«У ложку з беларусам»: нягледзячы на назву, кніга вельмі добрая

Журналістка Настасся Зелянкова нядаўна выдала кнігу «У ложку з беларусам. З гісторыі нацыянальнага сэксу», дзе сабрала звесткі пра інтымнае жыццё беларусаў ад эпохі паганства да сучаснасці.

sex_bel_logo.jpg

Як вядома, сэкс — адна з тэм, якой цікавяцца амаль усе. Журналістам гэта добра вядома. Для Настассі стварэнне кнігі пачалося з інтэрв’ю з фалькларысткай Таццянай Валодзінай, якая даследавала праявы эротыкі ў беларускай народнай творчасці. Потым Настассі Зелянковай стала цікава, а як жа ўсё было ў іншыя гістарычныя эпохі, у іншых саслоўяў, і ў выніку на аснове яе журналісцкіх матэрыялаў і атрымалася кніга. Яна выйшла па-руску, бо аўтарка хацела папулярызаваць беларускую гісторыю праз цікавую ўсім тэму, а тых, хто чытае па-беларуску, пераконваць у цікавасці беларускай гісторыі не трэба. Да гэтага Анастасія выдала кнігу пра даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова (у серыі «100 дзеячаў беларускай культуры») і наступную кнігу рыхтуе пра НКВД.

sex_bel_2_logo.jpg

На прэзентацыі кнігі «У ложку з беларусам», што прайшла 7 верасня ў Прэс-клубе, Настасся Зелянкова распавяла некалькі цікавостак пра назву выдання: «Я разглядала таксама версіі „У ложку з беларускай“, але гэта неяк пікантна, а „У ложку з беларусамі“ — дык навогул...» Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, прымаючы выданне ў фонд, выказаліся так: «Нягледзячы на назву, кніга вельмі добрая».

sex_bel_3_logo.jpg

Як ні дзіўна, пакуль не абурылася наконт выдання праваслаўная царква, а вось чытачы ўжо выказалі заўвагу, што хлопец, выяўлены на вокладцы, выглядае не як беларус. Але ён не прыйшоў на прэзентацыю 7 верасня, бо капаў бульбу! Што можа быць больш па-беларуску!

sex_bel_42_logo.jpg

Адну з версій вокладкі адмялі, бо ў хлопца там атрымалася занадта цёмная скура, што таксама быццам бы не па-беларуску. Але загарэў ён не на паўднёвых курортах, а на градках! Таму прэтэнзіі больш не прымаюцца.
Пра што ж уласна кніга? Там ё, напрыклад, раздзелы «Што забыліся распавесці ў школе пра шклоўскі стод ды іншыя фалічныя артэфакты», «Што мы не ведаем пра святы, якія адзначаем круглы год», «Юрлівыя ліцвінкі на партрэтах і ў жыцці», «Што пісалі «пра гэта» ў XVI — XVIII стагоддзях і адкуль пайшла «кузькіна маці», «Эротыка ў летапісе і на старонках Бібліі Скарыны», «Палавыя запаведзі рэвалюцыйнага пралетарыяту», «Як „адліга“ размарозіла полавае пытанне», «Нажніцамі цэнзуры па тэкстах і органах».
Можна даведацца, што Барбару Радзівіл звалі «польскай Месалінай», а герояў-палюбоўнікаў у нашай гісторыі цэлая процьма: Тадэвуш Касцюшка, які лічыўся прыгажуньчыкам, Станіслаў-Аўгуст Панятоўскі, які меў больш за сто пазашлюбных дзяцей, Стэфан Баторы, які гараднічанак любіў не менш за Гародню, Ян Сабескі, які ў лістах да жонкі Марысенькі абмяркоўваў позы, што можна паспрабаваць у ложку...
Часамі найвялікшай сэксуальнай разняволенасці Настасся Зелянкова называе XVI і пачатак ХХ стагоддзя. «Зацісканне гаек» звязвае з уваходжаннем у склад Рэчы Паспалітай, павелічэннем уплыву каталіцкага касцёлу, а ў ХХ ст. — з усталяваннем сталінскай таталітарнай улады. У той жа час аўтарка адзначае значныя разыходжанні між заканадаўствам і жыццёвымі рэаліямі. У кнізе шмат ілюстрацый, у падборы якіх аўтарцыдобра дапамагла культуралагічная адукацыя.
Фактычна кніга Настассі Зелянковай стала чацвертым грунтоўным выданнем пра гісторыю сэксуальнасці на беларускім матэрыяле. Да гэтага ў Маскве ў 2006 г. выйшаў «Белорусский эротический фольклор» пад рэдакцыяй Таццяны Валодзінай і Анатоля Фядосіка, у Смаленску ў 2015-м даследаванне Наталлі Сліж «Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты ВКЛ у XVI — XVII стст.» і ў 2017-м у Мінску — кніга Аляксандра Гужалоўскага «Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 191701929». На гэтым пакуль усё.
Фота Алены Ляшкевіч