Здані крызісу

Аляксандр Рыгоравіч яшчэ ў пасланні народу і парламенту адзначыў, што варта зноў замарозіць цэны. Але ў пасланні цьмяна прагучала, што разам з цэнамі трэба замарозіць і заробкі. Зараз кіраўнік сінявокай выказаўся пра гэта больш канкрэтна.  



25d4fb21debaa482fff088a370c.jpg

Прымаючы на тыдні міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяну Шчоткіну, Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся наконт коштаў і заробкаў. Па ягоных словах «недапушчальна», калі «назіраецца рост коштаў па кантраляваных пазіцыях, і асабліва ў ЖКГ, яшчэ дзесьці, там, дзе дзяржава падвышае кошты». І тут жа прапанаваў: «І там, дзе мы можам сёння прыпыніць рост коштаў, гэты рост коштаў трэба прыпыніць. Трэба даць зразумець усім: бізнесменам, прадпрымальнікам, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў і ўсім астатнім, што цэны пажадана цяпер не тузаць».

Як высветлілася, «не тузаць цэны» мы павінны не ад добрага жыцця. Уважліва паглядзеўшы на зайздросную для іншых «сацыяльна-рынкавую мадэль эканомікі», высвятляецца, што гэтая мадэль ва ўсім добрая, але ў яе ёсць толькі адна хіба. Гэтая хіба ў тым, што яна не працуе. Падаецца, знешнія і ўнутраныя рэзервы ў яе скончыліся, і гэта з прыкрасцю адзначыў беларускі правадыр.

«Таму што мы зарплату сёння не можам падняць… Гэта перш за ўсё павінны разумець дзяржслужачыя. Ёсць спробы выбарча камусьці каэфіцыент павысіць, камусьці даплату, зарплату, уладкаваць на працу, каб на пенсію сысці з добрай працы. Гэта недапушчальна! Я гэта буду лічыць правакацыяй супраць прэзідэнта, супраць дзеючай улады», — заявіў Лукашэнка, кажучы пра традыцыйнае падвышэнне заробкаў перад прэзідэнцкімі выбарамі.

Так што гэтым разам мы застанемся без звыклых падарункаў на пераабранне Лукашэнкі. І Аляксандр Рыгоравіч збіраецца зрабіць падарунак нетрадыцыйны. Па ягоных словах, «чалавеку не патрэбны рост заробкаў, калі не растуць цэны».

А вось гэта ўжо — вельмі спрэчнае сцвярджэнне. Як вядома, грошай можа быць мала, але іх ніколі не бывае зашмат. Да таго ж, натура ў нашага «народца» такая, што ён хоча ўсяго і адразу. І таго, каб заробкі падвышаліся, і таго, каб цэны не раслі. А дзе ўзяць на гэта фінансы? Няма ў нас такога залатога запасу.

Дарэчы, пра залаты запас. Падаецца, мы праскочылі крызісны пачатак года, абяцаны ад Расіі крэдыт у $110 мільёнаў да нас таксама дайшоў. Але нам трэба яшчэ. І з гэтым «яшчэ» — праблемы. Так, кіраўнік Нацбанка Павел Калаур зазначыў, што «перамоўны працэс Беларусі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС аб новай краінавай праграме знаходзіцца ў пачатковай стадыі».

У студзені Нацбанк, зыходзячы з бягучай сітуацыі на той момант, сцвярджаў, што Беларусь не выцягне ў 2015 годзе абслугоўванне знешняга доўгу, што прадугледжвае выплату $4 мільярдаў, без дадатковага прыцягнення мінімум $3 мільярдаў. Але прайшлі чатыры месяцы, і зараз, паводле Калаура, Беларусі неабходная значна меншая сума. Якая сума, Калаур не прызнаўся. «Канчатковае рашэнне (па суме крэдыту) будзе прымацца зыходзячы з магчымасцяў фонду і патрэбаў Беларусі», — сказаў Калаур.

Шкада толькі, што ў гэтай структуры — АКФ ЕўрАзЭС, — рэпутацыя краіны, як кажуць, «падмочаная». Мы ў 2011 годзе бралі ў іх крэдыт у абмен на абяцанкі рэформы эканомікі, і нічога з гэтых абяцанняў не выканалі. Таму нам не далі апошні транш з таго крэдыту ў $440 мільёнаў. З чаго мы маем надзею, што АКФ ЕўрАзЭС нас пракрэдытуе яшчэ раз — невядома.

Тым больш, што рэформаў у нас не прадбачыцца, ад «сацыяльна арыентаванай мадэлі» мы адмаўляцца не збіраемся. Доказ таму прагучаў на той жа сустрэчы са Шчоткінай. Лукашэнка запатрабаваў захаваць калектывы на буйных прадпрыемствах Мінпрама, якія зазналі сёння праблемы.

«Гэтая праблема больш за ўсё тычыцца міністра прамысловасці. Але хацеў бы і вас папярэдзіць, каб вы ва ўрадзе за гэтым пытаннем паназіралі і ажыццявілі кантроль. У нас на некаторых даволі буйных прадпрыемствах па пэўных прычынах, не буду іх называць, мы ўжо не аднойчы пра гэта казалі, склалася вельмі напружаная сітуацыя, абставіны. Мы ні ў якім выпадку не павінны дапусціць таго, каб іх страціць. Гэта выключана», — запатрабаваў Лукашэнка.

«Самая галоўная мера, і вы павінны за гэтым сачыць, — захаваць працоўныя калектывы. Крызісы калі-небудзь скончацца, але калі выходзіш з крызісу і на тваю прадукцыю ёсць попыт, а няма працоўнага люду, няма працоўнага класа, які вырабляў гэтую прадукцыю, тады бяда. Таму любымі спосабамі і сродкамі трэба захаваць працоўныя калектывы, зрабіць усё для таго, каб людзі працавалі. І не на склад», — агучыў Лукашэнка чарговую невыканальную задачу.

Як можна захаваць працоўны калектыў? Толькі выплочваючы яму заробак. А які можа быць заробак, калі, па словах таго ж Калаура, валютныя запазычанасці найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў складаюць каля $10 мільярдаў? Гэта ж поўны кошт будаўніцтва Астравецкай АЭС з дзвюма рэактарнымі блокамі! Альбо сума, у два разы перавышаючая золатавалютныя рэзервы краіны!

Па словах Калаўра, гэтая запазычанасць тычыцца 106 прадпрыемстваў Беларусі. «Мы вырашылі паглядзець, ці ў стане гэтыя прадпрыемствы выконваць свае абавязацельствы. Тым больш што прыкладна палова абавязацельстваў (з $10 мільярдаў) павінна быць пагашана ў 2015 годзе», — адзначыў Калаур.

То бок, насамрэч, грошы нам патрэбныя, і вельмі патрэбныя. Калі «тэрміновыя» пазыкі прадпрыемстваў, якія, як ужо было сказана, супастаўляльныя з ЗВР Беларусі, не будуць сплочаныя, гэта нанясе накаўтуючы ўдар па банкаўскай сістэме. Банкі абваляцца ўслед за прадпрыемствамі, людзі зноў пабягуць здымаць уклады, пераводзіць іх у валюту і… Сцэнар такога крызісу нам ужо тройчы знаёмы. Так што не паспеем мы выкараскацца з валютнага крызісу 2014–2015, як узнікне крызіс «канца 2015-га».

Калі ўсё будзе па-ранейшаму, гэты крызіс можа ўзнікнуць напрыканцы фінансавага года, калі прадпрыемствы пачнуць пагашаць пазыкі і выплочваць падаткі, а рабіць гэта будзе няма чым. Але галоўнае, пэўна, што гэта адбудзецца ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе гэтага года.

Пра рост заробкаў у гэтай сітуацыі сапраўды казаць не выпадае — дай Божа захаваць тое, што ёсць. А ўраду трэба будзе моцна пачухаць патыліцу, каб не дапусціць развіцця крызіснага сцэнару. Ці прыдумаюць яны нешта новае?