Неграмадзянская несупольнасць
Падаецца, калі б браты Стругацкія жылі сёння і ў Беларусі, яны б напісалі і трэцюю кнігу з цыклу «Панядзелак пачынаецца ў суботу», а наш Аляксандр Рыгоравіч даў бы шмат яскравых і смачных выразаў для постаці прафесара Выбягаллы.
Аляксандр Рыгоравіч — агульнапрызнаны спецыяліст ва ўсім: ад сельскай гаспадаркі да футболу, ад запуску спадарожнікаў да мовазнаўства. Вось і зараз ён вынайшаў простую формулу ў грамадазнаўстве і сацыяльных навуках. «Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне», — шчыра заявіў ён. Так, грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне. Самалётабудаўніцтва — гэта самалёты. А сельская гаспадарка — гэта гаспадарка. Толькі сельская.
«Гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне. А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя», — заявіў 17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам старшыні Савета рэспублікі Мар’янай Шчоткінай.
Настаўніца, дырэктарка школы і выпускніца Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта слухала гэтыя развагі, і нават не запярэчыла. Канешне, паводле тэрміналогіі, якая ўжываецца ў паліталагічнай навуцы, «грамадзянская супольнасць» з’яўляецца сферай самавыяўлення свабодных грамадзян і добраахвотна сфармаваных некамерцыйных асацыяцый і арганізацый, абароненых ад умяшання і адвольнай рэгламентацыі з боку дзяржаўнай улады і бізнесу, а таксама іншых знешніх фактараў. Больш за тое, гэтыя арганізацыі і асацыяцыі маюць на мэце выказванне сваёй пазіцыі і вырашэнне сваіх праблемаў. Шчоткіна магла гэта ведаць, магла не ведаць, але…
Калі б яна паспрабавала гэта патлумачыць Лукашэнку, іх размова зацягнулася б да ночы. Прыйшлося б тлумачыць, што чыноўнікі тут ні да чаго. Што БРСМ, які беспаспяхова фінансуецца з бюджэту, — не грамадзянская супольнасць. Што ветэраны і пенсіянеры, не аб’яднаныя агульнай мэтай, — таксама не грамадзянская супольнасць. Што грамадзянскай супольнасцю нельга лічыць праўладныя прафсаюзы… Думаю, усяго б гэтага Аляксандр Рыгоравіч проста не зразумеў бы. Нават калі б яму гэта тлумачыла выпускніца ЛенДУ.
Але ці суаўтарка першага варыянту дэкрэта пра дармаедаў і ініцыятарка падвышэння пенсійнага ўзросту (і ўсё гэта — будучы міністаркай сацыяльнай абароны!) сама разбіраецца ў такіх рэчах? Гледзячы па яе дзейнасці на той пасадзе, для яе і «сацыяльная абарона» — даволі цмянае паняцце.
Хаця я б у азначэнні «грамадзянская супольнасць» на першае месца ўсё ж паставіў бы супольнае вырашэнне праблемаў, якія хвалююць аб’яднанне грамадзян. Праца рэстарацыі «Паедзем, паядзім» узрушыла пэўнае кола грамадзянаў, і яны арганізавалі Курапацкую Варту — гэта грамадзянская супольнасць. БРСМ, які, па ідэі, павінен быў бы клапаціцца абсалютна аналагічнай падзеяй — знішчальным «добраўпарадкаваннем» Вайсковых могілак у Мінску, з гэтай нагоды і пальцам не паварушыў. То бок, БРСМ — не грамадзянская супольнасць.
Віцы Біран, якая пратэставала супраць гамафобных выказванняў беларускага МУС, далі 15 базавых велічынь штрафу. За лічаныя гадзіны на пляцоўцы Talaka.org для аплаты гэтага штрафу ёй сабралі ўдвая больш, чым трэба, — гэта грамадзянская супольнасць. Праўладныя жаночыя арганізацыі, якія павінны былі б клапаціцца пра правы жанчын, і праігнаравалі як выказванні МУС пра «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці», так і прысуд Біран, — гэта не грамадзянская супольнасць.
Адно радуе: дзякуючы такім выказванням кіраўніцтва пра Беларусь даведваюцца ўсё больш і больш народу. Вялікі ўнёсак у вядомасць Сінявокай у сусвеце і развіццё замежнага турызму ў Беларусь зрабіў днямі Cайман Хікс, прафесар Лонданскай школы эканомікі і палітычных навук. У сваім блогу на сайце пазначанай вышэй ўстановы, ён вылучыў дзве магчымыя мадэлі «Брэксіту» — выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. Першая мадэль — дэрэгуляванне эканомікі, адмена «брусельскай валакіты», адкрытая іміграцыйная палітыка, падпісанне пагадненняў аб свабодным гандлі па ўсім свеце, і нават аднабаковае зняцце тарыфаў і квот на імпарт — мае назву «Сінгапур-на-Тэмзе». Другая мадэль вызначаецца павышэннем падаткаў, павелічэннем дзяржвыдаткаў, нацыяналізацыяй ключавых галін эканомікі і больш строгім рэгуляваннем рынку, у тым ліку рынку працы. І гэтая мадэль мае назву «Беларусь-на-Трэнце».
Што ні кажы, а калі імем нашай краіны называюць мадэлі — гэта ўжо дасягненне. Але, гледзячы па тым, якую мадэль назвалі «Беларуссю», усё ж становіцца неяк ніякавата.
Вывучыць унікальную беларускую мадэль знаходзіцца вельмі шмат жадаючых. Напрыклад, БелаПАН паведаміў, што на пасаду спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі прэтэндуюць аж восем (!) чалавек. Прозвішчы кандыдатаў апублікаваныя на сайце Рады ААН па правах чалавека.
Сярод кандыдатаў Штэйнар Гіл (Нарвегія), Сатвіндэр Джас (Вялікабрытанія), Анаіс Марын (Францыя), Валеры Мажы (Францыя), Даніэль Меконен (Эрытрэя), Пятры Раман (Румынія), Джон Джозеф Раян (Ірландыя), Эндру Уілсан (Вялікабрытанія). Палітолагі лічаць фаварытам Уілсана, аднаго з найбольш аўтарытэтных заходніх экспертаў па Беларусі.
Новы спецдакладчык будзе прызначаны старшынёй Савета ААН па правах чалавека падчас вераснёўскай сесіі. Да канца кастрычніка 2018 года на гэтай пасадзе застанецца цяперашні спецдакладчык па Беларусі Міклаш Харашці, які прадставіць свой даклад аб правах чалавека ў Сінявокай на Генасамблеі ААН увосень.
Беларускія ўлады не прызнаюць мандат спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Каментуючы апошнюю рэзалюцыю СПЧ, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз сказаў, што «рэзалюцыя з’яўляецца абсурдам паводле задумы і па сутнасці. Мы не прымаем гэты дакумент як палітызаваны і які скажае рэальны стан рэчаў у нашай краіне».
Хаця на месцы ўладаў я б дазволіў абрацца ўсім васьмі. Хай яны прыязджаюць у Беларусь, пакідаюць тут свае грошы, вывозяць сувеніры… Усё роўна з нашымі паняткамі «грамадзянскай супольнасці» яны ні ў чым не разбяруцца.