Нацбанк: Пад канец наступнага года рэзервы складуць не менш за 7,2 млрд долараў

Золатавалютныя рэзервы Беларусі пад канец 2020 года павінны скласці не менш як 7,2 млрд долараў. Паводле звестак БелаПАН, такую мэту Нацыянальны банк заклаў у праект Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год.

Фота з сайта www.aif.by

Фота з сайта www.aif.by

У будучым годзе рэгулятар мае намер працягнуць працу па падтрыманні ўзроўню рэзерваў і паляпшэнні іх структуры шляхам пагашэння даўгавых абавязацельстваў за кошт выкарыстання недаўгавых крыніц.

"Структура золатавалютных рэзерваў паляпшаецца, паступова павялічваецца недаўгавы складнік у структуры ЗВР", — растлумачыў суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах.

Паводле звестак БелаПАН, у 2020 годзе Нацбанк мае намер праводзіць аперацыі па куплі замежнай валюты на ўнутраным рынку для папаўнення золатавалютных рэзерваў.

Як паведамлялася, на 1 жніўня золатавалютныя рэзервы дасягнулі рэкордных 8,6 млрд долараў і выраслі з пачатку года больш чым на 20%. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур 7 жніўня ў час прэс-брыфінгу паведаміў, што рэзервы ў гэтым годзе ўдалося нарасціць у тым ліку за кошт куплі залішняй прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку.

У той жа час кіраўнік Нацбанка адзначыў, што прытрымліваецца асцярожных адзнак адносна будучай дынамікі золатавалютных рэзерваў.

"Мы закладваем на 2020 год вельмі асцярожныя падыходы і максімальна ўлічваем рызыкі гандлёвых войнаў паміж асобнымі дзяржавамі, якія фарміруюць ільвіную долю сусветнага ВУП", — сказаў Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Ён адзначыў, што Нацбанк у гэтых умовах імкнецца забяспечыць той узровень золатавалютных рэзерваў, які неабходны для забеспячэння фінансавай стабільнасці. "Наша задача складаецца ў тым, каб рэзервы пакрывалі не менш як двухмесячны аб`ём імпарту", — удакладніў Калаур.

Ён звярнуў увагу, што ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі ў наступным годзе зноў крыху знізяцца валютныя паступленні Беларусі.

"Гэта будзе рабіць нейкі націск на плацежны баланс, хоць плацежны баланс на 2020 год складаецца, як мы прагназуем, даволі збалансаваным", — зазначыў Калаур.

Як паведамлялася раней, Нацбанк на канец 2019 года паставіў задачу ўтрымаць рэзервы на ўзроўні не меншым за 7,1 млрд долараў.

Асноўны фактар, які націскае на золатавалютныя рэзервы Беларусі, — значныя плацяжы па знешнім і ўнутраным дзярждоўгу. За студзень—ліпень урад у асобе Мінфіна і Нацбанк накіравалі на пагашэнне знешніх і ўнутраных аблігацый 2,5 млрд долараў.

У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца — гэта вынікае з прэзентацыі Мінфіна, якая была прадстаўленая ў ліпені гэтага года расійскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. У ёй гаворыцца, што ў 2019 годзе Мінфін павінен накіраваць на выплаты па валютным дзярждоўгу 3,2 млрд долараў, у 2020-м — 3,5 млрд долараў, у 2021-м — 3,3 млрд долараў, у 2022-м — 3,4 млрд долараў, у 2023-м — 3,8 млрд долараў, у 2024 годзе — 2,7 млрд долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН