Акцыі супраць павышэння пенсійнага ўзросту ў РФ: затрыманы паўтары сотні
Паліцыя затрымлівала ўдзельнікаў акцыі супраць пенсійнай рэформы ў РФ у 19 гарадах.
У Расіі падчас мітынгаў супраць павышэння пенсійнага ўзросту ўжо затрымана 153 чалавекі. Пра гэта паведамляе сайт праваабаронцаў "ОВД-Інфа". Затрыманні прайшлі ў 19 гарадах РФ.
У Екацярынбургу затрымалі былога мэра горада Яўгена Ройзмана. Пра гэта паведамляе «Новая газета».
Паводле звестак праваабаронцаў, пратэсты не атрымалася ўзгадніць з уладамі ў 59 гарадах і толькі ў 12 — атрымалася.
"Новая газета" паведаміла, што на Пушкінскую плошчу ў Маскве прыйшоў дэпутат Дзярждумы РФ Уладзімір Жырыноўскі. Удзельнікі акцыі спыталі, ці гатовы дэпутат падтрымаць апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, на што той адказаў, што з актывістам не знаёмы. Яму прапанавалі пайсці і пазнаёміцца, на што Жырыноўскі спытаў: "Куды? У турму?".
У дадзены момант сам Навальны адбывае 30 сутак арышту ў СІЗА. Супрацоўнікаў і каардынатараў рэгіянальных штабоў Навальнага затрымліваюць па ўсёй краіне.
У Маскве на Цвярской затрымалі падлетка. Карэспандэнт «Коммерсанта» Аляксандр Чарных напісаў у сваім телеграм-канале: «Па Цвярской ішоў самотна падлетак і нешта гучна крычаў; на яго ззаду напрыгнули паліцэйскія і пацягнулі; журналістаў груба штурхалі».
Фота: тэлеграм-канал «Черных и его коростели»
У Пецярбургу паліцэйскія збілі ўдзельніцу акцыі, пры затрыманні яны валаклі яе па асфальце. Пра гэта на гарачую лінію ОВД-Інфа паведаміў затрыманы Аляксандр Васільеў. Самога мужчыну супрацоўнікі паліцыі пры затрыманні кідалі на зямлю і цягнулі па лесвіцы, у выніку дзеянняў праваахоўнікаў мужчына атрымаў удар галавы.
У Пецярбургу ў бок супрацоўнікаў паліцыі кідаюць дымавыя шашкі.
Новая газета паведамляе пра жорсткія затрыманні ў Пецярбургу: аднаму з мітынгоўцаў разбілі галаву, у аўтазак зацягнулі 80-гадовага пенсіянера, якому стала кепска. Амапаўцы затрымліваюць нават зусім юных школьнікаў. Дакладных лічбаў затрыманых пакуль няма, але гаворка ідзе як мінімум пра 80 пратэстуючых.
Сёння па ўсёй Расіі стартавалі акцыі супраць пенсійнай рэформы, якія анансаваў апазіцыйны палітык Аляксей Навальны. Яны праходзяць у 82 гарадах РФ. Паліцыя актыўна затрымлівае ўдзельнікаў.