Мухі асобна — 2
Пуцін не кідае надзеі на эканамічную экспансію постсавецкай прасторы. Створаны нядаўна ЕАЭС надаў імпэту расійскаму прэзідэнту па пашырэнні ўплыву на сябраў ЕАЭС, Мытнага саюза і яшчэ шматлікіх агульных арганізацый. Але новага ён не прыдумаў.
Пуцін вярнуўся да старой ідэі агульнай валюты. Яшчэ пры абмеркаванні стварэння самога ЕАЭС у мінулым годзе эксперты і палітыкі ставілі пад сумнеў з’яўленне такой грашовай адзінкі. Казалася пра тое, што яна можа з’явіцца не раней за 2025 год.
Аднак расійскі кіраўнік спяшаецца, і на тыдні ён даручыў свайму Цэнтрабанку і ўраду прапрацаваць мэтазгоднасць стварэння валютнага саюза ў рамках ЕАЭС. «Банку Расіі сумесна з урадам РФ ва ўзаемадзеянні з цэнтральнымі (нацыянальнымі) банкамі дзяржаў-сябраў Еўразійскага эканамічнага саюза вызначыць далейшыя напрамкі інтэграцыі ў валютнай і фінансавай сферах у рамках ЕАЭС з прапрацоўкай мэтазгоднасці і магчымасці стварэння ў перспектыве валютнага саюза», — гаворыцца ў даручэнні Пуціна.
Адрапартаваць пра выкананне даручэння кіраўнік урада Расіі Дзмітрый Мядзведзеў і кіраўнік ЦБ РФ Эльвіра Набіуліна павінны да 1 верасня 2015 года.
Такая паспешлівасць расійскага прэзідэнта відавочна збянтэжыла ягоных калегаў у Казахстане і Беларусі. Намер утварыць валютны саюз у рамках ЕАЭС прысутнічаў у праекце дэкларацыі аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі з паметкай «прапанова расійскага боку, казахстанскі бок супраць». У канчатковым тэксце дэкларацыі, падпісаным прэзідэнтамі трох краін 18 лістапада 2011 года, паказваецца толькі «паглыбленне супрацоўніцтва ў валютнай сферы».
Падчас прэс-канферэнцыі пасля падпісання дэкларацыі Назарбаеў растлумачыў, што гаворка ідзе аб пашырэнні выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі трох краін з магчымым у перспектыве «выхадам на нейкую адзінку ў сэнсе валюты», пры гэтым пазначыўшы, што ні адна валюта краін-удзельніц ЕАЭС не падыходзіць на гэтую ролю.
Што да пазіцыі па гэтым пытанні Аляксандра Рыгоравіча, то 29 студзеня падчас вялікай прэс-канферэнцыі ён казаў, што пытанне адзінай валюты ў межах ЕАЭС «у парадку дня не стаіць». Наш кіраўнік растлумачыў, што для разгляду «адзінавалютнага» пытання трэба спачатку вырашыць увесь комплекс эканамічных пытанняў, у тым ліку і тых, якія ў межах стварэння ЕАЭС былі адкладзеныя да 2025 года. Вось калі з імі разбярэмся — можна і пра алтын падумаць.
«Але не думаю, што гэта будзе заўтра і пры маім прэзідэнцкім жыцці», — дадаў Лукашэнка. Улічваючы, якім чынам працягваецца прэзідэнцкае жыццё Аляксандра Рыгоравіча, то гэтая фраза фактычна азначае — ніколі.
Па меркаванні эканамістаў, пытанне пра адзіную валюту ў межах ЕАЭС, які працуе ўсяго два з паловай месяцы, сапраўды недарэчнае. Нават у варунках значна больш абкатанага Мытнага саюза адзіная валюта ёсць праблемай.
Эканаміст Сяргей Чалы зазначае: пакуль не выкананы ніводзін з шэрагу крытэраў, якіх павінна дасягнуць інтэграцыйнае аб’яднанне, каб у ім можна было ўводзіць агульную валюту. Найперш неабходна, каб паміж краінамі, якія ўтвараюць валютны саюз, былі вялікія аб’ёмы гандлю. Зараз жа нават у межах Мытнага саюза доля ўнутранага гандлю паміж «саюзнікамі» не тое што не расце, а нават скарачаецца. З «трэцімі краінамі» мы гандлюем больш, чым з «саюзнікамі». Таксама добра было б, каб у краін, якія ствараюць валютны саюз, былі сінхранізаваныя бізнэс-цыклы, то бок спады і ўздымы эканомікі. Гэтага амаль немагчыма дамагчыся, калі Казахстан і Расія — сыравінныя, а эканоміка Беларусі — цалкам перапрацоўчая. І апошні пункт самы важны: адзіны Цэнтрабанк і адзіная грашова-крэдытная палітыка.
Нагадаем, што яшчэ ў 2002 годзе ішлі размовы пра адзіную валюту Беларусі і Расіі. Расія настойвала, каб Цэнтрабанк быў адзін, і ён быў бы ў Маскве. З гэтым катэгарычна не пагаджаўся Аляксандр Рыгоравіч. Па ягоным меркаванні, эмісійных цэнтраў павінна было быць два — у Маскве і Мінску. То бок, каб Мінск таксама мог бы друкаваць грошы Саюзнай дзяржавы. На гэта Масква пагадзіцца не магла катэгарычна — бескантрольны друк грошай у Мінску мог абрынуць усю расійскую эканоміку.
Менавіта ў гэтым заграз праект Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы. Менавіта з-за гэтага тады раз’юшыўся Уладзімір Уладзіміравіч. Менавіта тады ён параіў Аляксандру Рыгоравічу падумаць, чаго ён хоча: інтэграцыі ў Расію, альбо нечага іншага? Ён нагадаў, што эканоміка Беларусі — гэта 3% ад эканомікі Расіі, і зазначыў, што нельга спрабаваць аднавіць СССР за кошт эканамічных інтарэсаў Расіі. І тады ж прамовіў вядомую сваю крылатую фразу: «Мухі асобна — катлеты асобна».
Зараз Пуцін, не параіўшыся з калегамі, пачаў новую фазу ўводу «адзінай валюты». І зараз жа Лукашэнка з Назарбаевым могуць прыгадаць яму ягоныя ж словы пра мух і катлет. Маўляў, пакуль не будуць канчаткова знятыя абмежаванні ў гандлі, пакуль нафта ў Расіі і Беларусі не будзе каштаваць аднолькава — выбачайце, якая можа быць адзіная валюта? Мухі асобна — катлеты асобна.