З МЗС Польшчы звольнілі амаль усіх супрацоўнікаў, якія вучыліся ў Маскве
Выпускнікі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін разглядаюцца ў Варшаве як патэнцыйныя "агенты ўплыву", паведамляе «Еўрарадыё».

З Міністэрства замежных спраў Польшчы звольнілі амаль ўсіх супрацоўнікаў, якія вучыліся ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін, ці былі ў спісах камуністычных спецслужбаў.
Пра гэта ў панядзелак паведаміў кіраўнік МЗС Польшчы Яцэк Чапутовіч.
Паводле яго слоў, кіраўніцтва ведамства было заменена "амаль на 100%" (на пасадах дырэктараў і намеснікаў дырэктараў 111 дэпартаментаў МЗС амаль усе новыя людзі). І ўсё гэта адбылося пасля прыходу да ўлады партыі "Права і справядлівасць" (з 2015 года).
Паводле планаў, з 101 амбасадара будуць замененыя 86, і гэты працэс ужо адбываецца.
З 2016 года на працу ў МЗС былі прынятыя 435 новых супрацоўнікаў.
Можна меркаваць, што выпускнікі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін разглядаюцца ў Варшаве як патэнцыйныя "агенты ўплыву".
У Маскве звальненне гэтых людзей называюць "поўным глупствам".