Зіновій Герт: «Дабро павінна быць ананімным»

Я ўдзячны лёсу за шматлікія знаёмствы і сустрэчы, сярод якіх многія, нягледзячы на вялікую адлегласць у часе, прыгадваюцца дасюль. Адны з такіх незабыўных сустрэчаў — з Зіновіем Яфімавічам Гертам.

Фота Сяргея Шапрана

Фота Сяргея Шапрана


Тым больш, што ўзгадаць вялікага акцёра — між іншым, ураджэнца Віцебскай губерні, — нагода ў гэтую восень надарылася нават падвойная: у верасні Зіновію Яфімавічу было б 100, у лістападзе — 20 гадоў з дня яго смерці…

Маё знаёмства з Гертам было даволі кароткім — я толькі пачынаў займацца журналістыкай, і адны з першых маіх інтэрв’ю былі якраз з Зіновіем Яфімавічам: упершыню мы гутарылі ў верасні 1991 года, калі ён быў на гастролях у Мінску, і двойчы потым у Маскве. Вядома, некаторыя гістарычныя рэаліі, якія тады былі агульнавядомыя, сёння патрабуюць удакладнення. Вось, напрыклад, Герт кажа пра 21 жніўня 1991 года, «калі мы перамаглі гэтых нягоднікаў»: гаворка ішла пра ГК ЧП, калі прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў быў незаконна адхілены ад улады, і ў краіне ледзь не здарыўся дзяржаўны пераварот…

Варта таксама сказаць, што Герт валодаў незвычайным пачуццём гумару. Таму калі, напрыклад, адказваючы на пытанне, як яму ўдаецца быць такім абаяльным, казаў: «Аба-аяльнаму? Ну, па-першае, я — высокі стройны бландын з блакітнымі вачыма. І я проста прыгожы. Фізічна прыгожы, разумееце? Гэта, вядома, не можа не прыцягнуць увагу дам. А, па-другое, я куру, я п’ю, я — усё! Увесь джэнтльменскі набор! І ўсе разумеюць: ён жыве няправільна. Значыць, у ім ёсць нешта цікавае», — не варта, вядома, прымаць гэта за чыстую манету: маўляў, Герт быў занадта высокай думкі пра сябе — усё гэта прамаўлялася з іроніяй у адносінах да самога сябе і без намёку на снабізм. Менавіта ў такім ракурсе і варта ўспрымаць адно з тых даўніх інтэрв’ю, у якім, па-мойму, шмат ад Герта. Ад таго Герта, з якім мне і пашчасціла быць знаёмым.

— …Як пачынаўся мой шлях у мастацтве? Па адукацыі я слесар-электрык. Скончыў Фабрычна-завадское вучылішча, у якім быў ТРАМ — Тэатр рабочай моладзі. Мяне паклікалі ў ТРАМ, і я прыняў гэтае запрашэнне. У якасці кіраўнікоў туды прыйшлі двое дарослых людзей: Аляксей Мікалаевіч Арбузаў і Валянцін Мікалаевіч Плучак. Потым ужо была тэатральная студыя, сумесна напісаная п’еса «Город на заре». І ўсё было выдатна, але пачалася вайна... Мы пайшлі на фронт. Мяне параніла, і пра тэатральную ніву трэба было забыцца. Гэта было вельмі сумна. Але аднойчы ў шпіталі я ўбачыў выступ лялечнага тэатра. Я падумаў: там ёсць шырма, а за ёй не відаць, як ходзяць акцёры. І пасля шпіталя я прыйшоў у лялечны тэатр да Абразцова. Тут я праслужыў трыццаць шэсць гадоў. У якасці канферансье выходзіў пяць тысяч разоў… М-да, гэта ашаламляльная лічба, з аднаго боку, а з іншага, магу запэўніць вас і публіку, што ніколі мне не было сумна іграць канферансье. Ніколі! Таму што кожны дзень знаходзілася нейкая новая рысачка, фразачка. Там была маса адсябяціны, свавольства, імправізацыі. Нешта замацоўвалася, штосьці сыходзіла ў сувязі з надзённасцю і з часам, які змяняўся…

— І ніколі не было сумна іграць?

— Не, гэтага я не магу сказаць. Заўсёды хацелася іграць! Гэта яшчэ ад таго, што ў мяне былі таксама кіно, радыё і тэлебачанне — я быў задзейнічаны досыць шчыльна. Я неяк вырваўся з-за шырмы. Але назаўжды шырму не пакідаў — гэта было святое! І кіназдымкі — заўсёды ў вольны ад спектакляў і рэпетыцый час. У тэатры ж і раўнавалі, і не адпускалі! Але я не займаўся справай, якая магла стаць аднастайнай. Да таго ж да кіно я ставіўся вельмі строга, таму што — магу вам сказаць гэта, бо цяпер надыходзіць час, калі трэба казаць праўду, але не заўсёды мы гэта рабілі раней, — ужо было імя, якое кожны дзень трэба падтрымліваць і апраўдваць. Апраўдваць нейкую прыхільнасць публікі, каб не засмучаць яе…

Калі я люблю чалавека, напрыклад, нейкага палітычнага дзеяча, мне бывае прыкра, калі ў яго здараюцца памылкі, прамашкі, але я яго апраўдваю, таму што я — неаб’ектыўны, небесстаронні чалавек. Аднак калі гэта доўжыцца і доўжыцца, я пачынаю яго разлюбліваць. І магу разлюбіць канчаткова! Я засмучаюся...

— Зіновій Яфімавіч, а як вы паставіліся да жнівеньскіх падзей, калі Міхаіл Гарбачоў ледзь не быў адхілены ад улады?

— Гэты няўдалы пераварот зноў надзвычай павярнуў мяне да Гарбачова, таму што ён апынуўся ў няшчасным становішчы, а ўсялякае няшчасце выклікае спачуванне. Тым не менш, я быў жудасна засмучаны тым, што яго першыя словы былі не «дзякуй хлопцы!», бо першыя яго словы павінны былі быць словамі падзякі! Падзякі людзям, якія паставілі сваё жыццё пад абсалютную пагрозу, і тым не менш усё-такі выручылі свайго прэзідэнта, як бы яны да яго ні ставіліся… Я не ўпэўнены, што Ельцын так ужо палюбіў Гарбачова пасля ўсяго таго, што той з ім зрабіў. Але Ельцын зразумеў: чалавек у няшчасці, і яго трэба ратаваць…

Ёсць простыя чалавечыя тлумачэнні кожнаму складанаму працэсу. І я — менавіта за такія тлумачэнні народу яшчэ і таму, што я — таксама народ, я — публіка. Я павінен ведаць праўду. Я павінен ведаць простыя рэчы. Дык вось, па-простаму я хацеў бы, каб Гарбачоў сказаў: «Дзякуй. Вы мяне выручылі. Я памыляўся. Я падабраў сабе вельмі дурную кампанію»…

Спадзяванняў жа на лепшае жыццё цяпер становіцца ўсё менш і менш. Культура стаіць на самым апошнім месцы! А гэта пагібельна для грамадства. Зараз такі час, што людзі маглі б змірыцца з адсутнасцю каўбасы, калі б былі закранутыя за жывое духоўным... Але трэба закрануць за жывое! А час ужо ўпушчаны. Гэтыя шэсць гадоў мы займаліся не тым…

— А вы таксама былі на барыкадах?

— Не, мяне не пусцілі. Я рваўся, але я не выстаяў бы там — у мяне ўжо і сэрца не тое, і ногі... Усё было жахліва — нібы жыццё канчаецца. І я думаў пра самагубства. Хоць я не маю на тое права: ад мяне залежыць даволі вялікая колькасць людзей. Не ў эканамічным сэнсе нават (хоць і гэта таксама прысутнічае), а ў душэўным.

— У жніўні гэтым разам абышлося, але што яшчэ чакае Расію?

— Сапраўды — «розумам Расію не зразумець», а з іншага боку, хопіць ужо — «таямнічая руская душа»! Глупства! Непарадак ва ўсім. Няма чалавека, якога нельга было б купіць. Няма!.. Хоць я ведаю нармальных рускіх людзей, якіх купіць проста немагчыма! Нічым! І няўжо Гарбачоў не разумеў, што перад ім Сахараў стаіць?! У якога было тры прэміі, і ён аддаў іх на будаўніцтва анкалагічнага цэнтра. Але Гарбачоў не мог зразумець гэта! Хоць сам, зарабіўшы велізарныя мільёны на выданні сваёй кніжкі, даў справаздачу перад народам: вось сюды пяцьдзясят мільёнаў, сюды і сюды. Да капейкі разлічыў, як ён усё аддаў! І выдатна, што раздаў свае мільёны. Але добра было б, калі б я даведаўся пра гэта вакольнымі шляхамі, са шпіёнскіх крыніц. Гэта было б у дзесяць разоў каштоўней! Таму што гэта зноў жа клопат пра сябе…

Аднойчы адзін мой былы калега распавёў, як ён падарыў беднай замежнай перакладчыцы, якая вельмі хацела патрапіць у Маскву, тысячу лей. Я яму сказаў: «Па-мойму, вы зрабілі выдатную рэч. Адзінае, што дрэнна — вы мне пра гэта распавялі». Дабро павінна быць ананімным. Чалавек павінен рабіць дабро гэтак жа, як есць, як спіць. Рабіць дабро — эгаістычнае пачуццё: табе добра ад таго, што ты камусьці зрабіў добра.

— Зіновій Яфімавіч, жыццё падаравала вам знаёмства са многімі выбітнымі людзьмі, прычым вядомасць — далёка не галоўнае. Мо распаведзяце пра кагосьці са сваіх блізкіх сяброў?

— У мяне ёсць такі сябар — Уладзімір Іванавіч Зянкоў. У Валодзі і яго жонкі Эмачкі проста прыроджаны кодэкс гонару, прыстойнасці! Які звычайна ў нас крытэрый? — я б з ім пайшоў у разведку! А я б з Валодзем не пайшоў, таму што ён будзе мала думаць пра справу, а больш пра тое, каб мне было зручна ў гэтай разведцы! Ён усе свае душэўныя высілкі выдаткуе на мяне. І гэта пры тым, што ад мяне ніякім чынам не залежыць! Вядома, ён можа на мяне разлічваць — я разаб’юся, але зраблю! Аднак Валодзя ж не папросіць. І я не папрашу, але ён прадугадае мае патрэбы… Вядома, у старасці трэба мець такіх абаронцаў. Гэта дзіўны аплот у маім жыцці! Выдатныя людзі без адзінай плямкі.

— Але за што мы цэнім сяброў?

— Я думаю, гэта карысталюбна. Вельмі добрыя людзі пакідаюць непрыемны асадак у тваёй душы — мо таму, што ты такім не можаш быць. Заўсёды перад табой прадмет бачнай недаступнасці! Дый прафесія ў мяне такая, што натуральнасць — самая цяжкадасягальная грань маіх паводзін.

— А шчасце, на вашу думку, у чым?

— А калі змяніць пытанне: ці шчаслівы я? — не. Хоць гэта, вядома, гучыць нахабна і какетліва, але чыстая праўда. Я глыбока нешчаслівы, таму што я адзін ведаю прорву паміж тым, кім я лічуся, і тым, што ёсць на самай справе. І гэта мяне грызе, з’ядае, не дае заснуць. Хоць нібыта хто яшчэ адбыўся, як ні я?! Усё ў мяне ёсць: званні — любыя, прыманне публікі — паўсюднае! Чаго я ірвуся? На што яшчэ скарджуся?.. На вуліцы людзі кланяюцца. Самыя галоўныя канфлікты ў чарзе па гарэлку: я стаю, а мне прапануюць прайсці без чаргі. Але я не магу гэтак паступіць!.. Так, бываюць учынкі, за якія я выдатна да сябе стаўлюся. Але так, каб сябе палюбіць, я не пацягну. Я не пацягну на ўсенародную любоў да мяне. Вось гэта і робіць мяне глыбока няшчасным. Я разумею сваю недасканаласць. Хоць, увогуле, я нічога благога спецыяльна не раблю... Біяграфія нармальная. Вялікі дом. Аўтамабіль. І дача з зімовым домам у трыццаці хвілінах язды. Усё ёсць, але не ў гэтым справа. Бо нават тое, што вы прыехалі за інтэрв’ю — яшчэ адно сведчанне знешняга майго дабрабыту. І пярэчыць гэтаму нялёгка… Я лічуся кімсьці такім цудоўным, хоць зусім не цудоўны ні на справе, ні ў жыцці…