеля ў Мінск, не ўзяў мае аповеды і не надрукаваў адзін у «Крыніцы», а другі ў зборніку «Тутэйшых», то ці ўвогуле адважыўся б я іх друкаваць. Ну а, як той казаў, хто пачаў — той ужо не пачынаючы. Пазней, скарыстаўшы «службовае становішча», надрукаваў у «ЛіМе» свае «Мроі» — як цяпер кажуць, мікрапрозу, мініяцюры, пісаныя на мяжы явы і сну, калі я стомлены прыходзіў з працы і адпускаў галаву на волю: пісаў тое, што хацелася, і так, як хацелася. Далей былі нізкі аповедаў «Трызненні», «Непатрэбныя рэчы», «Фрэскі», «Піліпікі». Тое, што раней успрымалася творчымі пошукамі, эксперыментатарствам, «авангардам» у параўнанні з тагачаснай беларускай літаратурай, сёння ўжо так не выглядае, бо маладзейшыя пайшлі далей.
Праца ў «Гомельскай праўдзе» — доўгіх шэсць гадоў. Пры ўсім пры тым — слаўныя былі часы. Пачалася перабудова. Пры газеце мы з Сяргеем Дубаўцом стварылі моладзевае аб’яднанне, якое потым перарасло ў гомельскую «Талаку», якая існуе і па сёння і на базе якой узраслі ці не ўсе дэмакратычныя суполкі ды партыі гораду. Дзіўна, але беларускамоўнай моладзі ў, здавалася б, самым русіфікаваным беларускім краі аказалася нямала. «Мы будзем змагацца за незалежную Беларусь нават са зброяй у руках», — наіўна гаварылі мы між сабою. І ніхто не думаў, што «волат на гліняных нагах» і сам разваліцца праз пяць гадоў. Так, калі б не перабудова, то сядзець бы нам усім далёка з тымі думкамі пра незалежнасць. Такім чынам, менавіта там, у Гомелі, адбылося і маё канчатковае далучэнне да незалежніцкага руху, бо, шчыра прызнаюся, у студэнцкія гады хоць і бываў на нейкіх імпрэзах «Майстроўні», ладжаных маімі аднакурснікамі, але ўдзел у іх не браў. Больш за тое, назіраў за гэтым трошкі так скептычна: песні спяваюць, святы ладзяць.
У 1990 годзе пераехаў у Мінск. Спачатку на працу ў «Звязду», а праз чатыры месяцы перайшоў у «ЛіМ». Дыхалася тут лягчэй, ды і сама праца была больш творчай. Прыдумаў сабе рубрыку «Кола дзён», якую рабіў фактычна адзін, хіба падчас адпачынку падмяняў тагачасны галоўны рэдактар Мікола Сымонавіч Гіль. Думаю вось, калі б сабраць тыя «колы» ды выдаць, быў бы сапраўдны летапіс тых гадоў, бо стараўся падбіраць самыя адметныя падзеі і коратка пракаментаваць іх. Памятаю, да прыкладу, што ледзь як не трагедыя была ўспрынятая мною вестка, што Беларусь стане прэзідэнцкай краінай. Я быў за парламенцкую — як ідэальную для тагачаснай Беларусі. Прынамсі, гэта не прывяло б да канцэнтрацыі ўсёй улады ў адных руках і да дыктатуры. Тое, чаго баяўся, здарылася, а таму з 1997 года далучыўся да праваабарончага руху, да «Вясны» Алеся Бяляцкага. Як журналіст да апошняга часу рабіў «вясноўскі» бюлетэнь «Права на волю».
* * *
У 2002 годзе, у траўні, калі ў дзяржавы «дайшлі рукі» да пісьменніцкага друку, пачалася, як вобразна назваў Сяргей Іванавіч Законнікаў, «касценізацыя» літаратуры. Тады я вырашыў, што заставацца працаваць у падкантрольным, падцэнзурным «Полымі» (у 2000 годзе перайшоў сюды з «ЛіМа») не змагу. Сама сабой паўстала ідэя стварэння незалежнага літвыдання. Спачатку я думаў, што ўдасца гэта зрабіць разам з Законнікавым, але ў яго была свая каманда, у якой мне месца не знайшлося. І тады я падумаў — няхай будзе два выданні: адно для старэйшых пісьменнікаў, другое — для маладзейшых.
Так паўстаў «Дзеяслоў». Чаму такая назва? Слоўца надта ж добрае беларускае, шматзначнае, сімвалічнае: і слова тут, і дзея. Яшчэ ў дзевяностыя гады пры «ЛіМе» мы хацелі стварыць дадатак з такой назвай, а потым, калі Людміле Рублеўскай прапанавалі весці літаратурную перадачу на радыё, і яна доўга не магла прыдумаць назву, я сказаў ёй, што маю адно магічнае слоўка, якое будзе адразу прынятае. Яна не паверыла, але, сапраўды, назву прынялі, і перадача «Дзеяслоў» выходзіла на беларускім радыё да «Дзеяслова» папяровага з год. А потым назва гэтая спатрэбілася і мне самому.
Калі пачыналі, і не думаў, што давядзецца дайсці аж да пяцідзясятага нумару. Думаў, зробім нумар другі, і ва ўладзе апамятаюцца, што ўчынілі нешта не тое са сваім холдынгам. Не апамяталіся. Давялося брацца за справу ўсур’ёз. Пра тое, што значыць рабіць часопіс у сённяшніх умовах — асобная і доўгая размова. Але важна, што ўдалося захаваць абраны рытм і штодвамесяцы, рэгулярна, без збояў і пропускаў часопіс прыходзіць да сваіх чытачоў і аўтараў. Што будзе далей — не загадваю. Але пяцьдзесят нумароў — гэта пяцьдзесят тамоў анталогіі беларускай літаратуры і літаратурнага жыцця за прамінулыя восем гадоў. Бяру першы нумар, другі, чытаю і бачу, што сапраўдная літаратура, як і добрае віно, з гадамі робіцца толькі смачнейшай.
Зноў жа, паралельна, з верасня 2002 года працую яшчэ і на грамадскіх пачатках намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Розных клопатаў вышэй галавы, а таму на працу на сябе, на ўласна творчасць часу амаль не застаецца, пішу мала. Апошняе, што надрукаваў летась, — аповесць «Плошча: гісторыя аднаго кахання», прысвечана яна ў значнай ступені падзеям вясны 2006 года.
Што яшчэ дадаць? Жанаты. Жонка Людміла родам з Гомелю. Сваім двум сынам кажу, каб па нявест ехалі ў Гомель, бо там жывуць самыя прыгожыя дзяўчаты ў Беларусі. Не — самыя прыгожыя ў свеце.