Беспрацоўных усё больш, нават па афіцыйных даных. Але наймальнікам не хапае працоўных

У Беларусі зафіксавалі антырэкорд на рынку працы з 2010 года і рост афіцыйнага беспрацоўя. Пра гэта сведчаць лічбы Мінпрацы.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


На 1 траўня афіцыйна беспрацоўнымі ў Беларусі лічыліся 5,7 тыс. чалавек. Месяцам раней — 5,6 тыс. Размова пра тых людзей, якія вырашылі зарэгістравацца ў цэнтрах занятасці. Гэта вынікае са звестак Мінпрацы аб сітуацыі з занятасцю і беспрацоўем у нашай краіне.
У студзені-красавіку 2023-га па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 40,1 тыс. чалавек, — паведамляе Мінпрацы. На пастаянную працу працаўладкавана 30,4 тыс. чалавек, 783 чалавекі накіравана на навучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, 31 сям'я беспрацоўнага пераселена на новае месца жыхарства і працы.
У той жа час, наймальнікамі на 1 траўня 2023-га заяўлены звесткі аб наяўнасці 110,1 тыс. свабодных рабочых месцаў, з іх больш за 7 тыс. з прадастаўленнем жылля. Попыт на работнікаў па рабочых прафесіях склаў 63,5% ад агульнай колькасці вакансій.
Пра што гэта кажа? Найперш пра тое, што тыя ўмовы працы і заробкі,якія прапануюцца наймальнікамі, не вельмі падыходзяць тым, хто шукае працу. Акрамя таго, большасць беспрацоўных, гэта якраз людзі з вышэйшай адукацыяй, якім не надта пасуюць прапанаваныя вакансіі.
Больш за ўсё беспрацоўных на пачатак траўня было ў Мінску — 28,3 тыс. чалавек, а менш за ўсё — у Віцебскай і Магілёўскай абласцях (12,4 і 11,5 тыс. чалавек адпаведна). Для параўнання: у Мінскай вобласці — 17,2 тыс., у Гродзенскай — 14,7 тыс., Гомельскай — 13,1 тыс., а ў Брэсцкай — 13 тыс.
Пры гэтым фактычнае беспрацоўе, якое разлічваецца па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, у Беларусі істотна перавышае афіцыйнае.
Колькасць вакансій на пачатак гэтага месяца — антырэкорд як мінімум з пачатку 2010 года. Да прыкладу, на пачатак мая 2022 года ў цэлым па краіне налічвалася 91 526 вакансій, на 1 траўня 2021-га — 74 338 вакансій, а 2015-га — 26 549 вакансій.