«Я жыву поўным жыццём тады, калі з’яўляецца жанчына...»
Леаніду Дранько-Майсюку сёння — 60. У юбілейны час майго аднакурсніка па Літаратурным інстытуце, таварыша па літаратуры і проста сябра прапаную кінаэсэ, якое было штуршком для стварэння дакументальнага фільма, што потым займеў канчатковую назву «Леанід Дранько-Майсюк. Бязмежнае»…
Паэт Леанід Дранько-Майсюк, бадай, як ніхто з сённяшніх беларускіх літаратараў, у сваёй іпастасі арганічны ва ўсіх жыццёвых праявах.
Нават, калі гуляе з сабачкам. Ранкам і надвячоркам, як і належыць. Здаецца, звычайная для гарадскога жыцця карціна — што тут дзіўнага? Хіба што адбываецца гэта ў Верхнім горадзе, дзе і жыве Леанід, ды на набярэжнай Свіслачы, у адметных краявідах. Але гэта знешні фон. Самае істотнае, што падчас гэтых шпацыраў ён піша вершы для Хомкі, французскага бульдога, свайго малога сябра…
Свядома ўзгадоўваў свой стыль у жыцці Леанід Дранько-Майсюк ці ўжо з падлецтва і юнацтва адчуваў сябе паэтам? Адказу адназначнага няма. Хутчэй, як бывае ў жыцці, і тое, і тое. Як не адчуваць сябе паэтам, калі ў фуфайцы, у якой ідзеш берагам Гарыні на завод у Хабішчах за два кіламетры ад Давыд-Гарадка, падшытая маці ўнутраная кішэня, дзе ляжыць часопіс «Маладосць»? Калі пасля школы працаваў на гэтым заводзіку слясарна-мантажнага інструменту ўпакоўшчыкам, часу пачытаць не было. Але неўзабаве перавёўся ў грузчыкі, у вольную хвіліну хаваўся пад лесвіцу і чытаў «Маладосць» ды беларускія кнігі.
А тут ужо і верш надрукаваны ў «Чырвонай змене», і перспектыва вучыцца ў Літаратурным інстытуце ў Маскве з дабраслаўлення Лідзіі Абухавай, рускай пісьменніцы з Давыд-Гарадка. Дарэчы, якраз яна сказала юнаку: «Лёня! Толькі пішыце па-беларуску!» Як не расправіць плечы?
Па сканчэнні вучобы ў Літінстытуце, якое адбылося пасля службы ў войску, Леанід пабраўся шлюбам з Вольгай, дачкой Валянціны Шчадрыной, прыхільніцы і перакладчыцы беларускай літаратуры. Але застацца ў Маскве нават думкі не было. І Вольга ні кроплі не сумнявалася, што трэба ехаць у Беларусь. Больш таго, іхняга сына Васіля яна нараджала не ў Мінску, дзе жылі, а на радзіме мужа. Так і стаіць у пашпарце ў менчука Васіля месца нараджэння: Давыд-Гарадок.
Каханая жонка, сын. Але ў нейкі момант з’яўляюцца вершы для А. Іх напісана шмат, калі быць дакладным, шэсцьдзясят два. Цэлая кніга, уступ да якой — невялікі празаічны тэкст «Інтрадукцыя».
…Я жыву поўным жыццём тады, калі з’яўляецца жанчына...
Хто ж такая гэтая загадкавая А? Жанчына-абстракцыя ці рэальны персанаж? Дранько-Майсюк як сапраўдны паэт ёсць і містыфікатарам, але ж дыму без агню не бывае. Мо цяпер (гадоў то пайшло!) і прыадкрыецца таямніца, але відавочна адно — праспяваны магутны гімн каханню.
У свой час сталася неспадзяванкай дэкларацыя Дранько-Майсюка аб тым, што вершы можна пісаць толькі да сарака гадоў. Бо смак віна ўжо не той, і ад цыгарэты няма задавальнення, але, галоўнае, позірк жанчыны хвалюе не так, як раней. Ён сапраўды так думаў, і пэўны час вершаў не пісаў, але жыццё паставіла на сваё. Яно вышэй і больш справядлівае за нашыя рацыянальныя заключэнні, асабліва для паэта. Немагчыма ім стаць у нейкі пэўны момант, немагчыма і перастаць ім быць.
Тым больш перастаць быць паэтам, калі ты жывеш на вуліцы Першага пацалунку. Насамрэч вуліца гэтая называецца вельмі празаічна і прыкра-архаічна: Леніна. Але ўсё падуладна паэту, вуліцу перайменаваць не самае складанае…
Ёсць у паэта самы любімы куточак — Паўночны завулак.
«Вельмі люблю Мінск, люблю блукаць па мінскіх завулках. Непадалёку ад Тэатра музкамедыі ёсць мой любімы Паўночны завулак. Дарэчы, незамужнім дзяўчатам магу параіць жыццёва неабходны маршрут — з вуліцы Сухой выйдзіце праз лагчыну да Транспартнага завулка. Там на ўзвышшы па-над Нямігай стаіць дом з верандай і бярозай. Адтуль адкрываецца прыгожы краявід на Тэатр музычнай камедыі. Калі дужа хочацца выйсці замуж, дачакайцеся таго часу, калі на тэатр упадуць зоркі ў выглядзе фіялетавых вішань. І ўжо заўтра вы сустрэнецеся са сваім жаніхом!»
А ў паэта Дранько-Майсюка Паўночны завулак стаў месцам сустрэч са спадарыняй Эл. Ад гэтых сустрэч нарадзіўся «Нервовы раман». І ўвогуле, цэлая «Кніга для спадарыні Эл». Зноў жа, таямніца. Былі вершы для А, цяпер спадарыня Эл. Чарговая паэтычная містыфікацыяці ці водгулле рэальнага сюжэта? Адно зразумела, як сцвярджае сам пісьменнік:
«Вочы бачаць тое, што ёсць, а душы, як і заўсёды, хочацца большага, таму паэзія шукае ў рэчаіснасці свой нерэчаісны змест…»
Ужо больш дзесяці гадоў Леанід Дранько-Майсюк афіцыйна нідзе не працуе, жыве літаратурнай работай. На вольным хлебе, як гавораць. Неад’емным складнікам такога жыцця з’яўляюцца творчыя сустрэчы паэта з чытачамі. Якраз тут можна пачуць вершы ў выкананні аўтара (калі не лічыць прачытанае адзінаму слухачу Хомку). Але галоўны момант тут — аўтографы прыхільнікам (больш прыхільніцам) яго паэзіі. У гэтым сэнсе паэт не мае сабе роўных. Ніводзін аўтограф (а іх бывае некалькі дзясяткаў пасля сустрэчы) не паўтараецца, шмат рыфмаваных. Уявіце, як прыемна такое чалавеку, пасля гэтага нязмушана палюбіш беларускую літаратуру. Унікальная з’ява. Да прыкладу, аўтографы Уладзіміру Марозу:
«Валодзечка, з табою мы
Не згубім лёгкага дыхання
Сярод вясны, сярод зімы,
Сярод віна, сярод кахання»
(у кнізе «Тут», 1990);
«Валодзечка! Ва ўсе часы
Нам будзе мроіцца і сніцца:
Дзявочай чыстае красы
Нас не пакіне таямніца»
(у кнізе «Проза радости», 1991);
«Валозя родны, дарагі!
Будзь першы скрозь, а не другі!»
(у кнізе «Анёлак і я», 2009).
І, нарэшце, у апошняй па часе «Кнізе для спадарыні Эл» (2012):
«У творчасці Мароза Ўладзіміра,
Прызнаюся, заўважыў я даўно:
Ў ягоных фільмах не сціхае ліра,
А ў вершах майго сябра Ўладзіміра
Заўсёды бачу яркае кіно!»
…Як гаварыў Міхась Стральцоў, кожнаму прыстойнаму паэту не зашкодзіла б кніга прыстойнай прозы. Леанід Дранько-Майсюк піша і прозу, як і належыць класічнаму пісьменніку-ўзвышанцу. Адзін з калегаў-літаратараў назваў апавяданне «Анёлак і я» найлепшым у беларускай літаратуры. Сапраўды, гэта вельмі шчымлівы твор, дзе хлопчык ловіць у Іслачы стронгу. І верыць, што калі зловіць рыбіну, то вернецца яго маці, якая з’ехала недзе за мяжу. Каб спраўдзілася нясцерпнае чаканне хлопчыка, аўтар апавядання запускае ў раку хлебных рыбак. Зразумела, рыбкі з мякіша не плаваюць, але тут яны паплылі, хлопчык злавіў рыбу, і маці вярнулася. Зразумела, гэта толькі фабула, а само апавяданне вельмі сумна-шчымлівае, нягледзячы на шчаслівы канец...
Але не варта заставацца ў мінулым, жыццё не спыняецца, нават калі некаторыя матэрыяльныя знакі яго знікаюць. Іншыя наадварот — узнаўляюцца. І матэрыяльна, і духоўна. Як родная беларусам Вільня. Леанід Дранько-Майсюк лічыць, што Вільня з’яўляецца працягам духоўнага жыцця кожнага сапраўднага беларускага пісьменніка. Таму невыпадкова, што ўжо цягам некалькіх гадоў ён ездзіць у нашу старадаўнюю сталіцу, нястомна працуе ў архівах. Вынікам будзе кніга «У Вільні і больш нідзе», шмат раздзелаў з якой ужо надрукавана ў часопісах і газетах. Гэта дакументальна-эсэістычная проза аб дваццатых гадах мінулага стагоддзя, аб выбітных дзеячах беларушчыны.
Аб Вільні Леанід гаворыць захоплена. Вось адзін з куточкаў старога горада. Прачысценскі сабор, найстарэйшы праваслаўны храм. Насупраць — дом, дзе жыў Рыгор Шырма, і шыльда памятная вісіць. Шырма даў грошы на першую кнігу Маскіма Танка «На этапах». Далей — касцёл Святога Міхала, пабудаваны Львом Сапегам, дзе ён і пахаваны. Помнік Міцкевічу, знакаміты касцёл Святой Ганны. Здаецца, вядома ўсё. Але тут жа нечаканы нюанс: у вежах касцёла побач са Святой Ганнай рабочыя перахоўвалі частку накладу канфіскаванай польскімі ўладамі кнігі «На этапах». І адразу ты робішся далучаным да яшчэ адной таямніцы беларускай Вільні.
Леанід Васільевіч часта згадвае «Узвышша», літаратурнае аб’яднанне ў савецкім Менску. Лічыць, што ад яго пайшла ўся беларуская літаратура — ад Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага… Сам вучыцца ў класікаў. У прыватнасці, і таму, каб узбагачаць беларускую літаратурную мову, уводзіць новыя словы. Мала хто ведае, што Дубоўкавы і Глебкавы «мілагучны», «мэтазгодны», «адлюстраваць», «дабрабыт», «цемрашальства», «навучэнец» у свой час былі новатворамі. Будзем спадзявацца, што і словы Дранько-Майсюка «далькажык» (мабільны тэлефон), «асветар» (кампьютар), «словасвет» (інтэрнэт), «выхо́д» (прынтар) стануць з часам шырока ўжыванымі. Аб гэтым у яго і верш — «Хвалебная песня новасловам».
Шкада адно, што па далькажыку не затэлефануеш бацькам у Давыд-Гарадок — няма іх ужо на гэтым свеце. Толькі родныя магілы на могілках, радзінны дом ды родны гарадок, якому аддадзена даніна тэкстам і дакументальным фільмам «Горад Боны і Давыда». Мястэчка сапраўды адметнае, непаўторнае, аб кожным куточку горада паэт можа распавядаць падоўгу. Жыццё не спыняецца, але постаць паэта на могілках, на гарадоцкіх вулках самотная.
Не саб’ецца шчымлівы настрой нават яркай песняй «Полька беларуская». Тэкстаў песень Леанід Дранько-Майсюк напісаў шмат. Але згаданая — самая вядомая.
«Чуў у Мінску, Маладзечна, Брэсце… На гармоніку ў вёсках людзі граюць яе на вяселлях... Калі чытаю «Польку беларускую», як верш, то слухачы здзіўляюцца: «Гэта вы напісалі?» Новую кнігу, у якой сабраў песенныя вершы, я так і назваў — «Полька беларуская». Мне хочацца, каб людзі больш ведалі маю кнігу «Стомленасць Парыжам», аднак жа больш ведаюць «Польку беларускую»!»
О, гэтая стомленасць Парыжам! Твор з такой назвай Дранько-Майсюка выклікаў у свой час у літаратурнай грамадскасці вялікі розгалас. Гэта роздум аб творчым шляху, аб наканаванасці лёсу, аб пошуках высокіх сэнсаў. Адным з галоўных персанажаў эгаэсэ быў французкі паэт з беларускімі каранямі Гіём Апалінэр (маці яго з роду Кастравіцкіх). Кожны свой парыжскі дзень Леанід прыходзіў у невялія прысады каля абацтва, дзе стаяў помнік Апалінэру работы яго сябра Пабла Пікаса. Тэкст пісаўся ўжо ў Мінску, і трэба было знайсці нечаканы фінал. Пісьменнік прыдумаў, што ў апошні прыход помніка Апалінэру на месцы не было — яго скралі! Але самае дзіўнае, што творчая фантазія аказалася прарочай. Калі праз амаль дзесяць гадоў Дранько-Майсюк зноў трапіў у Парыж, помніка Апалінэру сапраўды не было, знік (мо і сапраўды скралі на каляровы метал). А нядаўна адзін яго калега, які быў у Парыжы, засведчыў, што помнік зноў стаіць на сваім месцы. Дзіўная гісторыя, якую наўмысна не прыдумаеш, якая дае нечаканую сюжэтную лінію. Але справа не толькі ў помніку. Леанід Дранько-Майсюк лічыць, што кожны паэт павінен пабываць у Парыжы. Яшчэ парадаксальна лічыць (аб гэтым таксама напісана эсэ), што Еўропа — гэта не стары свет, як мы звыкла думаем. Наадварот, яна ёсць маладосцю свету. І мае на гэты конт свае аргументы.
Парыжскі эпізод зачэпіць сваім крылом «Полька беларуская» — і гэта ўсё будзе ў суладдзі, як арганічная ў розных праяўленнях асоба паэта Леаніда Дранько-Майсюка…