Нацбанк не мае намеру расходаваць ЗВР на ўтрыманне курсу рубля

Нацыянальны банк Беларусі не мае намеру пры дапамозе золатавалютных рэзерваў уздзейнічаць на абменны курс беларускага рубля, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на прэс-канферэнцыі ў Мінску 5 мая.



zvr_300.jpg

Паводле яго слоў, не пазней за ліпень галоўны банк краіны мае намер перайсці да палітыкі больш гнуткага курсаўтварэння, якая прадугледжвае выкарыстанне на валютных таргах Беларускай валютна-фондавай біржы бесперапыннага двайнога аўкцыёну (форма правядзення біржавых таргоў, што грунтуецца на бесперапынным канкураванні заявак на куплю і продаж і іх задавальненні ў момант з'яўлення сустрэчных заявак з цэнавымі ўмовамі, якія перасякаюцца). 


Для гэтага патрабуецца адаптацыя да такой палітыкі і эканамічных агентаў, і прадпрыемстваў, і банкаў, сказаў Калаур. 


"Нацыянальны банк не мае намеру праз золатавалютныя рэзервы ўздзейнічаць на фундаментальнае значэнне курсу беларускага рубля. Што да згладжвання кароткатэрміновых ваганняў, то, безумоўна, у Нацбанка і пры новым рэжыме будуць магчымасці, і мы будзем імі карыстацца. Але гэта не значыць, што мы будзем уздзейнічаць на нейкі раўнаважны курс", — адзначыў кіраўнік Нацбанка. Вельмі важна да гэтага прывыкнуць, бо эканоміка павінна ўмець адаптавацца да знешніх шокаў, дадаў ён. 


"Нацбанк павінен згладжваць кароткатэрміновыя ваганні, мінімальна задзейнічаючы золатавалютныя рэзервы. Паводле вынікаў першага квартала валютныя інтэрвенцыі былі практычна нулявымі. Калі мы возьмем сітуацыю за чатыры месяцы, то Нацыянальны банк купляў на рынку валюты больш, чым прадаваў", — удакладніў Калаур. 
 

Ён падкрэсліў, што цяперашні курс адлюстроўвае справядлівы кошт беларускага рубля, які сфарміраваўся зыходзячы з попыту і прапановы. 


Тым не менш, працягнуў Калаур, у Нацбанку лічаць неабходным перайсці на яшчэ больш гнуткую палітыку абменнага курсу. "Гэта палітыка бесперапыннага двайнога аўкцыёну, каб зняць усякія домыслы з боку эканамічных агентаў. Таму што не сакрэт, калі мы чытаем пэўныя каментарыі, у тым ліку на форумах, дык ёсць пэўныя скептычныя выказванні на адрас Нацыянальнага банка", — сказаў старшыня праўлення. Паводле яго слоў, такія планы падтрымліваюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі. 


Калаур прызнаўся, што не любіць тэрмін "дэвальвацыя" і стараецца яго не выкарыстоўваць. "Я асабіста аддаю перавагу палітыцы гнуткага абменнага курсу, калі ёсць магчымасць рэагаваць на розныя знешнія шокі", — адзначыў ён і дадаў, што такая палітыка найбольш адпавядае наяўным умовам эканомікі Беларусі. 


Разам з тым самай правільнай кіраўнік Нацбанка лічыць палітыку фіксаванага абменнага курсу. "Але для гэтага павінны быць адпаведныя макраэканамічныя ўмовы. Фіксаваны абменны курс — гэта не для нашай эканомікі ў цяперашнім яе стане", — падкрэсліў Калаур. 


Нагадаем, 9 студзеня 2015 года Нацбанк перайшоў да выкарыстання механізма прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля павялічаная да 40%, а долі долара ЗША і еўра зніжаныя да 30% кожная.
Аляксей Арэшка, БелаПАН