Мінэканомікі прагназуе зніжэнне ВУП у Беларусі да 3%
Мінэканомікі прагназуе зніжэнне ВУП у Беларусі да 3% у 2016 годзе з-за недапаставак расійскай нафты, паведаміў журналістам 29 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
"Не ўсе спрагназаваныя макраэканамічныя паказчыкі будуць выкананыя з-за розных прычын — знешніх і ўнутраных фактараў. Недахоп нафтавай сыравіны для перапрацоўкі прывёў да таго, што мы губляем паказчык ВУП. Паводле нашых ацэнак, ён павінен быў скласці 98% (мінус два працэнты да мінулага года. — БелаПАН.) — гэты прагноз не спраўдзіцца з-за таго, што няма канчатковага рашэння аб куплі нафты ў Расійскай Федэрацыі", — заявіў міністр.
Паводле яго слоў, рэальнае зніжэнне ВУП у бягучым годзе можа скласці ад 2,6 да 3%.
"Паколькі нафта і нафтапрадукты маюць значную вагу ў ВУП, у аб'ёме мытных пошлін — вось такі прагноз", — дадаў Зіноўскі.
Міністр заявіў, што гэты прагноз будуецца на чыста прагматычных разліках, паколькі Міністэрства эканомікі "не адносіцца да ведамствам "адгадай".
Пры гэтым чыноўнік выказаў упэўненасць у тым, што макраэканамічная стабілізацыя ў краіне захаваецца і па выніках года ўдасца стрымаць інфляцыю ў рамках запланаваных 12%. Зіноўскі таксама падкрэсліў, што яго радуюць поспехі ў сферы машынабудавання, дзе на сёння зафіксаваны самы нізкі за апошнія гады ўзровень складскіх запасаў, а таксама тое, што "нядрэнна развіваецца сельская гаспадарка".
Адказваючы на пытанне, ці плануецца афіцыйна пераглядаць прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы і наступны гады, міністр сказаў: "Мы не будзем пераглядаць прагноз на наступны год нават пры абмежаваных пастаўках нафты". Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў, што ў выпадку недахопу расійскай сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў урад будзе шукаць магчымыя закупкі нафты ў іншых краінах.
Зіноўскі таксама назваў складанай пастаўленую Аляксандрам Лукашэнкам задачу аб павышэнні ў наступным годзе сярэдняга заробку да 500 долараў.
"Гэта вельмі цяжкая задача. Мы павінны разумець, што сёння сярэдні заробак — прыкладна 370 долараў. Але што тычыцца шэрагу галін эканомікі, гэта цалкам вырашальная задача, што і будзе рэалізавана ў наступным годзе", — завяршыў ён.
Мінск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расія, паводле дамоўленасцяў, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты за год аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, спачатку да 3,5 млн тон за квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расійскага газу ў 281 млн долараў. 19 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў пра наяўнасць сродкаў для разлікаў за газ, а 21 кастрычніка міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ "сёння пералічваем". Аднак гэтага не адбылося.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН