Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют»
Стартаваў новы сезон штогадовай прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча, што прысуджаецца ў трох намінацыях: "Проза", "Паэзія" і "Мастацкі пераклад".
Сёлета ў журы ўвайшлі:
Ігар Бабкоў — паэт, празаік, філосаф, лаўрэат прэміі Гедройца 2014 году; Міхал Бараноўскі — паэт, лаўрэат прэміі “Дэбют” у 2017 годзе;Павал Бераговіч — старшыня фонду “Вяртанне”, фундатар прэміі;Марына Весялуха — літаратурны крытык, журналістка;Сяргей Дубавец — пісьменнік, журналіст, лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" 2015 году;Марыя Мартысевіч — паэтка, перакладчыца, празаік;Усевалад Сцебурака — паэт, празаік, лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" 2004 году;
Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 31 студзеня 2018 году даслаць заяўку. Для гэтага неабходна запоўніць электронную форму альбо напісаць на электронную скрыню info@pen-centre.by ці на паштовы адрас: 220005, Мінск, вул. Залатая Горка, 2-101. Да заяўкі неабходна далучыць электронную версію кнігі, а таксама перадаць на офіс Беларускага ПЭН-цэнтра (Мінск, вул. Залатая Горка, 2-101) 2 асобнікі кнігі, калі яна выходзіла ў папяровым варыянце.
Да разгляду прымаюцца дэбютныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ці перакладзеныя на яе. Узрост аўтара або перакладчыка — да 35 гадоў на момант выдання.
Пераможца прэміі ў кожнай намінацыі атрымае ўзнагароду, эквівалентную 2000 даляраў. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў, эквівалентных 500 далярам. Колькасць заахвочвальных прызоў вызначаецца журы.
Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ўручаецца з 2011 года. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Глеб Лабадзенка, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Ганна Янкута, Кацярына Оаро, Дзмітры Дзмітрыеў, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач, Андрусь Горват і інш.
Арганізатары прэміі: дабрачынны фонд “Вяртанне”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Паводле прэс-службы Беларускага ПЭН-цэнтру