Венецыя Дабралюбава ды не той Арлоў
«Новы Час» працягвае друкаваць выбраныя Сяргеем ШАПРАНАМ старонкі з будучай кнігі «Беларускі гістарычны анекдот».
Экзістэнцыялізм і генералы
Першапачатковая назва фільма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава па сцэнары Алеся Адамовіча — «Забіць Гітлера». І хоць ідэю фільма падтрымаў Пётр Машэраў, аднак ужо практычна прыняты сцэнар «зарэзалі» генералы. Яны хоць і не маглі вымавіць слова «экзістэнцыялізм», але ў іх водгуку яно паўтаралася не менш за пяць разоў. Да сцэнару было выказана 12 заўваг. Элем Клімаў пагадзіўся толькі з адной. Вынік — фільм здымацца не будзе.
З карцінай дазволілі запусціцца толькі праз сем гадоў, пасля гібелі Машэрава. Правіць сцэнар ужо не трэба было:
— А ніхто і не патрабуе нічога мяняць! Хто вам сказаў? — здзівіўся старшыня Дзяржкамітэта па кінематаграфіі Філіп Ярмаш у адказ на ўмову Элема Клімава, што нічога ў сцэнары ён мяняць не будзе.
Прышчэпка ад халеры
Кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў не заўсёды меў магчымасць асабіста прадстаўляць свае карціны на кінафестывалях за мяжой.
— Аднойчы я ў Венецыю не патрапіў, — распавядаў Ігар Міхайлавіч. — Мне паведамілі, што мае дакументы спазніліся, а насамрэч… Ну, лафа ж з’ездзіць у Венецыю, тым больш — за дзяржаўныя сродкі! Таму нехта спрытны з Дзяржкіно СССР паехаў замест мяне. Я ж у гэты час ляжаў дома з прышчэпкай ад халеры, бо ў апошні момант прыйшло паведамленне, быццам у Венецыі халера. Прыбягаю ў санэпідэмстанцыю:
— Венецыя! Трэба ехаць!
Мне робяць прышчэпку і кажуць:
— Паўтара тыдні пачакаем, потым зробім другую.
— Рабіце адразу дзве! — прашу.
— Будзе балюча.
— Затое Венецыю пабачу!
Я нават чорны касцюм набыў, і «бабачку» мае жанчыны мне зрабілі. І вось усе паехалі, а я ў гэты час ляжаў дома, каленкі ад болю падцягнуты да падбароддзя…
Пасля бягу неяк на кінастудыю, лье дождж, я выцягваю з паштовай скрыні газету і толькі сеў у тралейбус, як адразу прачытаў, што мой «Іван Макаравіч» атрымаў у Венецыі прыз! І адбылося гэта без мяне…
Неаднойчы Дабралюбаўскія дакументы «не паспявалі» своечасова. Таму рэжысёр неяк пацікавіўся ў Маскве:
— Чаму так: карціна мая атрымлівае прэмію, я — яе аўтар, аднак я — тут, а фільм — там?!
І пачуў у адказ:
— Будзьце ўпэўнены, Ігар Міхайлавіч, што вашу карціну прадстаўлялі вельмі годныя людзі.
— Ахвотна веру, — толькі і заставалася пагадзіцца Дабралюбаву.
Адхрысціўся
З уступнага слова кінарэжысёра Уладзіміра Арлова да адной са сваіх кніг:
«Ёсць пісьменнікі:
Уладзімір Арлоў — стваральнік мудрых, нібыта дзіцячых, вершыкаў, які жыве ў Сімферопалі;
Уладзімір Арлоў — які напісаў “Салёны кавун”, “Альтыст Данілаў”, “Парваны рубель”;
Уладзімір Арлоў — аўтар шчымлівай песні “Цішыня”; калі мне налічылі за яе выкананне аўтарскі ганарар, я адмовіўся, працытаваўшы ў якасці аргумента здзіўленаму касіру радкі “ночью мне покоя не даёт горькая моя вина”, якія спявалі, калі я вучыўся ў 5-м класе; ніякай “віны” за сабой не бачыў, бо не хлусіў бацькам і вучыўся на “выдатна”;
Уладзімір Арлоў — мой сябар, барадаты мудрэц, выбітны эрудыт, які надаў, нарэшце, беларускай літаратуры цвёрда абазначаны пол: мужчынскі, — дык вось усе яны, вядома, не я».
Аповесць, якую ўхвалілі Быкаў і Макаёнак
Напісаўшы аповесць «Смоліна — у год, калі былі геолагі», Уладзімір Арлоў захацеў паказаць яе Васілю Быкаву, хоць яго школьны настаўнік Барыс Клейн, які сябраваў з Быкавым, не раіў гэтага рабіць, казаў:
— Ой, Валодзя, глядзі! Быкаў — максімаліст. Ён вельмі патрабавальны чалавек і жорстка ставіцца да ўсіх, хто піша.
Аднак Арлоў разважыў: калі яго раскрытыкуе адзін з найлепшых пісьменнікаў Еўропы, то што ў гэтым страшнага? І — патэлефанаваў Быкаву.
Васіль Уладзіміравіч узяў аповесць вельмі неахвотна, сказаўшы, што праз некалькі дзён патэлефануе. Але патэлефанаваў ужо назаўтра. І, прыйшоўшы да Арлова ў гасцініцу «Нёман», стаў гаварыць такія словы, што ў маладога аўтара ад хвалявання нават змакрэлі далоні. Потым Быкаў узяў аркуш паперы і напісаў рэкамендацыйны ліст у часопіс «Неман».
У рэдакцыі аповесць усім спадабалася, яе адразу аддалі ў набор і нават надрукавалі анонс: маўляў, чытайце ў наступным нумары аповесць «Смоліна — у год, калі былі геолагі». Як раптам Арлова запрашаюць да галоўнага рэдактара «Немана» Андрэя Макаёнка. Тады толькі высветлілася, што сігнальны экзэмпляр часопіса з аповесцю патрапіў у Галоўліт, кіраўнік якога быў абураны вялікай колькасцю кпінаў з савецкай рэчаіснасці. На адрас аўтара было выказана безліч заўваг, а сам твор знялі з нумара. Да таго ж кіраўнік Галоўліта выказаў незадавальненне, што ў яго ведамства паступаюць не матэрыялы, а ўжо практычна гатовы часопіс. У адказ Макаёнак загадаў адправіць у Галоўліт усё, што ляжала ў рэдакцыйных шафах (Арлоў запомніў толькі лічбу — 700, але чаго — твораў ці папак — не памятае).
— Хай чытаюць! — крычаў Макаёнак.
У выніку аповесць Уладзіміра Арлова лягла ў «доўгую шуфляду». Хоць Андрэй Ягоравіч працягваў хадзіць з ёй па «высокіх» кабінетах:
— Хлопцы, у нас так дрэнна з гумарам! Давайце гэта надрукуем!
Урэшце справа дайшла да сакратара ЦК па ідэалогіі Аляксандра Кузьміна, якому аповесць спадабалася. І разумны Аляксандр Трыфанавіч, выбраўшы адтуль самую бяскрыўдную гісторыю пра двух старых, якія ў вайну сябравалі з пагранічнікамі, а цяпер бачаць на помніку знаёмыя прозвішчы загінулых, прачытаў яе Машэраву. (Пасля Макаёнак заўважыў Арлову: «Ты ўдастоіўся такога гонару, якога нават я ніколі не ўдастойваўся, — каб адзін сакратар ЦК другому сакратару ўслых чытаў твой твор!»)
— Навошта ж нам у гэта ўмешвацца? — запытаўся першы сакратар ЦК. — Рэдакцыя часопіса «Неман» — грамадская арганізацыя, Галоўліт — таксама не партыйная ўстанова. Няхай дамовяцца паміж сабой.
У выніку на адрас аповесці было зроблена ўсяго толькі дванаццаць заўваг, прычым даволі дробязных. Аднак калі Арлоў пачаў «касметычна» правіць свой твор, тут яго і панесла: у аповесці пачалі з’яўляцца не толькі новыя абзацы, але і вобразы! Асабліва ўдалася сцэна святочнай дэманстрацыі ў мястэчку, дзе калоне дэманстрантаў давялося тры разы прайсці міма трыбуны, каб аркестр мог дайграць марш да канца. Ці, скажам, расхінаўся катах кукурузы, і адтуль выскоквала жывёлавод з парасём на руках, якая выкрыквала: «Свинарки, вам почёт и слава! Свинины ждёт от вас держава!» Або гучала: «Животноводы, добивайтесь четырёхграммового ежесуточного привеса от ремонтного молодняка!» Гэта былі сапраўдныя лозунгі тых часоў — Арлоў нічога не выдумляў…
«Смоліна — у год, калі былі геолагі» выйшла ў 1975 годзе. Макаёнак пасля сказаў аўтару:
— Я думаў, што толькі паправіш аповесць, а ты нават палепшыў яе.
Пытанне
Кінарэжысёра Уладзіміра Арлова Яўген Глебаў называў самым даўнім і верным сябрам. Таму і распытваю Уладзіміра Аляксандравіча пра славутага кампазітара. Ён у адказ, смеючыся:
— Аднойчы мяне запрасілі сказаць колькі слоў пра Глебава падчас яго творчай вечарыны. Але колькі я ні стараўся што-небудзь успомніць, усе гісторыі былі абавязкова звязаны з тым, што мы выпівалі. Але потым усё ж узгадаў дзве гісторыі без гэтага. Дык вам пра гэта ці без гэтага?..
Як Глебаў развіццё беларускай музыкі спыняў
Глебаў, ведаючы, чаго ён варты, часам іранізаваў над гэтым. Так, аднойчы падчас абеду заўважыў кінарэжысёру Уладзіміру Арлову:
— Вось у гэты момант развіццё беларускай музыкі цалкам спынілася. Палічы: у нашым Саюзе кампазітараў 44 члена. З іх кампазітараў — не музыкантаў і музыказнаўцаў, а кампазітараў — 20. Сярод іх пішуць 10, а пішуць хутка і актыўна толькі 5. Тых, хто піша хутка і добра, — я адзін. А мы вось з табой сядзім зараз і па чарачцы бяром…
Не перашкаджайце!
Дыялог паміж Яўгенам Глебавым і высокім партыйным чыноўнікам:
— Партыя ўказвае на тое, якую вы, кампазітары, павінны пісаць музыку. А мы тут дзеля таго, каб дапамагаць вам у гэтым.
— Нам не трэба дапамагаць — вы не перашкаджайце!
Творцы і ўладары
З запісаў Уладзіміра Арлова пра Яўгена Глебава:
«Аднойчы задуменна спытаў:
— А ці ведаеш, пры якім каралі жыў Бетховен?
Я ніколі не задумваўся, але ж сапраўды: жыў жа пры нейкім каралі; і Мальер, і Бах, і Мусаргскі тварылі пры нейкіх валадарах…
— Не ведаю… А ты?
— Ну, я ведаю, бо паглядзеў у энцыклапедыі. Дык вось гэтага яны нам, творцам, дараваць не могуць!»
Шклярэўскі і Някляеў
Вось ужо колькі гадоў Уладзіміру Някляеву тэлефануе па начах з Масквы Ігар Шклярэўскі. Тэлефануе, вярнуўшыся з казіно ў свой адзінотны дом, і кожны раз, перш чым разбуджаны Някляеў паспявае паслаць яго куды-небудзь далей за Маскву, кажа:
— Калі табе няма каму патэлефанаваць сярод ночы, тады табе ўвогуле няма каму патэлефанаваць.
Што такое старасць?
Шклярэўскі тэлефануе Някляеву і кажа:
— Мне 70, а я пачуваюся ўдвая маладзейшым, я вальсую па начах, напісаўшы нечаканы тэкст, гуляю ў казіно, чытаю кнігі, я адчуваю сябе шчаслівым… і раптам заўважаю, што ні пра што не мару. Не ведаю, пра што?.. Вось гэта і ёсць старасць.
Працяг будзе
Пачатак чытайце ТУТ
Кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот» практычна гатовая да выдання. На яе на краўдфандзінгавай пляцоўцы «Talaka» абвешчана падпіска. Гэта, па сутнасці, першае выданне ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых літаратараў, а таксама дзеячаў культуры і палітыкі, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Яўген Глебаў, Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Мулявін, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч і многія іншыя — усяго ў кнізе больш за сто асобаў і больш за пяцьсот гістарычных анекдотаў.