Нафтавы дождж у абмен на прадпрыемствы

Расія дае Беларусі ў 2014-м нафты па максімуме. Але ўзамен за нафту Расія хоча ўвайсці ў пяць беларускіх прыбытковых прадпрыемстваў.



oil_rain.jpg

Масква і Мінск дамовіліся пра пастаўку нафты ў Беларусь у аб'ёме 11,5 млн тон у першым паўгоддзі 2014 года, паведамляецца на сайце ўрада Расіі.
Гэта роўна столькі, колькі прасіў беларускі бок. Калі аб'ёмы пастаўкі захаваюцца ў другім паўгоддзі, то агульная гадавая колькасць складзе 23 млн тон.
Сёлета Беларусь атрымала толькі каля 20,5 млн тонаў нафты. Гэта выклікала рэзкае скарачэнне аб'ёмаў экспарту з нашай краіны.

Нафтапрадукты застаюцца асноўнай крыніцай валюты для Беларусі, таму пастаўка нафты па поўнай азначае, што наступны год стане годам эканамічнага росту. Калі, вядома, сусветныя цэны на нафту не ўпадуць.


Намеснік старшыні ўрада Расіі Аркадзь Дварковіч і першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы ў пятніцу дамовіліся, што бакі да канца 2013 гатовыя таксама падпісаць індыкатыўныя балансы па пастаўках вугалю, электраэнергіі і газу.

У 2013 у выніку супярэначнасцяў дамовы на пастаўкі нафты былі квартальнымі. Мінск спадзяваўся падпісаць баланс на 2014. Як стала вядома з крыніц ва ўрадзе Расіі, Масква абумоўлівала падпісанне зрухамі ў прыватызацыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Падпісанне ўрадам праектаў акцыянавання пяці прадпрыемстваў, у тым ліку Мінскага завода колавых цягачоў, было зроблена, каб дабіцца нафтавага балансу.


«У прыватнасці, гаворка [на сустрэчы Дварковіча і Сямашкі] ішла аб праектах з расійскімі кампаніямі ААТ «МЗКЦ», ААТ «Інтэграл», ААТ «Пеленг», ААТ «Гродна Азот», а таксама аб ходзе рэалізацыі праекта ААТ «КамАЗ» і ААТ «МАЗ», — заўважана ў тым самым паведамленні ўрада, у якім інфармуецца пра аб'ём паставак нафты.
nn.by