Ці можа быць карысць ад азартных гульняў?

Як на вашу думку, ці заганна гуляць у азартныя гульні? У кожнага на гэта сваё меркаванне, і пад радыкальнае асуджэнне могуць патрапіць і латарэйкі, і нават віктарыны кшталту «Што? Дзе? Калі?», дзе гуляюць таксама не толькі на інтарэс. І ў настольныя гульні можна прыўнесці меркантыльнага азарту.

mazgi.jpg

З другога боку, падобныя забаўкі — перадусім разумовыя трэніроўкі ды прыемнае баўленне часу ў кампаніі, бо прызавыя грошы тут не такія ўжо вялікія, каб выйгрыш іх быў галоўнай матывацыяй і спаланіў чалавека ў залежнасць. У любым разе, і на такіх добрых гульнях можна добра зарабіць, асабліва калі ты іх арганізатар.

Калі вы ўсё ж вырашыце пагуляць у «дрэнныя» азартныя гульні, то вось некалькі трывалых пастулатаў на ўсе часіны і народы. Памятайце, што гуляюць і прайграюць мільёны, а выйграюць адзінкі. То-бок, гэта — справа выпадку. А таму малаверагодна, што менавіта вам пашанцуе, а тым болей не варта разлічваць, што азартныя гульні могуць быць сталай крыніцай даходаў. Болей шанцаў перамагчы ў покер ці на спартовых стаўках, чым у казіно і на гульнявых аўтаматах, бо там, апрача ўдачы, некаторым чыннікам выйгравання з’яўляюцца вашыя веды і ўменні: ці то картачнае майстэрства, ці то арыентаванне ў свеце спорту і здатнасць да аналітычных прагнозаў. Дарэчы, некаторыя зарабляюць на спартовых прагнозах на адмысловых букмекерскіх сайтах, але гэта — аўтарытэтныя асобы ў свеце спорту: былыя спартоўцы, каментатары. Аднак нішто не замінае вам стварыць блог як заўзятару.

Успрымайце азартную гульню як забаву. Скажам, спартовая стаўка на вынік гульні ўлюбёнай каманды можа дадаць эмоцыяў заўзенню. Дзеля гэтага лепей нават не звязвацца з арганізатарамі азартных гульняў, а заключыць пары ў сяброўскай кампаніі. І гуляйце, калі ўжо рызыкнулі, толькі на тыя сумы, якіх не шкада. Умоўна кажучы, на зэканомленыя на нечым грошы ці падораныя, ці выпадкова заробленыя. Для буйных выйгрышаў на тых самых спартовых стаўках трэба трымацца спецыяльных стратэгій, а для гэтага патрэбныя дастаткова вялікія сумы. Да прыкладу, нейкая абраная вамі каманда часта гуляе ўнічыю. Напрыклад, траціну сваіх матчаў. Можна кожны чэмпіянатны тур ставіць пэўную суму на яе гульню ўнічыю — будуць паразы па стаўках, але калі-небудзь і добрыя выйгрышы, якія акупяць прайграныя стаўкі. Аднак такая стратэгія пасуе, паўторымся, толькі тым, хто мае буйныя сумы для гульні, добрыя нервы, каб не расстроіцца ад паразаў і не памкнуцца на стаўкі-рэваншы любым коштам, і ўменне аналізаваць. Але такая тройца якасцяў для азартнага гульца — рэдкасць. І калі вы добра разбіраецеся ў спорце, памятайце, — у букмекерскіх канторах таксама працуюць прафесіяналы, якія вызначаюць каэфіцыенты на тыя альбо іншыя матчы не са столі.

На злом галавы

Апошнім часам набылі вялізную папулярнасць разнастайныя квізы — віктарыны ў публічных месцах, калі збіраюцца сяброўскія ці карпаратыўныя каманды і спаборнічаюць у вырашэнні розных задачак, шукаюць адказы на пытанні, заснаваныя на ведах ці логіцы. Папулярнасць тлумачыцца проста: людзі праз камп’ютарызацыю засумавалі па фізічным баўленні часу разам. Да ўсяго — гэта проста і нядорага.

Дакладней, гаворка пра паб-квізы, таму што ладзяцца яны ў розных барах і кафэ. Гэта ўзаемавыгадна для арганізатараў квізаў і ўладальнікаў установаў грамхарчу, якія маюць дадатковую рэкламу сваіх месцаў, калі ідзе анансаванне квіз-гульняў, і прыбытак з замоваў ежы ды пітва іх удзельнікаў. Калі вы маеце здольнасць арганізоўваць мерапрыемствы і любіце інтэлектуальныя забаўкі, то чаму б не толькі не паўдзельнічаць у квізах, але і заснаваць свой, каб што-нішто зарабляць!?

Прызы за перамогі ў квізах чыста сімвалічныя. Скажам, вялізная бутэлька шампанскага на каманду-пераможцу. А ў якасці арганізатара квізаў вы можаце мець дадатковы заробак або сур’ёзны даход, калі ваша справа маштабна раскруціцца. Напрыклад, як квіз-гульня «Мазгабойня». У яе гуляюць ужо ў прыкладна 200 гарадах з 15 краінаў, а прыдумалі і запусцілі беларусы. Ідэю падглядзелі ў Літве, калі вучыліся там у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, і калі там была хваля квіз-гульняў. Сустваральнік Аляксандр Ханін акурат і раіць тым, хто дбае пра паспяховую кар’еру, рабіць тое, што прыносіць задавальненне, і болей падарожнічаць, каб падглядаць падчас іх розныя цікавосткі.

«Мазгабойня», якая пачыналася як забаўка для кола знаёмых, цяпер — сур’ёзны бізнес, які прадае франшызы коштам у некалькі тысяч долараў. Апрача гэтага, пакупнікі франшызы пералічваюць пэўную суму ад прыбытку: яна, як і кошт франшызы, залежыць ад колькасці насельніцтва горада, у якім будзе праводзіцца квіз на ўзор «Мазгайбойні». Так што можаце паспрабаваць сваю віктарынную справу не з нуля, а такім чынам. Прадавец франшызы, натуральна, аказвае самае разнастайнае спрыянне — у тым ліку дае базу пытанняў, якія будуць задавацца ўдзельнікам квізу.

Якой можа быць выручка? Залежыць ад маштабавання бізнесу. Зразумела, што квіз у адным горадзе вялікіх грошай не прынясе. Напрыклад, у Мінску дзейнічаюць больш за дзясятак разнастайных квіз-гульняў, якія ладзяць па некалькі мерапрыемстваў на месяц. Кошт — 6–8 рублёў з аднаго ўдзельніка. Дарэчы, паспрабаваць увайсці ў гэты бізнес можна, акрамя таго, што пагуляць самому, праз складанне пытанняў. Яны заўсёды запатрабаваныя. За адно пытанне не на веды, а так званыя раскручвальныя, на логіку, можна атрымаць 1–3 долары. Такіх прапаноў у інтэрнэце хапае. Ну і адразу прыкідвайце гэта ў выдаткі як патэнцыйны арганізатар квізаў.

Паколькі квізавая канкурэнцыя дастаткова вялікая, рыхтуйце розныя «фішачкі». Самае простае — тэматычныя гульні. Заўжды знойдзецца пэўная колькасць аматараў і фанатаў чагосьці. Таксама варыянт — прапанаваць такі спосаб баўлення часу буйным фірмам у якасці карпаратыўнага адпачынку. Зрэшты, існыя квізы таксама будуць круціцца ў розных кірунках, у тым ліку трэндавых. Так, квізы не маглі не адрэагаваць на беларусізацыю. Тая самая «Мазгабойня» ладзіла беларускамоўную віктарыну да ўгодак БНР. Існуюць і цалкам беларускамоўныя квізы — напрыклад, Беларуская інтэлектуальная гульня. Так што шукайце і абірайце, каб проста пагуляць ці прыгледзецца да гэтага прыемна-карыснага бізнесу. Дарэчы, у інтэрнэце квізы прысутнічаюць пераважна ў сацсетцы «ВКонтакте».


Збяры «настолку»

Яшчэ адзін від бізнесу, які прадае спажыўцам прыемнае з карысным і недарагі для распачынання, — выраб і продаж настольных гульняў. Яны таксама перажываюць хвалю папулярнасці, у тым ліку беларускамоўныя. Бярыце прыклад з гульні «Паўстанцы», якую яшчэ ў 2013 годзе прыдумала і выпусціла гродзенская сям’я Янкоўскіх да 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага. Сцэнар падобны да «Мафіі»: з дапамогай картак гульцы размяркоўваюцца па ролях, задача — вызначыць Каліноўскага, Мураўёва-вешальніка і так далей. Цяпер рыхтуецца выпуск абноўленай версіі гістарычнай забаўкі, што выпадкова супала з сёлетнім перапахаваннем паўстанцаў у Вільні.

Фота Svaboda.org

Фота Svaboda.org


Прычым, у распачынанні вы можаце выкарыстоўваць краўдфандынг — грамадскі збор грошай на праект сваёй «настолкі». Атрымаецца знешняя інвестыцыя і заадно перадзамова. Нешта заробіце — і будзеце мець досвед як у прасоўванні прадукцыі, так і ў каштарысным планаванні. Па выніках ужо вырашыце, ці выгарыць гэта як выгадная бізнес-справа. Натуральна, што пры краўдфандынгавым варыянце ваш праект павінен мець пэўную грамадскую значнасць — напрыклад, забаўляльна-адукацыйную. У складаны эканамічны час могуць мець попыт такія гульні, як фінансавыя сімулятары. Але без негатыву, як у «Манаполіі», дзе мэта ўсіх збанкрутаваць і такім чынам перамагчы, а арыентаваныя на тое, каб у змадэляваных сітуацыях стварыць і захаваць капітал.

Ідэальны ж варыянт — распрацаваць «пацігейм» кшталту суперпапулярнай «Уна», каб у вашу гульню бавіўся ўвесь свет. Дапамажыце людзям выдаткаваць свае грошы на добрыя гульні, якія забаўляюць, адукоўваюць і збліжаюць.