Валянцін Акудовіч: «Мова – фашыст, бо яна нас змушае гаварыць»
Вядомы філосаф і літаратар завітаў у Гродна з лекцыяй пад адкрытым небам. Пра што Акудовіч распавядаў гарадзенцам? Чытайце ніжэй.
Лекцыя, калі так можна назваць нефармальны маналог філосафа да сваіх слухачоў ў дворыку этнакрамы «Цудоўня», не мела нейкай канкрэтнай тэмы. Акудовіч наўпрост вяртаўся з Падляшша дадому, у Свіслач, дзе не быў ужо каля году, але па дарозе запланаваў невялічкі выступ.
Ніжэй падаем кароткія вытрымкі з прамовы пана Валянціна – такі сабе «Цытатнік Акудовіча».
Пра мову і «фашызм»
— У свой час у Саюзе пісьменнікаў па-руску размаўлялі толькі двое: прыбіральшчыца і Акудовіч. Сур’ёзна, былі часы, калі я добра ведаў сусветную літаратуру, але блытаў Багдановіча і Багушэвіча.
— Загаварыць па-беларуску для мяне было працэсам не аднаго дня. Працэс гэты скончыўся адно тады, калі я ўбачыў сон, у якім і я, і мае сумоўнікі гутарылі на мове!
— Мова – гэта не толькі і не столькі слоўнік, колькі структура. Структура праз мову арганізоўвае ментальнасць народу. У маёй роднай Свіслачы, напрыклад, людзі гавораць на трасянцы, але структура мовы захаваная. Наша ж мова, гарадская, — гэта руская мова беларускімі словамі.
— Мы думаем, што гаворым на мове, але гэта мова намі гаворыць. Мова — не дэмакрат, не рэакцыянер, не ліберал… Мова – фашыст, бо яна нас змушае гаварыць.
Пра філасофію, балота і котку з адкручанай галавой
— Раней, калі казалі пра беларускую філасофію, усе сарамліва ўсміхаліся. Беларусы былі, а беларускай філасофіі не было! Дыскурсу не было, а мы прыйшлі і яго стварылі: Бабкоў, Санько, я… Апошніх год дзесяць ужо ніхто не смяецца. А наогул, Беларусь без філасофіі – як шлюбная ноч без нявесты.
— Мы — людзі балота, ментальна мы імі і застаемся. Балота гатовае зацягнуць усё: трактары, Нацыянальную бібліятэку, ну і тым больш тое, што мы паспелі стварыць за апошнія год 20 — 30…
— Дабро – гэта калі табе па карку не б’юць. Зло – калі нехта котцы галаву адкруціў… Але без зла свет немагчымы. Зло – натуральны чыннік нашага свету і існавання. Воўк і ягня ніколі не замірацца, не трэба выдумляць!
— Добра, Бог – гэта любоў. Але ўявіце сабе сусветны патоп, калі ўсіх разам, нават котку, якая недзе там прабягала за кутом, усіх затапіла! Як гэта?..
Пра нішто
— Балванкі чалавека – гэта фабрыка прыроды. Выпускаюць-выпускаюць-выпускаюць… Чалавек думае, што ён прымае рашэнні, што ён самастойны. Насамрэч, у яго ў галаве тое, што бацюшка ў царкве скажа, тое, што ён у кніжцы прачытаў, нават дарогу ён па светлафоры пераходзіць, які яму паставілі. Так і атрымліваецца – чалавека няма. Я разважаў пра гэта: а калі мяне няма, то хто кіруе маімі ўчынкамі, жыве ў маім целе, пражывае маё жыццё?..
— Як магчымае нішто? Не быць – як гэта? Усе мае кніжкі насамрэч пра адсутнае і нішто, мяне гэта вабіць.
Пра ўзрост і «мужчынскі клімакс»
— Чаму ў жанчыны надыходзіць клімакс, а ў мужчыны – не? Як так, прырода ж не можа быць настолькі несправядлівай?.. Я пачаў разважаць. Галоўнае ў мужчыны – творчы пачатак. І непазбежна надыходзіць момант, калі… Опа! Творчасць спыняецца. Мужчына ўжо не можа ствараць, пачынаюцца сумныя часы.
— Вось я зараз пішу не мемуары, а хронікі… Навошта? Не ведаю. Мабыць, каб нечым сябе заняць.
— Жыццё чалавека вельмі доўгае. Залішне доўгае. Надыходзіць час, калі працягваеш жыць для нейкіх справаў. А для чаго менавіта?.. А чорт яго ведае.
Фота аўтара