Рады бы ў рай, але ж грахі долу цягнуць
Падаецца, сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ўсё ж мелі нейкі эфект. Прынамсі, апошнімі днямі кіраўнік Беларусі толькі і робіць, што «бярэцца за эканоміку».
На гэтым тыдні Лукашэнка таксама заявіў: «Я ўжо казаў, што эканоміка — гэта прыярытэт нумар адзін. І калі чагосьці баяцца, то трэба баяцца і дрыжаць за эканоміку, каб яна развівалася, як мае быць». І прамовіў ён гэта на сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, які да той самай эканомікі мае хіба што апасродкаванае дачыненне.
У нашай краіне і знешні гандаль з’яўляецца абавязкам дыпламатаў. Не ведаю, наколькі гэтая сітуацыя нармальная, канешне. Аднак я ніколі не чуў, каб пасол Кітаю ў Беларусі апекаваўся і прасоўваў бы дзейнасць у нашай краіне, напрыклад, AliExpress. Там і так танныя тавары з Паднябеснай — чаго іх прасоўваць? Яны самі сябе прасунуць. Але ў нас — усё па-свойму.
Ведамства Макея, безумоўна, павінна весці перамовы наконт дамоваў і пратаколаў, якія б спрыялі гандлю беларускімі таварамі ў свеце. Але вось менавіта з гэтым — праблема. І праблема гэтая, дарэчы, зусім не Макея.
Па выніках сустрэчы кіраўнік МЗС паведаміў, што Сінявокая ціхенька, але ўпэўнена рухаецца ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. За апошнія паўтара года Беларусь заключыла 8 пратаколаў з рознымі дзяржавамі наконт уступлення ў СГА. Агулам наша дзяржава падпісала ўжо 18 такіх пратаколаў, засталося правесці перамовы яшчэ з васьмю дзяржавамі. «Але кіраўніком дзяржавы выразна пастаўленая ў чарговы раз задача, выказаная пазіцыя наконт таго, што ўступленне ў СГА для нас не самамэта», — сказаў міністр і дадаў, што рашэнне пра ўступленне Беларусі ў СГА будзе прынятае толькі пасля таго, як беларускія ўлады пераканаюцца, што гэта прынясе «канкрэтныя эканамічныя дывідэнды».
Насамрэч, я думаю, міністр штосьці недагаворвае (які ж з яго дыпламат, калі ён скажа ўсё?). Насамрэч, Беларусь, можа быць, і хацела б правесці гэты працэс хутчэй. Але нормы (хутчэй, маральныя) СГА гэтага не дазваляюць. Насамрэч, складваецца сітуацыя кшталту «рады бы ў рай, але ж грахі долу цягнуць».
Справа ў тым, што СГА працуе ў даволі шчыльнай звязцы з Міжнароднай арганізацыяй працы. А Міжнародная арганізацыя працы даўно пазбавіла Сінявокую гандлёвых прэферэнцый за жорсткае і сістэматычнае парушэнне правоў прафсаюзаў і працоўных. А, гледзячы на нашы выбрыкі з «падаткам на дармаедаў» і «справай РЭП», дык увогуле да Беларусі ставяцца як да хворага на праказу. То бок, нармальныя людзі імкнуцца трымацца ад нас далей.
Улічваючы цесную супрацу СГА і МАП, я не здзіўлюся, што падпісанне пратаколаў з васьмю дзяржавамі (сярод якіх, на хвілінку, і ЗША з іх санкцыямі ды Актам аб дэмакратыі ў Беларусі) зацягнецца на нявызначаны тэрмін.
Безумоўна, адна з галоўных падзеяў мінулага тыдня — тое, што Расія вырашыла скараціць у Беларусь пастаўкі нафтапрадуктаў. Кіраўнік падатковага дэпартамента Мінфіна РФ Аляксей Сазанаў заявіў, што пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь могуць зваліцца больш чым у 10 разоў і з 2019 года складуць 100–300 тысяч тон на год. Гэта нават здзіўляе, бо ў Беларусі — два нафтаперапрацоўчых прадпрыемствы, навошта нам расійскія нафтапрадукты?
Але не ўсё так проста. Справа ў тым, што мы тут прымяняем звыклую схему: атрымліваем танныя нафтапрадукты ад Расіі па ўнутрырасійскіх коштах і пускаем іх на ўласны рынак. А тое, што ствараюць «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — даражэйшыя нафтапрадукты, — пускаем на экспарт.
Менавіта таму ў нас танны, у параўнанні з суседзямі, бензін, і менавіта таму павышэнне коштаў на паліва тлумачыцца складанасцямі на нашых НПЗ і «недаатрыманнем імі выручкі».
Расія вырашыла прыкрыць гэтую «нафтавую шчыліну», якой карысталіся беларускія ўлады. Праблема палягае ў тым, што імпарт нафтапрадуктаў быў істотнай крыніцай прыбытку і для бюджэту, і для тых, хто набліжаны да ўлады. Зараз жа «ператаможка», калі нафтапрадукты траплялі на беларускі рынак, а затым ішлі на продаж, пад ударам. То бок, нам давядзецца больш дарагое паліва айчынных НПЗ прадаваць і на ўнутраным рынку, бо таннага расійскага будзе не хапаць. І, адпаведна, знізіцца экспарт «нашых» нафтапрадуктаў — таму што яго таксама будзе не хапаць.
Я не выключаю, што ў нечым такая сітуацыя беларускімі ўладамі пралічвалася. Апошнія падаражанні бензіну на 1–2 капейкі, але хіба не штодзень, і закліканыя паступова давесці кошт бензіну да нармальнага, але так, каб не выклікаць сацыяльнага выбуху. Каб не паўтарыліся акцыі «Стоп бензін!» мінулай пяцігодкі.
У любым выпадку, з расійскім падаткам на здабычу карысных выкапняў «нафтавая лафа» скончыцца даволі хутка, і да гэтага трэба быць гатовым.
І яшчэ цікавыя лічбы раскапалі розныя нячэсныя журналісты. Бліжэй да 1 верасня беларускія тэлеканалы з прыдыханнем паведамлялі аб адкрыцці ў краіне да навучальнага года трох новых школ. Але нехта паглядзеў на сітуацыю з іншага боку і палічыў, колькі школаў былі закрытыя.
Як паведамляе Белстат, на пачатак 2017/2018 навучальнага года ў краіне налічвалася 3067 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць навучэнцаў у параўнанні з пачаткам 2016/2017 навучальнага года павялічылася на 12 тысяч і склала 995 тысяч чалавек. У 2016/2017 годзе навучання, як паведамляла БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства адукацыі, у Беларусі функцыянавалі 3167 школ. Або роўна на 100 школ больш.
Такім чынам, у Беларусі за год закрылася больш за 100 школаў. Што выдатна кажа і пра нашу эканамічную мадэль, і пра дэмаграфічную бяспеку, і пра сацыяльную дзяржаву.
Трэнд на закрыццё ў Беларусі школ працягваецца з пачатку 1990-х гадоў, і, падобна, будзе ісці надалей. Галоўная прычына ліквідацыі навучальных устаноў — скарачэнне школьнікаў.1 верасня ў беларускія школы пайшлі 1,1 мільёна дзяцей. У канцы існавання БССР у рэспубліцы налічвалася каля 1,5 мільёна шкаляроў.
Такім чынам, можна казаць, што ў прынцыпе за час існавання гэтай улады мы засталіся там жа, дзе і былі, — у 1990-х гадах.
А тое, што Аляксандр Рыгоравіч надае столькі ўвагі эканоміцы, — знак, хутчэй, трывожны. Без яго ўвагі ўсё функцыянуе лепш.