Эксперт: Прыватны сектар не здолее ўладкаваць усіх звольненых
Прыватныя кампаніі ў Беларусі пайшлі па шляху аптымізацыі колькасці работнікаў і наўрад ці здолеюць уладкаваць на працу звольненых работнікаў у выпадку скарачэнняў на дзяржпрадпрыемствах.
Такая выснова ўтрымліваецца ў аналітычнай запісцы Даследчага цэнтра ІПМ, у якой разгледжаныя тэндэнцыі развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі.
"Існы маштаб сектара малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама дынаміка яго развіцця ў апошнія гады ставіць пад сумненні абгрунтаванасць чаканняў адносна яго здольнасці замясціць сабой сектар буйных прадпрыемстваў ва ўмовах эканамічнага крызісу", — лічыць аўтар аналітычнай запіскі эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Глеб Шымановіч.
Паводле слоў эксперта, доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў у прамысловасці, дзе сканцэнтраваная большасць дзяржарганізацый, складае ўсяго 15,7% ад агульнага аб'ёму вытворчасці. "Пры гэтым дынаміка такіх параметраў, як ўнёсак малых і сярэдніх прадпрыемстваў у ВУП, занятасць і раздробны гандаль, кажа аб зніжэнні ролі прыватнага прадпрымальніцтва ў эканоміцы Беларусі", — адзначае эканаміст.
Вынікі апытання малога і сярэдняга бізнесу, праведзенага на замову Даследчага цэнтра ІПМ сёлета, таксама сведчаць пра пагаршэнне эканамічнага становішча ў сектары. Большасць прадпрыемстваў адзначылі скарачэнне продажу, занятасці, інвестыцый. "Паводле апытання за 2016 год пра падзенне занятасці паведамілі 39,3% рэспандэнтаў, у той час як пра рост казалі 16,8%", — паведаміў Шымановіч.
Найбольшае скарачэнне занятасці, як паказала апытанне, адбылося ў сектарах гандлю і будаўніцтва, на якія негатыўна паўплывала зніжэнне ўнутранага попыту, выкліканага зніжэннем даходаў насельніцтва. "У цяперашніх умовах большасць прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў сканцэнтраваныя на задачы захавання сваёй справы, для чаго, у першую чаргу, праводзяць аптымізацыю выдаткаў", — гаворыцца ў аналітычнай запісцы.
Следствам гэтага стала скарачэнне занятасці ў сектары, тэмпы якога перавышаюць сярэднія па краіне, дадаў Шымановіч. "Адпаведна, складана разлічваць на тое, што насельніцтва, якое страчвае працу ў дзяржаўным сектары ў перыяд эканамічнага крызісу, будзе працаўладкаванае малым і сярэднім бізнесам у тым выглядзе, у якім ён існуе ў Беларусі. Для змены сітуацыі патрэбна папярэдне стварыць усе ўмовы, неабходныя для развіцця прыватнага сектара эканомікі", — мяркуе эксперт.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН