Гульцы ў віртуале: пад кантролем дзяржавы

Сёлета пачаў дзейнічаць шэраг заканадаўчых зменаў умоваў функцыянавання гульнявога бізнесу ў Беларусі. Перадусім увага дзяржавы звернутая на яго электронныя формы. Мэта — перавабіць нашых грамадзян з замежных пляцовак азартных гульняў у інтэрнэце ў тыя, што зарэгістраваныя ў нашай краіне і, адпаведна, кантралююцца падатковай ды іншымі дзяржаўнымі органамі. Некаторыя новаўвядзенні тычацца і гульняў на грошы жыўцом — традыцыйных, у афлайне.

Фота Online-zhzh.info

Фота Online-zhzh.info


Новыя правілы гульняў на грошы пачалі дзейнічаць ад сёлетняга красавіка паводле ўказа Лукашэнкі №305 «Аб удасканаленні прававога рэгулявання гульнявога бізнесу». Галоўная прыўнесеная ім навізна — легалізацыя азартных анлайн-гульняў. Чыноўнікі кажуць, што яна была прадугледжана Канцэпцыяй развіцця гульнявога бізнесу, прынятай яшчэ ў 2011 годзе. Мэтамі ў гэтым дакуменце былі названыя «стварэнне сістэмы эфектыўнага дзяржаўнага рэгулявання сферы гульнявога бізнесу, якая б забяспечвала абарону насельніцтва Рэспублікі Беларусі ад негатыўных праяваў гульнявога бізнесу з адначасовым узмацненнем дзяржаўнага кантролю за абарачэннямі грашовых сродкаў у гэтай сферы».

На той момант — амаль дзесяць гадоў таму, — заканадаўства ў галіне арганізацыі анлайн-гульняў існавала толькі ў дзвюх краінах: на Мальце ды ў Італіі. А яшчэ яго толькі-толькі распрацоўвала Францыя. У астатніх дзяржавах анлайн-казіно, покер ды іншыя гульні праз інтэрнэт былі незаконнымі або не ўрэгуляванымі нейкімі заканадаўчымі актамі. У Канцэпцыі развіцця гульнявога бізнесу ў Беларусі таксама чытаем: «Каштоўнасць рэалізацыі праекта па стварэнні анлайн-гульняў палягае ў тым, што ў гульню прывабліваюцца грамадзяне іншых краін, у выніку чаго рэзка павялічваецца ёмістасць гульнявога рынку. Напрыклад, абароты кампаній, што рэалізуюць анлайн-гульні на Мальце, складаюць 8 мільярдаў еўра на год. У выніку ў краіну прыцягваюцца значныя валютныя сродкі». Меркавалася ўсталяваць стопрацэнтны дзяржаўны кантроль за фінансавымі плынямі, у тым ліку для таго, каб не дапусціць легалізацыі даходаў, атрыманых злачыннымі спосабамі. Прадбачыліся складанасці ў ідэнтыфікацыі гульцоў. Што ж у выніку прыдумалі і прапісалі ў нас заканадаўча?


Пад кантролем падатковай

Паводле ўказу №305, азартныя гульні ў інтэрнэце могуць праводзіць фірмы, якія маюць адмысловую ліцэнзію на права дзейнасці ў гульнявым бізнесе. То-бок, тыя юрыдычныя асобы, якія валодаюць ліцэнзіяй на ўтрыманне казіно ці залы гульнявых аўтаматаў у «рэале». Афіцыйна інтэрнэт-рэсурс, дзе размешчана анлайн-казіно ці анлайн-покер, называецца віртуальнай гульнявой установай. Платформа віртуальнай гульнявой установы павінна размяшчацца на серверах, якія фізічна знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Даменнае імя падлягае рэгістрацыі ў інтэрнэт-зонах «.by» або «.бел».

Цікавы момант: каб утрымліваць віртуальную гульнявую ўстанову, трэба не толькі мець ліцэнзію на ажыццяўленне дзейнасці ў галіне гульнявога бізнесу, але і весці гэтую самую дзейнасць цягам не менш як двух гадоў. Гэта азначае, што замежныя кампаніі пры жаданні адкрыць легальнае анлайн-казіно ў нашай краіне павінны будуць купляць ужо існыя беларускія юрыдычныя асобы з такой ліцэнзіяй.

Патрабуецца мець гарантыйны дэпазіт на спецрахунку, які будзе выкарыстоўвацца для забеспячэння выплатаў выйгрышаў і разлікаў з бюджэтам у выпадку фінансавых праблемаў арганізатараў азартных гульняў. Гэтыя арганізатары павінны прадставіць падатковым органам і Маніторынгаваму цэнтру па гульнявым бізнесе аддалены доступ да віртуальнай гульнявой установы. Гульнявыя сталы ці аўтаматы павінны стаяць, як і рэальныя, на ўліку ў адмысловай камп’ютарнай касавай сістэме, з дапамогай якой дзяржава павінна кантраляваць празрыстасць працэсу гульняў і абарачэння сродкаў на стаўках, выйгрышах і гэтак далей. Прычым для абарачэння грошай у анлайн-гульнях фірме, якая іх ладзіць, трэба выкарыстоўваць толькі свае дзейныя банкаўскія рахункі.

kazino_1.jpg


Узмацнілі кантроль і за традыцыйнымі, што працуюць у «рэале», азартнымі гульнямі. Іх арганізатары абавязаныя ўстанаўліваць у памяшканнях відэакамеры, каб фіксаваўся ўвесь працэс гульні. Вызначаныя канкрэтныя месцы для гэтага — на ўваходзе, у залах, дзе гуляюць, а таксама пры выдачы выйграных сумаў. Запісы на відэакамерах павінны захоўвацца цягам месяца.

Маюцца ва ўказе №305 «Аб удасканаленні прававога рэгулявання гульнявога бізнесу» і лібералізацыйныя палёгкі для гульнявых бізнесоўцаў. Дзеля ўключэння мадэляў гульнявых аўтаматаў у Дзяржрэестр дазволена прымаць іх выпрабаванні, праведзеныя ў замежных лабараторыях. Адменены абавязак рэгістраваць гульнявое абсталяванне ў падатковых органах — ва ўмовах, калі яно падлучаецца да адмысловай сістэмы Маніторынгавага цэнтра па гульнявым бізнесе. Калі абсталяванне будзе выкарыстоўвацца меней за 15 каляндарных дзён, прадугледжанае зніжэнне стаўкі падатку на 50 працэнтаў. Выплата выйгрышаў, паводле рашэння арганізатараў азартных гульняў, можа цяпер прыпыняцца на тэрмін да 30 дзён. Гэта прадугледжана для спрэчных выпадкаў, калі, напрыклад, ёсць падазрэнне, што гулец нейкі чынам маніпуляваў з гульнявым аўтаматам ці здарылася яго няспраўнасць. Раней жа спачатку выплачваліся грошы, а потым вялося разбіральніцтва.

«Гуляй у сваё!»

Што да гульцоў, то ўзроставы цэнз падвышаны з 18 да 21 года. Натуральна, у выніку гэтага колькасць гульцоў стане меншай, хаця па-сур’ёзнаму плацежаздольных асобаў у такой узроставай катэгорыі не так багата. Цэнз тычыцца як анлайн-пляцовак, так і стацыянарных гульнявых установаў. Калі, напрыклад, зала гульнявых аўтаматаў дапусціць маладога чалавека да 21 года паспытаць удачу, то атрымае штраф.

Аматараў азартных гульняў не можа не цешыць тое, цяпер яны могуць бавіцца і спрабаваць зарабіць, не выходзячы з дома. Сродкам здабывання фінансаў і азартных эмоцыяў стане мабільны тэлефон або камп’ютар. Каб атрымаць магчымасць гуляць, спатрэбіцца ідэнтыфікацыя. Яна можа адбывацца праз электронны лічбавы подпіс або праз працэдуру web-ID: чалавек павінен паказацца з пашпартам у руках, каб можна было параўнаць яго твар з фотаздымкам на пасведчанні асобы.

Што забаронена гульцам? У «рэале», паводле правілаў, нельга знаходзіцца ў гульнявых установах «у п’яным выглядзе, які зневажае чалавечую годнасць і мараль», у анлайне — калі ласка. Калі без жартаў, то забарона на анлайн-гульні дзейнічае, «калі наведвальнікі віртуальнай гульнявой установы аказваюць або могуць аказаць уплыў на вынікі падзеі гэтай гульні (уздзеянне на выпадковы вынік гульні)», «калі выкарыстоўваецца праграмнае забеспячэнне або тэхнічныя прыстасаванні, якія аказваюць уздзеянне на выпадковы вынік гульні ці дазваляюць яго прадбачыць».

Выйграныя грошы, калі вам пашчасціць, выплацяць на той банкаўскі рахунак, з якога вамі пералічваліся грошы для гульні (тое самае тычыцца сістэмаў электронных грошай і гаманца). Вы іх атрымаеце ўжо за вылічэннем 4-працэнтнага падатку на выйгрыш. Яшчэ колькі камісійных працэнтаў возьме банк ці сэрвіс электронных грошай за пералічэнне сродкаў на ваш рахунак-гаманец.

Гэта, а таксама пільнае адсочванне дзяржавай усяго працэсу анлайн-гульняў — прычыны, каб многія гульцы заставаліся на замежных інтэрнэт-пляцоўках з азартнымі гульнямі. Але толькі ў тым выпадку, калі такія гульцы аніяк не «свецяць», не дэкларуюць гэтых сваіх выйгрышаў. Бо з іх трэба плаціць падатак як з даходаў з-за мяжы — а гэта 13%. То-бок, больш выгадна гуляць у анлайн-гульні, арганізатары якіх маюць ліцэнзіі ў Беларусі. Ну і кантроль з боку дзяржавы — гарантыя таго, што анлайнавыя казіно, покер-румы ды букмекерскія канторы вас не падмануць і ўсё вамі выйгранае выплацяць.

Нарэшце, у дастаткова хуткім часе гуляць у азартныя гульні на грошы на замежных сайтах, якія не ўрэгуляваныя беларускім заканадаўствам, будзе складана: з 1 красавіка 2021 года яны будуць блакавацца — лічы, пад слоганам «Гуляй у сваё!».