Кожны пяты беларус да 2020 будзе рабіць пакупкі з сацсетак

Амаль траціна беларусаў робіць пакупкі анлайн, а да 2020 года кожны пяты пакупнік будзе прыходзіць у інтэрнэт-краму з сацсетак і месэнджэраў.

socset.jpg

Ключавыя трэнды анлайн-гандлю выдзелілі эксперты беларускага офіса «Бітрыкс24».

Сацсеткі будуць прадаваць, але не ў Беларусі

За апошнія 5 гадоў дзякуючы трафіку з сацсетак анлайн-продажы ў свеце выраслі амаль на палову. Па ацэнцы «Бітрыкс24», гэты трэнд толькі ўзмоцніцца да 2020 года. Сацыяльныя сеткі могуць стаць асноўным каналам трафіку як для маркетплэйсаў, так і для монабрэндавых кампаній.
Яшчэ адной тэндэнцыяй, якая магла б прыжыцца ў Беларусі, называюць прамы продаж тавараў у сацсетках. Так, Instagram і Pinterest дадалі магчымасць размяшчэння на фота ўзораў з купляй тавару напрамую. Праўда, у беларускім заканадаўстве такі спосаб інтэрнэт-гандлю пакуль не прапісаны і, адпаведна, не дазволены. Сацсеткі разглядаюцца суб’ектамі гандлю як крыніца трафіку, але ніяк не месца продажу.
У Беларусі сацыяльнымі сеткамі карыстаюцца прыкладна 49% насельніцтва, з якіх 82% робяць гэта праз мабільныя прылады. Найбольш папулярныя ў парадку змяншэння «Укантакце» (сярэдні ўзрост аўдыторыі — 15-30 гадоў), «Аднакласнікі» (25-45 гадоў) і Facebook (30-45 гадоў).

Беларусам пакажуць тое, што яны хочуць

Беларускі анлайн-гандаль таксама чакае вялікая персаналізацыя: выкарыстанне ботаў і аўтаналадак паказу разумнай стужкі тавараў, зыходзячы з профілю чалавека ў сацсетках і гісторыі пакупак.
«Сёння ў шматлікіх інтэрнэт-пляцовак ёсць дастаткова дадзеных аб кліентах, але галоўная праблема — іх аналіз, інтэрпрэтацыя і змена стратэгій працы. Паступова з’яўляецца ўсё больш праграмных рашэнняў, якія даюць рэкамендацыі пакупнікам. Таксама для ўладальнікаў інтэрнэт-крам ключавым фактарам становіцца зніжэнне кошту і рост сярэдняга чэка, — лічыць дырэктар кампаніі «1С-Бітрыкс» Паліна Ганковіч.
Акрамя таго, працягнецца развіццё C2C-пляцовак — сэрвісаў прыватных аб’яў з абаронай інтарэсаў прадаўца і пакупніка. У ЗША, напрыклад, усё больш карыстальнікаў хочуць напрамую прадаваць і купляць вырабы ручной працы ці аказваць паслугі. У выніку хутка расце колькасць пляцовак, якія забяспечваюць як інтарэсы прадаўца (атрыманне грошай), так і інтарэсы пакупніка (атрыманне тавару ці паслугі). У Беларусі гэта кірунак таксама атрымаў развіццё.

Буйныя гульцы стануць мацней, дробныя сыдуць

Яшчэ адна тэндэнцыя — узбуйненне асноўных гульцоў анлайн-гандлю за кошт паглынання або выцяснення невялікіх кампаній. За апошнія год-два можна было назіраць кансалідацыю гульцоў на рынку беларускага анлайн-гандлю. Гэты трэнд працягнецца і ў бліжэйшыя гады: на рынку застанецца каля 5 магутных гульцоў, а астатнім прыйдзецца шукаць свабодныя нішы, лічыць эксперт.
На рынак таксама паўплываюць новыя спосабы прыцягнення аўдыторыі праз сацсеткі. Сярод іх — дынамічны рэтаргетынг аб’яў, вітрына тавараў і ўнутраны маркетплэйс для камерцыйных старонак. Сацсеткі актыўна інвестуюць у гэты кірунак, зніжаючы арганічны ахоп пастоў кампаній у сацсетках і прывязваючы іх да рэкламных магчымасцях платформаў.

Пакупнікі «мігруюць» у месэнджары

Акрамя сацсетак, пакупнікі будуць прыходзіць з месэнджэраў. Кожны месяц колькасць іх карыстальнікаў расце на 10-30%. Беларускія інтэрнэт-крамы асвойваюць перспектыўныя каналы: прапануюць кантактаваць наўпрост праз мэсэнджэры. 

Рынак зменяць пакаленне Z і віртуальная рэальнасць

Галоўным драйверам росту анлайн-пакупнікоў з сацсетак выступае пакаленне Z. Паводле даследаванняў, 85% падлеткаў выкарыстоўваюць сацсетку, каб выбраць тавар і здзейсніць куплю. Пры гэтым 45% з іх выкарыстоўваюць Instagram як найбольш прыдатную платформу для камунікацый.
«Паводле нашых ацэнак прыкладна 20% усіх пакупнікоў анлайн ў Беларусі будуць прыходзіць у інтэрнэт-крамы праз сацсеткі да 2020 года. Да прыкладу, у Кітаі гэты паказчык ужо дасягнуў 41% і працягвае расці», — звярнула ўвагу эксперт.
Акрамя таго, хутка развіваюцца AR- і VR-прыкладанні, якія дапамагаюць выбіраць і нават віртуальна прымяраць вопратку і іншыя тавары. Аўдыторыя такіх рашэнняў штогод расце прыкладна на 40%, і ў асноўным гэта моладзь. Усе разумеюць: у бліжэйшыя гады іх доля ў анлайн-пакупках будзе няўхільна расці.
Паводле telegraf.by