Абаронцы Курапатаў склалі спіс асоб, да якіх прыменяць грамадскі байкот

Абаронцы Курапатаў 20 ліпеня на пасяджэнні аргкамітэта ў Менску распрацавалі спіс асоб і кампаній, да якіх будзе прымяняцца грамадскі байкот у сувязі з сітуацыяй вакол рэстараннага комплексу «Поедем, поедим».

Фота "Радыё Свабода"

Фота "Радыё Свабода"


У гэты спіс увайшлі 12 уладальнікаў і супрацоўнікаў і восем наведвальнікаў рэстарана „Поедем, поедим”, а таксама 14 чыноўнікаў і спецыялістаў беларускіх ведамстваў, паведамляе "Радыё Рацыя" са спасылкай на  belapan.by.

Байкот яшчэ двух рэстаранаў, да якіх мае дачыненне адзін з уладальнікаў „Паедзем паядзім” Леанід Зайдэс, — „Гранд Кушавель” і The View — будзе праводзіцца ў інтэрнэце, дзе карыстальнікам сацыяльных сетак будуць расказваць пра канфліктную сітуацыю. Гэта рашэнне было прынята пасля затрымання 19 ліпеня трох актывістаў, якія спрабавалі раздаваць наведвальнікам „Гранд Кушевеля” інфармацыйныя брашуры пра сталінскія расстрэлы і пахаванні ў Курапатах.

Абаронцы Курапатаў падрыхтавалі зварот да кіраўнікоў кампаній, якія супрацоўнічаюць з „Паедзем паядзім”. Ім прапаноўваецца адмовіцца ад супрацоўніцтва. У адваротным выпадку ў дачыненні да кампаній таксама будзе абвешчаны грамадскі байкот. Акрамя таго, у найбліжэйшы час абаронцы Курапатаў падрыхтуюць пералік пасольстваў, у якія будуць звяртацца з просьбай прымяніць візавыя санкцый да асоб, якія маюць дачыненне да працы рэстарана. 

Грамадскія пратэсты супраць працы забаўляльнага комплексу ў Курапатах праходзяць з 31 мая. Кампанія грамадскага байкоту была абвешчаная 18 ліпеня. 

www.racyja.com