Падаражэлі ацяпленне і электрычнасць, абновяць Працоўны кодэкс. Што змяняецца ў чэрвені
У Беларусі з 1 чэрвеня павысілі субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады і некаторыя іншыя жыллёва-камунальныя паслугі. Выраслі таксама некаторыя тарыфы на электрычнасць. Пацяжэлыя жыроўкі ў гэтым месяцы таксама атрымаюць тыя, каго чыноўнікі аднеслі да «дармаедаў» (для іх з траўня паднялі тарыфы на ацяпленне і газ), распавядае TUT.BY.
У канцы чэрвеня запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс: няўгодных работнікаў звальняць стане прасцей. Акрамя таго, у чэрвені паднялі цэны на асобныя маркі цыгарэт. А бюджэтнікам трэба падрыхтавацца да змен у заробках, якія ўвядуць з ліпеня, але ўжо цяпер на месцах спрабуюць «не дапусціць напружанасці ў калектывах» і запэўніваюць работнікаў, што праз новаўвядзенні не будзе зніжэння выплат.
Як змяніліся тарыфы за жыллёва-камунальныя паслугі
Субсідаваныя тарыфы на цеплазабеспячэнне — ацяпленне і
падагрэў вады — павысілі з 1 чэрвеня. Яны павялічыліся з 20,6216 рубля да 21,9245
рубля за 1 Гкал. Рост — на 6,3%.
Да прыкладу, у двухпакаёвай кватэры ў Мінску на 50 «квадратаў» за ацяпленне (спажыты аб'ём 1,0163 Гкал) паводле новага
тарыфу трэба будзе заплаціць 22,28 рубля, а паводле старога тарыфу выйшла б на
1,32 рубля менш. Для параўнання: калі ў гэтай кватэры ніхто не зарэгістраваны,
то разлік будзе па эканамічна абгрунтаваным тарыфе (107,31 рубля за 1
Гкал, яго падвышалі з 1 студзеня), да аплаты будзе 109,06 рубля.
На тэхнічнае абслугоўванне тарыф з 1 чэрвеня складае 0,1238
рубля за 1 квадратны метр (быў раней — 0,1322 рубля). Льготны тарыф прымяняецца
пры ўмове, што ў кватэры ёсць зарэгістраваныя.
З чэрвеня ў некаторых жыроўках можа з'явіцца такі радок, як «кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання». Тарыф — 0,0165
за адзін квадратны метр. Гэта плата за паслугу па кіраванні агульнай маёмасцю
сумеснага домаўладання, якая павінна штомесяц ўносіцца плацельшчыкамі
жыллёва-камунальных паслуг сумеснага домаўладання.
У чэрвені атрымаюць пацяжэлыя жыроўкі тыя, каго ўключылі ў
базу незанятых у эканоміцы і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё. Нагадаем, з 1 мая з гэтых людзей пачалі спаганяць плату па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за газазабеспячэнне і ацяпленне.
Падаражэла электрычнасць
З 1 чэрвеня павысілі некаторыя тарыфы на электраэнергію.
Гаворка пра тарыфы для абагравання жылля электрычнасцю — як прыватных дамоў,
так і кватэр у шматкватэрных жылых дамах. Да прыкладу, тарыф, які ў народзе
называюць «тры капейкі», вырас з 1 чэрвеня да 0,0398 рубля 1 кВт·г
(быў — 0,0374 рубля). Гэты варыянт для тых, хто хоча абаграваць жыллё
электрычнасцю, — усталяваць дадатковы, спецыяльны лічыльнік, які цяпер лічыць
выдаткаваную электраэнергію на ацяпленне па гэтым тарыфе. Гэта значыць, па факце
ён ператворыцца ў «чатыры капейкі».
Запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс
З 30 чэрвеня запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс. Да прыкладу, яго дапоўняць новай падставай для звальнення — «адсутнасць на працы з-за адбыцця адміністрацыйнага арышту». Пазбавіцца працы можна будзе таксама за «зліў» інфармацыі пра арганізацыю. Чыноўнікі таксама ўводзяць новаўвядзенні па забастоўках. Да прыкладу, звольніць работніка-страйкоўца змогуць без папярэдняга паведамлення або згоды прафсаюза. Пры гэтым анансаваныя раней новаўвядзенні ў працоўнае заканадаўства, якія сапраўды могуць палепшыць становішча работнікаў (да прыкладу, урэгуляваць пытанні пераводу работнікаў на «дыстанцыёнку»), да гэтага часу не ўвялі.
Змяніліся цэны на некаторыя цыгарэты
З 1 чэрвеня падаражэлі некаторыя цыгарэты, а асобныя
— патаннелі. Да прыкладу, цыгарэты «Kent Feel Vibe» Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» патаннелі на 20 капеек (да 3,5 рубля), а «Vogue Menthe»
падаражэлі да 4,3 рубля (+10 капеек). У продажы з'явіліся «Kent Crystal Duo»
(3,75 рубля).
Паглядзець увесь спіс цыгарэт і як на іх змяніліся цэны з 1
чэрвеня, можна па спасылцы на сайце МПЗ.
Паспець заплаціць падаходны падатак
Беларусам, якія ў 2020 годзе атрымалі даходы, што падлягаюць
дэклараванню і па якіх налічылі падаходны падатак, трэба заплаціць яго да 1
чэрвеня (уключна).
Пратэрміноўка па выплаце падатку, калі памер нявыплаты
перавышае адну базавую, цягне за сабой штраф у памеры 15% ад нявыплачанай сумы
падатку, але не менш за 0,5 базавай (14,5 рубля).
Лёс цэн на малако, мяса і яйкі
29 чэрвеня заканчваецца цэнавае рэгуляванне на 18 груп
сацыяльна значных тавараў, у тым ліку малака, мяса, яек (поўны спіс можна
паглядзець па спасылцы).
Бюджэтнікаў рыхтуюць да заробкавых новаўвядзенняў
З 1 ліпеня для бюджэтнікаў увядуць чарговыя змены па
заробках. Яны датычацца, сярод іншага, прэмій і надбавак работнікам. Цяпер
чыноўнікі, прафсаюзы тлумачаць бюджэтным арганізацыям, як будзе працаваць новая
схема аплаты працы, пры гэтым каб «не дапусціць і папярэдзіць сацыяльную
напружанасць у калектыве» і выключыць выпадкі зніжэння заробкаў. Нагадаем,
папярэднія істотныя змены ў заробках бюджэтнікаў, якія ўвялі з 2020 года,
суправаджаліся шматлікімі памылкамі ў налічэнні і выплаце заробкаў бюджэтнікам,
скаргамі бюджэтнікаў, калектыўнымі зваротамі.