Liberum veto. Як сваркі кінематаграфістаў тармозяць кінапрацэс у краіне

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша на budzma.by пра скандал вакол экранізацый раманаў «Радзіва Прудок» Андруся Горвата і «Сфагнум» Віктара Марціновіча, які днямі разгарэўся ў байнэце.

sfagnum.png

Айчыннае кінамастацтва ніколі не было бездакорным.
У нас заўжды існавалі таемная цэнзура, езуіцкая бюракратыя, востры недахоп прафесійных кадраў і адсутнасць добрых сцэнароў. Але ўсе перашкоды ўмомант сціраюцца з памяці, калі фінансы кінамайстроў, вымушаных кожны раз стаяць з працягнутай рукой у Мінкульце, спяваюць рамансы. Што ж зробіш, грашовае пытанне ужо амаль трыццаць гадоў псуе кроў нацыянальнаму кіно.
Тым не менш нядаўні скандал з неспадзяваным ухваленнем, а потым такім жа неспадзяваным скасаваннем дзяржпадтрымкі экранізацый раманаў «Радзіва Прудок» і «Сфагнум» прагрэсіўная частка грамадства палічыла наездам на беларушчыну і інтрыгамі «крывавага рэжыму». Ісціна, як звычайна, аказалася больш празаічнай.
Рэч у тым, што мадэль размеркавання грошай на кіно ў Беларусі апошнім часам грунтуецца на дзяржзакупках у анлайне. То бок Мінкульт як заказчык паслуг аб’яўляе тэматычны тэндар на вытворчасць стужкі, а «Беларусьфільм» і ўладальнікі прыватных студый як выканаўцы адпраўляюць заяўкі, у якіх прапаноўваюць пэўны праект і неабходны памер грошай на яго рэалізацыю.
Такая, мякка кажучы, дзіўная сістэма, дзе здымкі стужкі прыраўнаваныя да набыцця будматэрыялаў, на ўсёй постсавецкай прасторы дзейнічае толькі ў нас. Асаблівай пікантнасці дадае той момант, што конкурс адбываецца кулуарна, толькі з удзелам чыноўнікаў і мастацтвазнаўцаў Акадэміі навук, якія па цэлым наборы часам невідавочных крытэраў выносяць рашэнне. Добра хоць пратаколы паседжанняў публікуюцца ў адкрытым доступе.
Гэты бюракратычны расклад да нядаўняга часу даваў магчымасць нацыянальнай кінастудыі атрымліваць дастатковыя грошы пад уласныя праекты, але сёлета ўсё кардынальна змянілася. Збанкрутаваны «Беларусьфільм» з назапашанымі запазычанасцямі на рахунку паўдзельнічаць у распіле бюджэту ўлетку не змог, што паспрыяла рэкорднаму наплыву незалежных студый на конкурс, дзе кожны удзельнік, як высветлілася пазней, пераследаваў розныя мэты.
Тры з чатырох лотаў выйграла студыя «Першая кінавідэакампанія» Віктара Лабковіча з прапановай здымак біяграфічнага міні-серыяла «За паўгадзіны да вясны» пра фронтмэна «Песняроў» Уладзіміра Мулявіна, экранізацыі беларускамоўнага бэстсэлера «Радзіва Прудок» Андруся Горвата і падлеткавай стужкі «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» пра савецкага асілка Аляксандра Мядзведзя. І чацвёрты — «Дэмарш-фільм» Валерыя Дзмітрачэнкі з экранізацыяй трэцяга па ліку рамана Віктара Мартіновіча «Сфагнум» пра сталічных злодзеяў і містычную багну беларускага Палесся. Такой колькасці сапраўды цікавых праектаў за адзін раз дзяржава яшчэ ніколі не падтрымлівала!
Што не ўтрымала кінематаграфістаў ад яшчэ адной сваркі. Студыя «Без Буслоў Артс» паскардзілася ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) на праект «Радзіва Прудок», а «Телевізійны прадзюсарскі цэнтр» — на «Сфагнум» і «Дзесяць жыццяў Мядзведзя». Вось так шматгадовыя казкі пра тое, што сапраўднаму развіццю айчыннага кіно замінае толькі існаванне «Беларусьфільма», імгненна растварыліся ў паветры.
Вядома, Андрэй Курэйчык ва ўласнай калонцы на «Навінах» паспрабаваў апраўдаць такі сумнеўны крок «Буслоў» неабходнасцю барацьбы за рэфармаванне дзяржконкурсу, завышанымі цэнамі на здымкі і наваяўленым «манапольным» статусам «Першай кінавідэакампаніі» (цэлыя тры перамогі, бач ты!), але змест усіх пададзеных скарг наводзіць зусім на іншыя высновы.
Фактычна, перад намі разгарнуўся яшчэ адзін этап барацьбы за рэсурсы і ўплыў у кінаіндустрыі, у якой усе рашэнні ідуць з самага верху ўладнай вертыкалі ў самы ніз, а перамены да лепшага настолькі павольныя, што іх з’яўлення можна і не дачакацца пры сваім жыцці. І грувасткая, пазбаўленая гнуткасці машына дзяржзакупак гэты працэс толькі падаўжае.
Безумоўна, беларускаму кіно неабходныя змены. І чым раней яны адбудуцца, тым лепш. Але наіўна лічыць, што яны паскорацца, калі вы наўмысна сарвяце конкурс, па «несправядлівых» правілах якога ўсё ж пагадзіліся гуляць. І яшчэ больш наіўна пераконваць у сваіх невідавочных метадах барацьбы актыўна настроенае грамадства. Так, маральна вы застаняцеся пераможцамі, каліфамі на гадзіну, ахвяраваўшы пры гэтым перазапускам лакальнай кінавытворцасці ў цяжкія часы пандэміі, нармальнымі ўзаемаадносінамі ў кінапрасторы і чаканнямі простых гледачоў, якія свайго кіно могуць і не дачакацца.
Вельмі шмат страт дзеля барацьбы з паветранымі млынамі, якія невядома калі і дзякуючы чаму, але безумоўна рухнуць.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by