Даследаванне: кожны пяты беларус жыве за мяжой беднасці
На працягу апошніх 3 гадоў Беларусі зніжалася колькасць людзей, якія жывуць у беднасці, што звязана з паступовым аднаўленнем эканомікі краіны пасля крызісу 2015–2016 гадоў. Аднак за мяжой беднасці ўсё яшчэ знаходзіцца кожны пяты жыхар краіны, вынікае з даследавання BEROC, паведамяле «Свабода».
Навуковы
супрацоўнік BEROC Алег Мазоль вывучыў узровень дабрабыту насельніцтва Беларусі
і выявіў, што ў 2019 годзе ўзровень абсалютнай беднасці ў краіне знізіўся на
2,4 працэнтныя пункты — з 23,9% да 21,5% ад агульнай колькасці насельніцтва.
Годам раней колькасць малазабяспечаных скарацілася на 6,6 працэнтных пункта.
У рэгіянальным разрэзе самы высокі ўзровень абсалютнай беднасці па-ранейшаму ў Магілёўскай вобласці — у 2019 годзе ён склаў 31%. За апошні год павялічылася колькасць бедных таксама ў Мінску (з 8,6% да 13,1% насельніцтва) і ў Віцебскай вобласці (з 25% да 27% насельніцтва).
Паменшылася колькасць бедных у Мінскай і Гродзенскай абласцях — з 25,4% да 17,8% і з 23,1% да 17% насельніцтва адпаведна.
Глыбіня абсалютнай беднасці (4,8%) паказвае на тое, што цяперашні эканамічны крызіс пагражае рэзкім павелічэннем долі беднага насельніцтва ў асноўным за кошт найбольш уразлівых груп: гэта дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, шматдзетныя сем’і і жыхары сельскай мясцовасці.
Варта адзначыць, што даныя даследчага цэнтру BEROC адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі, згодна з якой колькасць малазабяспечаных у Беларусі ў 2019 годзе складала 5%. Такая розніца звязаная з адрозненнямі ў метадалогіі даследаванняў.
BEROC выкарыстоўвае метад разлікаў, які рэкамендуе Сусветны банк, заснаваны на разліку абсалютнай лініі беднасці з выкарыстаннем метаду ацэнкі выдаткаў на задавальненне базавых патрэбаў. Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі адносіць да малазабяспечаных людзей, якія валодаюць рэсурсамі менш за бюджэт пражытковага мінімуму.