Выбары скончыліся, перамог Лукашэнка. Што далей?

Віктар Марціновіч на budzma.by — пра сапраўдныя прычыны нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, а таксама пра перспектывы пратэсту.

vybary_20.png

Усё што адбылося, настолькі прадказальнае, што здзіўляе тут не нахабства, здзіўляе тое, што нехта думаў, нібыта можа быць інакш. Традыцыя гуляць у шахматы выключна выбіваннем кумпалаў сапернікаў дошкай усталявалася не сёння, не ў 2010-м і нават не ў 1996-м. Гэта асноўная манера гульні. То людзі, якія думалі, што ўсё па-чэснаму, проста ўразумелі тое, што шмат разоў бачылі менш наіўныя.
Чаму Бабарыку знялі з выбараў?
Сапраўдных прычын тры:
1. Паменшыць ціск на сумленне тых чальцоў камісій, якім трэба было б маляваць яму 1,5 адсотка. Яны таксама людзі і ім цяпер складана: суседзяў па пад’ездзе ніхто не адмяняў.
2. Выключыць з’яднаны выступ прыхільнікаў Ціханоўскай і Бабарыкі ўвечары 9 жніўня пасля таго, як тыя 1,5 адсотка будуць аб’яўленыя (менавіта для гэтага сама Ціханоўская пакінутая ў бюлетэнях).
3. Вярнуць камфортную для сілавога блока сітуацыю «хто яшчэ, калі не Ён».
Як заўсёды, маючы на стале прынцыпова новую карціну з вылучэнцамі, з настроямі, улада пакідае толькі тых, каго сама сабе абрала ў лялечныя ворагі. І так было яшчэ ў 2001-м, хіба што Домаша тады выціскалі ягоныя ж паплечнікі, «нашы людзі», а тут давялося падключаць рэпрэсіі.
Я з вялікай прыязнасцю стаўлюся да аптымістаў, якія гэтым разам у нешта паверылі. Усё, што я пішу, — не спроба іх дэматываваць з пазіцыі «я ведаю больш».Бо, глядзіце, іх разлік спрацаваў, байкот прывёў бы да кансервацыі сітуацыі «Ён плюс спойлеры», а тут значная колькасць насельніцтва, прынамсі некалькі мільёнаў, даведалася пра ступень цынізму і падману, пра тую ролю, якую ў нашым жыцці адыгрывае закон.
Усе гэтыя людзі цяпер адчуваюць тое, што дасведчаная меншасць прайшла ў 2006-м і 2010-м. І з гэтай большасці вынікае фінальная інтрыга працэсаў, якія запачаткаваліся ў траўні і мусяць скончыцца гэтым летам. Што рабіць з іх меркаваннем? З іх незадавальненнем? Зноўку ісці ў суд? Дык ужо нават дохлай мышы на пляцоўцы перад ЦВК зразумела, якім будзе рашэнне таго суда.
Бабарыка перад самым арыштам казаў у інтэрв’ю, што немагчыма «скрасці прэзідэнта» ў трох мільёнаў чалавек. Дык вось зараз мы пабачым, ці магчыма.
І, уласна, чаму не.
Я вельмі спадзяюся, што тут ёсць нейкі «план Б», бо калі няма — магу канстатаваць, што ў штабах працавалі дрэнныя тэхнолагі, разлікі якіх былі вельмі нерэалістычнымі.Мне цяжка ўявіць, якім мог бы цяпер стаць той «план Б».
Байкот?
Дык гэта ідэальная сітуацыя для ўлады — спойлеры не здымуцца аніколі, для таго іх у бюлетэні і ўвялі. Актыўная ж большасць прыхільнікаў будзе выключаная з гульні.
Стачка?
Мы не ў Расіі 1905 года, большасць занятых у эканоміцы працуе па кароткатэрміновых кантрактах і баіцца іх страціць, бо пасля гэтага, асабліва ў невялічкіх гарадах, працы не знойдуць. Да таго ж прэзідэнтаў забастоўкамі не абіраюць.
Альянс з Ціханоўскай? Дык яна пад велізарным ціскам, муж у СІЗА, пагроза забраць дзяцей ужо агучаная. І самае галоўнае — калі ў нас можна зняць чалавека з дыстанцыі за злачынствы, якія нават не даказаныя ў судзе, што перашкодзіць зняць з дыстанцыі і Ціханоўскую пасля такога альянсу ці намаляваць ёй 1,5 адсотка?
Спарадычныя выступы на вуліцах, стыхійныя пратэсты? Дык гэта ўжо было ў 2011-м, было і скончылася. Калі людзі не ведаюць, што рабіць на вуліцы, яны не робяць анічога, а сам факт таго, што іх выйшла шмат, проста не заўважаецца тымі, хто прымае рашэнні ад імя народа.Прычым трымайце ў галаве тое, што будзе далей (бо так ужо было шмат разоў): хутка выбаршчыкі, якія бачаць навокал несправядлівасць і не маюць аніякага шансу на гэта рэагаваць, аддзячваць «адрасна», пачнуць скідаць сваю крыўду і злосць адно на аднаго. А таксама на кандыдатаў, у якіх паверылі. Кожныя 5 гадоў прыкладна на тым этапе, калі пераможца ўжо абвешчаны і аскепкі палітызаванай грамады пачынаюць абмяркоўваць, ці варта ЕС уводзіць кропкавыя санкцыі, энергія, якая цяпер скіроўваецца на сістэму, пачынае вылівацца на аднадумцаў, пачынаюцца бойкі, свары, узаемныя абразы і г.д. Тое самае — поруч з велізарнай дэпрэсіяй і чарговай хваляй эміграцыі актыўных — будзе і ў верасні.
То ў штабоў засталося вельмі няшмат часу на тое, каб перайсці да «плана Б» і паказаць, што ўсё было не марна, а мы, песімісты, памыляліся.
Віктар Марціновіч, budzma.by