У Расіі на акцыях пратэсту 9 верасня затрыманыя больш за тысячу чалавек
У Расіі ў нядзелю на акцыях пратэсту супраць павышэння пенсійнага ўзросту былі затрыманыя больш за тысячу чалавек, паведамляе Руская служба «Радыё Свабода».
Больш за ўсё затрыманых, паводле дадзеных "ОВД-Инфо", было ў Санкт-Пецярбургу і Екацярынбургу — 452 і 183 — адпаведна. Выданне публікуе спісы затрыманых у розных гарадах.
Учора, 9 верасня, у адзіны дзень галасавання па ўсёй Расіі прайшлі мітынгі супраць пенсійнай рэформы. У 59 гарадах акцыі пратэсту ўзгадніць не атрымалася, і толькі ў 12 яны былі дазволеныя ўладамі. На акцыі выйшлі ад 60 да 80 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў у твітары паплечнік Аляксея Навальнага Леанід Волкаў.
У акцыі на Пушкінскай плошчы ў Маскве ўдзельнічалі да пяці тысяч чалавек. Яны паставілі жалобны вянок з надпісам "Пенсія" ля помніка Пушкіну і скандавалі: "Гэта не рэформа, гэта рабаванне!" і "Вярніце нашы грошы!". Паліцыянты, па дадзеных "ОВД-Инфо", затрымалі 43 чалавекі. Як мінімум 8 з іх заставаліся ў паліцыі да раніцы. Паміж паліцыяй і ўдзельнікамі акцыі адбыліся сутыкненні. Паліцыянты ўжылі грубую сілу да актывістаў.
У Маскве распачатая крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельніка акцыі, які нанёс траўму паліцэйскаму. Пра гэта паведаміла "Інтэрфаксу" прадстаўнік маскоўскага ўпраўлення Следчага камітэта Юлія Іванова.