Быць, каб застацца

Калі мне патрапіла ў рукі новая кніга Барыса Пятровіча «Ідзі адзін» (Мінск, «Кнігазбор», 2019), то адразу ж наплылі і запаланілі душу шчымлівыя ўспаміны маладосці.

konkurs_saczanka_logo_1.jpg

Як перад вачыма паўсталі тыя галаднавата-свавольныя часы першых гадоў станаўлення беларускай дзяржаўнасці, адстойвання суверэнітэта, адраджэння нацыянальнай мовы і культуры, — тыя ліма-палымянскія сходкі з гучнымі, ледзь не рукапашнымі спрэчкамі, нервова-зануранымі шахматнымі баталіямі, шчырымі, крытычна-суровымі абмеркаваннямі палітычных падзей і новых публікацый калег і таварышаў… Найбольш інтэлігентным у паводзінах у тым шумлівым гурце быў Барыс Пятровіч. Здаецца, я амаль заўсёды прайграваў яму шахматныя партыі, але наўрад ці саступаў у палемічным запале вакол новых літаратурных павеваў. Што ж, у кожнага літаратурнага пакалення бывае свой залаты творчы час. Ужо недалёка было да зачацця элітарнай «Крыніцы», усталявання аўтарытарнага антынацыянальнага рэжыму, расколу беларускага, у тым ліку культурнага і інтэлігентнага грамадства, змагарства за самасць дзяржаўнага існавання, раздзяляльнага літаратурнага двубою ў СПБ, заснавання часопіса «Дзеяслоў»… так, так, тым самым Барысам Пятровічам. Адным словам, ёсць што ўспомніць і — засмуціцца хуткаплыннасцю часу.

Таму чытачу адразу трэба прыняць да ведама, што гэта кніга не сённяшняга сталага і пашанотнага пісьменніка Барыса Пятровіча, а трыццацітрохгадовага адоранага літаратара на пачатку яго творчага шляху. (А ўжо сёлета, заўважым як бы між іншым, надарацца два адметныя юбілеі — 60-годдзе Барыса Пятровіча Сачанкі і выхад у свет 100-га нумара часопіса «Дзеяслоў», які ён заснаваў і нязменна да гэтай пары ўзначальвае і рэдагуе.)  

Вядома, што Б. Пятровіч увесь час быў атулены літаратурай, яго старэйшыя дзядзькі былі людзьмі менавіта з гэтай нацыянальнай «касты». З юнацтва кнігі атачалі Барыса, асабліва таму спрыяла вялікая бібліятэка найбольш вядомага яго дзядзькі, пісьменніка Барыса Іванавіча Сачанкі, у якога падчас хваробы жыў пляменнік. Пасля ўжо, метафарычна кажучы, была «борхесава бібліятэка», дзякуючы якой усталёўваўся малады літарацкі талент. Хоць, забягаючы наперад, шчыра адцемім, што Барысу бліжэй былі Кафка і Картасар… Дзіцячая і юнацкая хваравітасць скіроўвалі яго неакрэплую натуру да «нездаровага» творчага пераўвасаблення і містычна-фэнтэзійнага крэатыву. У маладосці Барыс Пятровіч быў хлопцам своеасаблівым і кампаньёнаў па жыцці выбіраў вельмі надзейных і блізкіх па сваім светаўспрыманні. Прынамсі, у дзённікавых запісах рэцэнзуемай тут кнігі можна натыкнуцца на такія згадкі: «Памятаю, калі ў 1984–85 гг. зімою Сяргей Дубавец, я і Воўка камісар (Пінчук) зьбіраліся ў мяне на кватэры, бралі з сабою 10 пляшак кефіру і ноч навылёт гулялі ў «тысячу», патрошку смокчучы кефір». Вы можаце ўявіць сённяшніх (зрэшты, і тадышніх) маладзёнаў, якія «прасаджваюць начны час» за кефірам?! Ну і не адной толькі «тысячай» балела галава ў тых, як пазней сталі пагардліва казаць, свядомых хлопцаў… Бо пры гэтым усведамлялася, што «гніюць хлопцы ў Гомлі (ня варацца ў сваім соку, а менавіта гніюць) — колькі там, у прынцыпе, таленавітых паэтаў, але ніводзін ніяк не ўзаб’ецца на нешта сур’ёзнае. <…> Затое вырваўшыся зь яго, як акрыялі і як працаваць пачалі: напорыста, сьвежа, натхнёна — і Анатоль Сыс, і Акулін, і Бяляцкі, і Казлоў, і Дубавец… Ды я і сам за першы год у Менску напісаў больш, чым за сем — у Гомлі».

Напраўду, Барыс маладога часу не губляў, ён вучыўся ў мэтраў і сам паглыбляўся ў нетры літаратурнай творчасці, самакрытычна аналізуючы сваё і супастаўляючы «чужое». На свет з’явіліся дзве кніжкі («Ловы» і «Сон між пачвар»), сам ён стаў працаваць на адказнай пасадзе ў тады яшчэ папулярным тыднёвіку «ЛіМ». А неўзабаве «элітарны» часопіс «Крыніца» выдрукаваў постаць Барыса Пятровіча ў рубрыцы «ТЫ» (гутарку з пісьменнікам, яго творы ды развагі крытыкаў і літаратараў пра яго творчасць). Не кожнаму, шчыра кажучы, выпадала такое шчасце па тым часе. Бо тым самым пісьменніцкае імя як бы «афіцыйна» ўсталёўвалася на «покуце» сучаснай беларускай літаратуры.

Для цікавасці я зазірнуў у свой крынічны архіў і зрабіў колькі вытрымак з той грунтоўнай публікацыі. Пра свае творчыя пошукі і пачынанні Барыс казаў так: «Бальмант, Севяранін, Хлебнікаў… Прачытаў. Аж дых захапіла. Гэта было адкрыццё: аказваецца, можна пісаць і так… З гэтага пачалося маё захапленне «наватарствам», «авангардам», «словатворчасцю»… <…> Стаў спрабаваць пісаць сам тое, што падабалася, ніколькі не спадзеючыся на мажлівасць надрукавання…». Эмацыйна гаварыў пра літаратурны працэс, сваё пачуванне ў ім і літаратурную крытыку: «Майму пакаленню не пашанцавала. Няма ў нас «сваіх» крытыкаў. Выдатна пачыналі Дубавец, Кавалёў, Васючэнка… Сёння — адзін публіцыст, другі — драматург, трэці — літаратуразнаўца. Мне, як, пэўна, і іншым, вельмі хацелася б мець «свайго» крытыка. Які разумеў бы мяне, які бачыў бы не толькі сюжэт, але і тэкст, кантэкст і падтэкст. З якім можна было б проста «разумна» пагаварыць». Ну і ўласна пра творчасць, сваё бачанне і разуменне пісьменніцкай працы заяўляў узвышана і безапеляцыйна, як таго і вымагала натура маладога бунтоўнага таленту: «Нават калі ў мяне будзе адзін чытач — я сам — мне гэтага дастаткова... Буду шчырым да канца: мне не славы хочацца. Мне хацелася б застацца».

1bb18cdd_534f_433d_95fd_a95b9a6f0996_w1023_r1_s.jpg

Сёння, усведамляючы выбітны літаратурны плён Барыса Пятровіча, і гледзячы на яго адметнае места ў структуры самога Саюза беларускіх пісьменнікаў, з цяжкасцю даеш веры, што такі чалавек адкрыта выстаўляе сваё ўнутрана ваяўнічае прамінулае на гэткім сённяшнім агульна шэрым і слабавыразным літаратурным фоне. Тым больш, ведаючы Барыса як чалавека сціплага, інтэлігентнага, дзесьці ў чымсьці даволі асцярожнага і памяркоўнага. Але ж — не, творчая воля і прага выявіцца даастатку ўзялі верх. І я гэтаму творчаму ўчынку калегі не магу не парадавацца. Бо пачыналася яго ўласнае жыццё-быццё так: «У аднапаёўцы. Побач гудзе тэлевізар — жонка глядзіць. У мяне гудзе, адвальваецца галава. Аднак лепшых часоў ня будзе… <…> Я пра спакой, асобную кватэру, уласны кабінет… пра магчымасьць працаваць. Я іх практычна ня меў і ня маю, і трэба зьмірыцца з тым, што, мажліва, і мець ня буду ніколі». І тут Барыс моцна памыліўся. Ці вось — пра тадышні Саюз пісьменнікаў Беларусі, які — о, парадокс! — Барыс Пятровіч сам узначаліць праз пэўны, не такі ўжо й далёкі час: «Усё-ткі я надумаў уступіць у Саюз пісьменнікаў. Хоць гэта для мяне было ня простым рашэньнем. Апошнім часам гэтая арганізацыя сябе моцна скампраметавала. Але ўступаць буду, як гэта ні горка казаць, па прычынах далёкіх ад творчых… Ну прыстасаванец я. І гэткім робіць мяне дзяржава. Уступаць буду, спадзеючыся, што ўдасца з часам праз Саюз атрымаць кватэру. І толькі». Гэта я цытую дзённікавыя запісы менавіта з кніжкі «Ідзі адзін». Наастатку яшчэ адзін штрых — адмова ад выступлення на літаратурнай імпрэзе ў Доме літаратара, якую ён тлумачыць так: «…не хачу я пакуль вытыркацца, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, якая мне не патрэбная. Дый ня ўмею я трымацца на сцэне і вучыцца не хачу (а некалі ж умеў — быў нязьменным вядучым усіх школьных вечарынаў, канцэртаў). Не маё ўсё гэта…». Тут, як кажуць, параўноўваючы з сённяшнім днём, поўны аксюмаран…

Але хіба не патрабавала натуральнай чалавечай адвагі друкаванне такой шчырасці, каб пісаць пра сябе ўчарашняга тое, што сёння нейкім бокам кантрастуе з рэчаісным… Гэта можа азначаць толькі адно: унутрана Барыс Пятровіч не пахіснуўся ў сваіх творчых і маральных перакананнях, дзе знешнія праявы жыццядзейнасці не перасільваюць і не зацяняюць духоўных якасцяў яго чалавечай і творчай натуры. Ды будзем шчырымі, пасада старшыні СБП не дадавала і не дадае станоўчага іміджу ў папулярызацыі творчасці пісьменніка (што ты ні пішы, як ты ні выдавайся), бо ўсё ж такое месца ў літаратурнай іерархіі лічыцца заведама наменклатурным, не гледзячы нават на недзяржаўнасць яго статуса ў дадзеным выпадку. Што ж, адны з нас ганарацца сваёй рэвалюцыйна-бунтарскай і палымяна-трыбуннай дзейнасцю, іншыя спалучаюць яе з літаратурнай працай, асобныя ж застаюцца творцамі і па меры магчымасці не даюць затухнуць агменю нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры. Барыс з апошніх. Магчыма, якраз з тых, што, па-біблейску кажучы, стануць першымі…

Цяпер — пра саму кнігу.

Цікава, што ў прадмове да яе Барыс Пятровіч як бы шмат што тлумачыць і разжоўвае традыцыйнаму айчыннаму чытачу, даходзіць ледзь не да выбачэнняў, што, маўляў, можа, ён і хацеў бы што паправіць сёння з таго даўняга, але не будзе, бо хоча паказаць, якім ён быў маладым, якімі вачыма глядзеў на пачаткова-незалежны беларускі свет, якім яго бачыў і ўяўляў, а ў нечым хацеў, каб ён быў іншым… Аўтара зразумець можна. Яму хочацца, каб чытач успрыняў яго кнігу разважліва і адэкватна, як і было задумана пісьменнікам. Але чытач таксама розны. Ёсць традыцыйна-класічны, а бывае і з нелінейным успрыманнем. Бадай, я адзін з падобных. Я хачу зразумець Пятровіча. І гэта, скажу вам, не так проста. Пачну з таго (як наўпрост на тытуле кніжкі заяўлена), што Пятровіч — адзін. Хоць, на маю думку, гэта зусім не значыць, што ён як творца адзінокі ў самім сабе, бо якраз у сабе самім і сам з сабой — ён множны і шматлікі (неадналінейны). Тое нават вынікае з фармата кніжкі, з самога творча прадуманага выдавецкага праекта. Бо кніга Барыса Пятровіча выбудавана яшчэ і як «справаздача» (па сваёй форме і структуры) станаўлення яго як пісьменніка і творчай асобы. Цікава, што менавіта такой кніжка была задумана яшчэ тады (у 1993-м), на раннім этапе яго творчасці: «Падумаў, што сапраўдны мой дзёньнік усё ж не гэты, а той, які я гэтаксама пісаў (пішу) штодня: «Версіі», а яшчэ «Піліпікі» і «Апофрыкі». Цікавая можа атрымацца рэч, калі надрукаваць як-небудзь усё разам: спачатку гэты дзёньнік, а потым «Версіі» і астатняе».  

І напраўду, кніжка сфармавана як бы ў пяці паралелях, якія выяўляюць няпросты час айчыннай незалежнасці і быційна-творчае жыццё самога пісьменніка: «дзённік», «кола дзён», «версіі», «апофрыкі» і «піліпікі». І калі грамадска-палітычная сітуацыя той пары́ наўпрост у кантэксце кнігі не разгортваецца і не падлягае развагам і аналітыцы, а толькі канстатуецца праз афіцыёз (паведамленні ў СМІ), то ўсё астатняе творча і па-мастацку пераасэнсоўваецца. Тут крэатыву ў аўтара звыш меры. Адчуваецца катэгарычны адыход ад літаратурных традыцый «класічнага сацрэалізма». А ў некаторых жанрах — наследаванне творчай манеры і стылістыцы любімага аўтарам Хармса. Нават ужо згаданае вышэй фармаванне кніжкі прачытваецца ў гумарыстычных (з тонкім падтэкстам) «Піліпіках»: «Піліп любіў чытаць газеты. 

Любіў сьвежасьці. Бывала, купіць у краме што-небудзь і просіць, каб загарнулі ў газету. <…> Бабулькі заўсёды загортвалі семкі ў найцікавейшыя ўрыўкі артыкулаў. Піліп чытаў іх без пачатку альбо без канца, альбо без аднаго і другога разам. Чытаў і астатняе дадумваў. І так прывык, што цяпер, нават купляючы газету, ён спачатку раздзірае яе на кавалкі, складае абы-як і толькі потым — чытае. Асалода надзвычайная. Паспрабуйце. Раю».   

Безумоўна, што ўжо ў такіх тэкстах прачытвалася і была закладзена «схема» гэтай «калейдаскапічнай» кніжкі. Часцей за ўсё кожны аўтарскі дзень студзеня 1993 года сваімі рознымі жанравымі тэкстамі гарманічна дапаўняе цэласнасць пражытага і створанага, а калі і супярэчыць ці правакуе чытача, то толькі з мэтай больш глыбокай узважлівасці і разважлівасці да напісанага. Таму на пазначаны час жыцця чытач хоць і глядзіць вачыма Барыса Пятровіча, аднак сінтэзуе ўбачанае сам і сам жа робіць высновы праз мастацкую трансфармацыю ва ўласным усведамленні. Ну вось вам да сказанага мной такая «версія»: «…у мяне захавалася здольнасьць глядзець на напісанае, сваё зразумела, як на чужое. І адпаведна ацэньваць. Тым больш, чытаючы чужое — гэтая якасьць выпірала і адсейвала кнігі па некалькіх сказах. Я загарнуў і адклаў кнігу. І толькі цяпер зірнуў на вокладку. Там стаяла прозьвішча прызнанага ўсімі класіка». А, між тым, гэта яшчэ і ўнутраная (завочная) палеміка з класічнай традыцыяй беларускай літаратуры, вызначэннем яе існай значнасці і спроба стаць «перашкодай» на яе вытаптаным гасцінцы. Больш за тое, не баючыся несувымернасці талентаў, малады пісьменнік як бы спрабуе паставіць сябе ў адзін шэраг з мэтрам нацыянальнай літаратуры. Менавіта так па тым часе (няхай толькі і для самога сябе) раскладваў мастацкі вектар уласнай творчасці. І гэта смелы і варты павагі літарацкі ўчынак. Шчыра кажучы, калі сустракаешся з чарговым творам ці кнігай якога-небудзь нашага вядомага пісьменніка, то прыкладна ведаеш ці здагадваешся, а то ўжо і чакаеш пэўнага, толькі таму канкрэтнаму пісьменніку прыналежнага зместу і мастацкага светавыяўлення. Аднак ёсць адзінкі выбітных і неардынарных, чытаючы якіх заўжды натыкаешся на новы нечаканы змест, арыгінальнасць мыслення, стылю і ўласнага светабачання. Адзін з такіх у нашай сучаснай літаратуры — Барыс Пятровіч. Вядома, што такое творчае становішча — быць у авангардзе — вымагае ад аўтара і разумення і трывання свайго літаратурнага выраку. Зрэшты, яшчэ ў пару маладосці (сярэдзіна 90-х) Пятровіч ужо падобную долю ўсведамляў і выказваўся пра яе так: «Я ўпэўнены ў тым, што раблю, я ведаю, што пішу не для масаў, а для падрыхтаванага, «начытанага» чытача. І вельмі рады, калі знаходжу разуменьне». На жаль, крытыка недастаткова зважала (і зважае) на падобную яго творчасць (хоць, трэба прызнаць, што і сама крытыка, не зважаючы на некаторую яе інтэрнэт-прасунутасць, у сваёй пераважнасці застаецца даволі статычна-прадказальнай і стылістычна-пазнавальнай, за выключэннем двух-трох імёнаў, — як у дзяржаўных, так і ў незалежных выданнях). І ўсё ж такая адносная няўвага і пэўная доля крытычнасці не «загналі» пісьменніка ў «стойла» шараговасці. (Пры гэтым зазначу, што пошукам новых форм і сэнсаў, апроч Алеся Разанава ў паэзіі, у беларускай прозе па тым часе амаль ніхто не займаўся, хіба што апроч рана адышоўшага Алеся Асташонка.) Таму, чытаючы сучасную прозу Барыса Пятровіча — апошнім часам усё больш жывую, асягальную, крэатыўную — адаптуеш свой досвед адносна прыўнесенага ім інтэлекту да рэалій сучаснага чалавечага жыцця (нацыянальнага найперш)...

images_68.jpg


Што да ідэйнай і структурнай вызначанасці кнігі «Ідзі адзін», то, безумоўна, яе стрыжнем (ствалом), на якім трымаецца сутнасць, з’яўляецца «дзённік» пісьменніка, што «мусова» пісаўся аўтарам цягам студзеня 1993 года. Карэнная, як і заўсёды найбольш схаваная частка, — гэта «кола дзён», газетная рубрыка, якая палягае на інфармацыі з грамадска-палітычнага атачэння і афіцыйных СМІ. Ну і крона з усімі сваімі адгалінаваннямі (найбольш адметнае і шумліва-гаварлівае) — гэта мастацкія тэксты пісьменніка (галіны — «версііі», лістота — «апофрыкі» і насохлыя сукі — «піліпікі»). Такім своеасаблівым (вобразным) літаратурна-мастацкім дрэвам падаецца мне фармат гэтай кнігі Барыса Пятровіча. Пра «дзённік» і «кола дзён» асабліва гаварыць не выпадае — гэта канстатацыя грамадскага і аналіз унутранага жыцця. А што да мастацкіх твораў, то, скажам, «піліпікі» ёсць кароткімі тэкстамі з адценнем бяскрыўднага гумару, іроніі, а сям-там і сарказму. Перакажу адзін з іх сваімі словамі. Ён пра тое, як Піліп купіў на прыпынку банан… адзін, другі, трэці… Смачна, спадабалася, хочацца яшчэ, ды — цап-лап па кішэнях, а грошай ужо няма… Уся ўчарашняя палучка скончылася. Гэтая іранічная зацемка, наўзбоч пацешнасці сітуацыі, паказвае нам і на той сацыяльны лад жыцця на пачатку станаўлення дзяржавы — такія былі кошты і такі быў заробак… Часам не абыходзіцца і без гратэску. Што да «апофрыкаў», то гэта даволі смелы аўтарскі крок да зваротнага боку беларускай гісторыі — не рытарычнага яе ўслаўлення, не празмернага гонару ці, крый Бог, абсмейвання, а яе правакацыйнага выварочвання вонкі, з посмехам паказваючы на яе казачную легендарнасць і просталюднасць, тым самым прыцягваючы да слаўных сыноў Айчыны пільную ўвагу сучаснай чытацкай аўдыторыі. Пры гэтым яшчэ выклікаючы параўнальнае і асацыятыўнае супастаўленне прамінулага і сённяшняга. Скажам, пішучы пра Міндоўга, які займеў коціка і любіў з ім праводзіць шмат часу, і нават драмаць на каралеўскай службе, ды на пасяджэннях таго ж дзяржаўнага сойма… І вось мараль: «Жыў коцік у Міндоўга, бедалагі, доўга — дзён дваццаць, аж, пакуль зайздросьнікі не атруцілі яго. Вядома, Міндоўга». Гэта і пра пільнасць, і пра абачлівасць, і пра нядрэмную адданасць служэнню Айчыне (пра тую ж скрынку цвікоў, калі сітуацыю скіраваць да колішніх нашых парламенцкіх супрацьстаянняў). Альбо вось гэты кароткі тэкст: «У чарговы раз разьбіўшы войска чарговага маскоўскага цара, Радзівіл, каторы «Чорны», палонных браць адмовіўся, як яны не прасіліся. «Ідзіце дамоў з Богам, — сказаў ён маскалям, — і шукайце вакно ў Еўропу ў іншым месцы…» — але ім давялося яшчэ некалькі сотняў гадоў чакаць нараджэньня Пятра». Зразумела, што такія, на першы погляд, пацешкі напісаны не толькі для тых, хто любіць пасмяяцца, а найперш для тых, хто задумваецца над прычынай самога смеху. Пятровіч пры гэтым не так часта карыстаецца метафарай ды іншымі тропамі, а найчасцей — алагічнымі пасыламі ды стылістычнай непрадказальнасцю. Што да «версій» (тых жа «мрояў), то нельга не адзначыць іх выключнасць, і тую аўтарскую здольнасць, калі ён на абмежаванай тэкставай прасторы (максімум старонкі) здольны выкрасіць такую нечаканую думку, такі энергетычны эмацыйна-пачуццёвы пасыл, якія выводзяць чытацкія развагі далёка за межы літаральнага зместу. Хоць бываюць і спрошчаныя варыянты, але даволі цікавыя па задуме. Чытаючы сёння ўзвышаныя ўспаміны Сяргея Навумчыка пра высакароднае парламенцкае змагарства, раптам у Барыса Пятровіча натыкаешся на іншае: «Праклёны між зямлёю і небам. Лаянка. Брудна, склізка, пагана, як у вясковай лазьні. Маты. Між зямлёю і небам. Ідзе пасяджэньне парламента. Ня верыце? Уключыце тэлевізар. Праклёны. Маты. Між небам і зямлёю. Так робіцца вялікая палітыка? Не, гэта яны думаюць, што так яна робіцца». Ну вось, скажа нехта, такія эстэты-інтэлігенты, як наш аўтар, і надламілі нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва… Але гэта памылковая думка, бо мараль у дадзеным выпадку засноўвалася на асвеце і духоўнасці. Дарэчы, ёсць у кніжцы геніяльная рэч — пра ліхтар, аб якім людзі пачынаюць узгадваць толькі апынуўшыся ў цемры і прагнучы святла… Часам Б. Пятровіч на сваёй творчай самоце-адзіноце возьме ды смела і адчайна напіша тое, пра што іншыя ніколі не напішуць, а будуць насіць у сабе як затоеную зайздрасць, альбо камень за пазухай, да канца жыцця. Скажам, такое смела-параўнальнае з самім (тады яшчэ жывым і дзейным) непераўзыдзеным класікам нацыянальнай літаратуры Янкам Брылём. Маўляў, «ён глядзіць на жыцьцё стоячы на зямлі, між людзей, я ж лятаючы над жыцьцём, пазіраючы на іх зьверху, і таму ў мяне больш магчымасьцяў, я магу і фантазаваць, і выдумляць. Ён прывязаны да жыцьця, я ж — адарваны… Аднак, у прынцыпе, трэба мне прызнацца самому сабе, што я, хай і падсьвядома, бо дайшло мне гэта толькі зараз, сёньня, працягваю ягоную, Брылёву справу. Працую ў ягонай традыцыі, хоць і новымі сродкамі». Вось так, не менш-не больш. Да таго ж, наколькі Барыс Пятровіч смелы (назавём гэта так), настолькі ён і самакрытычны (і тут у яго адвагі нашмат больш): «Дарэчы, учора быў час, і я перагледзеў напісанае сёлета — і сумеўся: ад былых мрояў засталіся рожкі ды ножкі. Я дэградую. З больш чым 25 запісаў-мрояў можна выбраць для друку хіба што дзьве ці тры больш-менш прыстойныя «версіі»». Гэта было напісана чвэрць стагоддзя таму, аднак менавіта з такіх высноў і настрояў, бадай, і выкрысталізоўвалася яго творчая і чалавечая прага да дасканаласці… і асуджанасць на адзіноту. Але ж гэта надавала і нязломнасці, веры ў свае сілы і спараджала будучы плён уласных духоўных намаганняў. Адсюль, як мне падаецца, і назва кнігі і лёсавы знак творцы — ідзі адзін. Бо, зразумела, што, ідучы са сваёй адзіноты, ты йдзеш да ўсіх. І, у рэшце рэшт, аднойчы прыходзіш. З чым? О, гэта ўжо іншае пытанне. Але бясcпрэчна адно, што такое здараецца толькі тады, калі літаратура, якая павінна была стаць пісьменніку хлебам, становіцца яму духам. Якраз тое і тычыцца таленавітай, неардынарнай і далёкасяжнай творчасці Барыса Пятровіча.