Самыя бедныя ў Беларусі: дзеці, няпоўныя шматдзетныя сем'і і жыхары сельскай мясцовасці

Ключавымі групамі бедных Беларусі з'яўляюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць у сем'ях з прыбыткам ніжэй рысы беднасці, няпоўныя шматдзетныя сем'і і жыхары сельскай мясцовасці.

kruzhka.jpg

Пра гэта гаворыцца ў новай працы навуковага супрацоўніка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алега Мазоля «Ацэнка беднасці ў Беларусі за 2019 год».
У дадзенай працы праведзена ацэнка ўзроўню абсалютнай беднасці ў Беларусі на аснове гадавых дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця за 2019 год.

Рэгіянальныя працэсы

Як паказваюць разлікі ўзровень абсалютнай беднасці ў сярэднім па краіне за мінулы год знізіўся на 2,4 працэнтных пункта з 23,9% да 21,5%. Акрамя памяншэння маштабаў абсалютнай беднасці, адбылося таксама і зніжэнне яе глыбіні з 5,5% да 4,8%.
Як адзначае Алег Мазоль, у рэгіянальным разрэзе самыя высокія маштабы беднасці назіраюцца ў Магілёўскай вобласці, дзе ўзровень абсалютнай беднасці у 2019 годзе склаў 31%. Акрамя таго, менавіта ў насельніцтва Магілёўскай вобласці назіраецца самая вялікая глыбіня абсалютнай беднасці — 6,9%.
Негатыўнай тэндэнцыяй мінулага года з'яўляецца рост узроўню беднасці ў Мінску. Тут дадзены ўзровень вырас з 8,6% да 13,1%, і ў Віцебскай вобласці, дзе пад катэгорыю бедных сталі падпадаць з 25% да 27% насельніцтва. Пазітыўнай тэндэнцыяй 2019 года стала істотнае зніжэнне беднасці ў Мінскай і Гродзенскай абласцях — з 25,4% да 17,8% і c 23,1% да 17% насельніцтва, адпаведна.

Што ўплывае на беднасць

Беднасць у Беларусі наканаваная дэмаграфічным складам хатняй гаспадаркі. Аналіз фактараў беднасці паказаў, што павелічэнне колькасці членаў хатняй гаспадаркі павышае верагоднасць таго, што яна апынецца за мяжой беднасці, таксама рост рызыкі беднасці звязаны з павелічэннем колькасці дзяцей у хаце. У прыватнасці, ключавымі групамі бедных Беларусі застаюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць у сем'ях з прыбыткам ніжэй рысы беднасці; шматдзетныя сем'і — у першую чаргу няпоўныя шматдзетныя сем'і; і жыхары сельскай мясцовасці. З улікам высокага значэння паказчыка глыбіні абсалютнай беднасці можна сцвярджаць, што распачаты эканамічны крызіс 2020 года будзе спрыяць рэзкаму павелічэнню долі беднага насельніцтва за кошт, у першую чаргу, пералічаных вышэй груп насельніцтва.
Беднасць таксама наканаваная працоўным статусам членаў хатняй гаспадаркі: ці працуюць дарослыя, якое іх становішча на рынку працы і якія характарыстыкі лакальнага рынку працы. Галоўнай прычынай беднасці сярод дзяцей з'яўляюцца нізкія даходы іх бацькоў. Для шматдзетных сем'яў вызначальнымі фактарамі ў перыяд бягучага эканамічнага крызісу становяцца зніжэнне аплаты працы і патэнцыйная страта працы з боку дарослага, што для няпоўных шматдзетных сем'яў аўтаматычна азначае абсалютную беднасць. У 2019 годзе ўзровень абсалютнай беднасці сярод дадзенай групы хатніх гаспадарак склаў 59,9% (знізіўшыся ў параўнанні з 2018 годам на 2,3 п.п.), а глыбіня беднасці — 17,9%. Высокая ўцягнутасць дарослых членаў сям'і ў рынак працы дапамагае пазбегнуць беднасці: чым вышэй доля працуючых дарослых, тым ніжэй верагоднасць беднасці.
Для жыхароў сельскай мясцовасці галоўнымі прычынамі беднасці застаюцца абмежаваныя магчымасці працаўладкавання і нізкі ўзровень аплаты працы (у сярэднім на 20% менш, чым у горадзе).

Дзяржаўная падтрымка

Як піша Алег Мазоль, дзяржаўная палітыка пераразмеркавання аказвае пакуль слабы ўплыў на рызыку беднасці ў Беларусі. Неэфектыўнасць дзяржаўнай палітыкі пераразмеркавання пацвярджаецца павелічэннем рызыкі беднасці пры павелічэнні колькасці дзяцей у хатняй гаспадарцы, якое было адзначана вышэй.
У гэтай сувязі даследчык прапануе палепшыць мэтавую накіраванасць сацыяльных выплат па падтрымцы ўзроўню спажывання найбольш уразлівых груп насельніцтва, каб павысіць эфектыўнасць мер падтрымкі сельгасвытворцаў, якія выступаюць асноўнымі пастаўшчыкамі працоўных месцаў у сельскай мясцовасці. Таксама, на погляд аўтара даследавання, неабходная рэалізацыя мер падтрымкі попыту на рынку працы як у цэлым па эканоміцы, так і пераход да рэалізацыі мэтавых рэгіянальных праграм у абласцях і раёнах Беларусі, якія характарызуюцца ростам ўзроўню беднасці насельніцтва.