Раманчук: 12 мер для процідзеяння ціску Крамля
Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што афіцыйнаму Мінску па-сапраўднаму стане блага, калі Крэмль знойдзе ўправу на сваіх VIP-карупцыянераў.
— Ці можна жыць без расійскага нафтавага наркотыку? — задаўся пытаннем на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Яраслаў Раманчук.
— Вядома, можна. Можна і трэба. Беларусь занадта доўга сядзела на нафтагазавай ігле. Нават дагавор аб стварэнні ЕАЭС беларускія ўлады падпісалі ў разліку на захаванне льготных цэн і ўмоў гандлю нафтай, нафтапрадуктамі і газам.
Прайшло амаль 8 гадоў. Калі б беларускія ўлады ўзялі курс на нейтралізацыю сыравіннай залежнасці ад Расіі па энергарэсурсах ў пачатку 2010-ых, сёння наша эканоміка, дзяржаўны бюджэт былі б у значна меншай ступені залежныя ад цэн і ўмоў паставак энергетычных тавараў.
Час праваронілі. Магчымасці прафуканыя. Шанцы празявалі. Змену настрою Крамля праваронілі. І вось пагроза прымусу да арганізацыі эканомікі без расійскага нафтавага пляча матэрыялізавалася.
Крамлю ўсё роўна, што думаюць беларускія ўлады і Лукашэнка з нагоды нафтавага манеўру. Пуціну / Мядзведзеву адзін чорт, як адрэагуе афіцыйны Мінск на жорсткае кваціраванне паставак нафтапрадуктаў у Беларусь. Яны ўпэўненыя, што беларускія ўлады настолькі ўгразлі ў Расіі і інтэграцыйных праектах, што без яе нікуды не пойдуць, што не асмеляцца растлумачыць свайму насельніцтву і бізнесу, што трэба рыхтавацца да росту коштаў на нафтапрадукты, як мінімум, на 30%, што пара забываць аб масавых датацыях ЖКП, а таксама для стратных дзяржпрадпрыемстваў.
Крэмль бачыць, што сістэма вырашэння спрэчак у ЕАЭС не працуе. Еўразійская эканамічная камісія — імпатэнтнае інстытуцыянальнае цела. Праект «Саюзная дзяржава» ператварыўся ў палітычны вісяк. Праект «СНД» прыняў выгляд сумнай штогадовай сустрэчы палітычных VIP-аў з адзіным пытаннем у парадку дня — «Ні пра што».
Незалежнай судовай сістэмы, якой бы давяралі ўсе краіны ЕАЭС, няма. Хіба што суд у Гаазе або Лондане. Вось Раснафта / Пуцін рэалізуюць свой доўгатэрміновы план у доўгую гуляюць. Надыходзіць тая стадыя, на якую яны разлічвалі, як мінімум, пятнаццаць гадоў таму. Тады было вырашана падсадзіць Беларусь на крэдытную і энергетычную іголку, каб не было ні найменшай спакусы ствараць магутныя нацыянальныя інстытуты хуткага, доўгатэрміновага інклюзіўнага эканамічнага росту.
Трэба прызнаць, што ў Крамля атрымалася амаль усё, што ён задумаў. Адзіная праблема ў рэалізацыі гэтай стратэгіі — расійскія карумпаваныя эліты, з VIP-распарадчыкаў чужога і сілавікоў. За грошы яны гатовыя на ўсё, у тым ліку на нанясенне расійскаму бюджэту страт. Вось калі Крэмль знойдзе ўправу на сваіх уласных VIP-карупцыянераў, тады афіцыйнаму Мінску па-сапраўднаму будзе кепска.
Пакуль жа магчымасць асіметрычных дамоўленасцей паміж Лукашэнкам і Масквой захоўваюцца. Але часавы прамежак, калі такое магчыма, хутка скарачаецца.
Пара сур’ёзна паставіцца да выканання патрабавання дыверсіфікацыі эканомікі Беларусі, у тым ліку ў энергетычнай сферы. Пара пакласці канец заганнай практыцы фармавання дзяржбюджэту на падмурку коштаў на нафту, схем паставак нафтапрадуктаў, а таксама цаны на газ.
Вось 12 мер, якія трэба рэалізаваць у сітуацыі нарастання энергетычнага, інфармацыйнага, палітычнага і гандлёвага ціску з боку Крамля:
1) звярстаць збалансаваны бюджэт-2019 без уліку нафтавага гранта, паставак расійскіх нафтапрадуктаў,
2) не прасіць чарговы крэдыт у Расіі ў памеры $ 1-1,4 млрд.;
3) не прасіць кампенсацыі з-за нафтавага манеўру і спынення;
4) увесці на мяжы рэжым кантролю рэжыму перамяшчэння тавараў паміж Беларуссю і Расіяй з мэтай штампоўкі дакументаў для вяртання ПДВ;
5) замясціць расійскі інфармацыйны ТБ кантэнт паўнавартасным плюралістычнымі беларускім;
6) прыпыніць сяброўства Беларусі ў праекце «Саюзная дзяржава» на 9 месяцаў;
7) адклікаць свайго прадстаўніка з Еўразійскай эканамічнай камісіі, правесці перамовы з Казахстанам, Кыргызстанам і Арменіяй па выпрацоўцы сумеснай пазіцыі па парушэнні Расіяй сваіх абавязацельстваў у рамках ЕАЭС;
8) замарозіць праект «БелАЭС», аднавіць перамовы з Літвой, Польшчай па тых праблемах, якія яны прад’яўляюць у сувязі з рэалізацыяй гэтага энергетычнага праекта;
9) тэрмінова актывізаваць працу па правядзенні ў Беларусі рэформы энергетычнага сектара;
10) тэрмінова актывізаваць перамовы з ЕС па атрыманні статусу краіны з рынкавай эканомікай, а таксама па ўступленні ў СГА;
11) рэалізаваць рэкамендацыі бізнесу і незалежнай экспертнай супольнасці, выкладзеныя ў Нацыянальнай платформе бізнесу 2018;
12) правесці інавацыйную бюджэтна-падатковую рэформу.
Пара перастаць гуляць з Расіяй у інтэграцыйныя праекты, якія служаць прыкрыццём шкурных інтарэсаў манапалістаў, алігархаў і VIP-распарадчыкаў чужога. Усё мастацтва, напор і прафесіяналізм беларускай дыпламатыі, бізнесу і палітыкі павінны быць накіраваны на тое, каб мець з Расіяй паўнавартасны рэжым свабоднага гандлю. Сапраўдны, без выключэнняў і абмежаванняў.
Гэта вельмі складана, але лепш так, чым падвяргаць сур’ёзным экзістэнцыяльным пагрозам дарагі нашым сэрцаў і аспірацыі гістарычны праект «Рэспубліка Беларусь».
Паводле gazetaby.com