У Расіі пачаліся найбуйнейшыя ў гісторыі краіны вайсковыя вучэнні
300 тысяч вайскоўцаў, 80 караблёў, 36 тысяч бронемашын. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
На расійскім Далёкім Усходзе сёння стартавалі найбуйнейшыя за апошнія дзесяцігоддзі вайсковыя вучэнні «Усход-2018», паведамляецца на сайце Міністэрства абароны Расіі.
У манёўрах, якія будуць доўжыцца да 17 верасня, возьмуць удзел каля 300 тысяч вайскоўцаў, 80 караблёў, 36 тысяч бронемашын, а таксама звыш тысячы самалётаў. Акрамя расійскіх сілаў, у манёўрах удзельнічаюць каля трох з паловай тысяч вайскоўцаў з Кітаю.
Апошні раз вучэнні падобнага маштабу праходзілі ў СССР у 1981 годзе, у іх удзельнічалі вайскоўцы краінаў Варшаўскай дамовы. Тады заходнія дзяржавы ўспрынялі вучэнні як дэманстрацыю сілы і гатоўнасці да буйной наступальнай аперацыі.
Галоўная мэта вучэнняў «Усход-2018», як заявілі ў Мінабароны, — праверыць узровень падрыхтоўкі органаў вайсковага кіравання пры планаванні і правядзенні перагрупавання войскаў на вялікія адлегласці.
У NATO лічаць, што расійскія вайсковыя вучэнні «Усход-2018» — гэта адпрацоўка ўдзелу ў шырокамаштабным канфлікце.
Ва Уладзівастоку з 11 па 13 верасня праходзіць Усходні эканамічны форум, у якім бярэ ўдзел Уладзімір Пуцін. Крэмль раней паведаміў, што прысутнасць замежных лідараў на вучэннях «Усход-2018» разам з Уладзімірам Пуціным не плануецца.
Тым часам у Беларусі 6–12 верасня праводзяцца ўласныя камандна-штабныя вучэнні беларускіх узброеных сілаў. Тэма вызначана з улікам «узнікнення ва ўсясветнай практыцы новых выклікаў і пагроз ваеннай бяспецы дзяржавы». Мэта вучэнняў — «праверыць узровень навучання органаў кіравання, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў і іх здольнасць кіраваць вылучанымі сіламі і сродкамі пры выкананні задач па прызначэнні».
У іх бяруць удзел каля 7500 вайскоўцаў, 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі і каля 30 самалётаў і верталётаў. Будуць задзейнічаны шэсць палігонаў, а таксама раёны і ўчасткі мясцовасці ў Берасцейскай, Горадзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Вучэнні кантралююць вайскоўцы з Латвіі, Літвы і Украіны.