Янукевіч: Трэба, каб лёс Беларусі не вырашаўся без саміх беларусаў
Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Падобна да таго, што ўлада пачала ўжо зараз да іх рыхтавацца — ідзе „закручванне гаек» па ўсіх кірунках. Што робіць апазіцыя?
Пра гэта ішла размова з госцем Радыё Рацыя — экс-старшынём партыі БНФ Аляксеем Янукевічам.
— Вы вырашылі ісці кандыдатам у прэзідэнты на будучых выбарах. У цяперашняй сітуацыі, калі выбараў у нас фактычна няма, удзельнічаць у гэтым “спектаклі” вы вырашылі самі ці гэта вас падштурхоўвае партыя?
— Гэта рашэнне з’езда партыі, якое я падтрымліваю, — кажа Аляксей Янукевіч. — І я выступаў за тое, каб такое рашэнне было прынята. Я выдатна разумею, што спадзявацца на абвяшчэнне пераможцаў з вуснаў Лідзіі Ярмошынай абсалютна неверагодна.
Відавочна, што калі ў Лукашэнкі будзе хапаць здароўя і нічога з ім не здарыцца, то яго яна абвесціць пераможцам на наступных выбарах.
Але я думаю, што мы мусім глядзець шырэй за гэтыя ўнутрыбеларускія разборкі. Мы мусім глядзець, якія намеры мае сёння Расія. А яна зараз якраз імкліва нарошчвае свой патэнцыял, інфраструктуру для ўздзеяння на грамадскі сектар, на палітычнае поле Беларусі. І, відавочна, Расія будзе на гэтых прэзідэнцкіх выбарах, незалежна ад таго, ці яны здолеюць знайсці нейкага кандыдата, якога павядуць насуперак Лукашэнку, ці яны будуць будаваць сваю кампанію на шантажы Аляксандра Лукашэнкі і прымушэнні яго да саступак.
Відавочна, што яны будуць імкнуцца настроіць большую частку грамадства на карысць “рускага свету”, скансалідаваць усе прарасійскія сілы Беларусі. Таму перад нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі, ядром якіх я безумоўна бачу партыю БНФ, асноўная задача на прэзідэнцкія выбары — скансалідаваць, нарасціць сілу і паказаць уладам Беларусі і нашым суседзям, што нацыянальная ідэя мае моцны палітычны грунт. Што яна з’яўляецца суб’ектам, з якім неабходна лічыцца. Трэба, каб лёс Беларусі не вырашаўся без саміх беларусаў.
— Ці не звязваеце вы з будучай прэзідэнцкай кампаніяй пераслед журналістаў і незалежных медыя?
— Так, безумоўна. Улады імкнуцца прэвентыўна пазбавіць сваіх апанентаў і наогул грамадства незалежнага голасу, непадкантрольнага ўладам. А па-другое, улады разумеюць, на маю думку, што Масква будзе змушаць Лукашэнку да саступак. Змушаць эканамічнымі чыннікамі. І так званы нафтавы манеўр — адзін з першых сур’ёзных крокаў у гэтым кірунку. І Лукашэнка разумее, што хутчэй за ўсё эканоміка будзе пагаршацца. І гэта можа пацягнуць за сабой незадавальненне ў грамадстве. І трэба пазбавіць грамадства магчымасці атрымліваць незалежную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне.
На жаль, наша грамадства не скансалідаванае. І сёння незалежныя медыя — гэта фактычна адзіная крыніца, якая дае магчымасць грамадству зразумець, што адбываецца. Зараз улады фактычна нішчаць незалежныя медыя — гэта і “Белсат”, і Беларускае Радыё Рацыя, і “справа БелТА”.
Аслабленне ролі незалежных медыя стварае пэўны вакуум, які вельмі імкліва спяшаюцца запаўняць прарасейскія фэйкавыя СМІ, якія маюць сродкі і якія рэжым пакуль баіцца чапаць. І ўсё гэта вельмі шкодна для нашых нацыянальных інтарэсаў, — адзначыў палітык.