Словы і вера Алеся Пашкевіча
"У часе майго старшынства давялося прайсці і суд па ліквідацыі-забароне
Саюза пісьменнікаў, і перажыць яго раскол (стварэнне новай
пісьменніцкай арганізацыі). Зрэшты, найперш трэба гаварыць не пра
раскол, а пра «раскольнікаў»: тых, што пры ўладнай падтрымцы хацеў
заняць пэўны кабінет, займець фінансаванне з бюджэту..."
Фразу пра тое, што «на пачатку было слова», ведаюць усе, а для пісьменнікаў яе ўвогуле можна лічыць ледзь не творчым дэвізам. Жыццёвы шлях Алеся Пашкевіча красамоўна пацвярджае, што за слова (калі яно сапраўды шчырае) трэба змагацца. Але давайце лепш пачытаем, што Алесь расказвае пра сябе сам.
Першыя словы
«Дзяцінства, яго непаўторнасць і незваротнасць бачацца на жыццёвай адлегласці. Ад самага прыйсця… Калі я зазбіраўся з’явіцца на свет, мама выбірала бульбу. На агародзе, пад высокай чырвонай грушай...
Пахла спеласцю, сонцам, тлустай зямлёй, жоўтымі вяргінямі, макрацом і чаканнем.
Прыперчваў усё тое церпкаваты смак падсохлага бульбоўніка.
Мне ўпершыню стала цесна і няўтульна.
У баразну да выаранай бульбы па́далі саспелыя чырвоныя грушы (рэдкі гатунак), а ў мамы забалеў жывот. Яе адвезлі ў бальніцу ў Слуцк, дзе яна, збіраючы сілы, нават змагла паспаць.
А вечарам 11 верасня 1972 года і з’явіўся я. І закрычаў.
Мне хацелася сонца і малака...
Маёй першай зямной прапіскай стала вёска Набушава старадаўняй Случчыны. У ХІХ стагоддзі гэта — сціплы шляхецкі засценак. У ім — наколькі хапае згадак і ўспамінаў родзічаў — і жылі мае дзяды-прадзеды. Прадзед Мітрафан Пашкевіч працаваў на зямлі і разводзіў коней. З дзябёлай кабылкай патрапіў у Пецярбург на выставу — і заняў прызавое месца. Атрымаў узнагароду царскімі залатоўкамі — і прыкупіў некалькі валокаў зямлі, падзяліў іх паміж пяццю дзецьмі. Золата здаў у таргсін — і тое выратавала ад Сібіры, калі да яго прыйшлі ўпаўнаважаныя. «Вось адпаведная даведка, — сказаў, — а золата цяпер — гэтая зямля»…
А затым Случчына стала нейтральнай зонай паміж польскім войскам і Чырвонай арміяй. Распачаўся антыбальшавіцкі Слуцкі збройны чын. Старэйшы сын Мітрафана пайшоў у паўстанцкі полк — і быў інтэрнаваны за Ланню на польскай тэрыторыі. След ягоны на тым згубіўся. Малодшы сын Мітрафана — Іван, бацька майго бацькі Аляксандра, — быў у 1941 годзе мабілізаваны на фронт (у хаце з жонкай Марыяй засталіся два сыны — трохгадовы і паўтарагадовы) і загінуў, па адных звестках, пад сценамі Кёнігсберга-Караляўца, па другіх — у Чэхаславакіі. Другі мой дзед па матчынай лініі Іван Пятровіч Акуліч партызаніў, ваяваў у дзеючай арміі — і вярнуўся жывым, і праз два гады пасля перамогі з маёй бабуляй Соф’яй нарадзіў дачку Зою — маю маму.
З імі і звязаныя мае і першыя крокі, і першыя ўспаміны. Мама працавала ў вясковай краме прадаўцом, бацька сачыў за меліярацыяй: абкошваў на колішніх балотах канавы. Гадаваў мяне дзед Іван, які жыў у нашай хаце. Прачнуўшыся, я выбягаў на вуліцу і прасіў яго: «Дзед, пасі мяне». У шэсць гадоў ён навучыў мяне спраўна касіць, адмыслова асадзіўшы дзеля гэтага пад мой рост касільна і лучок. «Хоць генералам будзь, а касіць умей», — паўтараў шматкроць.
З шасці гадоў я сябе і памятаю. З незвычайнай на той узрост прыгоды: у мяне дзень народзінаў, у краме сабраліся вясковыя жанчыны — і ўгаварылі маму адзначыць мой юбілей савецкім «Савіньёнам». З 50 грамаў нейкім чынам дасталося і мне — і я з песнямі, трымаючыся за плот, ледзь даклыпаў да хаты — нейкіх семдзясят-сто метраў. Сядзеў на ганку варывенькі і спяваў: «Балэ-балэ-балэ…». «А галава як у нягеглага пеўня на плячо падала», — успамінаў дзед.
А далей — лес, грыбы, кар’ер-копанка, рыба, сябры, кнігі. І — школа.
У Вясейскую школу мусіў дабірацца за шэсць кіламетраў — і ў дождж, і ў снег. Але тыя гады ўзгадваюцца сонечна: добрыя настаўнікі, новыя ўражанні; вучоба, якая давалася лёгка і цікава. Памятаю ўсе прачытаныя ў той час кнігі. У старэйшых класах ездзіў у Слуцк — на заняткі школы юных рабселькораў пры рэдакцыі раёнкі «Шлях Ільіча».
У 1989 годзе з залатым медалём скончыў школу і вырашыў паступаць у БДУ. Меркаваў — на журфак, але старэйшы (і адзіны) брат Віктар, на той час сам студэнт-журфакавец, адгаварыў, і дакументы мы з ім падалі ў прыёмную камісію філалагічнага факультэта. Здаў першы экзамен на «выдатна» — і быў залічаны студэнтам.
Чаму менавіта такі выбар? Атрымлівалася, да прыкладу, і з хіміяй (удзельнічаў у абласных алімпіядах), але цягнула толькі да слова. Да беларускага слова.
Вучоба слову
Студэнцтва — асобная залачоная старонка маёй жыццёвай кнігі. Асабліва калі яно — як у мяне — супала і з асабістым станаўленнем, і са станаўленнем краіны.
Тагачасны філфак БДУ — акадэмія з найславутымі выкладчыкамі-славістамі: прафесары Супрун, Шакун, Бурак… Першы ў жыцці студэнцкі экзамен — «Гісторыю КПСС» — здаваў дэкану Ваўку, а праз тры гады тая партыя апынулася пад забаронай... Хацеў (на першым курсе) пасля ўніверсітэта паступаць у Вышэйшую партыйную школу, а на чацвёртым курсе ўжо вучыўся ў ейных сценах дома 31 па вуліцы Карла Маркса — куды пераехаў-перабраўся філалагічны факультэт БДУ на чале са сваім новым дэканам — прафесарам і пісьменнікам Алегам Антонавічам Лойкам. Мой першы дэкан на першай лекцыі хваліўся, што прачытаў поўны збор твораў Леніна, а дэкан Лойка першую лекцыю пачаў з прызнання, што прачытаў усе старабеларускія летапісы і хронікі… Ён — Алег Лойка — стаў маім хросным апекуном: кіраўніком дыпломнай, навуковым кіраўніком кандыдацкай, навуковым кансультантам доктарскай дысертацый. І аўтарам прадмовы да майго першага зборніка паэзіі «Нябесная сірвента», якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры», калі я быў яшчэ студэнтам.
Тагачасны філфак універсітэта вучыў мяне не толькі думаць, чытаць і пісаць, але і вязаць ды скірдаваць снапы аршанскага лёну (восеньская практыка), падвязваць вінаграднікі ды палоць тытунь (крымскі будатрад, камандзірам якога мяне прызначылі). А яшчэ — хадзіць на шматтысячныя апазіцыйныя мітынгі. І… піць моцныя напоі. З год я жыў у студэнцкім інтэрнаце на Кастрычніцкай у адным пакоі з кіраўніком паўночна-карэйскага зямляцтва-студэнцтва Анам Дон Чэрам.
Стыпендыю-заробак на той час ён атрымліваў нечувалую — 600 рублёў (думаю, і рэктар столькі не меў). Ан — шчыры і кампанейскі чалавек — ладзіў сустрэчы з землякамі (і гуманітарыямі, і курсантамі-лётчыкамі), умеў смачна кухарыць-гатаваць, а ў ягоным вялікім халадзільніку заўсёды чакалі скрыня гарэлкі і скрыня шампанскага. Аднак найбольш ён паважаў родную гарэлку, якую перадавалі з маскоўскага дыппасольства, — жаўтаваты спірытус у трохкутнай бутэльцы са змейкай унутры… Гэта таксама была адмысловая практыка, асабліва калі назаўтра зранку ва ўніверсітэце цябе чакаў экзамен па нямецкай мове.
Даўшы мне — першакурсніку — паспаць з паўгадзіны, адказны Ан будзіў і перад іспытам даваў тоўсты, з вялікі палец, корань цалебнага жэньшэню, — і пасля яго не толькі спаць некалькі дзён не хацелася, але і пачынаў пачуваць сябе немцам з баварскім вымаўленнем, і экзамен здаваўся на выдатна.
Аднак жэньшэнь не здолеў уратаваць паўночных карэйцаў (і тых, хто вучыўся расійскай мове, і тых, хто штудыяваў лётную справу) ад гарбачоўскай перабудовы… Пачасцелі праверкі, падчас якіх мае карэйскія сябры дэманстратыўна чаплялі на пінжакі камсамольскія значкі з выявай Кім Ір Сэна, а праз месяц іх усіх спешна вывезлі на радзіму — каб не набраліся дэмакратычнай заразы. З Анам перад развітаннем мы абмяняліся хатнімі адрасамі, але ані слова ад яго не прыйшло...
Была ў маім студэнцтве яшчэ і вайсковая кафедра, і зборы, і прысяга на пляцы пад бел-чырвона-белым сцягам, і запіс у ваенным білеце: камандзір узвода мотапяхоты…
Шмат у чым спрыяла мне і літаратурнае аб’яднанне «Крыніцы» пры газеце «Чырвоная змена», і падтрымка ягонага нястомнага літкансультанта Алеся Герасімавіча Масарэнкі. Літаратурная моладзь у разгар дэмакратыі (пачатак 90-х) заснавала і выдавала на грошы дзяржавы свой штомесячны часопіс «Першацвет», і я — студэнтам — працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. А яшчэ — і кіраўніком згаданага літаб’яднання «Крыніцы».
А галоўнае — не пераставаў быць удзячным брату за тое, што некалі з’агітаваў мяне паступаць на філфак. І найперш — з наступнай прычыны. Уявіце: на курсе 110 чалавек, і з іх толькі дзесяць хлопцаў! Проста дзявочае царства! Філфаку я абавязаны сваёй жонкай Вольгай, з якой пяць гадоў адвучыўся на адным курсе і ў адной групе. А затым напісалі з ёй дачку Алесю і сына Багдана…
Закончыў БДУ з чырвоным дыпломам, паступіў і на выдатна адвучыўся ў аспірантуры. Абараніў кандыдацкую «Феномен узвышэнства ў беларускай паэзіі ХХ стагоддзя», стаў выкладаць у альмаматэры. Падрыхтаваў і абараніў (у трыццаць гадоў) доктарскую — ужо па прозе. Яе тэма — «Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў прозе беларускага замежжа ХХ стагоддзя».
Захапленне словам
Як стаў пісьменнікам — не ведаю. Згадваюцца нейкія нявызначаныя памкненні, адчуванне радаснай і бадзёрай узлётнасці — не раўнуючы, як пасля ўжывання карэйскага жэньшэню. Мноствам спасціглых кніг пахваліцца не магу. Найбольш уразілі ў школьніцтве з прозы — Янка Маўр, Іван Мележ, Якуб Колас, Міхаіл Лермантаў, Барыс Васільеў, у паэзіі — Максім Багдановіч, Максім Танк, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў. Пазней да іх з беларусаў дадаліся Кузьма Чорны, Андрэй Мрый, Вацлаў Ластоўскі, Уладзіміры Жылка і Дубоўка… Помню, штосьці сам рыфмаваў яшчэ з чацвёртага класа. Выдатна атрымліваліся сачыненні. Але зацікаўленасць у сваім пісьменніцтве выразна адчуў з пятага класа — падчас ліставання са сваім стрыечным дзядзькам Анатолем з Асіповічаў (унукам майго прадзеда Мітрафана): мой рэспандэнт радаваўся маім беларускамоўным лістам і прасіў пісаць часцей…
Напачатку 1995 года я — як аўтар паэтычнага зборніка — быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі (пасля таго, як па змененым заканадаўстве назву краіны было забаронена ўжываць у назвах недзяржаўных арганізацый, ён быў пераназваны ў Саюз беларускіх пісьменнікаў). Апублікаваў раман-дакумент пра Слуцкі збройны чын і трагічную гісторыю БНР «Пляц волі», дзве літаратуразнаўчыя манаграфіі. У 2002-м таемным галасаваннем быў абраны старшынёй адзінага на той час пісьменніцкага Саюза. У 2006-м пераабраны на другі тэрмін. Крыху працягваў пісаць, друкавацца. Вершы і проза перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, славацкую, ангійскую і шведскую мовы…
Быццё — быццём, а проза — прозай. У звязку з гэтым, думаецца, я прайшоў яшчэ і дактарантуру па вывучэнні дзяржаўнага механізму, чалавечага двудушша, паклёпніцтва, чыноўніцкай хцівасці. «Стажыраваўся» і ў высокіх кабінетах Адміністрацыі прэзідэнта, і ў альмаматэр, і ў апартаментах Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, і яшчэ шмат дзе. За некалькі дзён да з’езда Саюза пісьменнікаў (2002 год) тагачасны памочнік кіраўніка Беларусі і начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення настойліва ўгаворваў мяне зняць кандыдатуру перад галасаваннем, прапаноўваў пабыць намеснікам старшыні, уважліва распытваў пра працу — і акуратна запісаў тэму маёй доктарскай у свой блакноцік з дзяржаўнымі сімваламі на вокладцы. «Вы ж разумны чалавек, вам жыць далей…» — падрахаваў. «Пераможцаў не судзяць», — занадта ўпэўнена, адмаўляючыся ад ягонай прапановы, я сказаў яму перад адкрыццём перавыбарнага З’езда.
І памыліўся: у нас судзяць усіх. І, у прыватнасці, трыццацігадовага доктара філалагічных навук, старшыню Саюза пісьменнікаў. Рашэнне Вучонага савета БДУ па прысуджэнні мне навуковай доктарскай ступені двойчы зацвярджалася на спецыялізаваным Экспертным савеце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, аднак ягоны прэзідыум нястомна (два гады!) шукаў чорнага рэцэнзента, які б напісаў адмоўны водгук.
Такога ў Беларусі не знайшлося, і ідэолагі пайшлі апошнім апрабаваным шляхам: аўтарэферат дысертацыі «выпадкова» трапіў у рукі групы генералаў, палкоўнікаў, ветэранаў вайны. Яны і даслалі прэзідэнту ды ў іншыя інстанцыі свой калектыўны абураны водзыў, у якім амаль кожны радок аўтарэферату называўся «опошлением белорусской национальной идеи, внутренней и внешней политики Республики Беларусь, а сама праца — хорошо продуманной и организованной политической и идеологической акцией, маскируемой под науку», «попыткой националистов и их зарубежных покровителей украсть у белорусского и других народов бывшего Советского Союза Победу» і «антигосударственной, антипатриотической, национал-предательской диверсией». Ні больш — ні менш…
Вышэйзгаданыя генералы-ветэраны (не паверыце, але сярод іх былі і тыя, хто некалі пісалі паклёпы на Васіля Быкава) у згаданым лісце прасілі кіраўніка дзяржавы «защитить идеологию современного белорусского государства, защитить белорусскую науку от перевёртышей, карьеристов и политических проходимцев». Як разумееце, пасля такой «рэцэнзіі» мне і не выдалі пасведчанне… А наўздагон тым жа высокім адрасатам пайшлі даносы на майго навуковага кансультанта і мяне — за некаторымі подпісамі калег-кафедралаў. Словам, анічога новага пад небам…
Слова пра пасады і кнігі
Так, анічога. І напісанае Грыбаедавым дзвесце гадоў таму «Служить бы рад, прислуживаться тошно» застаецца, на жаль, актуальным і сёння. Званні, прэміі, пасады…
Думаю, яны творцам перашкаджаюць, і прыклады можна пералічваць доўга. Наогул, для чалавека як для не зусім дасканалай істоты пасада — гэта своеасаблівы сацыяльны наркотык. І чым вышэйшая пасада, тым мацнейшая «інтаксікацыя». Аднак у ідэале ў творцы адзінай пасадай павінна быць літаратура. Ну і сям’я, калі атрымаецца…
Тым не менш, я 10 гадоў быў, як пісалі некаторыя журналісты, самым галоўным у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, пяць — першым намеснікам, сёлета на пяць гадоў зноў абраны Радай першым намеснікам. Ну… быў некалі кабінет з прыёмнай у Доме літаратара метраў з дзвесце квадратных… Ну прыходзілі ў яго цыбатыя фельд’егеры з урадавай ці прэзідэнцкай поштай… І была ўрадавая вяртушка (мабільнай сувязь на той час яшчэ не перамагла, і нават кіраўнікі Адміністрацыі прэзідэнта праз секунду-другую ўласнаручна падымалі слухаўку)… Але ўсё ж гэта была не пасада. Хутчэй — патэльня. І я з таварышамі-калегамі пачуваліся ў тых кабінетах уюнамі. Праўда, і з’есці сябе не далі.
Я бачыў, напрыклад, як пішчыць ды круціцца-сквірчыць на вясковай патэльні вылаўлены ўюн… Мяне ж не лавілі і не смажылі. Нерваў, безумоўна, папілі… Але ж рашэнне пайсці на тое я прымаў сам, як кажуць, у поўнай свядомасці. Ды і па сёння аб тым не шкадую, бо крыху ведаю гісторыю, у прыватнасці — беларускай літаратуры. Якая там патэльня?.. Ну было некалькі пагражальных начных званкоў… Ну аднойчы на лабавое шкло маёй машыны (калі заязджаў да пад’езда) упала цагліна… Ну пагаварыў аднойчы ласкава асабіст... Ну некалькі даносаў на самы верх на мяне напісалі… Яшчэ тое-сёе… Але ж мы ўсведамляем: дзе мы і як мы. Не Калыма, не Курапаты… Мне пашчасціла яшчэ ў студэнцкія гады пазнаёміцца і пасябраваць з былымі рэпрэсаванымі выдатнымі паэтамі і людзьмі Алесем Звонакам і Паўлам Пруднікавым. Вось яны ды іхняе пакаленне зведалі сапраўднае пекла ды «патэльні».
А галоўнымі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў у часе майго старшынства былі ўсё ж Народныя пісьменнікі і паэты (ды і дасюль непераўзыдзеныя творцы) Васіль Быкаў, Янка Брыль, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, а таксама роўныя ім Анатоль Вярцінскі, Анатоль Кудравец, Генадзь Бураўкін, Алесь Жук, Уладзімір Някляеў, Вольга Іпатава, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, а таксама заставаліся дзясяткі і сотні найлепшых сучасных нацыянальных літаратараў, якія дзве кадэнцыі (па статуце нашай арганізацыі, як, зрэшты, і па Канстытуцыі дзяржавы, больш заставацца пры ўладзе недапушчальна) галасавалі за мяне, падтрымлівалі і дапамагалі. Дапамагалі і журналісты, і праваабаронцы, і замежныя дыпламаты, зрэдку — і высокапастаўленыя чыноўнікі (Латыпаў, Падгайны, Князеў, Якубовіч).
У часе майго старшынства давялося прайсці і суд па ліквідацыі-забароне Саюза пісьменнікаў, і перажыць ягоны раскол (стварэнне новай пісьменніцкай арганізацыі). Зрэшты, найперш трэба гаварыць не пра раскол, а пра «раскольнікаў»: тых, што пры ўладнай падтрымцы хацеў заняць пэўны кабінет, займець заробак і фінансаванне з дзяржбюджэту (якіх мудры Іван Пятровіч Шамякін назваў творчымі імпатэнтамі)… Ва ўсе ўстановы (школы, ВНУ, бібліятэкі), дзе працавалі нашы літаратары, спусцілі дырэктыву: ці пішаш заяву аб выхадзе з апальнага Саюза і пераходзіш у новы «правільны», ці пішаш заяву аб звальненні. Колькі дзяржвысілкаў патрацілі! А колькі нерваў творцам спалілі?.. Вось і мусіла частка з іх ратавацца. Ну а некалькі дзясяткаў перайшлі ў новаствораны пісьменніцкі Саюз самохаць. Усіх разам — каля сотні. Аднак праз некалькі гадоў найбольш вядомыя і таленавітыя з іх вярнуліся назад. І цяпер у арганізацыі сітуацыя стабільная: таварыства аднадумцаў.
Адносіны сапраўднага творцы і дзяржавы заўсёды складаныя. Але гэта гледзячы якая дзяржава-краіна. У некаторых улады падтрымліваюць творцаў (не на паперы), у некаторых — высылаюць ці знішчаюць. Аднак ва ўсіх выпадках адносіны няпростыя. У ідэале творца — сам сабе дзяржава.
Ці спрабавалі мяне купіць ці запалохаць? Купіць — не, а вось апошняе — здаралася…
«Здарылася» ў тым часе і яшчэ некалькі маіх кніг: раман-біяграфія «Круг» пра найталенавітага нацыянальнага паэта Беларусі Уладзіміра Дубоўку, якога Купала называў беларускім Пушкіным і які 28 (!) гадоў правёў у сталінскім зняволенні — і не скарыўся, вытрымаў. Затым была кніга «Сімъ победиши», а яшчэ — з дзясятак эсэ ды нізка вершаў. Ну і кніга (аповесць пра Нобеля) «Рух».
Вера ў слова
Жыццёвае крэда з літаратурным супадаюць: «Быць». Быць з вялікай літары. Ну а незвычайнае жаданне… Над беларускай літаратурай другой паловы ХХ стагоддзя рэфрэнам гучаў сімвал «сена на асфальце» (апавяданне Міхася Стральцова). Вяскоўцы, якія ішлі ў літаратуру, асядалі ў горадзе, жылі ў настальгіі, ім мроілася і сена вясковае, і падабаўся ўрбаністычны асфальт. Яны імкнуліся ў творчасці спалучыць вёску і горад.
У Стакгольме на адной з цэнтральных вуліцаў, якая вядзе да каралеўскага палаца, пасярод асфальту замест дарожнай разметкі вылітыя словы класіка шведскай літаратуры Стрындберга. І вось аднойчы мне захацелася бачыць на адной з цэнтральных вуліцаў Менску (нават і месца выбраў — цяперашняя вуліца Карла Маркса) вылітыя выказванні нашых літаратурных класікаў. Можа, тады і будзе што ўспомніць не толькі старэйшынам нашай літаратуры і спакайней уздыхнуць, але і сённяшнім маладзейшым — не толькі літаратарам, мастакам, музыкам, спевакам, але і тым людзям, якія патрапяць у нашу сталіцу ды пройдуцца яе вулкамі, у якіх не толькі будуць умураваныя беларускамоўныя тэксты, але і на якіх будзе гучаць годна і ўзнёсла беларуская мова?..
Хобі — анічым не займацца. Проста па-японску сузіраць. А яшчэ захапляюць машыны, дарога, горы, мора (апошняга неставала на маёй «роўнай» Случчыне).
Пра веру ж некалькімі сказамі не распавесці… Веру ў зямлю і неба над ёй. Не ў Зямлю як частку космасу, а ў той лапік, на якім упершыню стаў на ногі, у той куток Случчыны, абжыты, тысячы разоў пераараны ды ўтаптаны маімі дзядамі-прадзедамі.
Веру высокім, моцным дрэвам, якія звязваюць маю зямлю з небам. Веру найперш вязу і грабу.
Веру восеньскаму верасню, у які прыйшоў на свет: у ягоную шчодрасць ды сімвалічную выніковасць.
Веру сабакам і катам. З мільярдаў людзей веру адзінкам (ды і тое, баюся, часова). З людскога царства найбольш веру нябожчыкам: яны не баяцца, не хлусяць і не зайздросцяць.
Веру ў каханне — як у адзінае, што трымае і лякуе.
Веру ў слова, у ягоную найвялікую моц — і сонечную, і чорную. У ягоную першаснасць і першапрычыннасць.
Нарэшце, веру ў мудрага Стваральніка ўсяго вышэй названага, у ягоную дабрыню і цярплівасць.
Мог бы паверыць у матэматычна-фізічныя формулы ды тэарэмы, але як верыць нежывому? (Нябожчыкі — выключэнне...) Я нават не веру ў тое, што 2 + 2 = 4, бо трымаюся першаснасці і абсалюту тварэння. Тварыць — гэта значыць называць, супастаўляць, ксціць словам. Назаві хтосьці першым чацвёрку пяцёркай, і 2 + 2 было б 5…
І яшчэ паэтычна хачу верыць у тое, што не зрокся і ўнук зямлі:узараўшы нябёсы болем,на чырвоным арле-каніпраімчуся бялюткім полем;
што не вечны ў грудзях кашчэй,што ў нябыт павядуць не першым,што чарніла святых начэйяшчэ хопіцьна дзесяцьвершаў…
Перакананы, што пытанне «У што я веру?» мусіць паўставаць першым у кожнага творцы. Так сталася, што традыцыйна нашы літаратары зазвычай адказваюць на пытанне «Што рабіць?». А першым пытаннем сапраўднага літаратара павінна быць — «У што я веру?». А потым ужо мусім думаць, што рабіць, каб тую веру не страціць, і як яе пашырыць».