Польшча. Беспрацоўе самае нізкае за апошнія 25 гадоў
Колькасць беспрацоўных у Польшчы ў канцы верасня склала крыху больш за 1 мільён 300 тысяч чалавек.
У верасні ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 8,4%, то бок найменш за апошнія 25 гадоў. Гэта таксама на 0,1% менш, чым у жніўні, і на 1,3% менш, чым у верасні 2015 году.
Эканаміст „TMS Brokers” Конрад Бялас (Konrad Białas) лічыць, што паляпшэнне сітуацыі на рынку працы азначае больш грошай у кашальках палякаў. Паводле эксперта, неўзабаве працаўнікі атрымаюць перавагу над працадаўцамі на рынку працы.
Колькасць вакансій, пра якіх у верасні паведамілі працадаўцы, перавысіла 137 тысяч, то бок была на 7,2% вышэйшая, чым у верасні мінулага года.
Паводле Міністэрства па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі, падзенне ўзроўню беспрацоўя назіралася ў 14 ваяводствах. Самы нізкі ўзровень беспрацоўя фіксуецца ў Вялікапольскім ваяводстве (5,2%), а самы высокі ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве (13,8%).
Колькасць беспрацоўных у Польшчы ў канцы верасня бягучага года склала крыху больш за 1 мільён 300 тысяч чалавек.